У сістэме каляндарна-абрадавага фальклору Нараўляншчыны можна традыцыйна вылучыць чатыры цыклы земляробчага календара: зімовы, веснавы, летні і восеньскі. Асабліва ўстойліва захоўваюцца ў народнай памяці, як сведчаць экспедыцыйныя матэрыялы, звесткі пра зімовыя абрады, звычаі і песні. Піліпаўка, якая папярэднічала калядна-навагоднім святкаванням, пачыналася, як адзначалі мясцовыя жыхары, з 28 лістапада: “Піліпаўка пачынаецца 28 лістапада і заканчваецца 6 студзеня” (запісана ў в. Антонаў ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.). Шасцітыднёвы піліпаўскі пост быў адметны тым, што ў гэты час мясцовыя жыхары надавалі вялікую ўвагу калектыўнаму прадзіву: “Вечарамі прялі, ткалі, лён быў ва ўсіх, нада было посцілкі ткаць. Бралі лён, разлажвалі па полю, штобы на яго дождж пашоў да снег пашоў …” (запісана ў в. Антонаў ад Бычкоўскай Евы Адамаўны, 1947 г.н.).
У Піліпаўку, гаварылі, што “воўкі выюць, ходзяць стаямі” (запісана ў в. Антонаў ад Максіменка Яўгеніі Іванаўны, 1949 г.н.); “Гэта воўкі збіраюцца. Знаюць, што Піліпаўка – у лес не ідзі, бо ваўкоў куча ходзіць і нападаюць на людзей” (запісана ў в. Дзямідаў ад Жыгамонта Мікалая Пятровіча, 1932 г н.).
Па структуры калядна-навагодняя абраднасць Нараўляншчыны ўключае наступныя кампаненты: абходныя шэсці калядоўшчыкаў з выкананнем абраду ваджэння казы (мядзведзя), “хаджэння са звяздой”, пераапрананне “ў цыган”, падрыхтоўка абрадавай стравы – куцці і святкаванне Першай, Другой і Трэцяй куцці, якія былі адпаведна звязаны з Ражаством, Новым годам і Вадохрышчам (“Крышчэннем”), варажба, рытуальныя дыялогі “заклікання марозу”, прыкметы і павер’і, выкананне велічальна-віншавальных калядна-шчадроўных песень. Варта адзначыць, што ў складзе калядных гуртоў у розных вёсках былі пераапранутыя ў розныя маскі, напрыклад, “пераапраналіся цыганамі, салдатамі, мядзведзем, быў конь” (запісана ў г. Гомель ад перасяленкі з в. Вуглы Дрэвіла Галіны Кандрацьеўны, 1928 г.н.); “надзяваліся калядоўшчыкі ў цыганей, мядзведзя, у казу” (запісана ў в. Антонаў ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.); “На Каляды апраналіся і ў казу, і ў мядзведзя” (запісана ў в. Будкі ад Крычэўскай Галіны Захараўны, 1948 г.н.), “Калядоўшчыкі адзяваліся па-рознаму: і Дзед Мароз, і снегурачка, воўк, каза, цыган, цыганка” (запісана ў г. Нароўля ад Цандзер Кацярыны Францаўны, 1946 г.н.); “Перад гэтым дома апранаюцца ў розныя касцюмы (бабы, казы, чорта, мядзведзя) (запісана ў в.
Лінаў ад Ярашэнка Ніны Герасімаўны,). “У в. Смалегаў “рабілі … розныя маскі, убранне: “І цыгана зробяць, і жыда зробяць, і дзеда, і бабу, і каня зробяць, і казла”” [1, с. 407].
