Тэкст батлейкавага прадстаўлення ў Мазыры, Бабруйску, Рэчыцы, Капаткевічах, Парычах, Беразіно

0
266
Беларуская батлейка

Прыйшоўшы ў дом гаспадара перад пачаткам прадстаўлення, адзін з больш спрытных і практычных хлопцаў — удзельнікаў хаджэння з вяртэпам садзіцца ззаду яго і аб’яўляе, што пачынаецца прадстаўленне з Новага Запавету аб нараджэнні Спасіцеля. Прадстаўленне адбываецца на верхнім ярусе вяртэпа. Спачатку з’яўляюцца два мужыкі (пастухі віфлеемскія), кланяюцца нованароджанаму дзіцяці ў пояс і звяртаюцца да гледачоў:

Пастухі. Мы — пастухі віфлеемскія, находзілісь сію ноч на стражы, паслі свой скот; удруг пры бальшой цемнаце асіяў нас неабыкнавенны свет. Мы іспугалісь, но ангел гасподзен сказаў нам: «Не пугайцесь! Гэта радзіўся Цар Славы; вы ідзіце і пакланіцеся яму — ён у Віфлееме». Убачылі множаства ангелаў, паюшчых «Слава ў вышніх Богу…» (Гэта царкоўная песня выконваецца хорам пеўчых пры батлейцы.)

Пасля заканчэння спеваў пастухі выходзяць. З’яўляюцца вешчуны, персідскія цары, кланяюцца нованароджанаму дзіцяці і прыносяць падарункі. Затым яны звяртаюцца да на­рода.

Вешчуны. Мы валхвы, цары персідскія — з далёкіх стран, не пажалелі сваіх царскіх трудоў і прышлі пакланіцца нованароджанаму младзенцу; мы гэта ўзналі па звяздзе на вастоке, каторая нам сапутствавала. (Пры гэтых словах спяваецца царкоўная песня «Валхвы, цары персідскія, пазнаша яве на зямлі раждзённага Цара Нябеснага…»)

Вешчуны кланяюцца і выходзяць. Пасля гэтага пачынаец­ца прадстаўленне ў ніжнім ярусе батлейкі аб Ірадзе. Сюды ж з верхняга яруса пераносіцца свечка. Спакваля з-за заслоны з’яўляецца адзін з цароў і садзіцца на трон. У гэты час да яго падбягае воін.

Воін. Што прыкажаце, ваша вялічаства?

Цар загадвае паклікаць граданачальніка. Воін адразу ж выходзіць. Уваходзіць граданачальнік.

Цар. Што слышна ў нас?

Граданачальнік. Нічога асобеннага, ваша вялічаства!

Цар. Как жа нічога! Нарадзіўся новы цар, і я, апасаючыся, штобы ён не завалодаў маім царствам, павеляваю ўбіць усіх нованароджаных младзенцаў мужскога пола.

Праз дзве-тры хвіліны ўваходзіць воін і паведамляе, што дзяцей усіх забілі: толькі плача адна Рахіль і просіць аб памілаванні адзінага яшчэ жывога сына. Воін ідзе за заслону і прадстаўляе жанчыну, якая плача і просіць злітавацца.

Рахіль. Ваша вялічаства, я паручаю вам свайго сына, вазьміце яго ў свае палаты, не васпітывайце, толькі ліш бы ён быў жыў.

Цар. Да, былі случаі, знаем ужо: і фараон кагда-та васпітываў Маісея, а ён потым лішыў яго царства. (Рахіль выходзіць з жалобной песняй.)

Xор (спявае)

О, Ірадзе ты пракляты!
О, Ірадзе ты пракляты!
Не пашчадзіў ты ў Віфлееме 
Hi адзінага дзіцяці;

Ты хацеў убіць Марыіна сына,
На што цябе сатана спакусіў.
Но Божая сіла 
Да сяго не дапусціла;

Ты ўбіць Хрыста рашыўся,
А Іосіф з Марыяю ў Егіпет удаліўся.
О, Ірадзе ты пракляты!
О, Ірадзе ты пракляты!

Ты яшчэ на свет Божы не радзіўся,
У тваім сэрцы сатана пасяліўся.
О, Ірадзе ты пракляты!
О, Ірадзе ты пракляты!

Ірад сыходзіць з трона; уваходзіць яўрэй Бэрка ў старым сваім нацыянальным адзенні, разглядае палацы Ірада, звяртаецца да гледачоў.

Бэрка. Ві знаеце, гаспада, сто тут цар зыў, а ціпер уз я купіў гэтыя палацы, а сам цар узэ памьёр; гэто яго Бог скараў, сто ён насых цэлых цатырнаццаць тысяц дзетацак перабіў. Я думаю ў гэтым палацы адкрыць тракцір: от тут бацонацак пастаўляю, а тут крэселько. (Садзіцца на трон і пачынае танцаваць ад радасці.)

З’яўляецца мужык і звяртаецца да гледачоў:

Мужык. Вы не знаеце, гаспада, майго гора. Я ж як наеўся куцці, так не магу і пайці: от я ўжэ ішоў у волась і к хвершалу, аж едзе валасны пісар, пытаецца ў мяне: «Куды ты едзеш, Змітро?» — «У волась і к фершалу: баліць, паночак, вельмі мой жываточак. Я ж учора як наеўся куцці, дак не магу і пайці». A пісар кажа: «Хвэршала цяперака няма; ты лепей ідзі І к Бэрку і выпі гарэлкі чвэртку, укінуўшы дроб канхворы, так не будзеш хворы». (Нарэшце мужык звяртаецца да яўрэя.) А, здароў, Бэрка, ну але ж у цябе і палацы, і чаго ж тут у цябе няма! Аднаго толькі бацькі з мацераю тут нямашака! Дай жа мне гарэлкі чарку выпіць!

Бэрка. Давай зэ гросы!

Мужык. Да я ж не ўзяў з сабою з дому.

Бэрка. Цагос ты ісоў, на веру думаес? Ісцэ я толькі пацын раблю, а ён узэ… музык, трасца яго матары, прысоў і дай яму на веру: прынёс бі цаго мерацку!

Мужык. Пагадзі ж ты, пракляты жыдовін, я ж табе на­шлю, я табе ізраблю, што цябе чорт ухваціць! (Выходзіць.)

Бэрка. Так п’яніца ўсё страсцае: я табе нашлю! Дзе ві бацылі, гаспада, той цорт, дзе ён есь на свеці, хто гэта даказэ?

У гэтую мінуту з’яўляецца чорт, вельмі страшны з выгляду, на ім адзенне з тхаровага меху, твар чорны, з хвастом, на галаве рогі. Чорт хапае Бэрку і нясе з сабой.

Бэрка (крычыць). Гвалт! (Гледачы смяюцца.)

У канцы гэтага прыходзіць яўрэйка, жонка Бэркі.

Яўрэйка (звяртаецца да гледачоў). Цы не бацылі мая Бэра?

Батлейшчык. Яго ж чорт ухваціў.

Крыніца: Народны тэатр. НАН Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Уклад. і камент. М. А. Каладзінскага; Уступ. Арт. А. С. Фядосіка; Рэд. Выд. А. С. Фядосік, А. В. Сабалеўскі. – 2-е выданне, выпраўленае і дапрацаванае. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – Ст. 373-375. – (Беларуская народная творчасць). Цв. вокл.