Сялянскі супраціў савецкаму брутальнаму атэізму (Гомельшчына, 1920-1930-я гады)

0
262
Сялянскі супраціў савецкаму брутальнаму атэізму (Гомельшчына, 1920-1930-я гады)

У 1920-1930-я гг. Гомельшчына (пад Гомельшчынай неабходна разумець тэрыторыю Гомельскай акругі з 1926 па 1930 гг. (Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Камарынскі, Лоеўскі, Рэчыцкі, Уваравіцкі, Хойніцкі, Церахоўскі, Чачэрскі раёны БССР) уяўляла сабой шматканфесійны рэгіён. Да прыходу да ўлады бальшавікоў жыццё насельніцтва было прасякнута рэлігійнымі ўяўленнямі. Савецкая ўлада адным з важных пунктаў сваёй унутранай палітыкі аб’явіла «ліквідацыю перажыткаў мінулага», пад якімі ў першую чаргу разумела рэлігію.

Першапачаткова супраціўленне духавенства і вернікаў савецкай уладзе на Гомельшчыне пачынаецца ў сувязі з канфіскацыяй царкоўных каштоўнасцяў. Так, у справаздачы Гомельскага губернскага выканаўчага камітэту ад снежня 1921 — лістапада 1922 г. адзначалася, што дзейнасць некаторай часткі духавенства можна аднесці да «контррэвалюцыйнай». Падставай для такіх высноў органам ДПУ паслужыла супраціўленне духавенства і вернікаў канфіскацыі царкоўнай маёмасці. У выніку па Гомельшчыне пракацілася хваля крымінальных спраў над прадстаўнікамі розных канфесій (працэс Канстанціна і К0, працэс над ксёндзам Буйноўскім і равінам Барышанскім) [1, с. 46].

Значна адкарэктаваў палітыку партыі і ўрада па гэтым пытанні ўведзены ў краіне па ініцыятыве У. І. Леніна НЭП, які патрабаваў зрабіць больш памяркоўнымі адносіны партыі да рэлігійных арганізацый, асабліва ў вёсцы, так як большасць вясковага насельніцтва, нягледзячы на антырэлігійную агітацыю бальшавікоў, працягвала верыць у Бога [2, с. 45]. Нават мясцовая ўлада, якая таксама выйшла з сялянскага асяроддзя, не спяшалася адмовіцца ад рэлігіі. Аб гэтым сведчыць наступны факт. Спецзводка органаў АДПУ ад 22 мая 1924 г. паведамляе, што ў в. Крыўск Уваравіцкай воласці (Буда-Кашалёўскі раён — I. I.) старшыня, сакратар і члены сельскага савета разам ca святаром праводзілі асвячэнне абразоў і збожжа [3, арк. 97].

Нягледзячы на вялікую партыйную работу на працягу 1920-1930-х гг. у антырэлігійнай справе, дзяржаўныя органы адзначалі аб захаванні сярод вясковага насельніцтва рэлігійнасці, асабліва сярод жанчын і людзей сталага ўзросту [1, с. 92]. Тэта невыпадкова, таму што доўгія гады рэлігія была неад’емнай часткай побыту насельніцтва, і ўявіць сваё жыццё без яе сялянам было немагчыма. Таму выкананенне асноўных рэлігійных абрадаў, наперакор палітыцы ўлад, можна лічыць адной з форм супраціву. Так, у 1925 г. у в. Калыбань Камарынскай воласці (Камарынскі раён — І. І.) сялянамі разам ca святаром былі ўсталяваны прыдарожныя крыжы, у Лоеўскай воласці (Лоеўскі раён — І.І.) пад час летняй засухі 1925 г. у шматлікіх вёсках былі праведзены малебны і г. д [1, с. 128]. На працягу 1920-1930-х гг. сяляне па-ранейшаму выконваюць розныя рэлігійныя абрады: хрышчэнне і абразанне дзяцей, адпяванне памерлых, нашэнне крыжыкаў, святкаванне Вялікадня, асвячэнне велікоднага печыва, выпяканне мацы і г. д.

Нельга не адзначыць той факт, што нават пасля «вялікага тэрору» 1937-1938 гг., калі функцыянаванне цэркваў у БССР фактычна спынілася, вернікі працягвалі здзяйсняць рэлігійныя абрады і набажэнствы. У шэрагу населеных пунктаў вернікі праводзілі царкоўныя службы і рэлігійныя абрады без святароў [4, с. 26].

