Сяляне і панскі двор ва Ўсходняй Беларусі ў другой палове ХІХ — на пачатку ХХ ст.: сацыяльна-культурныя адносіны (на матэрыялах мемуарнай літаратуры)

0
65
Сяляне і панскі двор ва ўсходняй Беларусі ў другой палове ХІХ - на пачатку ХХ ст.

Рэформа 1861 г. карэнным чынам змяняла характар сацыяльных адносін у беларускім грамадстве. Панскі двор, які на працягу некалькіх стагоддзяў выступаў у ролі мясцовага агента дзяржаўнай улады, траціў свае ўладныя паўнамоцтвы. Дзяржаўная бюракратыя цяпер абыходзілася без яго пасярэдніцтва, непасрэдна кіруючы новаўтворанымі ўстановамі сялянскага самакіравання. Страта функцыі прадстаўніка дзяржаўнай улады была непасрэдна звязаная і са стратай такога важнага для панскага двора фактара, як прымусовая прыгонная праца сялянства. Дворныя гаспадаркі цяпер мусілі радзіць сабе ўжо ў прынцыпова іншых эканамічных умовах. У беларускай савецкай гістарыяграфіі гісторыя сялянства з’яўлялася адным з прыярытэтных накірункаў. Але адносіны вёскі з панскім дваром разглядаліся амаль выключна праз прызму эканамічнай эксплуатацыі сялян зямянствам. Польскія даследчыкі таксама ў апошнія гады шмат увагі надаюць гісторыі памеснай шляхты на беларускіх землях. Асабліва гэта датычыць успамінаў памешчыкаў, іх літаратурнай творчасці [1], а таксама сацыяльна-эканамічнай і палітычнай дзейнасці [2], [3]. У дадзеным артыкуле мы спрабуем асвятліць эвалюцыю адносін паміж панскім дворам і сялянскай вёс­кай у Беларусі найперш у сацыяльна-культурным вымярэнні, паказаць суб’ектыўнае бачанне гэтых адносін вачыма і зямяніна, і селяніна, а таксама акрэсліць уплывы аб’ектыўных чыннікаў, якія вызначалі іх характар і кірунак развіцця.

Пра характар адносін паслярэформеннай вёскі і панскага двора можна даведацца найперш са шматлікіх мемуараў, якія пазней ствараліся якраз прадстаўнікамі памеснай шляхты. Адразу варта зазначыць, што гэты «панскі» погляд з’яўляецца аднабаковым і даволі істотна скажае рэальнасць, тым больш, што многія мемуары пісаліся ўжо тады, калі іх аўтары пасля сацыяльных катаклізмаў ХХ ст. знаходзілся вельмі далёка ад сваіх родавых гнёздаў, а свет былых панскіх маёнткаў уяўляўся ім своеасаблівым страчаным раем. Як сцвярджае польскі даследчык Міраслаў Устшыцкі, для большасці шляхецкіх мемуарыстаў характэрнай з’яўлялася вера ў натуральнасць патрыярхальнага ўкладу вясковага жыцця, ідэя апекі над сялянамі з боку панскага двора, погляд на іх, як на «малодшых братоў» [1, s. 282]. Гэты ж аўтар паўтарае тую думку, што адносіны паміж панамі і сялянамі на «ўсходніх крэсах» нават на пачатку ўжо ХХ ст. істотна адрозніваліся ад той сітуацыі, якая, напрыклад, склалася на тэрыторыі Вялікапольшчы, што ўваходзіла ў склад нямецкай дзяржавы: «У параўнанні з Велькапольшай, дзе селяніну падавалі руку і трактавалі як партнёра ў такой самай сферы дзейнасці, адрозненні былі каласальныя. За Бугам яшчэ на пачатку ХХ ст. выключна адзінкі спрабавалі нясмела ўводзіць больш партнёрскія стасункі ў адносінах пераважна з заможнымі сялянамі…» [1, s. 282].

