Сямейныя традыцыі гараджан беларускага Падняпроўя ў пачатку XXI ст.

0
849
Традыцыі сямейныя ў гараджан Падняпроўя ў Беларусі

Сучасныя сямейныя традыцыі жыхароў Беларусі ўвабралі ў сябе як навацыі ў соцыякультурнай сферы грамадства, так і багаты вопыт гістарычнага мінулага. Многія здабыткі беларускай традыцыйна-бытавой культуры гарманічна ўвайшлі ў штодзённасць сучаснікаў, іншыя, хаця і страцілі сваю лідыруючую ролю, яшчэ часткова застаюцца на перыферыі жыцця сям’і. У гарадскім асяродку нівіліраванне нацыянальных рыс культуры на працягу XX ст. адбывалася больш інтэнсіўна, чым у сельскай мясцовасці, таму цікава звярнуцца да разгляду пытання аб ступені захаванасці традыцыйных форм культуры ў сучасных сямейных традыцыях менавіта гарадскога насельніцтва. Акрамя таго, актуальнасць тэмы ўзмацняе магчымасць аналізу матэрыялу аб стане сямейных традыцый беларусаў на рэгіянальным узроўні — для правядзення даследавання былі вызначаны гарады Падняпроўя. Нягледзячы на тое, што вывучэнню сям’і беларусаў апошнім часам надаецца вялікае значэнне і гістарыяграфія ўзбагацілася на шэраг значных прац па названай тэматыцы [1-5], тым не менш ступень распрацаванасці пытання прыхільнасці гараджан Беларусі да традыцый менавіта ў межах сям’і яшчэ не дастатковая.

Апытанне з мэтай характарыстыкі этнакультурнага аспекту сямейных традыцый гараджан у 2008 — другой палове 2009 г. праводзілася ў гарадскіх населеных пунктах пераважна Гомельскай вобласці і ахапіла такія гарады, як Рэчыца, Светлагорск, Буда-Кашалева, Добруш, Рагачоў, Лоеў, Ветка, Жлобін. Усяго ўдзел у ім ўзялі 261 чалавек, у тым ліку 107 мужчын і 154 жанчыны. Іх узрост вызначаўся ад паўналецця да старасці, пры гэтым апытанне дае магчымасць меркаваць пра пазіцыі гараджан розных узроставых груп. Падаўляючая большасць аднесла сябе да беларусаў (94 % апытаных).

З атрыманых звестак вядома, што сярод рэчаў з нацыянальнай сімволікай або з выявамі нацыянальнага арнаменту, якія гараджане выкарыстоўваюць у сябе дома, сустракаюцца флагі, вырабы з гліны, панно, розныя нашыўкі, абрусы, посуд, аздобленыя адпаведным чынам. Безумоўнымі лідэрамі ў гэтым плане застаюцца ручнікі. Дарэчы, некаторыя лічаць, што карціны з беларускім пейзажам, гадзіннік з характэрным малюнкам, нават абразы таксама трэба аднесці да гэтай групы рэчаў у сваім інтэр’еры і што яны атаясамляюцца ў іх з нацыянальнымі сімваламі. Разам з тым менш за пятую частку адказалі на гэта пытанне станоўча, а каля 80 % не трымаюць у хатнім побыце такія рэчы. Прыкладна таксама выглядае і сітуацыя з утрыманнем гараджанамі дома твораў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — адказы «да» складаюць каля 15 %. Жыхары падняпроўскіх гарадоў пералічылі шкатулкі, лапці, панно, вырабы з дрэва і гліны, ручнікі і інш., найбольш папулярнымі з’яшляюцца вырабы з саломкі, ручнікі, толькі аднойчы называліся лыжкі, верацяно, куфар. Менш за пятую частку з адказаўшых на пытанні прыносяць у падарунак сябрам рэчы з нацыянальнай сімволікай, элементамі нацыянальнага арнаменту, творы беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Толькі каля дзесятай часткі анкет мелі адзнаку, што запоўніўшыя іх гараджане маюць у сваім гардэробе або ў гардэробе членаў сваёй сям’і рэчы з элементамі нацыянальнай сімволікі або беларускага арнаменту (фартух, рубаха і інш.). Гэты паказчык крыху меншы ад таго, што быў атрыманы раней пры даследаваннях у Гомелі (27 %). Папулярнасць страў беларускай кухні досыць вялікая, толькі 4 чалавекі выказаліся, што яны не спажываюць стравы беларускай народнай кулінарыі. Каля дзесятай часткі адказаўшых на пытанні вызначылі, што іх і паўсядзённае, і святочнае харчаванне ўключае стравы беларускай народнай кулінарыі. Многія далучаюцца да іх час ад часу. Неаднаразова называлі бульбу, дранікі, калдуны, халадзец, клецкі, толькі некалькі разоў быў зроблены запіс зацірка, мачанка. У адрозненне ад гамяльчан — жыхароў вялікага горада, гараджане раённых цэнтраў практычна не блыталі стравы народнай кулінарыі і сучасныя, не ўносілі іх у спіс традыцыйных, хаця і ў Гомелі такіх памылак у цэлым было няшмат. Менш за 10 % узяўшых удзел у анкетаванні выкарыстоўваюць у сям’і абрадавыя стравы.

