Другога чэрвеня сябры ГМКГА “Талака” прынялі ўдзел у адным з самых адметных абрадаў Гомельшчыны – ў Ваджэнні і пахаванні стралы.
Ваджэнне і пахаванне стралы – адно з найбольш старажытных традыцыйных беларускіх святаў, якое адзначаецца толькі на Пасожжы. Гэта свята азначае заканчэнне вясны і пачатак лета. Сябры Гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыі «Талака» запрасілі ўсіх жадаючых прыняць удзел у святкаванні.
Абрад звычайна праходзіць наступным чынам: з усіх канцоў вёскі збіраюцца прыгожа апранутыя жанчыны, якія пяюць абрадавыя песні і водзяць карагоды. Пасля усе удзельнікі збіраюць на скрыжаванні ці ў цэнтры вёскі, робяць адзін вялікі карагод і пяюць стрэльныя песні.
«Не ляці страла да ўздоўж сяла, не забі страла добра молайца», – спяваюць удзельніцы, адводзячы стралу-маланку ад вёскі.
Пасля ўдзельнікі ідуць на жытнёвае поле. Кожная жанчына робіць на полі невялічкую яміну, куды закопвае нешта (звычайна грошы альбо жалезныя прадметы), што сімвалізуе самае дрэннае. Гэта ахвяра Перуну – богу маланак. Затым вырывае 9 жытніх каласоў і нясе іх дамоў. Вераць, што гэтыя каласы прынясуць шчасце і добры ўраджай.
Адзін з самых любімых момантаў свята — качанне ў жыце, каб назапасіць энергію на цэлы год.
«Так тут заведзена ўжо шмат стагоддзяў. Гэта неад’емная частка каляндара гэтай мясцовасці», – адзначае Ірына Глушэц, арганізатарка з маладзёжнага аб’яднання «Талака».
Пры падтрымцы «Талакі» свята праходзіць ужо не першы раз. Сёлета яно ладзілася ў трох вёсках Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці — в. Стаўбун, в. Неглюбка і в. Казацкія Балсуны.
Уласны відэасюжэт пра святкаванні Пахавання стралы 2011
Рэпартаж тэлеканала Белсат
(тэкст паводле артыкула на сайце Альтэрнатыўнай моладзевай платформы; фатаздымкі – ЖЧ карыстальніка brovar80)