Тэатральнае жыццё Гомельшчыны ў другой палове 20-х гг. было даволі насычаным, хоць уласнага прафесійнага тэатра не існавала. У Гомелі працавалі драматычныя гурткі. Іх рэпертуар складалі п’есы «Лес», «Позняе каханне» А. Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф. Шылера, «Беспрацоўныя» С. Белай, «Дні пашага жыцця» Л. Андрэева, «Патанулы звон» Г. Гаўптмана, «Сценька Paзiн» Каменскага. Рэпертуар і змест п’ес узгадняліся з рэпертуарнай камісіяй, якая працавала пры губпалітасвеце.
Як і ў папярэднія гады, у Гомелі дзейнічаюць рускія трупы. На працягу зімова-летніх сезонаў 1928—1929 гг. у памяшканні кінатэатра імя Калініна працавала руская драматычныя трупа пад кірауніцтвам Л. Ізольдава. Ставіліся п’есы «Шторм» і «Штыль» В. Біль-Белацаркоўскага, «Канстанцін Цярохін» У. Кіршона і А. Успенскага, «Разлом» Б. Лаўранёва, «Квадратура круга» В. Катаева, «Авадзень» Э. Войніч і шэраг іншых.
Насельдіцтва з вялікай цікавасцю ставілася да пастановак. Пасля праглядаў наладжваліся дыспуты, канферэнцыі гледачоў, «Палеская праўда» змяшчала пісьмовыя водгукі гледачоў.
Часта на Гомельшчыне праходзілі гастролі тэатральных калектываў з Масквы, Кіева, Ленінграда, Мінска і іншых гарадоў. Згодна з планам на 1928 г. гомельскі тэатр імя Калініна да 1 мая быў заняты расійскай драмай, з 15 мая па 1 ліпепя гастролямі Кіеўскага яўрэйскага тэатра, з 1 ліпеня па 1 верасня ішлі гастролі Маскоўскага тэатра, а з 1 верасня па 1 кастрычніка — опера.
Асаблівае месца ў тэатральным жыцці Гомельшчыны канца 20-х гг. занялі гастролі Другога Беларускага дзяржаўнага тэатра. Калектыў паспяхова справіўся з галоўнай задачай, якая ставілася перад трупай, — «адыграць значную ролю ў справе садзейнічання беларусізацыі працоўных Гомельшчыны». Напярэдадні гастроляў адказныя службоўцы выказваліся, што яны ў горадзе непатрэбныя, што спектаклі па беларускай мове не будуць мець поспеху. Прагнозы не спраўдзіліся; па афіцыйных дадзеных сярэдняе наведванне спектакляў склала 80% пры наяўнасці шэрагу аншлагаў (асобныя п’есы ставіліся па 5—6 разоў). У гомельскай афішы БДТ-2 значыліся п’есы «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра, «Гаявата» Г. Лангфела, «Разлом» Б. Лаўранёва, «Каля тэрасы» М. Грамыкі, «На прадвесьні». Менавіта ў Гомелі адбылася прэм’ера спектакля па п’есе У. Кіршона «Рэйкі гудуць» — першы ў гісторыі калектыву твор аб жыцці савецкага рабочага класа. П’еса не вызначалася мастацкімі вартасцямі, але ўзнёслая ігра акцёраў, яркае знешняе афармленне спектакля (што было характэрна для БДТ-2), даступнасць зместу садзейнічалі поспеху прэм’еры. На працягу гастроляў тзатра «Палеская праўда» змяшчала водгукі гледачоў. Яны ў асноўным былі станоўчымі, неаднаразова гучала думка аб неабходнасці пастаяннага знаходжання падобнага тэатра ў Гомелі.
