Сяргей Балахонаў

0
1656

Балахонаў, Сяргей (нарадзіўся 24 красавіка 1977) — беларускі пісьменьнік.

Балахонаў, БалохоновБіяграфія

Нарадзіўся ў Гомелі (афіцыйна, а насамрэч у вёсцы Сьвяцілавічы Веткаўскага раёну). Скончыў гомельскую сярэднюю школу № 49 з паглыбленым вывучэньнем нямецкае мовы (1994), гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1999). Ад таго часу настаўнічае (зь перапынкам на службу ў войску (2000)). Жыве пераважна ў Гомелі. Халасты.

Творчасьць

Сталая літаратурная творчасьць пачалася ў 1992 годзе. Аднак усе творы, напісаныя да восені 1998 году, нідзе не публікаваліся. Сярод іх вершаваныя зборнікі «Сонцавароты», «Брама сталасьці», «Мой беларускі…», «Дваццатае вока вясны», «Паляваньне на тэкст», няскончаныя эпічныя паэмы «Прывітаньне, мая каханая» ды «Алесь Гальшэўскі», некалькі фантастычных апавяданьняў ды аповесьць «Іх спаткала нявосень».

Першыя публікацыі зьявіліся ўвосень 1998 году ў самвыдаце «Сымболь» (Менск, рэдактар Вадзім Карцаў) і адначасна ў газэтах «Наша слова» і «Наша Ніва». У 1999 годзе стаўся адным з аўтараў, бязь якіх, па словах Л. Рублеўскай, нельга было ўявіць тагачаснай «Нашай Нівы». Ад тае пары на старонках «Нашай Нівы» публікаваліся ягоныя дзёньнікавыя творы, шэраг апрацаваных гарадзкіх легенд «Die modernen Sagen» («Сучасныя сагі»), эсэ, гістарычныя містыфікацыі, вершы, музычныя рэцэнзіі ды іншае.

У 1999-2000 гадах шэраг тэкстаў С.Балахонава друкавала газэта гомельскага Задзіночаньня беларускіх студэнтаў «ЗуБаСьцік». У той самы час і да 2001 году наладзілася сталая творчая супраца з гомельскай маладзёвай газэтай «Undergroўnd» (рэдактар Кастусь Гусараў), у якой была надрукавана апавяданьне-трылёгія «Мажджаліна» пад псэўданімам Сяргей Лобан.

У 2001 годзе дэбютаваў на старонках часопіса «ARCHE» з апавяданьнем «Сьмерць лютністы», у анатацыі да якога аўтара ўпершыню зьвязваюць з постмадэрнісцкай плыньню. Надалей пісьменьнік выяўляе сябе апалягетам постмадэрнізму, ведучы палеміку з крытыкам літаратуры Данілам Жукоўскім (артыкулы «Сартр за наваградзкай камяніцай», «Ізноў пра кляты постмадэрнізм», «Архіпэляг постмадэрн», «Entlarvung адзінокага ў пустэльні»).

У 2005 годзе адбыўся дэбют у замежным пэрыёдыку: чэскі часопіс «Host» зьмясьціў яго літаратуразнаўчы артыкул «Nĕkdo tam je, aneb Rozcestí nove bĕloruské literatury». Пры канцы 2005 году ў выдавецтве Ігара Логвінава была выдадзена першая кніга пісьменьніка — зборнік прозы «Імя грушы», які на пачатку 2007 г. трапіў у шорт-ліст прэтэндэнтаў на атрыманьне літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес — 2006». У 2006 г. у літаратурна-мастацкім альманаху «Калосьсе» (рэдактар Алесь Аркуш) была апублікавана аповесьць «Сьнег капітана Мантгомэры», падзеі якой разгортваюцца ў Гомелі часоў казацка-сялянскай вайны 17 ст. Падборка твораў С.Балахонава ўвайшла ў аўдыёхрэстаматыю сучаснай беларускай літаратуры «Начная чытанка» (2007).

Бібліяграфія

– Імя грушы (2005)

————

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Спасылка: http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Сяргей_Балахонаў