Сын Лоеўскай зямлі Яўсей Канчар: старонкі да біяграфіі палітыка

0
1126
Сын Лоеўскай зямлі Яўсей Канчар старонкі да біяграфіі палітыка

Ураджэнец Лоеўскай зямлі Яўсей Сцяпанавіч Канчар з’яўляецца адной са значных і даволі супярэчлівых фігур беларускага руху пачатку ХХ ст. «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» характарызуе яго як палітычнага дзеяча, гісторыка, публіцыста, вучонага ў галіне эканамічнай геаграфіі [1]. Асоба Я. Канчара чакае свайго сур’ёзнага біёграфа і варта вывучэння, бо паказвае, як у лёсе нашага земляка адлюстраваліся працэсы, выклікі ды магчымасці пераломнай эпохі рэвалюцый і гістарычных альтэрнатыў.

Дакументальныя матэрыялы пра вучонага і палітыка раскіданы па розных архівах, але найбольшае значэнне мае яго асабісты фонд у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (Ф. 311, воп. 4), які трапіў сюды намаганнямі архівістаў Віталя Скалабана і Ганны Сурмач са згоды ўдавы Я. Канчара (дарэчы, унучкі Д. Мендзялеева). Матэрыялы Я. Канчара трапляюцца таксама ў іншых сховішчах: прыкладам, у апублікаванай следчай справе акадэміка М. Вавілава з Цэнтральнага архіва Федэральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі сярод забраных пры арышце вучонага дакументаў адзначана аўтабіяграфія Я.С. Канчара [2]. Цікавы дакумент быў знойдзены В. Скалабанам ў Архіве Інстытута гісторыі рускай літаратуры (Пушкінскі дом) Расійскай акадэміі навук у Пецярбурзе (Ф. 377, воп. 1, адз. зах. 1387). Гэта аўтабіяграфія, напісаная ў 1913 г. для вядомага расійскага літаратара С. Вянгерава — рэдактара літаратурнага аддзела «Слоўніка Бракгаўза і Эфрона», у якім змяшчаліся нарысы аб пісьменніках. Важныя не толькі гістарычныя, але і біяграфічныя звесткі падаюць працы самога Я. Канчара, пра што сведчыць публікацыя яго нарыса «Из истории Гражданской войны в Белоруссии» [3].

Даступныя на сёння дакументы, а таксама ўспаміны, запісаныя аўтарам гэтых радкоў ад аднавяскоўцаў і родных Я. Канчара ў 1990-я гг., дазваляюць стварыць нарыс яго жыццяпісу.

Нарадзіўся Я. Канчар у 1882 г. у вёсцы Сяўкі Дзеражыцкай воласці тагачаснага Рэчыцкага павета: «на берегу Днепра, среди лесов и болот, в глуши девственной белорусской природы, которая не могла не оставить след на всем характере…» [4]. Сам ён паведамляе, што бацькоўская сям’я была сялянскай, праваслаўнай і беднай. Іншыя звесткі, аднак, даюць падставу меркаваць пра свядомую «пралетарызацыю» ўласнага паходжання. Бо ў тым жа аўтабіяграфічным нарысе для С. Вянгерава сваё прозвішча Я. Канчар выводзіць ад «літоўскіх заваёўнікаў» эпохі стварэння ВКЛ. Гэта легендарная генеалогія, пэўна, была падставай для сямейнага гонару, бо, нягледзячы на шлюб прабабулі Яўсея з украінскім казаком, нашчадкі захавалі менавіта яе прозвішча. Са слоў аўтара нарыса, прабабуля Марыя і дзед Нестар служылі пры двары палескіх магнатаў Прозараў, мелі там не апошнія пасады і маёмасць, а дзед быў «приказчиком на весь рабочий люд». Але на момант перадачы спадчыны ад дзеда да бацькі Сцяпана справы па прычынах, якія не называюцца, пагоршыліся, і сям’я Канчараў займела не лепшыя землі на няўдобіцах і балотах. У сваіх пазнейшых дакументах Я. Канчар падтрымліваў версію аб бядняцкім паходжанні, што адпавядала савецкаму класаваму стандарту, але відавочна было далёка ад сапраўднасці. Па ўспамінах старажылаў вёскі Сяўкі, гаспадарка Сцяпана Канчара была даволі моцнай, ён наймаў парабкаў, а ў яго доме ў паслярэвалюцыйныя часы доўга размяшчалася вясковая школа.

