Тэатральная прэм’ера месяца ў Гомелі: у Лялечным распавядуць пра бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца

0
1473
Лазик Ройтшванец и скульптура ему на гомельском вокзале

Прыгоды самага вядомага літаратурнага персанажа з Гомеля — краўца Лазіка Ройтшванеца пакажуць на сцэне гомельскага Лялечнага тэатра 26 і 27 ліпеня. Спектакль паводле твора пісьменніка Іллі Эрэнбурга будзе паказаны гомельцам упершыню.

Эрэнбург наведваў Гомель у 1925 годзе з лекцыямі пра перспектывы “сусветнай рэвалюцыі” і жыццё ў замежжы. Натхнёны тым візітам, пісьменнік напісаў раман пра прыгоды гомельскага краўца “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца” ў 1927 годзе. Твор быў у хуткім часе апублікаваны ў Парыжы, але ў СССР выдаваць яго не спяшаліся. Аўтар адзначаў, што “з маім “Лазікам” справы дрэнныя. Ціханаў піша, што Галоўліт не ўхваляе. Паспрабую яшчэ звярнуцца да гераічных мераў”. Але ж і яны не дапамаглі — жыхары Савецкага саюза азнаёміліся з раманам толькі ў 1989 годзе.

Пры гэтым варта адзначыць, што Лазіка Ройтшванеца — гэтага “мужчынскага краўца з самага звычайнага Гомеля” — літаратурныя крытыкі лічаць адным з самых выразных герояў Іллі Эрэнбурга і нават клічуць габрэйскім Швейкам.

Раз-пораз на старонках рамана ўзнікае і стары Гомель: парк Паскевіча на высокім беразе Сожа з сапраўдным ваўком на прывязі, трыўмфальнае шэсце асенізацыйнай бочкі, з-за якой пасадзілі аднавокага Націка, параход “Камуніст”, які сеў на мель на не зусім суднаходнай рацэ Сож, клуб “Чырвоны Прарыў”, у якім таварыш Фенечка Гершановіч спявала міжнародныя мелодыі.

«У Гомелі мноства асветных пачынанняў, два тэатры, цырк, не кажучы ўжо пра кіно. У музеі вісіць такая галандская рыба, што дай бог кожнаму габрэю да суботы… А цалкам распрацаваны праект трамвая? А насценная газета мясцовага аддзялення “Дабрахіма” з сяброўскімі шаржамі таварыша Пінкеса? Не, у культурных адносінах Гомель мала чым адрозніваецца ад сталіцы».

Бурная жизнь Лазика Ройтшванеца и афиша к спектаклю в ГомелеТэатр лялек больш за дзесяць гадоў выношваў ідэю пастаноўкі спектакля паводле рамана Эрэнбурга. Не давала ўвасобіць у жыццё задумку адсутнасць драматургічнага матэрыялу. Сам раман вельмі аб’ёмны, і існыя інсцэніроўкі больш падыходзяць для драматычнага тэатра або кіно. Але, нарэшце, народны артыст Расіі Аляксандр Левенбук даў дазвол на пастаноўку спектакля паводле яго п’есы, напісанай у суаўтарстве з Міхаілам Ушацам.

У спектаклі прагучыць шмат песень Барыса Рыўчуна на вершы Міхаіла Таніча.

Калі: 26 і 27 ліпеня
Дзе: Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек, вул. Пушкіна, 14
Час: 19:00
Уваход: 5 руб.