На ўсходзе былой Рэчы Паспалітай ідэя захавання выразнай сацыяльнай дыстанцыі паміж дваром і вёскай, стэрэатыпы пра натуральную вышэйшасць памешчыкаў над сялянамі, трывала захоўваліся і часта нават культываваліся ў асяроддзі землеўладальнікаў. Ідылічную карціну патрыярхальнага і шчаслівага сужыцця вёскі і панскага двора ў парэформенныя гады (з захаваннем, натуральна, поўнай дамінацыі двора амаль ва ўсіх сферах жыцця) падаюць многія мемуарысты зямянскага паходжання. Караль Барысовіч, які паходзіў з маёнтка Разальмава Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні так ахарактарызаваў парэформенныя ўзаемаадносіны сялян і двора: «Пасля скасавання прыгону стасункі тыя былі, аднак, надалей трывалыя, без бізуна з боку пана і без прымусу. Памешчык быў лекарам, суддзёй, праўным дарадцам, апякуном — так прынамсі было ў Разальмаве. Па лекі, дровы, пазыку пад пазнейшую адпрацоўку ішлі (сяляне — С.Т.) да двора, дзе рэдка сутыкаліся з адмовай. Таму сцежкі, якія злучалі двор з вёскай пераважна не зарасталі травой, а таксама пустазеллем непрыязнасці і ненавісці». Барысовіч сцвярджаў, што двор і вёску паядноўвалі не толькі матэрыяльныя інтарэсы, але і старадаўні звычай, паводле якога адносіны паміж панам і сялянамі ўспрымаліся ў патрыярхальным ключы, як адносіны паміж бацькам і дзецьмі. На вялікія святы вяскоўцы тлумна прыходзілі да двора, каб выказаць пану свае віншаванні. Бацька мемуарыста з кожным цалаваўся, пасля чаго запрашаў усіх да святочнага стала, дзе размаўляў з сялянамі пра іх сямейныя справы і клопаты: «Вясновае сонца асвятляла гэтую учту і здавалася мне, што лепшы дзень — супрацоўніцтва і братняй любові надыдзе ўжо хутка» [4, s. 38-39].

Іншыя мемуарысты шляхецкага паходжання таксама ахвотна прыпамінаюць розныя эпізоды, калі сяляне прыхільна выказваліся пра часы паншчыны. Так, Караль Барысовіч апісвае размову з адным старым селянінам: «У 1917 годзе… размаўляў са старым разальмаўскім селянінам Змітраком. Памятаў ён добра часы паншчыны — і, як кожны амаль старэйшы чалавек — быў перакананым кансерватарам. У размове пра свабоды ўставіў: А навошта тая “свабода”? Якой яшчэ трэба. Хіба кепска было за часоў паншчыны ў вашага дзеда: карова ў мужыка здохла, пан загадваў выдаць з фальваркавага хлеву, — хлеба не хапіла, — выдалі з “імбару”, а цяпер… хто дапаможа? Толькі зладзейства не любіў стары пан, але быў справядлівы і “ўважны” пан: часам — як цяжарную бабу загадваў высякчы — то заўсёды казаў па “жывот” яму выкапаць» [4, s. 37].

