Тапанімічнае раяніраванне Палесся і яго вывучэнне ў сярэдняй школе

0
161
Тапаніміка і Палессе

Тапаніміка звязвае разам геаграфію, мовазнаўства і гісторыю. Цікавасць да яе праяўляюць вучоныя і краязнаўцы. Тапонімы ствараюцца насельніцтвам пэўнай тэрыторыі стагоддзямі, нават тысячагоддзямі. У іх засведчана народная памяць аб падзеях далёкіх і больш сучасных, аб гаспадарчай дзейнасці насельніцтва, культурных і этнічных сувязях.

Беларусь багатая на тапанімічныя назвы. Усяго засведчана больш за 30 тысяч самых розных айконімаў. У працах даследчыкаў адзначаецца, што тапонімы з даўніх часоў былі аб’ектам вывучэння самых розных навук, бо амаль кожны чалавек імкнецца ведаць, як узнікла назва яго вёскі, рэчкі, возера, вуліцы, пра што гавораць назвы ўрочышчаў, палёў, лясоў, балот, лугоў. Мазырскае Палессе было заселена першабытным чалавекам больш за сто тысяч гадоў таму назад. На жаль, многія старажытныя назвы, у тым ліку айконімы мікратапанімы, зніклі назаўсёды. Яшчэ ў XIX стагоддзі рускі вучоны М. Надзеждзін пісаў: “Тапаніміка — гэта мова зямлі”, а мову патрэбна разумець і вывучаць.

Мясцовыя назвы маюць многа агульнага, а пры ўважлівым разглядзе можна заўважыць, што паходжанне адных з іх звязана з прыроднымі асаблівасцямі рэгіёна, другіх — з заняткамі жыхароў, трэціх — з асаблівасцямі ўзнікнення паселішча. Так, раён Сярэдняга і Заходняга Палесся ўключае тэрыторыю Драгічынскага, Іванаўскага, Пінскага, Столінскага, Лунінецкага, Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў. Айконімы ў гэтым рэгіёне характарызуюцца вялікай удзельнай вагой архаічных славянскіх форм і адсутнасцю балтыйскага тапанімічнага слою. Гэта ўласціва і гідронімам. Тут шырока распаўсюджаны Формы на -еж, -ча, на -оў/ -еў, -ск: Тонеж, Букча, Лоўча, Люшча, Хваенск, Бельск, Алтуш, Тураў, Радастава, Хоціслаў, Перароў, Бездзеж і інш.

На Усходнім Палессі і на частцы тэрыторыі басейнаў Сожа, Бесядзі, Дняпра нязначная ўдзельная вага архаічных славянскіх форм, а балтыйскія паводле паходжання тапонімы адсуїнічаюць. Сярод айконімаў на гэтай тэрыторыі вельмі часта сустракаюцца Буды: Буда-Кашалёва, Буда Жгунская, Галоўчыцкая Буда і інш. У мінулыя часы нашы продкі на Палессі выплаўлялі з балотнай руды метал. Вакол радовішчаў і печаў- рудніц пасяляліся людзі. Вёскі атрымлівалі адпаведныя назвы: Смалегаўская Рудня, Белабярэжская Рудня, Міхалкаўская Рудня, Рудня Скрыгалаўская, Рудня Каменская, Руднішча, Убарацкая Рудня, Сіманіцкая Рудня. Сведчаць аб занятках насельніцтва і наступныя айконімы: Кавалі, Гута, Млынок, Асавецкая Буда, Зімовая Буда, Будкі, Буда Казіміраўская, Буда Галоўчыцкая і інш. У гэтым рэгіёне частымі з’яўляюцца тапонімы на -ічы, -ычы: Васілевічы, Бабічы, Асарэвічы, Мялешкавічы, Калінкавічы, Азарычы, Уваравічы, Юравічы і інш.

На паўднёвым усходзе беларускага Палесся вядомы айконімы, утвораныя ад старажытных тэрмінаў падсечна-агнявога земляробства:

Ляда, Ляды, Лядзішча, Высокая Ляда, Даўляды і інш. (дзялянка ў лесе, раскарчаваная пад ворыва), а таксама тапонімы, утвораныя ад назваў старажытных прамысловых прадпрыемстваў: Рудня (рудаздабыўны або рудаплавільны завод), Гута (шклозавод) і інш.

