Традыцыі пахавальнай абраднасці Жлобіншчыны

0
1337
Традыцыі пахавальнай абраднасці Жлобіншчыны

Нараджэнне і смерць — натуральныя адваротныя працэсы, якія спакон вякоў хвалявалі людзей. Ці існуе “той свет”? Калі існуе, то як дастойна правесці туды памерлага? Як зрабіць, каб нябожчык не “забраў з сабою” каго-небудзь з сям’і?

Вырашэнне гэтых пытанняў не магло не адбіцца на традыцыях пахавальна-памінальнай абраднасці, якая была лагічным працягам жыцця чалавека. Як слушна адзначыў Я. Карскі, “абрады пры пахаванні чалавека з’яўляюцца натуральным завяршэннем народных абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць галоўныя з’явы ў жыцці чалавека: нараджэнне, жаніцьбу. У пахавальных абрадах тыя, хто застаўся ў жывых, развітваюцца з чалавекам, які завяршае сваё зямное існаванне і пачынае з гэтага моманту, паводле ўяўленняў народа, іншае — замагільнае” [1, с. 388]. Варта адзначыць, што пахаванне на тэрыторыі Жлобінскага раёна адбываецца ў строгай паслядоўнасці рытуалаў з абавязковым выкананнем усіх структурных кампанентаў, на якіх і засяродзім увагу.

Заўважым, што надзвычай важным этапам з’яўляецца падрыхтоўка да пахавання, калі адбываецца абмыванне вадой памерлага і яго “обряжение”: “Памёр чалавек. Родныя просяць чужых людзей памыць яго, каб на той свет ішоў чыстым. Калі памёр мужчына, то яго мыюць толькі мужчыны, калі памерла жанчына, то — жанчыны” (запісана ў в. Верхняя Алба). У прыведзеным рытуале звычайна прымаюць удзел толькі мужчыны і жанчыны, якія былі або суседзямі, або сябрамі нябожчыка, сваякі да гэтага абраду не дапускаюцца: “Ну, ужо когда чалавек паміраў, дык звалі саседзяў, каб яны яго памылі, адзелі, таму што родным эта дзелаць нельзя” (запісана ў в. Марусенька).

Падкрэслім, што асвечаная вада з’яўляецца і сёння адным з найважнейшых сродкаў пры правядзенні пахавальных абрадавых рытуалаў: “Свяшчэннік крэпіць ямку святой вадой. Ваду наліваюць у стакан і крэпяць каласком” (запісана ў в. Верхняя Алба). Акрамя абавязковага апошняга абмывання чалавека, у некаторых вёсках Жлобінскага раёна адзначаецца прысутнасць момантаў “ачышчэння” вадой таго месца, дзе знаходзілася труна з нябожчыкам: “Пасля таго, як памёршага ўнасілі, то мылі палы вадой з крыніцы” (запісана ў в. Мормаль). Таксама ўстойліва захоўваецца звычай абмывання вадой рук чалавека, які прыйшоў з могілак (незалежна ад таго, пахаванне там было ці памінкі): “Когда прыязджалі с кладбішча, абязацельна мылі рукі перад тым, як сесці за стол” (запісана ў в. Марусенька).

Людзей, якія выконвалі пахавальныя галашэнні па ўсяму раёну, называлі “пеўчымі”, або “плакальшчыцамі”, Яны прасілі Бога, каб прабачыў нябожчыку яго грахі, адкрыў дзверы ў рай. За дапамогу людзі давалі “пеўчым” розныя рэчы, зрэдку — грошы: “Людзей, што ў нас галасілі, пеўчымі мы называлі. І маю матку звалі атпяваць. Яна малілась. Ім за гэта падаркі даюць” (запісана ў в. Гарадок). Па колькасці “пеўчых” іншыя людзі маглі меркаваць аб тым, наколькі памерлага любілі сваякі: “Раньше считалось, чем больше плакальщиц придет, тем более дорогой человек” (запісана ў г. Жлобін). Ёсць звесткі, што ў в. Малевічы “пеўчых” не было (“Людзей не аплаківалі”). У в. Верхняя Алба акрамя “пеўчых” прымалі ўдзел у падрыхтоўцы да пахавання жанчыны, якіх называлі “бабкі-малельшчыцы”. Задачай іх было чытаць малітвы каля нябожчыка, выконваць “бажэственныя” песні. У гэтай жа мясцовасці для адпявання таксама запрашаецца свяшчэннік, які павінен маліцца перад тым, як труну выносяць з хаты, і на могілках непасрэдна перад пахаваннем (“Назаўтра запрашаюць свяшчэнніка. Ён чытае малітвы”).

