Таямнічае – побач

0
1104
галінка, сьнег

Звон звініць, звон звініць,
Звон звініць званчэй,
Не знайсці ў цэлым свеце
Тых званоў грамчэй…

Jingle Bells у пер. А. Хаменкі

Ну вось, здаецца, і дачакаліся снега. Свята Пакроваў Багародзіцы, на якое ў народзе і ўскладваюць надзеі, пакрыла зямліцу сняжком, а дзявіцу платком. Час зімовых святаў! А каб раскрыць, якія ж святы прыхавала для нас чараўніца Зіма, філіял Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава г. Гомеля падрыхтаваў выставу “Магія зімовых святаў”. Рушым наперад – за карыснай інфармацыяй!

На самым уваходзе са шчырай усмешкай на вуснах ужо чакае Пятро Цалка –  навуковы супрацоўнік музея і сябар ГМКГА “Талака”. Ветліва прымае і музей. А вось і яна – “магічная” зала. А магічная таму, што, па словах Пятра, зімовыя святы гэта не проста святы, а ў большай ступені містычныя святы, паколькі эпіцэнтр, вакол якога яны гуртуюцца, гэта дзень зімовага сонцастаяння, калі зрухі ў прыродзе і Сусвеце прыводзяць да зрухаў у разуменні людзей. Як прыклад – спробы дзяўчат заглянуць у невядомае ў гэты час, варожачы на будучага мужа, што было (ды і застаецца) вырашальным у іх лёсе.

zima2На адкрыцці выставы

Адкрываюць зімовыя святы Каляды. Увесь цыкл калядных, святых або, як іх яшчэ называюць у народзе, крывых вечароў пачынаецца 24 снежня і заканчваецца 19 студзеня. На працягу гэтага часу нічога нельга рабіць, таму што альбо жывёла будзе нараджацца крывая, альбо дзеці могуць нараджацца з пэўнымі адхіленнямі.

Каляды паядналі ў сабе дзве культуры: язычніцкую і хрысціянскую. Паганская культура звязана з днём зімовага сонцастаяння (узыходзіць да лац. calendas ‘пачатак года’, калі рымляне аддавалі свае даўгі). Як варыянт, Каляды ў сваёй аснове прымеркаваны язычніцкаму боству Каляда. Хрысціянская культура свой унёсак зрабіла фактам наражэння ў гэты час Іісуса Хрыста. Праўда, перыяд нараджэння Хрыста вагаецца ад 12 г. да н.э. да 4 г. н.э. Дзень жа зімовага сонцастаяння пасля самай доўгай ночы ў годзе даваў адлік адраджэнню сонца. “Нараджэнне сонца, нараджэнне Бога сонца – здаўна язычніцкае свята. Хрыстос жа пачаў увасабляцца менавіта як свет, сонца, таму на гэты час і было прымеркавана нараджэнне Хрыста”, тлумачыць Пятро.

Фрагменты з экспазіцыі Варожбы

Беларуская традыцыя ўнікальная тым, што дзве культуры: язычніцкая і хрысціянская – не з’яўляюцца антаганістамі, але дапаўняюць адна адну, шчыльна звязаныя і пераплеценыя паміж сабой. Таму назіраем існаванне двух святаў: Раства, якое ўслаўляе нараджэнне Бога, усё боскае, і Шчодраў, таго ж самага свята, якое славіць паганскага бога. Адсюль вынікае тое, што на Раство не пераапранаюцца, пяюць боскія песні, усхваляюць наражджэнне Іісуса Хрыста, носяць з сабой зорку як сімвал Віфлеемскай зоркі, якая паказала шлях, дзе нарадзіўся Хрыстос.

zima5Фрагмент экспазіцыі Раство

На Шчодры ў сваю чаргу водзяць казу, мядзведзя, бусла як жывёл-бостваў альбо як жывёл-ахвяраў. Так, здаўна вядома, што ў паганскія часы прыносіліся ахвяры. У асноўным гэта былі каза, казёл альбо авечка (адсюль і казёл адпушчэння ‘той, на каго звальваюць чужую віну, адказнасць за другіх’ – той казёл, якога прыносілі ў ахвяру і які тым самым расплочваўся за ўсе грахі, быў ахвярай пад будучы ўраджай). Менавіта таму і каза, якая вясёлая, таньчыць пад песню “Го-го-го, каза, го-го-го, шэра”, раптам падае і памірае – прыносіцца ў ахвяру. А гаспадары, каб яе ажывіць, са свайго боку прыносяць ахвяры казе.