У складаным калядна-навагоднім комплексе важнае месца адводзілася рытуальнай трапезе, звязанай з падрыхтоўкай абрадавай кашы – куцці. У в. Антонаў, зыходзячы са сведчанняў інфармантаў, “куццю спраўлялі тры разы. Першая – “раждзественская”, другая – шчодрая, багатая, трэцця – посная” (запісана ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.). Паводле ўспамінаў жыхароў в. Гажын, у іх вёсцы таксама бытавала ўстойлівае размежаванне падчас калядных святкаванняў відаў куцці: “Есць куцця посна (голодна), богата (на Новы год) і бедна (на Крышчэнне) (запісана ад Лаворанка Яўгеніі Яўгенаўны, 1940 г.н.). Калі адзначалі Першую, Другую і Трэцюю куццю, то на стале абавязкова клалі пад абрус сена, якому надавалі магічнае значэнне: “Сена, на якім стаяла куцця, аддавалі худобе, яшчэ яго клалі ў кубло курынае, каб курыца сама садзілася на яйкі” (запісана ў в. Антонаў ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.). Лічылася, што гэта паспрыяе пладавітасці свойскай жывёлы і птушкі. Жыхары г. Нароўля падкрэслілі, што “пры Калядах выкарыстоўвалі сена, таму што Хрыстоса нашлі ў саломцы, пагэтаму і ложаць сена” (запісана ад Цандзер Кацярыны Францаўны, 1946 г.н.).
Падрыхтоўка абрадавага хлеба, які таксама жыхары надзялялі магічнай сілай, – адметная асаблівасць каляднай традыцыі ў в. Антонаў: “У гэта ўрэмя пяклі ўсе хлеб круглай формы. Потым гэты хлеб давалі худобе, каб ацёл быў лёгкі” (запісана ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.).
Абрад калядавання ў в. Будкі адбываўся на Другую куццю: “Колядовалі з трынаццатого на чатырнаццатое январа…” (запісана ад Сычэва Юзэфы Альбінаўны, 1941 г.н.). Варта адзначыць, што на тэрыторыі Нараўляншчыны ў калядаванні прымалі ўдзел некалькі гуртоў калядоўшчыкаў, як і ў іншых вёсках Гомельшчыны: “Калядаваць хадзілі і дзеці, і маладзёж, і бабы хадзілі” (запісана ў в. Антонаў ад Максіменка Яўгеніі Іванаўны, 1949 г.н.). Мясцовыя жыхары звязвалі з прыходам калядоўшчыкаў ураджайнасць на палях, пладавітасць свойскай жывёлы і сямейны дабрабыт. Невыпадкова ў сувязі з гэтым былі ўстойлівымі ў мясцовай каляднай традыцыі народныя вераванні, звязаныя з тым, што “абавязкова трэба было адкрываць дзверы калядоўшчыкам, гэта значыць, што ты добры да людзей і яны тожа пажадаюць дабра, там жа ўспамінаецца і пра пасевы, і пра ўборку, і дзецям жадаюць, і жывёлам, каб была ўдача, каб у хаце быў прыбытак” (запісана ў в. Вербавічы ад Сямітка Ганны Міхайлаўны, 1942 г.н.).
Паводле ўспамінаў жыхароў в. Чэхі, у іх вёсцы меў месца на Каляды адметны звычай “блох ганяць”: “Жэншчыны і мужчыны поперадзяваліся як іменно на Новы год, ходзілі блохі гоняць. Бралі дубцы мужчыны, ідуць уперод, а на другі дзень жэншчыны вось так блох гонялі” (запісана ад Гаўрылюк Вікторыі Францаўны, 1930 г.н.). На Першую куццю ў в. Гажын выконвалі рытуал заклікання марозу: “На куццю запрашалі мароз да сябе, выходзілі на парог да казалі: “Мароз, мароз, хадзі куццю есці”. Тры разы так гукалі” (запісана ад Лаворанка Любові Пракоф’еўны, 1938 г.н.).
Як і ў іншых мясцовасцях Гомельшчыны, у вёсках Нараўлянскага раёна на Вадохрышча выконвалі рытуалы, звязаныя з маляваннем крыжыкаў на сценах хаты і гаспадарчых пабудоў і асвячэннем вады.