Яўсей быў адзіным сынам ад другога шлюба Сцяпана Несцеравіча Канчара і яго жонкі Аляксандры Міхайлаўны (у дзявоцтве Аверчанкі, сялянкі з вёскі Глушэц таго ж Рэчыцкага павета), меў старэйшую сястру Сулітту (Уліту). Дзеці Сцяпана ад першага шлюбу памерлі, што, пэўна, і стала прычынай яго паўторнай жаніцьбы. Яўсей адзначаў, што бацька быў мяккім, «любвеобильным» чалавекам, які адкрыта не выказваў сваіх пачуццяў, але не крыўдзіў блізкіх нават словам. Значна маладзейшая за бацьку маці прэзентавалася як натура «слишком чуткая и вспыльчивая», энэргічная і ганарлівая.

Дзяцінства ў Сяўках Я. Канчар лічыў шчаслівым, бо рос любімым дзіцём. Першапачатковую адукацыю набыў у роднай вёсцы ў царкоўна-прыходскай школе, а першым яго настаўнікам быў адстаўны салдат Іван Цітовіч. Жорсткія норавы школы, дзе настаўнікі неміласэрна білі вучняў, не расчаравалі Яўсея, які прагнуў ведаў і быў першым вучнем. Пасля заканчэння трох класаў ён збег ў народнае вучылішча ў Дзяражычы. Бацька не хацеў адпускаць сына ад гаспадаркі, нават наважыўся біць і сілай вярнуць яго дадому, але ўсё гэта не падзейнічала — Яўсей выдатна вучыўся і скончыў вучылішча за адну зіму [5].

Пасля навучання ў Сяўкі Канчар не вярнуўся і ў 16-гадовым узросце рушыў у свет: паспрабаваў паступіць у мастацкую школу ў Любечы, які знаходзіўся на супрацьлеглым ад Лоева, але ўжо украінскім, беразе Дняпра. Затым працаваў у фотамайстэрні ў Кіеве, нават паступіў паслушнікам у адзін з кіеўскіх манастыроў, які хутка пакінуў з агідай да разбэшчанасці манахаў і з цвёрдым перакананнем ў неабходнасці вучыцца далей. Папрацаваўшы нейкі час настаўнікам царкоўна-прыходскай школы і зарабіўшы трохі грошай, ён паступае ў Мар’інагорскую земляробчую школу, што магло сведчыць пра намер усё ж «вярнуцца да каранёў». Аднак відавочна, што сялянская доля не надта прываблівала маладога Я. Канчара. Ва ўчылішчы яго больш зацікавілі ідэі грамадскага і зямельнага пераўтварэння — народніцкі і кааператыўны рух.

У сваіх пазнейшых працах і ўспамінах (у прыватнасці, у запісках «Полесская или Белорусская трудовая воля», 1969 г.) Я. Канчар указвае, што ў Мар’інагорскай школе дзейнічала «Працоўная камуна», з сяброў якой ў 1899 г. яму ўдалося стварыць даволі радыкальную закансперыраваную структуру «Полесская трудовая воля», якая разгарнула дзейнасць па ўсім палескім рэгіёне. Арганізацыя прапагандавала звяржэнне самаўладдзя, Устаноўчы сход і дэмакратычную рэспубліку, але пасля трынаццаці месяцаў існавання была выкрыта. Ратуючыся, частка лідэраў «Волі» нібыта ўступіла ў перамовы з адэскай філіяй Палесцінскага таварыста і атрымала дазвол на выезд у Палесціну пад відам паломнікаў. «Палескавольцы» планавалі надалей перабрацца ў Паўднёвую Афрыку для падтрымкі бураў у вайне супраць англічан. Але з Палесціны былі вымушаны вярнуцца ў канцы 1901 г., якраз у разгар арыштаў па справе сваіх паплечнікаў [6].

Гэтыя звесткі патрабуюць вывучэння, бо акрамя сведчанняў Я. Канчара, іншых згадак пра існаванне «Палескай працоўнай волі» на сёння не выяўлена, што дае пэўныя падставы для меркавання пра аўтарскую містыфікацыю гэтай арганізацыі. Затое ва ўспамінах жыхароў Сяўкоў захаваўся сюжэт пра тое, што малады Я. Канчар спрабаваў арганізаваць у роднай вёсцы сялянскі кааператыў, дапамагаў аднавяскоўцам набыць сельскагаспадарчую тэхніку і якасную жывёлу, а таксама навучаў «культуры» земляробства.