Акрамя чыста практычных засцерагальных прыёмаў, выконваецца цэлы шэраг магічных дзеянняў: завешванне люстэрка (“Закрывалі зеркала чорнай якой-небудзь накідкай” (запісана ў в. Марусенька), “Зеркала завешивали, потому что зеркала — вход в потусторонний мир” (запісана ў г. Жлобін)), “абкідванне” галінкамі ёлак (“Машыну ці каня, на якім гроб вязуць, нада абкідваць ёлкай. А пасля пахавання аднесці іх у лес” (запісана ў в. Салтанаўка)), апрананне роднымі адзення адпаведнага колеру і г.д. (“Насілі чорны платок ілі шарф на шэі дзевяць дней. Астанаўлівалі часы, калі быў у доме пакойнік” (запісана ў в. Марусенька)).

Як вядома, у сістэме народных вераванняў важнае месца займаюць традыцыйныя забароны і засцярогі для людзей, якія тым ці іншым чынам з’яўляюцца ўдзельнікамі пахавання. Напрыклад, людзям забараняецца глядзець у акно на пахавальную працэсію, спаць у такія моманты (“Калі харанілі каго-небудзь і ўжо ішлі на могілкі, нельга было глядзець з вакна на гэта. Нельга было спаць у гэты час” (запісана ў г. Жлобін)). Невыпадкова бацькі будзяць малых дзяцей тады, калі пахавальная працэсія праходзіць каля хаты гэтай сям’і. Акрамя таго, у в. Мормаль існуе забарона замінаць пахавальнай працэсіі (пераходзіць перад ёй дарогу, абганяць), садзіцца на месца, дзе стаяла труна з нябожчыкам, бо гэта, лічылася, вяло да няшчасця: “Не нада садзіцца на тое месца, дзе пакойнік. Калі пакойніка вязуць, нельзя пераязжаць дарогу”. Жыхары в. Марусенька гаварылі: “Нельзя громка крычаць у хаце, ругацца”. Не дазваляецца класці ў труну фотакарткі або рэчы жывых людзей. У гэтай жа вёсцы таксама існавала павер’е, што ведзьма з мэтай нашкодзіць душы нябожчыка ці яго родным можа ператварыцца ў любую свойскую жывёлу, таму іх забаранялася пускаць у хату: “Нельга была ў дом пускаць какіх-небудзь жывотных. Думалі, што эта какая-небудзь ведзьма, каторая жывёт у дзярэўні, прэврацілась у ката, напрымер, ілі ў сабаку, штоб нашкодзіць родным і не пусціць душу пакойніка на неба, у рай, а адправіць яе ў ад”. Магчыма, што з такой жа мэтай тут забараняецца адкрываць вокны, а ў г. Жлобін — дзверы, пакуль чалавек не будзе пахаваны. Галоўным правілам як пры пахаванні, так і пры памінальных рытуалах было папярэджанне людзей аб тым, што нельга наступаць на магілы. Так імкнуліся засцерагчы грэшнікаў ад раптоўнай смерці. Паводле сведчанняў жыхароў в. Марусенька, забаранялася “сям’і нябожчыка гуляць яшчэ месяц пасля пахарон”, каб не пакрыўдзіць памяць памерлага.

Што датычыць канкрэтна народных вераванняў, звязаных з самім нябожчыкам, то існуе таксама шэраг забарон. Напрыклад, у в. Салтанаўка вераць, што, каб дапамагчы душы без перашкод пакінуць “наш свет”, трэба прытрымлівацца наступных правіл: “Калі плачам аб пакойным, нельзя гаварыць: “На каго ты нас пакінуў”, а то ён можа не адысці ў той мір. Плоха пра пакойніка за 40 дней не гавораць, бо ён тожа можа астацца”.

Сярод традыцыйных забарон вылучаюцца тыя, якія датычацца толькі цяжарных жанчын і былі створаны з мэтай аховы дзіцяці ад хвароб і смерці: “Дзеўкі, што бярэменныя былі, дак ім доўга сядзець каля пакойніка не давалі, бо думалі, што дзіця хворае народзіцца. У нас быў такой случай, што адна дзеўка сільна ўжэ плакала возле пакойніка, дак дзіця хворае радзілася і скора памерла” (запісана ў в. Марусенька).

