Сяргей Цімохаў. Стод дрэва

0
308
Сяргей Цімохаў - Стод дрэва

Сярод іншых мастакоў, што нарадзіліся на беларускім поўдні, Сяргей Цімохаў вылучаецца сваёй нардычнасцю, падкрэслена мінімалісцкімі мастацкімі сродкамі ў творчасці. Вучань Гаўрылы Вашчанкі, свайго земляка, Цімохаў прайшоў мастакоўскі шлях ад рэалізму акадэмічнай школы да стварэння амаль абстрактных вобразаў і зноў вярнуўся да фігуратыўнага, апавядальнага мастацтва. Але мастак упарта ішоў да аднаму яму вядомай мэты…

Мне падабаецца сам працэс стварэння жывапісу, яго рукачыннасць, магчымасць адчуваць рукамі фарбу, бо толькі такім чынам мастак можа перадацъ гледачу сваю энерге­тыку, як рабілі гэта першабытныя мастакі, у чыіх творах i сёння мы адчуваем жыватворную энергію Сонца, Вады і Зямлі.

Сяргей Цімохаў

Сяргей Цімохаў нарадзіўся ў вёсцы Кротаў на Калінкаўшчыне, між надзвычай маляўнічых, эпічных краявідаў, дзе сыйшліся велічэзныя пагоркі і бясконцыя разлогі паплавоў над магутнай Прыпяццю. Менавіта адсюль пайшоў род чалавечы на Беларусь. Тут захавання безліч сведчанняў неверагодна далёкіх часоў, курганоў і селішчаў, у тоўшчы якіх збераглося ўнікальнае багацце — некалькі тысяч гадоў людской гісторыі. Гэты свядомы ды падсвядомы досвед, атрыманы ў маленстве, застаўся ў мастака назаўжды. Дух самых старажытных людзей Цімохаў адраджае, узнаўляе ў сваіх палотнах, спрабуючы адухавіць і трансфармаваць першакультуру, тысячагоддзі язычніцкага досведу. У выніку ягоных эксперыментаў паўстала глыбока нацыянальная і зразумелая без каментароў і перакладаў сучасная мастацкая мова. Сяргей Цімохаў свядома ўнікае народнай семантыкі, знанай адмыслоўцам-этнографам і культуролагам.

Мастака цікавіць не гэтак знак, як ягоны сэнс. Паганскія стодзівы і духі ў мастакоўскай інтэрпрэтацыі Цімохава — уласна прырода, яе праявы і явы, увасобленыя ў персаніфікаваных містычных вобразах.

Па сканчэнні вучобы ў Мінску на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага мастацтва тэатральна-мастацкага інстытута ў 1983 г. Цімохаў вярнуўся на радзіму. Ён жыў у Мазыры, Гомелі, шукаючы сабе кропку апоры. На пачатку 1980-х ён шукае сябе і ў пошуках беларушчыны. Тады, яшчэ студэнтам, ён звяртаўся да вобразаў, напрыклад, Сяргея Палуяна ды Івана Луцкевіча (1981 г.). Але сапраўдным мастакоўскім домам для Сяргея Цімохава стаў Полацк, дзе ён жыў і тварыў доўгія гады. Тут ён выканаў грандыёзнае пано ў тэхніцы энкаўстыкі для Палаца культуры там- тэйшага “Шкловалакна” — “Полацк — горад старажытны”, напісаў дзясяткі іншых палотнаў. Тут, у старажытнай крывіцкай сталіцы ён цалкам сфармаваўся як асоба і як мастак, стаў сапраўдным ку­льтурным героем, грамадзянінам. У тамтэйшых залах, у Полацку і Наваполацку, у галерэі “Рыса” адбываліся ягоныя выставы, і тут кшталтавалася тое светаўспрыманне, што перадвызначыла ягоную далейшую творчасць. Пад уплывам полацкага інтэлігенц- кага асяродку Цімохаў прасякнуўся тэмамі старажытнага паган- ства, як традыцыйнай падставы для этнічнага светапогляду. У выніку нарадзілася цэлая нізка “Стодаў”, выяваў легендарных паганскіх багоў (“Вялес”, “Пярун”), палотны на містычныя сюжэты паганскіх абрадаў і містэрый. Так праз рэканструкцыю язычніцкай культуры Цімохаў стварае ў карцінах новы таямнічы свет архаікі. Ён цалкам зжыўся з паганствам як мастак. Гэта дало яму i апору, i крыніцу натхнення [1, с. 154].

Язычніцтва ў жыцці еўрапейцаў — гэта тое месца, што занялі чужыя ідэі і паняцці, а таму ніколі не былі дакладна асэнсаваныя тутэйшымі людзьмі. Таму шукальнік Цімохаў адчуў глебу пад нагамі, калі звярнуўся да гэткіх першапачаткаў, як вада, агонь, зямля і дрэва.

