Канец XX ст. — перыяд бурнага, супярэчлівага, адзначанага і прарывамі ў многіх сферах жыцця, і дэградацыяй — культурнай, сацыяльнай, маральнай. I. Шамякіну ахапіў важныя праблемы часу, паказаў безліч сітуацый і канфліктаў эпохі. Героі ў аповесцях «Падзенне» і «Без пакаяння» — людзі з трагічным лёсам, прадстаўнікі новага соцыуму, але яны не маюць будучыні.
Маральнае падзенне Рамана Юшкоўскага — супрацоўніка рэспубліканскага прамысловага камітэта (аповесць «Падзенне») — пачалося незаўважна для яго самога ад сустрэчы з сябрам па школе і інстытуце Маратам Вістуном, цяпер прэзідэнтам камерцыйнай маскоўскай фірмы. Юшкоўскага выхаваў дзед-бальшавік у духу камуністычнай ідэалогіі, і Раман лічыў свае погляды непахіснымі. Працуючы ў райкаме партыі, ён змагаўся з хабарнікамі і злодзеямі. 3 перасцярогай ставіўся да з’яўлення «новага» класа капіталістаў, ці, як іх зваў дзед, «паразітаў», за тое, што праз наяўнасць грошаў ім усё дазволена. Юшкоўскі верыць, што блізкія не дадуць пераступіць праз маральныя прынцыпы, якімі ён кіруецца ўсё жыццё. Гэтае перакананне і абумоўлівае трагізм сітуацыі, ён становіцца віноўнікам смерці жонкі. Раман разумее, у якім маральным балоце апынуўся праз спакусу грашыма. Гэта тупік, з якога няма выйсця.
Галоўны герой аповесці «Без пакаяння» Казімір Анкуда працягвае галерэю вобразаў, што раскрываюць тэму падзення. Уладальнік магазінаў страляе ў хлопчыка, які скраў у яго батон. Герой асэнсоўвае зробленае, на падсвядомым узроўні вядзецца барацьба, якая дае Казіміру штуршок для пакаяння. Але аўтар пазбаўляе яго такой магчымасці, бо не бачыць будучыні «новых гаспадароў», якія, на думку I. Шамякіна, перайначылі традыцыйны ўклад жыцця, зрабілі яго амаральным. Пісьменнік прыводзіць героя ў сітуацыю загнанага ваўка. Пастку, у якой ён гіне, стварае сабе сам Анкуда. Ён сыходзіць з жыцця, імкнучыся ўцячы ад сваіх пераследнікаў такім чынам, каб стварыць небяспечную дарожную сітуацыю, у якой бы яны загінулі. Таму, відаць, невыпадкова на сустрэчнай паласе, пасля таго, як «Ніву» пераследнікаў «крутнула раз, другі, развярнула ў супрацьлеглы бок» [1, с. 189], з’яўляецца той «КамАЗ», з якім сутыкаецца легкавушка Анкуды, які віртуозна, на яго думку, спрабаваў стварыць аварыйную сітуацыю для сваіх ворагаў. Зло нібыта пакарана ў асобе Анкуды. Але ці знікла яно? Яно працягвае існаваць у прасторы, бо пакаранне злом нараджае новае зло.
Такім чынам, тэма падзення ў аповесцях I. Шамякіна «Падзенне» і «Без пакаяння» раскрываецца на прыкладзе герояў розных сацыяльных слаёў: чыноўніка савецкай эпохі і новага буржуа, прадпрымальніка. Абодва героі ў жыццёвым хаосе страцілі сябе, згубілі перспектыву духоўнага развіцця — у гэтым іх трагедыя. Праз прызму духоўнага падзення асобнага чалавека I. Шамякін стварыў абагульнены вобраз грамадства 1990-х гадоў.
Літаратура
- Шамякін, I. П. Збор твораў: у 23 т. / Іван Шамякін; падрыхт. тэкстаў і камент. Н. Гальго, В. Назарава, А. Шамякінай; Нац. акад, навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск: Маст. літ., 2011. — Т. 6: Аповесці, 1994-1996. — 582 с.
Аўтар: К.В. Уніятава
Крыніца: Дни студенческой науки. Материалы L студенческой научно-практической конференции (Гомель, 13-14 мая 2021 года). В двух частях. Часть 2. С. 61.