Калядная каза і элементы экспазіцыі Шчодры

Як бачым, людзі са светапоглядам язычніцкім у сваёй аснове, якія прынялі хрысціянства, аб’ядналі гэтыя два святы. Нават у больш архаічных варыянтах калядных песень спяваецца пра рай, не звязаны з біблейскім раем, спяваецца пра нейкае зялёнае віно (архаічны рэфрэн калядных песень “Зялёнае віно”). Звязана гэта ў першую чаргу з адраджэннем прыроды. Да таго ж зялёнае віно сустракаем і ў велікодных песнях: Вялікдзень раней быў пачаткам года.

Не маглі існаваць язычніцкая і хрысціянская культуры паасобку. Выстава з аднаго боку закранае хрысціянскае ў чалавеку (мы бачым тут іконы, напрыклад, ікона Святой Варвары, якая ў свой час была замучана, паводле народных уяўленняў, верацёнамі за тое, што прыняла хрысціянства; на іконе Святая трымае кубак, з якога, як лічаць, яна прычашчае ўсіх, хто загінуў на вайне). З другога боку выстава не адыходзіць ад народных абрадаў і звыячаяў, складзеных народам на працягу стагоддзяў. “Усе хрысціянскія святы прымеркаваны (і гэта не сакрэт) да язычніцкіх святаў. Таму разуменне людзей успрымае гэтыя святы не проста як святы, а як напоўненыя хрысціянскім зместам”, адзначае Пятро.

Святой АвласийІкона Святога Аўласія

Наступны цыкл экспазіцыі – Вадохрышча, адно з самых вялікіх хрысціянскіх святаў, якое засведчыла існаванне трыадзінага Бога: Бога-сына, які крысціўся ў рацэ Іярдан, Святога Духа, які сышоў з яго, і Бога-бацькі, які ўсё гэта засведчыў. 19 студзеня – на Вадохрышча – святой была не толькі вада, у якой купаліся. Дакладна запісана, што ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна ў гэты дзень гаспадыні выносілі і развешвалі не тыне посцілкі, ручнікі, іконы, што асвячалася непасрэдна самім паветрам. Гэты дзень ужо быў асвечаны Богам. Нават вада з любой калюгі ў гэты дзень лічылася святой. Акрамя таго, існуе абрад асвячэння калодзезяў. Каля калодзезя збіраліся, развешвалі вакол посцілкі і ручкнікі, іконы, асвячалі ваду. Вада ў ім была святая на працягу года. На наступны год месца асвячэння мянялася.

zima9Фрагмент экспазіцыі “Вадохрышча”

Ланцуг зімовых святаў і прысвяткаў, дзе народны і хрысціянскі календары цесна пераплятаюцца, заканчваецца Стрэчаннем: “зіма з летам стрэкаецца”. У гэты дзень – 15 лютага – адбываецца своеасаблівае спаборніцтва паміж зімой і вясной. Лічылася, калі на Стрэчанне певень са страхі нап’ецца, то хутка прыйдзе вясна, калі не – перамагла зіма, не хутка яна здасць свае паўнамоцтвы вясне. Таму і стараліся ў гэты дзень абудзіць зямлю: тройчы з бубенцамі аб’язджалі вёску па колу, па сонцу. А чым больш голасу, руху, шэсця, тым больш ажывае зямля.

Гэтым заканчваецца цыкл зімовых святаў, якія ланцугом цягнуцца і зачэпліваюцца адно за другое. Любое свята – гэта звыш-час, у які адбываюцца звыш-дзеянні. “Паколькі наш народ заўсёды быў аграрыем, галоўнае ва ўсіх святах – абуджэнне зямлі з разлікам на будучы ўраджай: ёсць ураджай – ёсць і чалавек”, падводзіць вынік Пятро.

Што і казаць, выстава сапраўды ўражвае як прадстаўленымі экспанатамі, так і каментарамі, якія ўсё прадстаўленае суправаджаюць. Безумоўна, безліч скарбаў хавае ў сабе народная душа. Хочаце да іх дакрануцца – гайда ў музей! Выстава працягнецца да сакавіка.

zima10Аўтар: Марына Маркевіч

Фатаздымкі: Пятро Цалка