Трэба адзначыць, што колькасць забарон, звязаных з пахавальнай абраднасцю, вельмі вялікая. Страх чалавека перад смерцю прымушаў яго асцерагацца розных рэчаў, выконваць уведзеныя продкамі прадпісанні, каб выратаваць сябе.

Абавязковая ўмова пры вынасе труны — вынясенне нябожчыка ўперад нагамі. Памерлага могуць несці на руках мужчыны або везці на машыне, перад якой нясуць крыж: “Нябожчыка выносяць з хаты ўперад нагамі, ставяць на машыну труну або яе нясуць на руках мужчыны. Уперадзе нясуць крыж” (запісана ў в. Верхняя Алба). Тут існуе правіла, што трэба прыпыніцца на скрыжаванні дарог, каб чалавек мог назаўсёды развітацца са сваёй вёскай і яе жыхарамі. Цікавай асаблівасцю было тое, што на руку людзі павінны былі павязваць хусцінку, пасля пахавання яна захоўвалася: “Калі хароняць чалавека, трэба несці вянкі ў платочках, а потым іх трэба было захоўваць” (запісана ў г. Жлобін).

Удава таксама з’яўляецца абавязковай удзельніцай пахавальных рытуалаў. Яна павінна несці абраз перад пахавальнай працэсіяй: “Икону на кладбище должна нести впе­реди всей процессии только вдова. Только вдова — женщина. Ни в коем случае не молодые, не родственники. Может быть родственники, но вдова” (запісана ў г. Жлобін).

На могілках праходзіць апошняе развітанне родных і знаёмых з нябожчыкам: “Родныя падыходзілі, прашчаліся з чалавекам, цалавалі яго ў лоб, у рукі і адыходзілі” (запісана ў в. Марусенька). Звычайна людзі пры апусканні труны ў яму кідаюць на яе жменьку зямлі (яна, як і вада, — незаменны сродак пры выкананні пахавальных рытуалаў).

Варта адзначыць, што ў пахавальнай абраднасці знайшлі адлюстраванне прыкметы і павер’і, якія сведчаць пра многавекавыя назіранні людзей за абрадамі такога тыпу. Дрэннай з’яўляецца прыкмета, якая вядзе да яшчэ адной смерці ў сям’і, калі чалавек звальваецца ў магілу, якую сам і выкапаў, ці калі на наступны дзень магіла сама абвальваецца: “Калі капалі магілу, і той, хто капаў, зваліцца туды, значыць, яшчэ нехта памрэ ў сям’і, для якой капаюць яму. Альбо калі ўжо закапаная магіла абвальвалася на другі дзень, таксама было знакам таго, што нехта з сям’і памрэ” (запісана ў в. Марусенька). Таму родзічы нябожчыка вельмі старанна падыходзяць да выбару людзей, якія павінны выкапаць магілу, бо, па меркаваннях старых людзей, ад працы “магільшчыкаў” залежаць здароўе і лёс дадзенай сям’і. Добрай прыкметай лічыцца, калі на могілках не застаецца прынесенай сваякамі ежы: “Значыць, умершы прыходзіў і прыняў гасцінец ад родных” (запісана ў в. Нівы).

Асаблівае значэнне надаецца памінанню чалавека на працягу першага года пасля смерці і штогадовым памінкам. Жыхары г. Жлобіна вераць у тое, што “до третьего дня че­ловеку умершему показывают рай и ад, до девятого дня ему дают посмотреть на свои гре­хи со стороны, с девятого до сорокового — он находится с нами. После сорокового дня ду­ша улетает либо в рай, либо в ад”, таму строга выконваюць памінальныя абрады ў гэтыя дні, заказваюць службу ў царкве. З вышэйадзначанага можна зрабіць вывад, што людзі, нягледзячы на іх забабоны і язычніцкія традыцыі, верылі ў існаванне нейкай вышэйшай сілы, баяліся яе і стараліся замаліць свае грахі, каб пасля смерці трапіць у “лепшы свет”. Цікава яшчэ тое, што ў в. Гарадок адпаведныя памінальныя дні называюць дзевяцінамі і саракавінамі, а ў в. Малевічы трэці дзень наогул не адзначаюць: “Три дня не отмечали, а были только 9 дней, 40 дней и год. 9 дней отмечали родственники, 40 дней — собирались на кладбище, потом дома после двух часов был обед”.

