Калі нараджаецца чалавек, разам з вялізным светам, разам з жыццём ён набывае сям’ю. Нарадзіцца ў сям’і, дзе цябе шануюць і любяць, гэта велізарнае шчасце. Мне пашчасцілася нарадзіцца ў шматдзетнай сям’і, у якой мае бацькі, Ганна Аляксееўна і Уладзімір Пятровіч, выхоўвалі пяцёра дзяцей, чатыры дачкі і аднаго сына. Мой муж Уладзімір Іванавіч, ураджэнец г.п. Акцябрскі, таксама са шматдзетнай сям’і. Яго маці, Любоў Адамаўна і бацька Іван Рыгоравіч, гадавалі траіх сыноў і дзвюх дачок.
Сям’я Малаковіч, як і ў нашых бацькоў, вялікая, выхоўваем дваіх сыноў і дваіх дачок. Наша жыццё адначасова цудоўнае і складанае, і яго трэба ствараць сваімі рукамі. Шчасце некалькіх сэрцаў складаецца з маленькіх праменьчыкаў дабрыні, узаемапавагі, узаемаразумення, падтрымкі, творчасці, натхнення і ўменні ствараць у будні святы для родных і блізкіх. Вялікая сям’я — сузор’е талентаў. Перадача асноў выхавання паміж пакаленнямі адбываецца паводле прынцыпу: рабі, як я. З малых гадоў дзяцей прывучаем да працы, супрацоўніцтву з бацькамі, дапамозе родным і блізкім, сяброўству і адзінству.
Гаспадар сям’і, Уладзімір Іванавіч, у маладосці сам вязаў пруткамі камізэлькі і світары, спрабаваў вышываць крыжыкам невялікія пано, плёў макрамэ і снасці для рыбалкі. Ад свайго бацькі Івана Рыгоравіча навучыўся плесці з лазы кошыкі і лапці, будаваць драўляныя хаты, складаць печы і іншым гаспадарчым справам, нават даіць казу і карову.
Маці, Наталля Уладзіміраўна, у дзяцінстве са сваімі сёстрамі прыязджала з Кубані на Радзіму сваіх бацькоў да бабулі Алены ў беларускую вёсачку. Яна нас вучыла кіраваць сахою, жаць жыта сярпамі, баранаваць, малаціць зерне цапом і пранікам, малоць жыта на жорнах, правейваць сітам на вятру семя ад пылу і прымясей, мыць бялізну ў начоўках, прасці кудзелю, прасаваць бялізну качалкай і старадаўнім прасам з вугалькамі, вязаць пруткамі і кручком, гатаваць смачную беларускую ежу ў печы, збіваць масла ў маслабойцы, выпякаць хатні хлеб і інш. Нават мы, чацвёра сястрычак, дапамагалі дзядулі Аляксею пілаваць, секчы і складаць дровы, бо дзядуля быў інвалідам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Яму ў шпіталі ампутавалі нагу і прыходзілася працаваць па гаспадарцы з пратэзам. Таму яму вельмі неабходна была наша дапамога.
Пра бабуліны справы зараз мы можам толькі размаўляць са сваімі дзецьмі і паказаць у музеях старадаўнія прылады працы. Некаторыя прылады і вышываныя, тканыя, плеценыя вырабы, паясы, карункі, сурвэткі, наміткі, фартухі і нават вясельная сукенка маёй матулі захоўваюцца ў нашай сям’і, як рэліквіі нашых продкаў.
У вялікіх працавітых сем’ях і дзеці вырастаюць працавітымі і дружнымі. «Якое дрэва, такі клін, які бацька, такі сын». Развіваць самастойнасць і пачуццё адказнасці з самага ранняга ўзросту — асноўная мэта нашага сямейнага выхавання. Калі дзіця хоча даведацца, што такое агонь, трэба асцярожна даць дакрануцца да запалкі, каб задаволіць дапытлівасць маленькага чамучкі, пакратаць пальчыкам вострыя прадметы, каб ведаць, што імі можна параніцца, даць уволю нацешыцца гукам ірвання газет, каб у дашкольным узросце не было жадання ірваць кнігі, даваць правільныя адказы на чамучкіны пытанні.