Больш верагоднай уяўляецца версія падзей, выкладзеная Я. Канчарам у згаданым вышэй лісце да С. Венгерава. Тут паведамляецца, што пасля навучання ў Мар’інагорскай школе ў 1902 г. ён пешшу накіраваўся на поўдзень з мэтай вывучэння гаспадаркі чэшскіх і нямецкіх каланістаў пад Адэсай. Гэта выглядае праўдападобна, бо шлях на поўдзень быў добра вядомы землякам Яўсея, якія штогод ганялі платы па Дняпры да самага Чорнага мора і вярталіся назад пешшу. Аўтар указвае, што доўга заставаўся нейтральным да палітыкі, але арышт ахоўным аддзяленнем у Адэсе (прычына яго не ўказваецца) і двухтыднёвае ўтрыманне ў пастарунку, дзе зняволеных жорстка збівалі, сталі для Яўсея сапраўднай рэвалюцыйнай школай.

Пасля вызвалення з-пад арышту Я. Канчара выслалі ў Тыфліс, дзе яго рэвалюцыйныя настроі змяніліся на цалкам лаяльную службу каморнікам у маёнтку вялікага князя Міхаіла Мікалаевіча, якая паспяхова спалучалася з дзейнасцю ў Імператарскім Каўказскім таварыстве сельскай гаспадаркі. Згаданая дзейнасць мала спалучалася з падпольнай працай, але Я. Канчар паведамляе пра ўласную спробу стварэння мясцовага чыгуначнага саюза і новы арышт, за якім цягнулася двухгадовае расследаванне і апраўданне Тыфліскай судовай палатай. Па словах аўтара, у 1908-1910 гг. ён захапіўся журналістыкай і фактычна рэдагаваў часопіс «Кавказское хозяйство», які выдавала Таварыства сельскай гаспадаркі.

У 1910 г. Я. Канчар пакідае Каўказ і кіруецца на Вышэйшыя сельскагаспадарчыя курсы ў Пецярбург. Але тут, поруч з агранамічнымі навукамі, ён настолькі захапіўся літаратурнай дзейнасцю, што на 4-м курсе палічыў магчымым накіраваць ўласную біяграфію ў такое аўтарытэтнае выданне, як «Слоўнік Бракгаўза і Эфрона». Падставу для прэтэнзіі быць уключаным у «іканастас» расійскіх пісьменнікаў аўтар бачыў ў тым, што з 1902 г. пачаў друкаваць вершы і літаратурныя замалёўкі ў перыёдыцы (найперш каўказскай), а таксама спрабаваў выпусціць часопіс «Ручеек», які, аднак, быў забаронены цэнзурай ужо на другім нумары.

Цікава, што Я. Канчар дае характарыстыку ўласнаму мастацкаму светапогляду. Ён указвае аўтараў, пад уплывам якіх адбылося яго духоўнае фарміраванне — гэта рамантыкі М. Лермантаў і Дж. Роскін, а таксама Фр. Ніцшэ. Адсюль не выпадковай падаецца наступная адзнака творчасці: «Все стихи Е. Канчера носят гражданский характер, и только последние… отличаются или безысходною тоской, граничащей с пессимизмом, или гордым, почти надменным взглядом на человечество». Сапраўды, лірычны герой вершаў Я. Канчара спалучае рысы рамантычнага «лішняга чалавека» з рускай класікі і пасіянарнай звышасобы. У вершы «Властелин-раб» герой прызнаецца:

«Как сам Бог, всемогущ я, велик, и парю я один над толпою!
Но, увы, если б знал кто-нибудь, что таится в душе исполина!
Если б мог он в нее заглянуть И увидеть раба-властелина… [7]»

Бурныя рэвалюцыйныя падзеі не маглі не закрануць такую дзейную асобу, як Я. Канчар. Логіка падзей і эвалюцыя народніцкага руху, якому, як мінімум, сімпатызаваў наш зямляк, павінны былі прывесці яго ў партыю эсэраў. Пра гэта, аднак, прамых звестак не захавалася, не пісаў пра гэта ў савецкія часы і сам Канчар. Затое з яго успамінаў становіцца зразумелым, што ў Пецярбурзе ён знаёміцца з беларускімі дзеячамі і хутка ўліваецца ў палітычны нацыянальны рух.