“Стод дрэва” напісаны экспрэсіўна, шырока, чаргаваннем шырокіх плямаў і тонкіх рысаў. Выкарыстанне такога дваістага прыёму дазваляе размеркаваць планы на першы, жорстка акрэслены, і другі, мяккі, размыты, на тле якога яснее галоўны ак- цэнт палатна. Дрэвападобная выява ў цэнтры кампазіцыі ўтварае i яе каркас. Тонкія і вострыя, нібы рыбіны косці, галіны дрэва з абсечанай вершалінаю ствараюць трывожны, значны вобраз. У цалкам знаёмай выяве мёртвага дрэва праступае іншасказанне, аповед пра ягонае існаванне і ягонае прызначэнне. Знянацку, пасярод стаўбура расплюшчваецца вока. Вока-сучок, ці вока бажаства, што тоіцца ў сэрцавіне драўніны… I гэты знак паказвае нам на таемнае прызначэнне гэтага драўлянага стварэння. Сам Цімохаў неяк казаў: “Пяруна вычэсвалі з дрэва з канкрэтным абліччам. Але гэта было бачаннем суб’ектыўным: чалавека ці часткі людзей. Не існавала канону, як гэта ёсць у хрысціянстве. I мастаку ў хрысціянстве няўтульна, бо трэба трымацца канонаў”… Надаючы індывідуальныя, канкрэтныя рысы ўсяму існаму, выявам дрэва ці каменя, мастак прыпадабняецца першабытным творцам, што тварылі інтуітыўна, падсвядома, знаходзячы дух ва ўсім, што іх атачала…

Гэткім жа не кананічным тут ёсць і жывапіс Цімохава — спалучэнні прыродных, натуральных адценняў, ня выдуманых, не дасканалых, а вытвараных з самых зямных колераў, паўхалодных і паўцёплых, колераў дрэва і паветра. Прытым, што задачы, што ён вырашае ў максімальна збліжанай колеравай гаме, няпростыя. У жывапісе мастака адчуваецца памкненне не да лагічных канс- трукцый, насычаных канкрэтным гістарычным ці сацыяльным наратывам, а да сінкрэтычнага спалучэння абстрактных і цалкам рэалістычных, фігуратыўных элементаў. У гэтым адзінстве супрацьлегласцяў, як і ў адзінстве духоўнага і прафаннага ў перша­бытным мастацтве, нараджаецца і спецыфічная, неачышчаная, непразрыстая манера жывапісу. Цімохаў з’яўляецца арыгінальным і дакладным каларыстам. I гэты блізкі ў адчуваннях, але далёкі ад лагічнага аналізу свет становіцца захапляльным відовішчам, невытлумачальным з пункту гледжання лінеарнай апавядальнасці… Цімохаў намерыўся аднавіць у сваіх карцінах спракавечную цывілізацыю, ад якой нас аддзяляюць тысячы гадоў, але якая стала падмуркам усёй нашай традыцыі і гаспадарання. Мастак нагадвае гледачам, што перад тым, як нешта змяніць у гэтым свеце, людзі прасілі на тое дазволу ў каменя, перад тым, як ім скарыстацца, альбо ў дрэва, перад тым, як яго забіць, ці ў цэлага лесу, перш чым у яго ўвайсці. Бо сам чалавек не створыць ані камень, ані дрэва [2, с. 30].

“Стод дрэва” — выява з серыі іншых стодаў-ідалаў, у якіх увасабляюцца вобразы навакольнага, натуральнага свету. У іх, простых і паўсядзённых выявах, аўтар шыфруе духоўныя, сакральныя знакі, уласны тайнапіс. Гэтую пакрыёмную мову мастака можна разгадваць, адно ведаючы прызначэнне самой прыроды, вытлумачыць якое апынаецца зусім няпроста. У простых рэчах мастак зашыфраваў вялікія, неапісальныя, невыказныя паняцці. I абстрактна-рэалістычны дуалізм твораў Цімохава не гэтак арганізуе прасторы, створаныя ім, як пацвярджае нашае дваістае стаўленне да традыцыі і сваёй зямлі, неабдымнае праз велізарны маштаб і простае праз паўсядзённасць нашага побыту…

Карціны Цімохава, напісаныя ў пазнейшы час, ці то нізкі “Чары купальскай ночы”, “Шпацыр” альбо “Спас” — вынік доўгіх папярэдніх пошукаў, магічных актаў стварэння, эксперыментаў са “Стодамі”. Ягоныя “Гуканне вясны” ці “Каляды” — выснова, знойдзенае развязанне тых пытанняў, што ён сабе ставіў гадамі, прайшоўшы шлях ад творчай майстэрні манументальнага мастацтва Гаўрылы Вашчанкі да эксперыментаў у дагістарычным, язычніцкім светаглядзе. Ягоныя карціны маюць свой код, звязаны з вызваленнем ад культурных гістарычных, сацыяльных напластаванняў, што наўпрост звязана ў ягонай творчасці з пошукамі першапрычынаў, першакрыніцаў мыслення чалавека сябе як неад’емнай часціны светабудовы. Чалавека, які можа злавіць на сабе позірк дрэва…

***

Сяргей Цімохаў (1960, в. Кротаў Гомельскай вобласці) — мастак-манументаліст, графік, жывапісец. У 1979 скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. У 1984 скончыў Беларускую акадэмію мастацтва (кафедру манументальнага мастацтва). З 1986 па 1998 жыў у горадзе Полацку. З 1999 жыве і працуе ў Мінску. Сябра Саюза мастакоў Беларусі з 1989. Творы мастака знаходзяцца ў Музеі сучаснага мастацтва Беларусі, Мастацкім фондзе Саюза мастакоў Беларусі, Музеі М. Шагала (г. Віцебск), Полацкім мастацкім музеі, музеях і галерэях Нямеччыны, Польшчы, Расіі, а таксама ў прыватных калекцыях. Лаўрэат 2-га Міжнароднага Шагалаўскага пленэру 1997 г. Гран-Пры 7-га міжнароднага біянале ілюстрацыі “Залатое пяро Белграда” (2003).

Крыніцы

  1. Мая зямля. Жывапіс беларускіх мастакоў. Альбом / Укладальнік Трыгубовіч В. Сімон. — Мінск, 1996.
  2. Каваленка, А. Багі фальшывыя і сапраўдныя / А. Каваленка //Мастацтва. — 2007. № 3.


Аўтар:
 Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 378-381.