У сферы духоўнай культуры адным з паказальным крытэрыяў прыстунасці элементаў бацькоўскай спадчыны ў сучасным сямейным побыце з’яўляецца стаўленне да беларускай народнай песні. Каля 10 % гараджан паставілі знак каля адказа «не» на пытанне «У Вашай сям’і спяваюць беларускія народныя песні?». Праўда, толькі адзінкі паведамілі, што ў іх сем’ях такія песні спяваюць часта. Большасць выконвае іх зрэдку. Першыя пазіцыі ў пераліку гэтых песняў мелі «Цячэ вада ў ярок», «Купалінка», «Лявоніха», згадваліся «Ой, рана на Івана», «Касіў Ясь канюшыну». Нельга не заўважыць, што ў спіс гэтых твораў былі ўнесены не народныя песні, дайшоўшыя да нашых часоў ад традыцыйна-бытавой культуры беларусаў, а напісаныя прафесійнымі кампазітарамі і паэтамі, але сапраўды стаўшыя народнымі. Лідэрам сярод іх стала (таксама, як і ў Гомелі) песня, прысвечаная Белавежскай пушчы. Зусім малая колькасць гарадскіх сем’яў выхоўвае дзяцей з дапамогай беларускай народнай казкі, чытаючы яе дзецям пастаянна. Многія бацькі чытаюць гэтыя казкі час ад часу; ёсць і такія сем’і (хаця іх няшмат), дзе гэта практыка ўвогуле адсутнічае.

Можна прызнаць устойлівай традыцыі кумаўства ў сучасных гарадскіх сем’ях, пераважная большасць з тых, хто запоўніў анкету, выказаліся станоўча. Цікава, што пры папулярных сёння разважаннях у СМІ пра дэмакратызацыю ўнутрысямейных адносін і быцца бы незвяртанне ўвагі моладдзю на меркаванне старшых, наша даследаванне аправергла гэтыя высновы. Толькі адзінкі не прызнаюць аўтарытэт старшых пры вырашэнні важных спраў, асноўная маса гараджан слухаецца старшых заўсёды або у некаторых выпадках, або хаця б зрэдку. Тое ж датычыцца і сувязей сучасных сем’яў са сваякамі, якія жывуць на блізкай адлегласці і ў бліжэйшай сельскай акрузе, відавочна, што такія кантакты падтрымоўваюцца заўсёды (67 %) і ў некаторых выпадках, адказ «зрэдку» сустракаўся нячаста і «не» — у адзінкавых анкетах. І ў Гомелі паказчык сувязей са сваякамі, якія падтрымоўваюцца заўсёды, высокі (56 %). Тое ж можна пазначыць адносна прызнання сваёй сям’і гасціннай. Негатыўныя адказы адносна такога аспекта жыццядзейнасці сям’і або увогуле не зафіксаваны, або адзінкавыя.

