У філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці 15 траўня адбылося адкрыццё выставы “Міколіна трава”. Прымеркавана яна была да свята Веснавога Міколы, што традыцыйна святкуецца 22 траўня, і прадставіла наведвальнікам шмат цікавых экспанатаў.
“Дадзеная выстава – гэта не праца-аднадзёнка, – апавядае навуковы супрацоўнік музея Пятро Цалка, – гэта праца не аднаго тыдня, не аднаго месяца і нават не аднаго года. Вывучэнне вобраза святога Міколы Цудатворцы ў народнай традыцыі, яго шматаблічнасці займае ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Таму і ў сканцэнтраваных на выставе экспанатах, прадстаўленых царкоўным і мастацкім іканапісам, ткацкай традыцыяй, мы бачым розныя іпастасі святога Міколы Цудатворцы, які па-рознаму сябе праяўляе ў розных сферах жыцця чалавека”.
Выстава, прысвечаная вобразу святога Міколы ў традыцыйнай народнай культуры, з’яўляецца у такім фармаце адной з першых пасля адкрыцця музея напрыканцы 80-х гадоў. Лагічнае пытанне: чаму? Як тлумачыць Святлана Лявонцьева, галоўны захавальнік фонда музея, “Мікола – гэта той святы, да якога чалавек часцей за ўсё звяртаўся. Пацверджаннем выступае і той факт, што іконы з выявай святога Міколы ў людзей сустракаліся часцей за астатнія іконы. Акрамя таго, Мікола ўсведамляўся гаспадаром у хаце. Таму, калі ў хаце не было мужчыны або калі паміраў муж і жанчыне яшчэ больш патрэбна была ахова, гэтую ахову яна знаходзіла ў святым Міколе”. Гэтым, відаць, тлумачыцца і наяўнасць той вялікай колькасці ласкавых эпітэтаў у адносінах да святога: ён і Заступнічак, і Скоры Памошнік, і Светлы, і Цёплы.
Па словах навуковага супрацоўніка музея Андрэя Скідана, “хрысціянства – гэта рэлігія кнігі ў першую чаргу, а не іконы, паколькі ўсе іканаграфіі засноўваюцца на рэлігійных тэкстах (Евангелле, Стары Запавет і г.д.). Тэкст такім чынам дае глебу для ілюстравання”. Выпадак са святым Міколам не выключэнне. Тэкст “Жыція” святога татальны, усеахопны, і, нягледзячы на слаба прадстаўленыя звесткі аб жыцці Міколы непасрэдна, у дастатку падае аповеды аб пасмяротным цудатварэнні святога.
Народная памяць захоўвае мноства легендаў, былічак, псальмаў, звязаных са святым Міколам. У сваю чаргу прыведзенымі ў “Жыціі” аповедамі можна растлумачыць народныя уяўленні аб святым. Так, вобраз святога Міколы, звязаны з жытам, зернем, збожжам, ураджаем і ўраджайнасцю ўвогуле, грунтуецца на наступным аповеддзе. У той час, калі ў горадзе Міры (сучасная Турцыя) быў страшэнны голад, карабель з зернем плыў з Італіі. Да купца, што вёз яго, у сне прыйшоў святы Мікола і, даўшы яму тры чырвонцы, накіраваў у горад да згаладаўшыхся людзей. Купец атрымаў грошы, а людзі – доўгачаканае зерне.
Галерэя ікон з выявай Міколы адлюстроўвае розныя іпастасі святога. Знойдзем тут і шырока вядомую ў асяродку стараабрадцаў ікону “Мікола Адводзячы” (“Никола Отвратный”). Асаблівасць іконы ў тым, што Мікола на ёй глядзіць наўскос. Позірк Міколы быццам накіраваны на таго, хто ў чалавека за левым плячом – на ворага. Святы нібыта нагадвае чалавеку, каб ён не драмаў, думаў і ўзвешваў кожны крок. Як епіскап адлюстраваны святы Мікола на іконе “Мікола Архіерэй”, што з’яўляецца, па словах сп. Скідана, своеасаблівым ‘архіерэйскім партрэтам’ святога 1911 г. На дадзенай іконе святы паўстае архіерэем к. 19 стагоддзя, у архіерэйскім адзенні, з атрыбутам свяціцельства – посахам – у руках. Экспануюцца на выставе іконы “Мікола Мажайскі”, дзе святы – апякун тых, чыя дзейнасць звязана з ракою, – пададзены на фоне “водных” клейм. Да таго ж выстава ўвесь час папаўняецца новымі экспанатамі. Напрыклад, зусім нядаўна фонд выставы папоўнілі дзве іконы бабіцкага пісьма.
Адметнасць выставы, яе своеасаблівая “разынка” – гэта выдзеўблены з аднаго кавалка асіны човен. Тэхналогія, выпрацаваная стагоддзямі, дазваляла літаральна “вынімаць” човен з сэрцавіны дрэва. Лёгкі, плыткі, ён, тым не менш, патрабаваў вялікага ўмельства кіравання ад чалавека, што прымушала яго прасіць заступніцтва ў святога Міколы. Таму і знаходзіцца ікона “Мікола Мажайскі” ў галавах чоўна.
Як бачым, у народным асяродку святы Мікола ўспрымаецца ўвасабленнем Божай ласкі. Адсюль і татальная апёка святога над усім і ўсімі, як у Багародзіцы. Мікола – заступнік дома: літыя абразкі з выявай святога вешалі над уваходам у хату, на дзвярах і вокнах. Выступае Мікола апекуном і сельскай гаспадаркі. Звяртаюцца да святога бортнікі: “Мікола раі саджае”, – паколькі ў пчалінай сям’і, дзе ёсць матка, Мікола з’яўляецца бацькам. Ні да каго не застаецца святы абыякавым. Выступае ён ахоўнікам удоў, бяздзетных і сіратаў. Ён заступнік купцоў і пастухоў, плытнікаў і атаманаў, матросаў параходаў і баржаў, бурлакоў. Нездарма кожны чалавек, які адпраўляўся ў шлях, абавязкова павінен быў мець пры сабе абразок з выявай святога Міколы і прасіць яго дапамогі.
І травы ўсе – Міколіны. Гаючыя травы, лекавыя. Не спяшайцеся за рэцэптам да ўрача – завітайце ў музей. Выстава будзе даступная цягам трох месяцаў.
😉
Аўтар: Марына Давідзюк
Фатаздымкі: Яўген Меркіс