Нашы дзеці з маленства прывучаліся валодаць нажом, нажніцамі, іголкамі, кручком і пруткамі, і былі з імі ў самых, што ні на ёсць блізкіх адносінах. Усе чацвёра дзетак — Яраслаў, Ганулька, Максім і Кацярынка — умеюць вязаць і вышываць. Гэты від творчасці мы, бацькі, перанялі ў сваю чаргу ад сваіх бабуль, матуль і зараз перадаем сваім дзеткам.
Старэйшы сын Яраслаў, калі вучыўся ў малодшых класах, дэманстраваў сваю асабістую выставу па вязанню кручком і вышыўцы крыжыкам у доме дзіцячай творчасці. Максім вышыў сабе сумку з беларускім арнаментам і іншыя рэчы, стварае цікавыя творчыя вырабы ў розных тэхніках выканання.
Дачушкі вышываюць і вяжуць сурвэткі, пано, лялькі, цацкі, сумачкі, сувеніры, падарункі для сяброў, родных і блізкіх. Нашы дзеці наведваюць творчыя майстэрні дома рамёстваў, дзе працуе матуля, і з задавальненнем дэманструюць свае ўмельствы на раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах, конкурсах і фестывалях.
Чым больш сваіх сіл і ўвагі бацькі ўклалі ў дзіця, тым больш верагоднасці, што ён вырасце прыстойным чалавекам.
Традыцыйная культура беларусаў існавала і развівалася ў межах сям’і, роду, вясковай абшчыны. З першых дзён жыцця дзіцяці ішло паступовае, нязмушанае і адпаведнае ўзросту ўвядзенне фальклорна-этнаграфічнага выхавання. Безумоўна, казка — скарбніца мудрасці, у кожнай з іх дабро перамагае зло. Бацькі стараліся перадаць дзецям усё лепшае, увесь свой жыццёвы вопыт, свае веды, уменні.
Яшчэ з дзяцінства, мне запамятаваліся прыпеўкі, прымаўкі, казкі, лічылкі, прыказкі, загадкі, гульні, дзіцячыя песні, калыханкі, якія спявалі і расказвалі бабулі. На іх аснове і выхоўваліся нашы дзеці з маленства. Калі падраслі, самі складалі невялікія вершыкі і казкі на свой густ. Рана навучыліся чытаць і пісаць.
Маленькі Максімка яшчэ ў дзіцячым садку ў чатыры гадкі чытаў вершыкі і казкі сваім аднагодкам.
Ласачка, ласачка,
Божая Парасачка,
Дзе была?
У Бога за дзвярыма
Што рабіла?
Кросны ткала.
Што зарабіла?
Кусочак сала,
Дзе тое сала?
Мышка ўкрала,
Дзе тая мышка?
Пад пол пабяжала.
Дзе той пол?
Вадою заплыў.
Дзе тая вада?
Вол папіў.
Дзе той вол?
Дубінка забіла.
Дзе тая дубінка?
Чэрві патачылі.
Дзе тые чэрві?
Куры паклявалі.
Дзе тые куры?
У лес пабяжалі.
Дзе той лес?
Красачкамі зарос.
Дзе тые красачкі?
Дзевачкі пашчыпалі.
Дзе тые дзевачкі?
Жанішкі пабралі.
Дзе тые жанішкі?
На вайну пабяжалі.
Люлі, люлі, люлі,
Прыляцелі гулі.
Сталі варкаваці,
Сыночка калыхаці.
— Баю, баю, баю, бай
Спі, сыночак, засынай.
Чэк, чэк, ладкі,
Пек кот аладкі.
Няма катка дома,
Паехаў па дрова.
Памарозіў лапкі,
Палез на палаткі,
А палатачкі трэсь, трэсь, трэсь.
— А, каточак, злезь, злезь, злезь.
А каточак плача, плача,
А Ганулька скача, скача.