Ужо сам акт абвешчання вызвалення сялян расійскім ўладамі ў 1861 г. выклікаў шматлікія хваляванні вяскоўцаў, незадаволеных умовамі вызвалення, якія, так напраўду, мала што змянялі ў іх жыцці. Для ўладальнікаў гэтыя хваляванні часта ўяўляліся небяспечнай пагрозай самым падставам іх існавання, а таксама горкім расчараваннем спадзяванняў на пабудову гарманічнага сужыцця з вёскай. Ядвіга Кяневіч з Мазырскага павета пісала ў канцы 1862 г.: «(…) страшэнны рэвалюцыйны пажар ахопліваў нас з усіх бакоў (…) што тут казаць пра ўплыў двароў, калі бачым, што ён быў ніякі, нават там, дзе з поўным пасвячэннем народу аддаваліся» [5, s. 100, 101]. Асабліва ж балючым для памешчыкаў ударам стаў той факт, што значная частка сялянства ў часе паўстання 1863 г. адкрыта выступіла на баку расійскіх уладаў і часта з ахвотай удзельнічала ў цкаванні сваіх жа ўладальнікаў. Так, Ядвіга Кеневіч пісала 28 лютага 1863 г. «Дадзены мужыкам заклік лавіць (паўстанцаў — С.Т.) прыняты імі з захапленнем — больш чым войска стараліся (.) У той дзень 19 адчыталі на набажэнствах і таксама паведаміла ім духавенства: Скончылася над вамі праклятае панаванне ляхаў. І эхам радасці адказалі: Лавіць Палякаў!» [5, s. 104]. Многія запалоханыя землеўладальнікі ўцякалі са сваіх маёнткаў, каб схавацца ў гарадах пад аховай расійскіх войскаў. 5 мая 1863 г. Ядвіга Кяневіч напісала: «Ва ўсім павеце хіба мы адныя засталіся на месцы (…) Раз’юшаныя сяляне сочаць, хапаюць і вяжуць уласных паноў, катуюць тых, каго схопяць у лесе» [5, s. 137]. У выніку такога стаўлення з боку сялян памесная шляхта пачала баяцца магчымых пагромаў з боку вёскі. Караль Барысовіч узгадваў, што ў 1863 г. памешчыкі Магілёўскай губерні думалі пра стварэнне мабільных узброеных аддзелаў самаабароны супраць сялян, на выпадак іх выступленняў супраць паноў [4, s. 57-58]. Ён жа прыводзіў прыклад, што ў адным з паветаў Магілёўскай губерні некалькі ўладальнікаў сабраліся пагуляць у карты, што выклікала вельмі нечаканую рэакцыю сялян: «Вечарам мужыкі напалі на двор, павязалі паноў як баранаў і завезлі да ваеннага начальніка павета» [4, s. 61]. У выніку такіх здарэнняў толькі пашыралася дыстанцыя паміж дваром і вёскай, абрываліся ранейшыя сувязі. Ядвіга Кяневіч напісала 10 кастрычніка 1863 г.: «Перапыняем на колькі магчыма ўсякія адносіны з вёскай, навучаныя прыкладам іншых, да чаго гэта прыводзіць. Апостальства нашае нікому сёння не патрэбнае» [5, s. 152].

У беларускай савецкай гістарыяграфіі звычайна падкрэсліваўся грабежніцкі ў стасунку да сялян характар рэформы 1863 г. А між тым, яна была цяжкім выпрабаваннем і для памешчыкаў, якія са страхам чакалі яе наступстваў. Ядвіга Кяневіч пісала ў кастрычніку 1863 г. пра працу так званых праверачных камісій, якія ва ўмовах паўстання 1863 г. пераглядалі ўстаўныя граматы паміж памешчыкамі і сялянамі на карысць апошніх: «Агульны лямант тут нанова распачаўся. Праверачная камісія, распачаўшы працу, ясна паказала свой намер — поўнага зрабавання ўладальнікаў, адабрання ім усёй уласнасці» [5, s. 150].

У такіх умовах многія землеўладальнікі спрабавалі да мінімума абмежаваць канктакты з навакольнымі сялянамі, а таксама пазбегнуць залежнасці ад іх працоўнай сілы. Развіццё новых тэхналогій дазваляла двару скарачаць патрэбы ў паслугах часовых работнікаў з сялян. Часам гэтыя патрэбы пакрываліся коштам прыцягнення парабкаў з аддаленых, нават замежных краёў, якіх некаторыя памешчыкі пачалі асаджваць на сваіх землях. Антоні Кяневіч пісаў у сваіх успамінах, што «яго дзед адкупіў за 100 рублёў ад заможнага яўрэя ў Каралеўстве Польскім некалькі сялянскіх сямей, што адпрацоўвалі таму за пазыкі, і пасяліў гэтыя сем’і ў асобнай калоніі каля свайго маёнтка, збудаваўшы для іх невялікія хаты, а таксама надзяліў кавалкамі зямлі. За гэта перасяленцы адпрацоўвалі ў фальварку» [6, s. 34-35].