У сакавіку 1917 г. Я. Канчар увайшоў у Беларускі Нацыянальны Камітэт, створаны беларускімі дзечамі ў Мінску. Гэта структура ставіла задачу забеспячэння аўтаноміі Беларусі і развіцця нацыянальнай культуры. Але праз месяц Канчар пакідае камітэт з-за нязгоды з пазіцыяй па пытаннях мовы і культуры. Трэба думаць, што тут ім кіравалі альбо традыцыі «западно-русизма», альбо, наадварот, ідэі «рэвалюцыйнага інтэрнацыяналізма», для якіх яскравыя чыннікі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі — мова і культура — здаваліся аднолькава неістотнымі. Магчыма, не знайшоў Я. Канчар і «ідэйнага паразумення» са старшынёй БНК — вядомым абшарнікам і дэпутатам расійскіх дзяржаўных дум Раманам Скірмунтам. Рэвалюцыйна-народніцкі досвед хіліў Я. Канчара да збліжэння з левым, прабальшавіцкім, крылом беларускага руху.

Амбіцый і актыўнасці Я. Канчара хапіла на тое, каб паспрабаваць пераняць ініцыятыву «нацыяналістаў». У лістападзе 1917 г. ён становіцца адным з ініцыятараў стварэння і старшынёй Беларускага Абласнога камітэта пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў. У БАК увайшло каля 70 дэлегатаў ад беларускіх губерняў і фронта. Планы новай арганізацыі былі досыць маштабнымі: неадкладна была распрацавана дэкларацыя аб беларускай аўтаноміі ў складзе РСФСР і заяўлены патрабаванні аб прысутнасці беларускай дэлегацыі на мірных перамовах у Брэсце.

Галоўнай справай БАК стала падрыхтоўка склікання ў Мінску Усебеларускага з’езда, ініцыятыву якога высунула Вялікая беларуская рада ў Мінску для легітымізацыі распрацаваных ўласных рашэнняў. Менавіта БАК змог пераканаць вышэйшае бальшавіцкае кіраўніцтва ў неабходнасці склікання з’езда і забяспечыць яго фінансаванне за кошт СНК Расійскай Савецкай Рэспублікі. Свае мэты камітэт выклаў наступным чынам: «Дзяржаўны лад Беларусі павінен насіць рэспубліканскі характар і заставацца ў федэрацыі з РСФСР»; уладным органам Беларускай рэспублікі будзе Усебеларускі Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, які, аб’яднаўшыся з Аблвыканкамзахам, утворыць Часовы Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саветаў Беларусі.

Сваім галоўным канкурэнтам на з’ездзе БАК і яго лідэр Я. Канчар бачылі дэлегатаў, якія групуюцца вакол Вялікай Беларускай Рады, і вялі з імі вострую палеміку. Тым не менш, разгон з’езда Аблвыканкамзахам стаўся для кіраўніцтва БАК поўнай нечаканасцю. Сітуацыя была абмеркавана неадкладна: у 3 гадзіны ночы ў адной з мінскіх гасцініц 6 чалавек — «кіруючае ядро» — прыйшлі да высновы, што дзеянні начальніка Мінскага гарнізона Мікалая Крывашэіна з’яўляюцца грубай памылкай і парушаюць дамоўленасць з СНК Расійскай Савецкай Рэспублікі. Было вырашана, што Я. Канчар разам са старшынёй эсэраўскай фракцыі БАК магілёўцам Васілём Селіванавым павінны неадкладна адправіцца ў Петраград для інфармавання асабіста Уладзіміра Леніна і Іосіфа Сталіна аб тым, што адбылося, і з хадайніцтвам аб вызваленні арыштаванага прэзідыума з’езда.

Я. Канчар даволі каларытна апісвае эпізод свайго нелегальнага выезду з Мінска: «Четыре часа, которые оставались до отхода поезда, мы с Селивановым провели на вокзале, где многие тысячи солдат и крестьян лежали вповалку, ожидая очереди выехать из города. Тут были демобилизованные, дезертиры, бандиты, мешочники, карманщики, попадались и члены распущенного съезда. Город был на военном положении. На каждом шагу ходили военные патрули. Кое-где раздавались отдельные выстрелы. Самое ужасное, чего мы боялись, это — возможной экспроприации больших денежных сумм, которые находились при мне. Мы не отнимали рук от револьверов и ручных гранат, все время находясь поодаль друг от друга. Мы сели в разные поезда и до Петрограда добрались в разное время…» [8].

Пасля ўмацавання савецкай улады і савецкай мадэлі дзяржаўнасці Я. Канчар не расчараваўся ў беларускай справе. З лютага 1918 г. ён працаваў ў Беларускім нацыянальным камісарыяце (Белнацкаме) пры Народным Камісарыяце РСФСР па справах нацыянальнасцей разам з такімі вядомымі деячамі, як З. Жылуновіч і А. Чарвякоў.