З поспехам праходзілі на Гомельшчыне гастролі Беларускага дзяржаўнага вандроўнага тэатра, які з 1 студзеня 1932 г. пастановай СНК БССР быў перайменаваны ў БДТ-3 са сталай базай у Гомелі. БДВТ гастраляваў па Гомельшчыне ў 1926 і 1927 гг. Мастацкі калектыў наведаў Гомель, Добруш, Рэчыцу, Навазыбкаў, шэраг населеных пунктаў Мазырскай акругі. У рэпертуары пераважалі п’есы У. Галубка: «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Бязродны», «Госць з катаргі», «Бабы-ліхадзейкі», «Падкідыш» і інш. Акрамя творчай, тэатр вёў яшчэ і прапагандысцкую дзейнасць. У час гастроляў па Мазыршчыне У. Галубок прачытаў 12 дакладаў на тэму: «Мастацтва — працаўнікам: шляхі беларускага тэатра».
У гонар 10-годдзя БДВТ у пачатку 1929 г. правёў яшчэ адну вялікую паездку па Гомельшчыне. Пастаноўкі тэатра наведала значная колькасць гледачоў, аб чым сведчаць дадзеныя табліцы:
Горад
населены пункт |
Колькасць
спектакляў |
Колькасць
гледачоў |
Колькасць
канцэртаў |
Колькасць
гледачоў |
Буда-Кашалёва | 4 | 1600 | 1 | 500 |
Рагінь | 1 | 1000 | — | — |
Чачэрск | 8 | 4000 | — | — |
Ветка | 8 | 4000 | — | — |
Навасёлкі | 1 | 1000 | — | — |
Рэчкі | 1 | 600 | — | — |
Прысно | 6 | 600 | — | — |
Нова-Беліца | 1 | 600 | — | — |
Гомель | 1 | 600 | — | — |
Добруш | 3 | 1800 | — | — |
Лоеў | 6 | 3000 | 2 | 6000 |
Судкоў | 1 | 1000 | — | — |
Камарын | 4 | 2000 | — | — |
Жары | 1 | 600 | — | — |
Асарэвічы | 1 | 1000 | — | — |
Рэчыца | 5 | 3500 | — | — |
Хойнікі | 7 | 5600 | — | — |
Усяго | 54 | 32500 | 3 | 6500 |
У час гастроляў 1929 г. быў значна пашыраны і рэпертуар тэатра. Разам з п’есамі У. Галубка ў яго ўвайшлі: «На стыку» Ц. Гартнага, «Босыя на вогнішчы» М. Чарота, «Гірт з Воўчага логу» Я. Райніса, «Будні» I. Гурскага, «Галубка i сын» В. Сташэўскага, «Ашукаліся» М. Крапіўніцкага, «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча.
Дзяржаўнае кіраўніцтва спадзявалася, што цацыянальны тэатр адыграе значную ролю ў «перабудове на вёсцы, у справе калектывізацыі». БДВТ амаль на 90% фінансаваўся дзяржавай. Па каштарысе на 1929 г. выдаткі складалі: зарплата — 21390 руб.; на пастаноўкі — 3300 руб.; падарожныя расходы — 5510 руб.; гаспадарчыя — 1000 руб.; прыбыткі — 24 спектаклі ў Гомелі (3 разы ў месяц на 75 руб.) — 1800 руб., 96 спектакляў па Гомельшчыне (4 разы ў тыдзень, 24 тыдні па 25 руб.) — 2400 руб. Неабходная субсідыя складала 27000 руб.
Нягледзячы на фармальнае раўнадушнае стаўленне да нацыянальнай работы з боку кіраўніцтва Гомельскай акругі, пэўную інертнасць насельніцтва, гастролі БДТ-2 і БДВТ аказалі значны ўплыў на фармаванне нацыянальнай свядомасці жыхароў Гомельшчыны.
Аўтар: А.I. Зелянкова
Крыніца: Краеведение – основа духовного и нравственного возрождения общества: научно-практ. конф. (Гомель, 10-11 декабря 1997 г .). – Гомель, 1997. Ст. 89-92.