Канфлікты паміж вёскай і дваром пачалі імкліва нарастаць у часе рэвалюцыі 1905 г. Ірэна Галынская пісала пра падобныя падзеі на Ўсходзе Беларусі: «У 1905 годзе сяляне пачалі бунтаваць, узброеныя банды хадзілі разбіваць і нішчыць маёнткі, часта забіваючы ўладальнікаў двароў. Нашы сяляне нас не чапалі, а калі аднойчы прыйшла такая банда з Чарнігаўшчыны, наш поп з Чарацянкі Айцец Міхал прыбег з крыжам у руцэ (…) стаў перад імі ў дзвярах нашага дому: “Не дам рабаваць і забіваць дзяцей, а калі хочаце, дык спачатку забіце мяне (…)”. Мужыкі знялі шапкі, поп іх перахрысціў крыжам, і ўсе адышлі. Скончылася ўсё перапалохам дзяцей і службы» [7, k. 25].

У гэтакіх умовах многія памешчыкі выкарыстоўвалі своеасаблівыя стратэгіі прыстасавання, скіраваныя на максімальные пазбяганне канфліктаў з сялянамі. Ірэна Галынская пісала пра стаўленне яе бацькі да лясных злодзеяў з ліку мясцовых сялян, што той наказваў сваім ляснікам, каб яны толькі палохалі такіх, але давалі магчымасць уцячы, каб не даводзіць канфлікт да небяспечнай развязкі. У выніку, як пісала мемуарыстка: «У часе рэвалюцыі нічога у нас не знішчылі, і нас не пераследавалі. Былі заўсёды добразычлівыя» [7, s. 31]. Тут варта падкрэсліць, што якраз недахоп лесу, які амаль увесь належаў панам, з’яўляўся адной з самых балючых праблем развіцця сялянскай гаспадаркі. У вёсках нават гаварылі, што той, хто не злодзей у лесе, і ў хаце не гаспадар. Таму паводзіны бацькі Ірэны Галынскай з гэтага пункту гледжання былі абсалютна рацыянальнымі. Пад час руска-японскай вайны, як успамінала мемуары­стка, прызваныя ў войска мясцовыя сяляне прыходзілі ў панскі двор, прасілі пана паклапаціцца пра іх сем’і, а пані давала ім крыжыкі. Бацька Ірэны Галынскай арганізаваў у сваім маёнтку школу [7, s. 33]. Мемуарыстка таксама ўспамінае пра біццё вепраў у маёнтку, на якое талакой збіраліся мясцовыя сяляне, каб дапамагчы ў разборцы забітых свіней. Кожная жанчына магла штосьці забраць з сабой са свежаніны: «У часе той працы распавядаліся казкі, навіны, а каля паўночы, калі біла 12-ая гадзіна, распачыналіся аповяды пра духаў і страхі» [7, s. 34].

Караль Барысовіч пісаў, што на беларускіх землях у асяроддзі памеснай шляхты сфармаўваўся тып чалавека, які «будучы палякам, кахаў па-свойму Беларусь, як складовую частку Польшчы, альбо будучы беларусам кахаў сваю больш шырокую айчыну Польшу (…) Амаль кожны з нас мог сказаць пра сябе “Gente Alba-Ruthenus, natione — Polonus”, паколькі нашы прадзеды прынялі польскую культуру разам з гербамі і вольнасцямі, якія давала прыналежнасць да польскай шляхты. Але не парвалі мы духоўных сувязяў з беларускім народам» [7, s. 39-40]. Падобная амбівалентнасць, як вынікае з крыніц, была характэрнай для многіх прадстаўнікоў беларускай памеснай шляхты. Караль Барысовіч сцвярджаў, што сам ён браў чынны ўдзел у беларускай нацыянальнай агітацыі, асабіста выпісваў беларускія каляндары, друкаваныя выдавецтвам «Наша Ніва» на пачатку ХХ ст. і раздаваў іх народным настаўнікам [7, s. 41]. Адначасова, як сцвярджаў мемуарыст, ён займаўся і польскай нацыянальнай агітацыяй у асяроддзі беларускамоўнай засцянковай шляхты: «Я марыў аб спальшчэнні дробнай шляхты польскага паходжання, але пераважна ўжо збеларусізаванай, і абеларушванні тутэйшага сялянства, ужо ў значнай ступені праз войска і школу зрусіфікаванага» [7, s. 41]. Варта адзначыць, што падобнае бачанне нацыянальных адносінаў на пачатку ХХ ст. ужо цяжка было прымірыць з набіраючым моц этнакультурным нацыяналізмам, які не цярпеў падобнай амбівалентнасці.