Адным з спосабаў супраціву вернікаў у тэты час быў адказ ад ўдзелу ў мерапрыемствах, арганізаваных савецкай уладай. Так, у калгасе «Чырвоная Армія» Сямёнаўскага сельскага савета Рэчыцкага раёна ў лістападзе 1934 г. вернікі (евангелісты) адмовіліся прымаць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 17-й гадавіне Кастрычнікай рэвалюцыі, заявіўшы: «Мы сыны божие, не можем участвовать совместно с беззаконниками». У Караваціцкім сельскім савеце Рэчыцкага раёна шматлікія сяляне не прымалі ўдзелу ў святочных мерапрыемствах прысвечаных 17-й гадавіне Кастрычнікай рэвалюцыі, так як яны праводзіліся ў царкве, пераробленай пад клуб [5, арк. 85]. Формай супраціву можна лічыць і нявыхад на працу пад час рэлігійных свят. Справа тычылася, у першую чаргу, такога свята як Вялікдзень. Так, на працягу 1920-1930 -х гг. Савецкае кіраўніцтва кожны год праводзіла антывелікодную кампанію з мэтай адлучэння насельніцтва ад рэлігіі. Замест рэлігійных свят і малебнаў сялянам прапаноўвалася паўдзельнічаць у Свяце першай баразны, святкаванні 1 Мая (Свята працы), антырэлігійных спектаклях і г. д. [1, с. 90]. Аднак насельніцтва церпяліва захоўвала свае традыцыі і кожны раз спрабавала ігнараваць новаўвядзенні.

Найбольш распаўсюджанай формай супраціву вернікаў у канцы 1920-х — 1930-я гг. з’яўляюцца выступленні супраць закрыцця храмаў. У тэты час пачынаецца масавае закрыццё малітоўных будынкаў і пераабсталяванне іх для культурных патрэб або пад збожжасховішчы. Вернікі востра адрэагавалі на дзеянні мясцовых органаў улады, якія часам пераўтвараліся ў злачынства. Так, у с. Янава Веткаўскага раёна старшынёй сельсавета былі зламаны і разбіты абразы святых, у в. Дворышча Хойніцкага раёна быў выпадак расстрэлу калгаснікамі абразоў, забраных у царкве, з паляўнічага ружжа, у в. Ізбін Хойніцкага раёна камсамольцы спалілі канфіскаваныя іконы, у некаторых выпадках здзяйсняліся здзекі над прадметамі рэлігійнага культу і выкарыстанне іх не па прызначэнні [6, арк. 116; 1, с. 147]. Такія дзеянні мясцовых улад вельмі абражалі пачуцці веруючых, таму вынікам гэтых падзей сталі масавыя выступленні насельніцтва, накіраваныя ў абарону рэлігіі.

Амаль усе выступленні вернікаў праходзілі наступным чынам. Спачатку мясцовыя органы праводзілі сход па пытанию закрыцця царквы, на якім без уліку меркавання вернікаў, членамі партыйнага актыву станоўча вырашалася пытанне аб канфіскацыі мясцовай вясковай царквы пад зернясховішча або клуб (с. Уць, в. Прудоўка, с. Кузьмінічы, с. Красная Буда Церахоўскага раёна, с. Вялікі Бор, с. Моканавічы Хойніцкага раёна, в. Бывалькі Лоеўскага раёна, в. Рэчкі Веткаўскага раёна) [6, арк. 113-117]. Напрыклад на сходзе па пытанию закрыцця царквы ў с. Уць Церахоўскага раёна з боку вернікаў можна было пачуць такія выказванні: «Церковь не нами строилась и не нам закрывать, мы станем не людьми <…> кому это мешает, что люди в церковь ходят», «Как вы смеете и какое вы имеете право закрывать нам церковь, что вы построили её», «Церковь закрывать не следует, а сохраните её как древность, потому что никто не знает, когда она строена». Аднак на словы вернікаў мясцовае кіраўніцтва не звяртала ўвагі, а наадварот любымі сродкамі дамагалася атрымаць на сходзе большасці галасоў (напрыклад запалохванне насельніцтва індывідуальным падаткаабкладаннем (с. Красная Буда Церахоўскага раёна), няправільны падлік галасоў (с. Кузьмінічы Церахоўскага раёна) [6, арк. 114, 115]. Затым камсамольцы, або члены сельсавета накіроўваліся да царквы, выносілі без вопісу ўсю царкоўную маёмасць і загадвалі альбо ссыпаць туды зерне, альбо пачынаць пераабсталяванне пад клуб (в. Моканавічы Хойніцкага раёна) [6, арк. 117]. У вьшіку збіраўся натоўп вернікаў з патрабаваннямі адкрыць царкву і вярнуць канфіскаваную царкоўную маёмасць.

