Тэрміналагічная сістэма назваў прылад працы для чыставой апрацоўкі драўніны ў Мазырска-Прыпяцкім Палессі

0
84
Тэрміналагічная сістэма назваў прылад працы для чыставой апрацоўкі драўніны ў Мазырска-Прыпяцкім Палессі

У межах лексікі народнага промыслу вылучаецца тэматычная група, якая выконвае намінатыўную функцыю для прылад працы ў цяслярскім і сталярным рамёствах. А. М. Трубачоў пісаў: “Падобна таму, як апрацоўка дрэва ў шырокім сэнсе (першасная і другасная) раздзяляецца на рад больш спецыяльных вытворчасцей (бондарнае і ўвогуле вытворчасць дамашняга начыння калёсніцтва і калёсна-санная вытворчасць, домабудаўніцтва, ста­тарная і ложачная вытворчасць і г.д.) дакладна, так і тэрміналогія апрацоўкі дрэва дзеліцца нанекалькі суадносных груп [1, с. 146].

Гэтыя тэрміны — адны з найбольш даўніх лексіка-семантычных аб’яднанняў. Большасць з іх узыходзіць да старажытнарускай і старабеларускай моў.

Рост духоўнай і матэрыяльнай культуры палешукоў стварыў неабходнасць больш дэталёвай апрацоўкі драўніны, пашырыўся колькасна, відава і якасна, паказчык вырабаў і збудаванняў. Усё гэта станавілася магчымым пры стварэнні новых і ўдасканаленні старых прылад працы, што выкарыстоўваліся для чыставой і дэтальнай апрацоўкі загатовак і вырабаў з дрэва.

Так, у народных гаворак Мазырска-Прыпяцкага Палесся засведчаны словы: адборнік (атборнік), баран, геблік, гладзік, калёўка, кутоўнік, рубанок, спуст, фуганок. Яны аб’яднаны агульным родавым паняццем ‘сталярны інструмент з жалезным лязом для стругання драўніны’. Наяўнасць значнай колькасці найменняў для выражэння гэтага паняцця невыпадковая, бо пры гэтым кожны тэрмін мае сваё семантычнае адценне:

адборнік (атборнік) ‘геблік з вузкім фігурным лязом’: У рамах канту над сцеклом ад борніком робляць. Рубанкаў багато, а атборнік толькі ў столера будзе [2,];

баран ‘двухручны рубанак’: Бараном чысцяць дошку на памост [3, т. 1, с. 42]; гладзік ‘рубанак для найбольш чыстага стругання дошак’: Гладзіком пройдзеш дошкі то ўжэ можна красіць [2];

калёўка ‘рубанак для выбіркі ўзораў на налічніках’: Нападобіе як рубанак, вузенькая калёўка етая; разные ўзоры дзелаюць ею [4, с. 148];

кутоўнік ‘гебель з вузкім лязом’: Кутоўніком спускалі дно, ек лотку робілі [2]; фуганок ‘вялікі рубанак, прызначаны для чыставога стругання дошак, плоскіх паверхняў’: Пака параўняў фуганком увесь памост, то й вечар пахваціўся’ [2].

Частцы гэтых блізказначных слоў у народна-гутарковым асяроддзі Мазырска-Прыпяцкага Палесся ўласціва не адно, а некалькі значэнняў, набытых у працэсе свайго гістарычнага існавання: гладзік ‘лагодны чалавек’: У ее чоловек не такі, ек мой, а гладзік [2]; спуст ‘насціл для сцёку вады над плацінай вадзяных млыноў’: Просто як у спусці сокочэ вада [3, т. 5, с. 91].

Важна тое, што частка аналізуемых лексем узыходзіць да старажытнарускай і старабе­ларускай моў: баранъ (боранъ) ‘авечы самец; баранова аўчына’ [5, т.1, с. 41-42]; ‘таран’ [6, т. 1, с. 193]. Найменні гэтага блізказначнага раду маюць досыць шырокую лінгвагеаграфію: баран ‘прыстасаванне для перамотвання пражы’ [7, с. 18]; гэбэль ‘гэбель’ [7, с. 53]; калёўка ‘піла для фігурнага вырэзвання’ [7, с. 85]; кутоўнік ‘від рубанка’ [7, с. 118]; спуст ‘фуганак’ [7, с. 214].

Ад разгледжаных тэрмінаў у народных гаворках Мазырска-Прыпяцкага Палесся ўтварыліся іншьгя найменні розных часцін мовы: адборка ‘дзеянне паводле дзеяслова адбіраць’; адборнічок ‘памянш. ад адборнік’; гебляванне ‘дзеянне паводле дзеяслова гебляваць’; геблічок ‘памянш. ад геблік’; глажанка ‘дошка, апрацаваная гладзільнікам’, гладзічок ‘памянш. ад гладзік’; калеванне ‘узоры, зробленыя калёўкай’; рубаначок ‘памянш. ад рубанак’; габляващ ‘зразаць тонкі слой з паверхні драўніны геблем’ і інш.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што актыўнае бытаванне аналізуемых тэрмінаў на Палессі сведчыць аб захаванні традыцыйнай моўнай культуры, якая бярэ свой пачатак з праславянскага моўнага адзінства, старажытнарускага і старабеларускага перыядаў. Запазычанні тыпу hebel з іншых славянскіх і неславянскіх моў уступаюць месца спрадвечным і ўласнабеларускім лексічным утварэнням.

Літаратура

  1. Трубачёв, О. Н. Ремесленная терминология в славянских языках (этимология и опыт групповой реконструкции) / О. Н. Трубачёв. — М.: Наука, 1966.
  2. Уласныя назіранні.
  3. Тураўскі слоўнік: у 5 т. / рэдкалегія: А.А. Крывіцкі [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982-1987.-5 т.
  4. Янкова, Т. С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчьшы / Т. С. Янкова. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982. — 432 с.
  5. Срезневский, И. И. Материалы к словарю древнерусского языка: в 3 т. — М.: Книга, 1989.
  6. Гістарычны слоўнік беларускай мовы. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982. — Вып. 1.
  7. Дыялектны слоўнік Брэстчыны / Склад. М. М. Аляхновіч [і інш ]. — Мінск: Навука ітэхніка, 1989. — 294 с.

Аўтар: У.Д. Кніга
Крыніца: «Скарына і наш час», V Міжнародная навуковая канф. (2011, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 14-15 кастрычніка 2011 г.: [матэрыялы] / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2011. — С. 65-67.