У другой палове ХІХ — на пачатку ХХ ст. памесная шляхта Беларусі як сацыяльная група перажывала істотныя структурныя змены. З яе асяроддзя фармавалася навуковая інтэлігенцыя, значная частка прадстаўнікоў так званых «вольных прафесій». Многія з гэтай групы выязджалі ў вялікія гарады Расійскай імперыі, а таксама за мяжу, дзе маглі знайсці прымяненне сваім ведам і амбіцыям. Але многія заставаліся на радзіме, спрабавалі наладзіць добрыя стасункі з мясцовым сялянскім насельніцтвам. Але ў цэлым гэтыя спробы не прынеслі поспеху. Можна, на нашу думку, сцвердзіць, што працягвала існаваць вялізная культурная дыстанцыя паміж дваром і вёскай, якую не маглі пераадолець асветніцкія намаганні асобных памешчыкаў. Для большасці ж свет за брамай іх маёнтка ўяўляўся хоць прыгожай, але ўжо чужой і незразумелай краінай.

Літаратура

  1. Ustrzycki, Mirosław. Ziemianie polscy na kresach 1864-1914. Swiat wartości i postaw / M. Ustrzycki. — Kraków: Wydawnictwo Arcana, 2006. — 406 s; Zadencka, Maria. W poszukiwaniu utraconej ojczyzny. Obraz Litwy i Białorusi w twórczości wybranych polskich pisarzy emigracyjnych / Maria Zadencka. -Uppsala: Uppsala Univ. Depart. of Slavic Languages, 1995. — 219 s.
  2. Jurkowski, Roman. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wshodnich 1864-1904. Działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. — Warszawa: Drukarnia DUO, 2001. — 604 s.
  3. Jurkowski, Roman. Sukcesy i porazki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906-1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: Wydawnictwo Uniwersytetu WarmińskoMazurskiego, 2009. — 550 s.; Jurkowski, Roman. Wyobrażenia i rzeczywistość. Polscy panowie i białoruscy chłopi w świetle pamiętników ziemian i realiów kresowych drugiej połowy XIX — początku XX wieku / R. Jurkowski // Polacy i sąsiedzi — dystans i przenikanie kultur. — С II: Zbiór studiów pod redakcją Romana Wapińskiego. — Gdańsk, 2001. — S. 26-42.
  4. Zakład Narodowy im.Ossolinskich. Dział Rękopisów. 15413-II. Pamiętniki do 1939 r. Cz. 1. Karol Borysowicz. Białoruś jaką pamiętam.
  5. Kieniewicz, S. Dereszewicze 1863 / S. Kieniewicz. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1986. — 191 s.
  6. Kieniewicz, A. Nad Przypiecią dawno temu…: Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / A. Kieniewicz. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1989. — 557, [2] s.
  7. Zakład Narodowy im.Ossolinskich, Dział Rękopisów, 15560 — II, Iren z Lisowskich Hołyńska, Wspomnienia. Dwory na Kresach.


Аўтар:
С.М. Токць
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. — 2015. — № 1(88). — С. 48-52.

The nature of social relations between peasants and landowners in the eastern Belarus in the second half of XIX — early XX century is studied. After 1861 the landowners lost administrative and judicial power over the peasants. There were sharp socio-economic disputes between farmers and landowners. These disputes often generated conflicts. Landowners had valuable knowledge and technology. This knowledge and technology could play an important role in the modernization of the Belarusian village. Nevertheless, the cultural distance between landowners and peasants prevented from implementation of this opportunity.