Ступень раз’юшанасці натоўпу была рознай, у некаторых выпадках справа даходзіла нават да прымянення зброі. Напрыклад у в. Новы Радзін Камарынскага раёна пад час закрыцця царквы сабраўся натоўп вернікаў, пераважна жанчын, каля 200 чалавек, якія пачалі пагражаць членам сельскага Савета. Толькі арышт трох актыўных удзельніц масавага выступления змог крыху уціхамірыць натоўп. У в. Моканавічы Хойніцкага раёна пад час вопісу царкоўнай маёмасці сабралася каля 35 жанчын, якія выступілі супраць гэтага. Калі адна з членаў камісіі па вопісу царкоўнай маёмасці паспрабавала растлумачыць сялянкам сутнасць палітыкі кіраўніцтва, натоўп жанчын паспрабаваў яе пабіць. У выніку самыя актыўныя удзельніцы выступления былі арыштаваны [6, арк. 116, 117]. Цікавы факт адбыўся ў в. Гардуны Церахоўскага раёна. Сяляне выступілі ў абарону ўжо адабранай царквы. Так, пры зняцці калгаснікамі крыжоў з царквы сабраўся натоўп вернікаў, якія пачалі збіваць калгаснікаў і закідваць іх камянямі. У выніку чаго калгаснікі вымушаны был і ўцячы. Пасля гэтага, жанчыны паламалі лесвіцы, а калгасніка, які застаўся на даху царквы, закідалі камянямі. Уціхамірыць натоўп атрымалася толькі пры дапамозе зброі. Заўважым, што мужчыны ў збіванні калгаснікаў ўдзелу не прымалі, а падбівалі жанчын да гэтага [7, арк. 82]. Трэба адзначыць, што выступленні вернікаў выходзілі за рамкі абароны толькі сваіх рэлігійных інтарэсаў, да прычын выступления далучаўся супраціў гвалтоўнай калектывізацыі.

Часам, такая форма супраціву вернікаў, як выступление супраць закрыцця храмаў, трансфармавалася ў хадатайства перад партыйнымі органамі ўлады за адкрыццё раней закрытых храмаў. Так, жыхары адзначанага населенага пункта Гардуны Церахоўскага раёна массава (каля 40 чалавек) звярнуліся ў Церахоўскі РВК і, нават, чатыры разы адпраўлялі прадстаўніка ў Мінск з хадатайніцтвам адкрыць царкву [7, арк. 82]. Або хадатайства жыхароў вёскі Рудня-Шлягінская Буда-Кашалёўскага раёна ў адрас пракурора Гомельскай акругі аб вяртанні ў карыстанне веруючым мясцовага касцёла. Аднак у выніку двое жыхароў дадзенага населенага пункту былі абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці [1,с. 207,211].

Яшчэ адным спосабам супраціву вернікаў антырэлігійнай палітыцы дзяржавы з’яўляюцца гэтак званыя «лісты шчасця», або «святыя лісты», якія таксама адназначна ўспрымаліся савецкай уладай як «контррэвалюцыйны матэрыял рэлігійных сект». Пад «лістамі шчасця» ці «святымі лістамі» трэба разумець перасланыя па пошце, або распаўсюджаныя іншым спосабам, лісты з рэлігійным зместам, якія заклікаюць на розных падставах іх размножыць і распаўсюдзіць далей [4, с. 30]. Дадзеныя лісты часцей за ўсё перапісваліся школьнікамі — дзецьмі вернікаў — і распаўсюджваліся ў школах, як гэта было ў Роўкавіцкім, Глыбоцкім, Халоцкім сельскіх Саветах Чачэрскага раёна. Такія лісты мелі загаловак «Ліст ад Госпада Бога», ці ў пачатку такіх лістоў узгадвалася Маці Божая або Ісус Хрыстос [1, с. 100]. Акрамя таго, дадзеныя лісты маглі перадавацца праз дарослых з вёскі ў вёску. Так, у Веткаўскім раёне такога характару лісты распаўсюджвалі 2 жанчыны [8, арк. 103]. Лісты «ад бога» надзвычай хутка распаўсюджваліся і ахапілі значную частку Гомельскага, Буда-Кашалёўскага, Кармянскага, Веткаўскага, Нараўлянскага і іншых раёнаў. Па сваёй сутнасці «святыя лісты» не мел і ніякага палітычнага падтэксту, а насілі выключна рэлігійны характар. Але на думку мясцовых улад дадзеныя лісты з’яўляліся «контррэвалюцыйнымі антысавецкімі ўлёткамі», а іх аўтары прадстаўляліся ледзь не членамі арганізаванай контррэвалюцыйнай арганізацыі, якая ставіць сваёй задачай разгарнуць антысавецкую агітацыю, пасеяць паніку ў насельніцтва, і скінуць савецкі строй.

