Гістарычная функцыя фальклору заключаецца ў тым, каб захаваць і данесці вопыт мінулых пакаленняў нашчадкам. Замовы – тэксты сакральна-рытуальнага характару – традыцыйна адносяцца да найбольш архаічных жанраў вуснай народнай творчасці. У тыя даўнія часы людзі верылі ў слова, шанавалі яго, а то і баяліся вымавіць яго «не ў добры час», бо нездарма кажуць, што адным толькі словам можна ўзнесці да нябёс і словам жа можна абразіць чалавека, загубіць яго. Нашы продкі надавалі слову выключнае значэнне, яно суцяшала боль, адводзіла ліха, засцерагала, ахоўвала. Усе гэтыя якасці, такія неабходныя для старажытнага чалавека, увабрала ў сябе замоўнае слова, якое народ выкарыстоўваў з утылітарна-практычнымі мэтамі.
У тыя далёкія часы людзі шмат чаго не ведалі, многага не маглі растлумачыць, прыпісваючы гэтае незразумелае праявам добрых або злых духаў, таму шмат чаго баяліся. Для таго, каб хоць неяк аберагчы ці дапамагчы ў бядзе, выкарыстоўвалі «гаючае слова» – замову.
У Гомельскім раёне, як і ўвогуле на Гомельшчыне, найбольш пашыраны замовы, звязаныя з побытавай сферай: здароўем, гаспадарчай дзейнасцю, сямейным укладам. Але былі творы (напрыклад, ад няшчасцяў), якія прамаўляліся амаль штодня каб засцерагчыся ад усіх магчымых бед, што падсцерагалі чалавека на кожным кроку. Напрыклад, замова, запісаная падчас фальклорнай практыкі ў в. Церуха Гомельскага р-на ад Н. А. Маісеевай, 1935 г. н.: «Первым разам, Божым часам Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Мацеры пакланюся. Прачыстая Маці, хадзі ка мне на помач памаліцца ад нахальнага чалавека. Спасі, Госпадзі, памілуй, Божы Мікіця, мудрасцю мудрыся, хітрасцю хітрыся. Спасі, Госпадзі, ад звера бягучага, ад гада паўзучага, ад нахальнага чалавека, ад плахіх вачэй і плахіх рачэй, ад наглай смерці, ад уроку і ад загавору, ад агня і ад патопу. Дай, Госпадзі, храніцеля і пуцевадзіцеля. Амін»*.
Многа нечаканасцей падсцерагала чалавека, калі ён вымушаны быў пакідаць сваю хату: розныя здарэнні ў дарозе, сустрэча з «чалавекам злым», са зверам, магла напаткаць непагадзь, «ветры буйныя», і тут можна было спадзявацца толькі на сілу слова і на дапамогу-выратаванне нябесных заступнікаў. Да іх і звяртаецца замаўляльнік у замове «Пры паходзе ў лес»: «Калітку адкрыла, закрыла, перахрысцілася. Выхажу я із варот, Мацяр Божай напярод, залатою рызаю, сярэбранымі ключамі. Залатою рызай пакрывае, сярэбранымі ключамі закрывае. Сонцам асвячусь, месяцам агаражусь, і нідзе нікога не баюсь. Амінь. Святы Георгій, явісь с неба на землю, зайдзі к Госпаду Богу за ключамі, закрой чатыры дарогі, ад ветра буйнога, ад чалавека злога, ад гада палзучага, ад звера дрыгучага.
Госпадзі, спасаў ты мяне ў малыя годы, спасаў у срэднія, спасі ў старыя, Амінь…» (запісана ад Н. А. Маісеевай, 1935 г. н., в. Церуха Гомельскага р-на). Небяспека падсцерагала і з другога боку – хата заставалася без догляду і ў хату маглі залезці злодзеі. Таму пры выхадзе з хаты прамаўлялася такая замова, запісаная ад таго ж інфарматара: «Выхажу я із дзвярэй рабы Божай Ніны, станаўлюся срадзі двара, са мной Нікола Чудатворац. Закроюсь затворчаскім замком, на дзвюх дзвярах два ангелы сядзяць, хто ідзёт – прайдзёт, хто едзет – праедзет. Грабіцель не дайдзёт, ногі акамянеюць, рукі адзервянеюць, в глазах пацямнее. Вакруг дома моего быстрая рака, высокая гара, цёмны лес. Амінь-амінь-амінь».