Гэтыя абрадавыя дзеянні мелі апатрапеічны характар і былі скіраваны на забеспячэнне здароўя: “Ужэ еслі куцця ўвечары, то бером мел і ідом рабіць храсты на варотах, на абразах робім хрэшчыкі, на варотах, дзе кароўка стаіць, каб было добра нам усім. Ваду свяцілі і ў хату яе прыносілі, брызгалі ёю хату, хлеў, сарай, освешчалі ўсё. Пілі эту ваду, штоб здаровым быць” (запісана ў в. Гажын ад Лаворанка Любові Пракоф’еўны, 1938 г.н.).
Асноўныя структурныя кампаненты мясцовага масленічнага абрадавага комплексу – гэта падрыхтоўка абрадавай стравы (“гатовілі сыры, масла” – запісана ў в. Антонаў ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.), распальванне вогнішча і скокі праз яго, ваджэнне карагодаў (“Моладзь вадзіла карагоды, паліла касіры і прыгалі чэраз іх”– запісана ў в. Антонаў ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.), спальванне чучала або лялькі, што сімвалізавала развітанне з зімой (“Яшчэ рабілі пугала (Масленіцу) і пляшам возле яе, а потым палілі і гулялі ў гульні” – запісана ў в. Ніжні Млынок ад Рафальскай Марыі Фамінічны, 1923 г.н.; “На Масленіцу … і куклу здзелаюць і паляць, дзелаюць з трапак і саломы і паляць” – запісана ў г. Нароўля ад Канаплянік Надзеі Пятроўны, 1916 г.н.), абрад “цягаць калодку” (“Быў вядомы такі звычай “цягаць калодку”. Калі заканчваюцца Калядкі, а хлопец не ажаніўся, то яму прывязвалі калодку, і ён павінен быў цягаць яе” – запісана ў в. Антонаў ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.), ушанаванне тых маладых людзей, якія нядаўна пажаніліся (“На Масленку хадзілі па хатах і пелі песні пра маладых, якія жаніліся год назад” – запісана ў в. Ніжні Млынок ад Рафальскай Марыі Фамінічны, 1923 г.н.), выкананне масленічных песень. Што датычыць апошніх, то асноўныя іх матывы звязаны з чаканнем і велічаннем гэтага доўгачаканага свята – Масленіцы: А мы Масленіцу дажыдалі, Дажыдалі, люлі, дажыдалі.
Усе на горушку выбягалі, Выбягалі, люлі, выбягалі.
Гору маслейкам палівалі, Палівалі, люлі, палівалі (запісана ў в. Антонаў ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.).
У в. Антонаў, паводле ўспамінаў жыхароў, быў вядомы адметны звычай, звязаны з адмовай дзяўчыны ад шлюбу: “Яшчэ быў такі звычай, калі дзяўчына адмовіла хлопцу. Тады ёй знімаюць і абмазваюць вароты” (запісана ў в. Антонаў ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.). У в. Вербавічы падчас масленічных святкаванняў вазілі на санках ступу: “Ля клуба на стоўб лазілі і сабак запрагалі, паложаць ступу на санкі і везлі на Масленіцу” (запісана ад Несцярчук Надзеі Пятроўны, 1932 г.н.).