Дарэчы ў разглядаемы перыяд былі распаўсюджаны не толькі «святыя лісты», а і розныя містычныя чуткі. Так, у в. Грохава Лоеўскага раёна ў сакавіку 1930 г. сярод сялян была распаўсюджана чутка аб пакаранні Богам напярэдадні Вялікадня 12 калгаснікаў. Дадзеная чутка выклікала вялікую паніку сярод сялян адзначанага населенага пункту. Для таго, каб супакоіць насельніцтва, асабліва жанчын, быў скліканы агульны сход сялян в. Грохава [9, арк. 29]. Распаўсюджванне такого рода чутак сярод сялян было выклікана не толькі абмежаваным светапоглядам апошніх, але і здольнасцю насельніцтва ў цяжкія часы верыць у розны цуд, які змог бы выратаваць людзей ад пакут.

Такім чынам, сяляне, як найбольш рэлігійная частка насельніцтва, вельмі востра адрэагавалі на палітыку савецкіх улад у дачыненні да рэлігіі. Супраціў сялян брутальнаму атэізму на Гомельшчыне праходзіў у розных формах: выкананне асноўных рэлігійных абрадаў, адмаўленне ва ўдзеле ў розных антырэлігійных мерапрыемствах савецкай улады, распаўсюджванне «святых лістоў». Даходзіла нават да масавага супраціўлення сялян закрыццю малітоўных будынкаў, пад час якіх адбываліся сутыкненні з прадстаўнікамі ўлады. Спробы сялян абараніць сваё канстытуцыйнае права на вызнанне рэлігіі, абарона царквы і веры ад абразы ў канчатковым выніку выліліся ў масавыя арышты і высылку вернікаў. А рэлігія на нейкі час вымушана была перайсці ў падполле.

Спіс крыніц і літаратуры

  1. Конфессии на Гомельщине (20-30-е годы XX в.): документы и материалы / составители: М. А. Алейникова [и др.]; под ред. В. П. Пичукова; редколлегия: В. И. Адамушко [и др.]. — Минск: НАРБ, 2013. — 388 с.
  2. Янушевич, И. И. Политика Советского государства по отношению к Русской православной церкви в БССР в 1917-1941 годах / И. И. Янушевич // Беларуская думка. — 2009. — №5. — С. 44—49.
  3. Недельная Госинфсводка Гомгуботдела ОПТУ №6 за время с 1 по 7 июня 1924 г.// Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (далей ДАГАГВ). — Ф. 1. Bon. 1. Спр. 2431. Арк. 81-97.
  4. Калініна, Г. С. Формы супраціўлення вернікаў-хрысціян антырэлігійнай палітыцы дзяржавы ў БССР (1929-1939 гг.) / Г. С. Калініна // Беларускі гістарычны часопіс. — 2012. — №8. — С. 25-31.
  5. Спецсводка № 53 Речицкого райотделения НКВД Б.С.С.Р. «О ходе празднования XVII годовщины Октябрьской революции по Речицкому округу» от XI-1934 г. // ДАГАГВ. — Ф. 451. Воп. 2а. Спр. 158. Арк. 84-86.
  6. Спецсводка № 42 Гомельского окротдела ГПУ Белоруссии «Ход закрытия церквей в деревнях и перегибы в антирелигиозной работе» по состоянию на 28 марта 1930 г. // ДАГАГВ. — Ф. 3. Воп. 1. Спр. 622. Арк. 113-117.
  7. Спецсводка № 70 Гомельского окротдела ГПУ Белоруссии «О религиозной обстановке в округе (апрель 1930 г.)» // ДАГАГВ. — Ф. 3. Воп. 1. Спр. 623. Арк. 80-83.
  8. Сводка № 5/сс «О происшествиях и деятельности Гомельского окружного административного отдела за время с 11/III по 20/III-1930 г.» // ДАГАГВ. — Ф. 3. Воп. 1. Спр. 622. Арк. 91-106.
  9. Спецсводка № 25 «Политическое настроение деревни, в связи с коллективизацией и выселением кулачества по Гомельскому округу» по состоянию на 18 марта 1930 г. // ДАГАГВ. — Ф. 3. Воп. 1. Спр. 622. Арк. 22-29.

Аўтар: І.У. Ігнаценка
Источник: Православие: история и современность: сборник научных статей / редкол.: Н. Н. Мезга (гл. ред.) [и др.]; М-во образования Республики Беларусь, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2017. – С. 80-86.