І ўсё ж самымі распаўсюджанымі былі і застаюцца замовы, звязаныя са здароўем, бо хваробы падкошвалі людзей, выбіваючы іх з працоўнага рытма, наносячы тым самым шкоду і ў забеспячэнні дабрабыту. Медыцынскіх навыкаў людзі раней не мелі, і сёння ўсё часцей звяртаюцца да гаючых уласцівасцей зёлак і магічнага замоўнага слова. Тэматыка лекавых замоў Гомельскага раёна даволі шырокая.
Прывядзем для прыкладу фрагменты тэкстаў, якія прыгаворваліся пры самых распаўсюджаных хваробах – крывацёку, зубнога болю, урокаў і інш. Адзначым, што калі прамаўляліся замовы, то ліха або перакідвалі ў далёкія краі, на неіснуючых персанажаў, або адносілі іх далёка-далёка за мора, каб вярнуцца не змаглі, і ліха не пераплыло тое самае мора ды горы вялізныя: «… На моры ляжаў камень, на тым камені вада гуляла, рабе Божай (імя) боль выганяла з касцей, з машчэй, з румянага ліца, з шчырага жывата. І ссылаю ўрокі на мхі … там сонца не грэе, раса не ападае, рабы Божай (імя) урокі дажыдае» (запісана ад У. І. Сух, в. Чкалава Гомельскага р-на); «… Выгаваруецца рабу Божаму … урокі-ўрочышчы, жаноцкія і парабоцкія, мужчыньскія і бабоськія. Хто якімі ўрокамі ўрачэ, хай яму кроўю вочы завалачэ…» (запісана ад А. В. Ткачовай, 1929 г. н., в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага р-на (раней пражывала ў в. Новыя Дзятлавічы).
Асабліва звяртае на сябе ўвагу замова «Ад зубнога болю»: «– Здароў, маладзік! – Здароў! – Табе – на стаянне, а мне – на здароўе.
Маладзік, маладзік, дзе ты быў? – На тым свеце. – Што ты бачыў? – Мёртвыя ва грабах ляжаць. – А ў іх зубы баляць? – Не, не баляць. – Няхай і ў рабы Божай (імя) не баляць і не шчумяць» (запісана ад М. І. Ермаковай, в. Чкалава Гомельскага р-на).
Гэты тэкст, як і пераважная большасць замоў гэтай тэматычнай групы, пабудаваны ў форме дыялога з Месяцам. Месяц – «нябеснае свяціла, якое асацыіруецца ў народным уяўленні з замагільным светам і процістаўляецца сонцу як боству дзённага света, цяпла і жыцця» [1, с. 334]. Таму толькі месяц бачыць, кантактуе з памерлымі, а таму можна дакладна ведаць, што яны робяць і што яны адчуваюць.
Калі ў іх, памерлых, зубы не баляць, то няхай не баляць і ў жывых.
Тым больш, што душы памерлых таксама могуць паспрыяць жывым.
Нашы продкі шчыра верылі ў тое, што пасля смерці душы памерлых актыўна ўмешваюцца (станоўча ці адмоўна) ў жыццё жывых. Культ продкаў з тых часоў дайшоў і да нас – дні памінання продкаў (Радуніца). Хаця пры моцным болі цяпер наўрад ці звяртаемся да месяца, а накіроўваемся да стаматолага – гэта больш эфектыўна.