У структуры веснавой абраднасці Нараўляншчыны прыкметнае месца адводзілася абраду гукання вясны, які выконвалі або на Саракі (9 сакавіка с.ст.), або на Дабравешчанне (25 сакавіка с.ст.). Звычайна гукалі вясну на якім-небудзь узвышаным месцы, напрыклад, у в. Антонаў гэты абрад выконвалі, стоячы на мосце: “На Благавешчанне, 7 апрэля, бабкі старыя собіраліся, ішлі на мост і вельмі красіва спявалі – гукалі вясну” (запісана ад Бычкоўскай Евы Адамаўны, 1947 г.н.). У многіх іншых вёсках, зыходзячы з экспедыцыйных матэрыялаў, абрад гукання вясны адбываўся на Саракі. У сувязі з гэтым К.П. Кабашнікаў слушна адзначыў, што “развітую абраднасць на Саракі – хрысціянскае свята Сорак Мучанікаў – можна аднесці да мясцовых асаблівасцей каляндарнай абраднасці, хаця падобныя элементы сустракаюцца і ў некаторых іншых рэгіёнах Беларусі” [1, с. 408]. Магічнае значэнне лічбы сорак знайшло адлюстраванне ў сімвалічных абрадавых дзеяннях, якімі суправаджалася гуканне вясны: перакідванне цераз страху хаты 40 палак, “шоб забраць качак у лесе” (запісана ў в. Гажын ад Кулявец Евы Андрэеўны, 1933 г.н.), “качанне” 40 калёс або іх разбіванне (“У Саракі 40 калёс нада было качаць мужчынам” – запісана ў в. Вербавічы ад Сямітка Ганны Міхайлаўны, 1942 г.н.; “Так, хлопцам на Саракі трэба было разбіць сорак калёс. Калёсы гэтыя пілілі з бервяна і потым палкамі хлопцы ганялі іх адзін аднаму, пакуль тыя калёсы не паб’юцца” [1, с. 408], выпечка абрадавага печыва ў выглядзе птушак (“На Соракі пеклі жаўрукоў. Потым іх раздавалі дзецям” – запісана ў г. Гомель ад перасяленкі з в. Вуглы Дрэвіла Галіны Кандрацьеўны, 1928 г.н.), выкананне песень-вяснянак. Найбольш пашыраным абрадавым дзеяннем падчас гукання вясны на тэрыторыі Нараўляншчыны было ламанне дошчачак (да сарака), што адбывалася ў працэсе “гульні ў скокалкі”:“Як молодзёж была, казалі, скокалкі ставілі на доску, подпрыгоўвалі, пакуль тая доска не поломіцца” (запісана ў в. Галоўчыцы ад Шмат Н.В., 1939 г.н.).
Асэнсаваныя К.П. Кабашнікавым экспедыцыйныя матэрыялы па абраднасці гукання вясны, дазволілі яму зрабіць выснову аб тым, што “дзяўчатам у гэты дзень прадпісвалася паламаць сорак дошчачак.
Рабілася гэта так: пад сярэдзіну дошчачкі падкладвалася палена, невялікі кругляк, на адзін канец яе станавілася дзяўчына, яе сяброўка ўскоквала на другі і дошчачка ламалася” [1, с. 408].
З Юр’ем на тэрыторыі Нараўлянскага раёна былі звязаны абрады першага выгану жывёлы ў поле і абходу нівы. Калі ў в. Антонаў выганялі першы раз карову ў поле, то абавязкова “ў сараі ці ля варотаў ставілі свечку, каб яна засцерагала ад ведзьмакоў жывёлу” (запісана ад Цалка Тамары Паўлаўны, 1942 г.н.). Паводле сведчанняў жыхароў в. Вербавічы, “тады першы раз карову выганялі з хлява свечанай вярбой і свечаным хлебам” (запісана ад Зязётка Валянціны Антонаўны, 1941 г.н.). Такому абрадаваму дзеянню, як падразанне ў каровы хваста, надавалі магічнае засцерагальнае значэнне і выконвалі яго ў многіх вёсках: “Шчэ хвоста падразалі карове, каб не білася. Іменна ў гэты дзень рабілі, бо эта дзень, што засцерагае ад усяго” (запісана ў в. Вербавічы ад Зязётка Валянціны Антонаўны, 1941 г.н.); “На Юр’я кароў выганялі, хвасты абразалі. Потым гэтыя хвасты выкідвалі на бягучую воду ў рэку” (запісана ў в. Будкі ад Сычэва Юзэфы Альбінаўны, 1941 г.н.).
Вышэйпрааналізаваны фактычны матэрыял, запісаны ў вёсках Нараўлянскага раёна, пацвярджае адметны характар бытавання і захавання ў народнай памяці каляндарных абрадаў і звязаных з імі народных вераванняў.
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Нараўлянскага р-на. – Мн.: БЕЛТА. 1998. – 448 с.
Выкарыстаны матэрыялы фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”
Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Першы міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры: зборнiк матэрыялаў (Мiнск, Беларусь, 5 – 6 мая 2016 г.) / гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. – Мінск: Права і эканоміка, 2016. – С. 686-688.