Некаторыя айконімы ўзніклі ад назваў раслін: Бярозаўка, Крушнікі, Зялёнка, Сасновы, Зялёны Мох, Рэдзька, Ясенец, Баравікі, Баравічы, Бук, Ьербавічы, Грушаўка, Дуброва, Вішанькі, Дубраўка, Зялёны Бор, Ліпляны, Альховая, Дубніцкая, Дубраўкі, Канапелька і інш.

Частка айконімаў узнікла ад назваў жывых істот: Дразды, Белая Сарока, Салаўёўка, Жукі, Боранаў, Хамічкі, Бабры, Бяпры.

Пасля прыняцця хрысціянства на Русі ў 988 г. у беларускай тапаніміі засталіся назвы, якія мелі прамое дачыненне да культу язычнікаў, асаблівасці якога захаваліся ў тапонімах: Знахары, Каляды, Курганне, Пагост, Явішчы, Жахавічы, Лешня, Чартаўшчына і інш., у некаторых гідронімах Чэрцень і інш.

Значная колькасць айконімаў паходзіць ад уласных імёнаў, мянушак, радзей прозвішчаў. Гэта вёскі, якія атрымалі назвы ад імёнаў першых пасяленцаў, заснавальнікаў паселішчаў: Акулінка, Барбароў, Васькаўка, Іванкаўшчына, Раеўскія, Матрункі, Міцькі, Міхалкі, Барыс.авічы, Майсееўка, Раманаўка, Данілаўка, Міхайлаўка, Нічыпароўка, Аляксандраўка, Захаркі, Мікалаеўка, Ульянаўка, Патапы, Кузьмічы і інш.

Назвы паселішчаў Палесся, у якіх увасоблены геаграфічныя, прырода-кліматычныя асаблівасці часта вызначаюцца паўтаральнасцю.

У прыродным асяроддзі Беларусі такім агульным месцам з’яўляюцца балоты. У кожным раёне ёсць такія прыродныя аб’екты, а паселішчы вакол іх маюць назвы: Балотня (Рагачоўскі раён), Белае Балота (Рэчыцкі раён) і інш.

Большую частку Палесся займаюць басейны Прыпяці, Дняпра, Сожа. У працы У. Тапорава і А. Трубачова “Лінгвістычны аналіз гідронімаў Верхняга Падняпроўя” разгледжана толькі частка гідронімаў басейна Дняпра. Выдзяляюцца групы назваў з фарматамі: -ка, -к, -ля, -ь, -ея, -т, -ч, -х, -ш і інш. Паводле паходжатл’ назвы беларускіх рэк падзяляюцца на некалькі груп: 1) звязаныя з назвамі жывёл: Тур ’я, Бобр, Бобрык, Пціч, Свінавод, Лань; 2) з назвамі раслін: Бярэзіна, Ясянец). Суфікс -ка ў гідронімах найбольш тыповы для назваў невялікіх рэк: Мерачанка (прыток Ясельды), Брагінка (прыток Прыпяці), Рудзянка (прыток Бярэзіны) і інш. Гідронімы на —ея, -ля нешматлікія, але характэрныя для ўсяго Палесся і ўяўляюць цікавасць як самыя старажытныя: Батыўля (прыток Славечны), Трэмля (прыток Прыпяці) і інш.

Частку айконімаў перайменавалі ў савецкі час у гонар тагачасных кіраўнікоў былога СССР, герояў вайны і інш.: Чапаеўка, Кіраў, Дзяржынск, Мархлеўск, Чкалава і інш.

Такім чынам, для рэтраспектыўнага вывучэння роднага краю важна і неабходна аналізаваць айконімы, бо пад уплывам часу і гаспадарчай дзейнасці чалавека акаляючае асяроддзе вельмі змяняецца, а мясцовыя тапонімы з’яўляюцца каштоўным гістарычным і духоўным скарбам, яны ўтрымліваюць багаты пазнавальны і выхаваўчы патэнцыял.

Аўтар: Л.А. Лісоўскі
Крыніца: Надзённыя праблемы лексікалогіі і анамастыкі славянскіх моў: матэрыялы II Міжнароднай навуковай канферэнцыі, г. Мазыр, 22-23 красавіка 2010 г. / Міністэрства Адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна»; [рэдкалегія: В. В. Шур (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2010. — С. 319-320.