Лекавыя замовы былі так пашыраны яшчэ і таму, што на Гомельскім Палессі, звяртаючыся да лекара-замаўляльніка («бабкі-шаптухі») чалавек псіхалагічна быў настроены на дапамогу «гаючага слова». Эфект лячэння павялічваўся калі сіла самаўнушэння памнажалася на сілу ўнушэння лекара ды яшчэ падмацоўвалася лячэбнымі маніпуляцыямі (настой лекавых траў – фітатэрапія, расціранні, парэнне ў лазні і г. д.). Усё гэта і садзейнічала такому шырокаму і працягламу бытаванню твораў гэтай тэматычнай групы.
Апрача лекавых замоў даволі вялікую групу складаюць творы гаспадарчай тэматычнай групы. Гаспадар-селянін павінен быў клапаціцца пра будучы ўраджай. Канешне, перш за ўсё ён спадзяваўся на свае рукі, свае сілы і ўменне. Але можна было звярнуцца за дапамогай-падтрымкай да Бога пры пасеве. І тады гучала: «Радзі, Госпадзі, на ўсякую долю: і на бедных, і на багатых, і на крывых, і на сляпых, і на нішчых, радзі Госпадзі на ўсякага. Перакрэсціца» (запісна ад А. В. Ткачовай, 1929 г. н., в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага р-на (раней пражывала ў в. Новыя Дзятлавічы)). Як бачым, у замове выказваецца адно з асноўных маральна-этычных правілаў беларуса-палешука, яго спагадлівасць. Селянін клапоціцца не толькі пра дабрабыт сваёй сям’і, ён просіць Бога дапамагчы вырасціць такі ўраджай, каб яго хапіла на «долю ўсякага», а далей пералічваецца «і на крывых, і на сляпых, і на нішчых».
Спрадвеку карміцелькай сям’і, а значыць і паказчыкам дабрабыту селяніна была карова. Вельмі шырокае распаўсюджанне мелі замовы, звязаныя з першым выганам жывёлы на пашу. Яны была скіраваны на тое, каб, па-першае, ніхто не ўкраў ці не зглазіў скаціну, па-другое, каб добра пасвілася, і прыносіла больш карысці. Жывёліну выганялі ў поле на Юр’еў дзень: «Ідзі, мая каровачка, на Юр’еву расу, на Юр’еву расу, на Міколаву траву. Прыходзь, мая каровачка, з Юр’евай расы, з Міколавай травы з вялікімі малакамі, з таўстымі сырамі, з глыбокімі смятанамі. Гасподзь Бог знае ды нам памагае» (запісана ад В. К. Ванянковай, в. Вішнёўка Гомельскага р-на).
Трэба сказаць, што замаўляць ці проста прадухіліць, папярэдзіць, ці калі ўжо здарылася няшчасце дапамагчы пэўнымі магічнымі дзеяннямі маглі не ўсе. Вось чаму ўзнікаюць пэўныя складанасці падчас пошуку інфармацыі. Многія з тых, хто карыстаўся замовамі ўжо памерлі, не ўсе навучыліся гэтай справе ад сваіх бабуль ці матак ды і ўвогуле, калі на вёску прыходзілася адна такая варажбітка, знахарка (называлі іх па-рознаму) – гэта ўжо была знаходка. А магло быць і так, што на некалькі вёсак адна жанчына займалася замовамі.
Таму безумоўна ўзнікаюць складанасці. Але ж нельга забываць, што, хаця замовы – з’ява старажытная, даўняя, і ўсё роўна ж назваць замовы забытымі нельга, іх многія выкарыстоўваюць і па сённяшні дзень. Нам пашчасціла – мы пазнаёміліся з Нінай Аляксандраўнай Маісеевай, 1935 г. н., з в. Церуха Гомельскага р-на, якая і падзялілася з намі сваім духоўным багаццем – замовамі. Так, да яе звяртаюцца, калі трэба ўтаймаваць навальніцу, каб град не пабіў пасевы, не прынёс гора: «Ад гразы ў мяне малітвы ёсць, я ж гляжу бура такая страшная, молнія, тады я запалю свечачку і свечачка ета, каторую я брала на страсны дзень… Я запалюю, і чытаю малітвы ад гразы ці молніі, ці буры. Памалюся так два, тры разы, і яна пашла стараной тая граза…». Ніна Аляксандраўна ведае і што трэба рабіць пры пажары: «Еслі ў каго хата гарыць, то нада кінуць яйцо ў агонь, то агонь будзе сціхаць. Ета абязацельна! Яшчэ еслі пажар дзе-нібудзь, мяне часта завуць, я бяру ікону “Бальшая непалімая купіна” і іду туды, і малюся тры разы, яно тады сціхае трохі, яно-та гарыць, а на другія хаты ўжэ не кідае».