Чэк, чэк, ладком,
Піражок з мядком,
Кашка з алеем,
Есці неўмеем.
Ходзіць бусел па балоце
І клюе казучку.
Не відала мілага,
Што вадзіў за ручку.
Адметную ролю ў выхаванні дзяцей адыгрываў іх непасрэдны ўдзел у каляндарных і сямейных святах і абрадах. У выніку адбываецца выхаванне і сем’яніна, і працаўніка, і грамадзяніна, і проста шчырага, добразычлівага чалавека, які не пакрыўдзіць нішто жывое, які ўмее бачыць, цаніць прыгажосць і ствараць яе сваімі рукамі.
У нашай сям’і існуюць свае традыцыі. Перад Вялікаднем збіраемся разам і выпякаем кулічы, булкі, робім з дзецьмі розныя фігуркі з цеста, фарбуем яйкі. Тата дапамагае вымешваць цеста, а вечарам ідзе на велікоднае богаслужэнне ў царкву. Раніцай, асвечаныя ў царкве прысмакі, дзеці нясуць да сваіх хросных бацькоў і да бабулі. На Каляды ўсёй сям’ёй прымаем удзел у абрадзе «Шчодрыкі». Вечарамі, калі ўся сям’я збіраецца за сталом, любім загадваць загадкі, складаць і спяваць прыпеўкі, перакладаць словы са знаёмых песень на свой густ.
Дзеці, не толькі спяваюць, як тата, але і танцуюць і спрабуюць складаць вершы, як матуля.
Нездарма кажуць: «Творчы чалавек таленавіты ва ўсім». Яшчэ з дзіцячага садка ўсе чацвёра дзяцей пазналі, што такое сцэна, спявалі, танцавалі, чыталі вершы, дэманстравалі свае малюнкі і творчыя вырабы не толькі ў дзіцячым садку, але і для працаўнікоў іншых сфер дзейнасці раёна. Працаўнікі «Беларусбанка» нават і цяпер памятаюць, як маленькая трохгадовая Кацярынка чытала для іх вялікі вершык пра свой любы пасёлак Акцябрскі, які склала матуля і нават вышыла з вершыкам пано. Старэйшы сын Яраслаў і дачушка Анюта пасля заканчэння музычнай школы разам з бацькам былі актыўнымі ўдзельнікамі народнага ансамбля танца «Весніца». Сувязь з творчасцю нават паўплывала на выбар прафесіі нашых дзяцей.
Старэйшы сын Яраслаў вучыцца ў БНТУ у г. Мінску на інжынера дызайнера вытворчага абсталявання, бо ў дзяцінстве вельмі любіў маляваць. Яго мастацкія работы дэманстраваліся на розных творчых выставах і заслугоўвалі граматы.
Малодшы сынок Максім вучыца ў Мінскім радыётэхнічным каледжы па прафесіі мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі. Яго будучая прафесія ў некаторым сэнсе таксама звязана з творчасцю.
Старэйшая дачушка Ганна, студэнтка Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі і зараз прымае ўдзел у канцэртнай дзейнасці навучальнай установы і мясцовага цэнтру вольнага часу. У час канікул, калі прыязджае дадому, спявае разам са сваім калектывам ансамбля танца «Весніца».
Наша вялікая сям’я неаднаразова прымала ўдзел у фестывалях сямейнай творчасці. Так у 2017 г. на Рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці «Жывіце ў радасці» сталі лаўрэатамі II ступені.
Лічым, што наша сям’я трымаецца на ўзаемаразуменні, узаемадапамозе, даверы і творчым падыходзе выхавання. Рэцэпты сямейнага шчасця ва ўсіх розныя, але калі правільна падабраны інгрэдыенты, тады і страва атрымаецца непаўторнай.
Аўтар: Наталля Малаковіч
Крыніца: Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання: матэрыялы V Рэспубліканскай навук.-практ. канф. (г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл., 20 чэрвеня 2018 г.) / укл. А.Ю. Лозка; рэдкал.: В.М. Грышкевіч [і інш.]. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. — С. 271-276.