Ніколі не размаўляюць у сем’ях па-беларуску 134 чалавекі (51 %), якія прынялі ўдзел у апытанні. Большасць прызналіся, што ў іх сем’ях прынята размаўляць па-беларуску у некаторых выпадках, рэдка. І толькі 10 чалавек падцвердзілі, што яны заўсёды дома гавораць на беларускай мове. Зрэдку ўсе гараджане слухаюць тэле- або радыёперадачы, прысвечаныя беларускай народнай культуры, пастаяннымі гледачамі і слухачамі назвалі сябе нешматлікія людзі. Колькасць тых, хто зусім не цікавіцца гэтым, параўнальна нязначная. Ва ўсіх гарадах, адкуль былі атрыманы звесткі, многія жыхары самі або члены іх сем’яў у мінулым альбо сёння займаліся ў вольны час вышываннем (на першым месцы па колькасці адказаў), ткацтвам, разьбой па дрэве і інш. Значна менш гараджан з’яўляліся (з’яўляюцца зараз) удзельнікамі беларускіх фальклорных калектываў.

Неабходна падкрэсліць важнасць некаторых спосабаў утрымання і нават новага, паўторнага ўваходжання форм беларускай традыцыйнай культуры ў паўсядзённую і святочную культуру гарадскіх жыхароў вывучаемага рэгіёна ў пачатку XXI ст. Гэта трансляцыя культурных традыцый не ад пакалення да пакалення праз зносіны бацькоў і дзяцей, бабуль і унукаў, а з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі, сістэмы навучання ў школе і г. д. Пачынае пераважаць пісьмовая фіксацыя інфармацыі падобнага роду, шырока распаўсюдзілася азнаямленне з фактамі народнай культуры праз чытанне — напрыклад, артыкулаў у часопісах, газетах і інш. Цікава, што час ад часу назіраецца ўваходжанне фальклорных тэкстаў у культуру сям’і, а пазней, ужо перанятыя праз СМІ, адукацыйную сістэму, яны вяртаюцца ў сямейны побыт і пачынаюць «другое» жыццё.

Разам з тым павялічваецца колькасць гараджан, якія не выказываюць асаблівай прыхільнасці да народных вытокаў, іх у большай ступені цікавяць сучасныя формы культуры, што вельмі яскрава прасоваецца ў эвалюцыі сямейных традыцый на сучасным этапе. Аднак не будзе абсалютна слушным сцвярджэнне, што старыя людзі больш сімпатызіруюць народным формам культуры і пераважна яны прытрымоўваюцца гэтай пазіцыі ў сямейным побыце. Сярод апытаных гараджан маладога ўзросту выявілася істотная група тых, хто не толькі на ўзроўні тэорыі вітае народныя традыцыі, а з ахвотай ўкараняе іх у практыку жыцця сваёй бацькоўскай або ўласнай сям’і. Пры гэтым відавочна, што ўключэнне элементаў народных традыцый у сямейны побыт сучаснай моладзі або людзей сярэдняга ўзросту адбываецца па шляхах прыняцця мадэрнізаваных форм. Так, рэспандэнты адзначылі, што ім спадабаецца выкананне беларускіх народных мелодый, аднак ужо у эстраднай апрацоўцы і не ў сваім уласным, а ў прафесійным выкананні. Яны час ад часу выкарыстоўваюць рэчы з беларускім арнаментам, але ўжо не вышытым або вытканым, а нанесеным па сучасных тэналогіях і не на сурвэткі, ручнікі і г. д., а на прадметы, народжаныя ў недрах урбанізаванага грамадства — блакноты, календары і інш. Вясельны каравай застаецца абавязковым для многіх пры святкаванні вяселля, аднак яго ўжо не выпякаюць дома, а ствараюць у пунктах грамадскага харчавання па спецыяльных заказах і г. д.

У пэўнай ступені ўзмацненню каштоўнасці здабыткаў народнай культуры у вачах сучасных гараджан спрыяе і яе «натуральная» аснова. У сённяшнім свеце, забруджаным прадуктамі жыццядзейнасці чалавека, як адзначылі гараджане, не апошнюю ролю адыгрывае прыярытэт дрэва і інш. прыродных матэрыялаў над штучнымі рэчывамі для стварэння мэблі і ўвогуле абсталявання дома, перавага натуралёвых тканін над сінтэтычнымі, спажыванне прадуктаў і страў ад народных вытокаў, паколькі прызнана іх карыснасць для здароўя чалавека. Гэта сведчыць, што адбор, сарціроўка форм традыцыйнай культуры ў чымсьці становіцца мэтанакіраваным працэсам, падуладным новым фактарам гарадскога жыцця і здзяйсняецца па новых крытэрыях.