А жыхарка в. Рагі Ніна Яўгенаўна Санько, расказала як рожаніца можа зрабіць роды больш лёгкімі: «Между схватак нада прагаварыць: “Лікуй род человечэскій чэрэз спасіцеля нашего Хрыста. Амінь”». А каб цяжарнай жанчыне засцерагчы сябе падчас выношвання дзіцяці трэба зрабіць наступнае: «Еслі на малады месяц бярэменная скажа такія словы, то за ўсю бярэменнасць з ёй нічога не случыцца: “Матушка-заступніца, заступі за мой жывот, за мое дзіця, спасі, сохрані і обороні меня. Во імя Отца і Сына і Святого Духа. Амінь”.
Так вот нада гаварыць було». Таксама Ніна Яўгенаўна змагла нам расказаць некоторыя цікавыя факты «ад рознай бяды», якія яна добра ведае, непамятаючы ўжо ад каго пачула: «Калі ў адкрытае вакно заляціць пціца якая – гэта страшную бяду прадвяшчае, тады нужна сказаць: “Як заляцеў, так і выляцеў”»; «Калі муха пасярод зімы ў хату заляцела, кажуць, гэта к гробу. Стукніце лягонечка па сцяклу і ціхенька скажыце: “Каждому свой час, а эта беда не па нас”». Падчас Вялікадня Ніна Яўгенаўна параіла наступнае: «Скарлупкі ад вараных яек, не выкідываць. Імі адпаіваюць бальных людзей і жывотных». А на развітанне параіла мне перад экзаменам зрабіць наступнае, тады «мне абязацельна пашчаслівіць» – казала яна: «Тры разы страхні адзежду ў якой пойдзеш, і скажы: “Хто за Госпадам Богам ішоў, яго ўчанікамі сталі. І я іду за Госпадам. Госпадзі, пашлі мне ўдачу ў учэнні. Ва імя Атца і Сына і Святога Духа. Амінь”».
Такім чынам, замовы як жанр вуснай народнай творчасці хоць і прайшла ў сваім развіцці даволі доўгі шлях (ад архаічнасці да нашых дзён), не згубіла сваёй актуальнасці. І мы, студэнты, пасля фальклорнай практыкі, сустрэўшыся, пагаварыўшы з нашымі старэнькімі і такімі мудрымі бабулькамі-інфарматарамі, пераканаліся, што не павінна адыйсці ў нябыт разам з імі і назапашанае імі багацце, што мы павінны навучыцца даражыць той спадчынай, якую збераглі для нас нашыя бабулі і матулі, якой зараз так шчодра гатовы дзяліцца.
На шляху зберажэння і засваення фальклорнай спадчыны намі зроблены толькі першы крок.
Спіс літаратуры
- Шапарова, Н. С. Краткая энциклопедия славянской мифологии: Ок. 1000 статей / Н. С. Шапарова. – М.: ООО «Издательство АСТ»: ООО «Издательство Астрель»: ООО «Русские словари», 2003. – 624 с.
* Выкарыстаны матэрыял фальклорнай практыкі 2014 г. Запісы захоўваюцца ў архіве кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «ГДУ імя Ф. Скарыны».
Аўтар: Ю.П. Ярмоленка
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей. Вып 8 / ред. кол.: А.В. Бредихина [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский го. ун-т им. Ф.Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. — С. 208-213.