Святы і таямнічы вобраз веткаўскіх ікон

0
1121
ікона, Ветка

Выствава традыцыйных веткаўскіх іконаў “Святы таямнічы вобраз” адкрылася ў Гомелі 4 красавіка.

Гісторыя іканапісных традыцый Гомельшчыны непарыўна звязаная з гісторыяй храмаў, па-большасьці разбуранных і занядбаных ў перыяд барацьбы з рэлігіяй. Гэтая выстава – спроба ўспомніць страчанае і вярнуцца да захаванага.

Іконы, прадстаўленыя на выставе ў асноўным паходзяць з паселішчаў Веткаўскага раёна і адносяцца да ХVІІІ – пачатку ХХ стст. Гэта абумоўлена не столькі перыферыйнасцю мясцовай культуры ў перыяд позняга Сярэднявечча й Новага часу, колькі складанасцю канфесійных абставінаў у нашым рэгіёне, а галоўнае, лёсам паселішчаў, што прайшлі праз войны і пажары апошняга стагоддзя. Гістарычная і канфесійная размаістасць культурных традыцый і сувязяў у рэгіёне абумовіла існаванне надзвычайнай шматстайнасці твораў іканапісу па іканаграфіі, тэхніцы і стылю. У іх выразна адбіліся этапы працэса ўзаемадзеяння праваслаўнага іканапісу з заходнееўрапейскім жывапісам. Найбольш паслядоўна гэта адбывалася ва ўніяцкім мастацтве: кананічныя сюжэты набывалі этнаграфічны характар, суправаджаліся побытавымі падрабязнасцямі, пры гэтым пераасэнсоўваліся вартасці светлаценевага жывапісу. У якасці ўзораў кампазіцый шырока выкарыстоўваліся гравюры з беларускіх ды ўкраінскіх друкаваных выданняў.

У іконах, напісаных сельскімі майстрамі праглядае спадчына беларускай школы іканапісу з яе рэнесанснымі рысамі, альбо традыцыя сармацкага партрэта…Так званыя бабіцкія абразы (па назве вёскі Бабічы Чачэрскага р-на дзе, па ўспамінах жыхароў здаўна пісаліся характэрныя творы і дзе адзначаны імёны апошніх майстроў) аб’яднаныя сістэмай тэхналагічных і мастацкіх прыёмаў, адмысловым творчым почыркам і агульнасцю найбольш распаўсюджаных іканаграфічных тыпаў.

Агулам у экспазіцыі прадстаўлена 36 ікон.

Спяшайцеся наведаць выставу, якая будзе даступная ўсім ахвотным з 4 красавіка па 20 траўня ў гомельскай мастацкай галерэі імя Г. Вашчанка (г. Гомель, вул. Карповіча, 4).

ікона, Ветка