Пасля адкрыцця Беларускага дзяржаўнага універсітэта кароткі перыяд 1922­1923 гг. Я. Канчар чытаў лекцыі для яго студэнтаў, аднак пакінуць Ленінград ён так і не наважыўся, хаця сувязі з Беларуссю не перарываў. За час выкладання ў Мінску напісаў падручнік па эканамічнай геаграфіі Беларусі, які, праўда, так і не быў надрукаваны, а рукапіс страчаны пры невысветленых абставінах. Ён стаў аўтарам шэрагу фундаментальных прац па аграрных пытаннях і сельскагаспадарчай кааперацыі, гісторыі земстваў і грамадскіх рухаў Беларусі. У 1920-я гг. спрабаваў заснаваць у Пецярбургу Беларускае Вольнае эканамічнае таварыства, падтрымліваў Асацыяцыю беларускіх студэнтаў ленінградскіх ВНУ і Беларускае студэнцкае зямляцтва.

З 1922 г. працоўная дзейнасць Я. Канчара была звязана з Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытутам (пазней Акадэміяй), а таксама з Ленінградскім дзяржаўным універсітэтам. З 1922 па 1951 гг. ён заставаўся сапраўдным сябрам аўтарытэтнейшай даследчыцкай арганізацыі — Усесаюзнага геаграфічнага таварыства АН СССР.

У лістападзе 1938 г. Я. Канчар разам з тысячамі прадстаўнікоў інтэлігенцыі быў арыштаваны НКУС, але неўзабаве вызвалены. Гэты эпізод біяграфіі дзеяча таксама патрабуе даследавання.

Блакаду Ленінграда ў Другую сусветную вайну Я. Канчар перажыў у горадзе, выконваў спецзаданні, звязаныя з вызначэннем і выкананнем бюджета блакаднага горада, а таксама Ленінградскага фронта, за што быў узнагароджаны медалямі «За оборону Ленинграда», «За доблестный труд во время Великой Отечественной войны 1941-1945». З 1945 г. выкладаў эканамічную геаграфію ў Ленінградскім тэхналагічным інстытуце. Памёр Яўсей Сцяпанавіч 16 мая 1979 г. ва ўзросце 97 гадоў.

Да апошніх сваіх гадоў Я. Канчар наведваў родныя Сяўкі. Матэрыялы сведчаць, што да канца жыцця, нават у самыя застойна-інтэрнацыяналістскія часы, ён заставаўся беларускім патрыётам і дзяржаўнікам. У асабістым архіве дзеяча захоўваюцца копіі паштовак, якія на вялікія савецкія святы ён дасылаў партыйна-дзяржаўным кіраўнікам БССР, вітаючы іх менавіта як прадстаўнікоў беларускай дзяржавы. Родныя Яўсея Сцяпанавіча згадваюць, што ён з задавальненнем адзначаў дасягненні Савецкай Беларусі і ўзровень жыцця беларусаў у параўнанні з некаторымі рэспублікамі і раёнамі СССР, а аднойчы заўважыў: «Ну, а калі б аддзяліліся, як Фінляндыя, дык жылі б яшчэ лепей».

Крыніцы і літаратура

  1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т Т 4. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1997. — С. 95.
  2. Суд палача. Николай Вавилов в застенках НКВД. — М.: Academia, 1999. — С.207-208.
  3. Канчер Е.С. Из истории Гражданской войны в Белоруссии в 1917-1920 гг. / публикация В. Скалабана // Беларуская думка. — 2010. — № 1. — С. 92-97; № 2. — С. 72-79.
  4. Інстытут гісторыі рускай літаратуры РАН. Ф. 377. Воп. 1. Адз. зах. 1387. Арк. 2.
  5. Там жа. Арк. 4.
  6. НАРБ. Ф. 311. Воп. 4. Спр. 22. Арк. 3-25.
  7. Кавказская неделя. — 1906. — 24 июля.
  8. Яўсей Канчар — палітык, гісторык, мемуарыст // Беларуская думка. — 2010. — № 2. — С. 78.


Аўтар:
В.М. Мятліцкая
Крыніца: Днепровский паром. 2017 г. Международных историко-краеведческих чтений «Днепровский паром» (8-9 августа 2017 г., г. Лоев). Ст. 135-140.