Памінальны стол у дзень пахавання — адзін з асноўных кампанентаў абраду. У в. Верхняя Алба яго называюць “абед”. Боршч, каша, бліны — звычайна такія стравы прысутнічалі на кожным памінальным стале. Колькасць іх таксама акрэсленая: тры, сем або дзевяць. Існуюць варыянты гатавання посных страў: “Калі чалавек памёр у пост, то абавязкова на “абедзе” павінна быць усё поснае”. Была яшчэ адна абавязковая страва, якой трэба было пачаставацца кожнаму прысутнаму — гэта “канон” (“На стол ставяць канон (у міску наліваюць вады, крышаць булку, сыплюць сахар або кладуць мёд). Кожны павінен узяць тры разы”). У в. Малевічы яе называюць “кануна” — гэта абед для нябожчыка, які свяцілі ў царкве, інгрэдыенты былі прыкладна такімі ж: “Пакойнаму нясут кануну, эта быў яго абед. Хлеб адпраўлялі ў цэркаў з вадой і ўсе далжны былі папробаваць. Патом толька елі суп і боршч”. На могілкі ж звычайна кладуць пасвечаныя яйкі, канфеты, пасху, ставяць гарэлку. У в. Марусенька на талерцы 40 дней астаўляюць кавалачкі хлеба і каўбасы, келіхі з гарэлкай (“Лічаць, што душа памершага будзе кушаць тое, што ляжыць на тарэлке”).

Акрамя памінак, у час першага года пасля смерці, існуюць яшчэ дні, калі людзі штогод прыходзяць на могілкі да памерлых родзічаў (Радуніца, Дзяды): “На могілкі ходзім на Радаўніцу ды ў дзень пахарон” (запісана ў в. Гарадок). Але не ўсюды Радаўніца — гэта дзень ушанавання памерлых, напрыклад, у в. Малевічы гэтым днём лічаць наступны пасля Вялікадня чацвер: “Вместа Радуніцы на магілу ходзяць на мёртвы дзень (у чацверг) — гэта пасля Пасхі”.

Людзі таксама вераць у магічнасць сноў. Яны лічаць, што такім спосабам нябожчык стараецца напомніць аб сабе, просіць, каб чалавек прыйшоў да яго на магілу. Гэтым абумоўлены і засцярогі, адлюстраваныя ў сне чалавека: “А калі сніцца пакойны і заве з сабою, то ісці з ім нельга, бо памрэш хутка і сам” (запісана ў в. Марусенька).

Разнастайны характар незвычайных дзеянняў з пункта погляду чалавека, які не знаёмы з усімі акалічнасцямі выканання пахавальных абрадаў, сведчыць аб жаданні родзічаў памерлага, знаёмых або проста людзей, якія выпадкова апынуліся сведкамі працэсу пахавання, выказаць свае пачуцці, дагадзіць душы нябожчыка, засцерагчы сябе ад негатыўнага ўздзеяння тых прадметаў, якія кантактавалі “са смерцю” і маглі захаваць у сабе адмоўную энергетыку. Усе правілы паводзін пры правядзенні абрадаў дадзенага цыкла заснаваны на вопыце і практычным выкарыстанні іх нашым народам.

Пахавальныя абрады былі і застаюцца актуальнай тэмай для вывучэння і аналізу. Яны сведчаць пра ўстойлівасць захавання і багацце міфалагічных ўяўленняў беларусаў, іх адметныя этнічныя асаблівасці.

Літаратура

  1. Карскі, Я. Беларусы / Я. Карскі; уклад. і камент. С. Гараніна і Л. Ляўшун; навук. рэд. А. Мальдзіс; прадм. Я. Янушкевіча і К. Цвіркі. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2001. — 640 с.

Аўтар: В.І. Глузд
Крыніца: Творчество молодых, 2018: сборник научных работ студентов, магистрантов и аспирантов. В 4 ч. Ч. 3 / редкол.: Р.В. Бородич [и др.]; Гомельский государственный университет им. Ф.Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф.Скорины, 2018. Ст. 117-121.