Параўнанне некаторых атрыманых паказчыкаў з матэрыяламі даследавання падобных аспектаў жыцця сям’і гамяльчан у прымяненні да пачатку XXI ст. дае падставу для высновы аб падабенстве сямейных традыцый практычна па ўсіх вывучаных паказчыках. Адрозненні больш прыкментныя ў пэўных хістаннях колькасных паказчыкаў пры апісанні той ці іншай канкрэтнай з’явы ў культуры сучаснай гарадской сям’і, а не ў сферах і праявах бытавання тых ці іншых форм народнай культуры. Адсутнічаюць і прынцыповыя разыходжанні ў меркаваннях жыхароў розных гарадоў Беларускага Падняпроўя.

Такім чынам, сённяшняя сітуацыя ў сямейнай сферы гараджан Беларускага Падняпроўя вызначаецца пэўнай устолівасцю асобных рыс духоўнай культуры. Да іх можна аднесці захаванне рэшткаў беларускай народнай музыкі, элементаў сямейнай абраднасці, асабліва вясельнай. Матэрыяльная культура гарадской сям’і у меншай ступені дае падставу для меркавання аб наяўнасці актыўнага бытавання традыцыйных форм; яны часцей прасочваюцца ў захаванні прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога характару, самаробных тканых і вышытых рэчаў, аднак пры гэтым апошнія разглядаюцца як памяць аб рукадзельніцах у сям’і, а не як рэчы для практычнага выкарыстання ў хатнім інтэр’еры і гаспадарцы. Сярод гараджан Беларускага Падняпроўя шырока бытуюць некаторыя віды беларускіх народных страў. Сістэма кантактаў сямей у гарадскім асяроддзі даволі ўстоўлівая, відавочна, што сучасныя гараджане лічаць падтрымку сямейных сувязей значным фактарам свайго жыцця, хаця тут назіраюцца зрухі ў бок усё большага адасаблення членаў сям’і. Цікавасць і павага да народных вытокаў праяўляецца ў разнастайных формах падтрымання фальклорных традыцый, выкарыстанні яго ў трансфарміраваным выглядзе. Усё большае значэнне набывае прыхільнасць гараджан да засваення духоўнай культуры праз сістэму адукацыі і сродкі масавай інфармацыі — радыёперадачы, тэлепраграмы аб народнай творчасці і інш.

Літаратура

  1. Беларусы: у 12 т. / В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. – Мінск : Беларуская навука, 1995-2009. – Т. 5: Сям’я / В. К. Бандарчык [і інш.]. – 2001. – 375 с.
  2. Калачова, І.І. Этнакультурныя працэсы ў гарадской сям’і беларусаў у апошняй трэці XX – пачатку XXI ст. / І. І. Калачова. – Мінск : Беларуская навука, 2009. – 266 с.
  3. Ракава, Л. В. Эвалюцыя традыцыйнага сямейнага выхавання беларусаў у XIX- XX стст. / Л. В. Ракава. – Мінск : Беларуская навука, 2009. – 311 с.
  4. Беларусы: сучасныя этнакультурныя працэсы / Г. І. Каспяровіч [і інш.]; рэдкал.: А. І. Лакотка [і інш.]; Нац. Акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. – Мінск : Беларуская навука, 2009. – 607 с.
  5. Ященко, О. Населення Гомеля на початку XXI ст.: етнокультурний аспект / О. Ященко // Народна творчість та етнографія. Білоруська етнологія. – Спец. вып. 6. – 2009. – С. 100-104.

Аўтар: А.Р. Яшчанка
Крыніца: Этнокультурное развитие Беларуси в XIX – начале ХXI в.: материалы междунар. науч.-практ. конф. / редкол. : Т. А. Новогродский (отв. ред.) [и др.]. — Минск: БГУ, 2011. — С. 145-148.