Свята паэзіі ў Гарошкаве

0
1239
Сыс, Анатоль, Гарошкаў

Ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну ладзілася свята паэзіі «Дух — гэта, людзі, Я». Яно было прымеркавана да 51-й гадавіны з дня народзінаў слыннага земляка, паэта Анатоля Сыса.

Свята пачалося а 12-й гадзіне ускладаннем кветак да помніка Анатолю Сысу на гарошкаўскіх могілках. Тут пахавалі яго ў траўні 2005 году пасля заўчаснай смерці.

Сыс, Анатоль, ГарошкаўШлях да Сыса

Аддаць творцу даніну пашаны прыйшлі родныя, сябры, прыхільнікі творчасці паэта з Менску, Гомелю, Веткі, Рэчыцы, Светлагорску.

Сыс, Анатоль, ГарошкаўКветкі паэту (злева – сястра Тамара)

Ля магілы паэта сёлета пасадзілі арабіну.

Сыс, Анатоль, ГарошкаўАрабіна ў нагах

Родная сястра Анатоля Сыса спадарыня Тамара: «У Анатоля ёсьць верш „У нагах пасадзіце рабіну“. Вось гэтую арабіну мы й пасадзілі, як ён нам наказваў, на пятым годзе. Дзякуй усім! І ўсіх запрашаю на падворак да Анатоля Сыса. Прыходзце ўсе да нас».

Сыс, Анатоль, ГарошкаўПрыехалі, успомнілі

З могілак грамада накіравалася ў цэнтар Гарошкава, дзе ля чыста пабеленай роднай хаты ўжо з мэмарыяльнай дошкай паэту і працягвалася сьвята.

Сыс, Анатоль, ГарошкаўАдкрывае сьвята на панадворку Сяргей Сыс

Верш Анатоля Сыса «Дух — гэта, людзі, Я», які й даў назоў сёлетняй імпрэзе, чытае стрыечны брат паэта й цёзка па прозвішчы Сяргей Сыс:

«Я сынам сваёй Айчыны
Завуся да той часіны,
Як памяць бунтуе мая.
Дух — гэта, людзі, Я.
У шчасьці альбо ў самоце
Мне шэпчуць крыльцы ў палёце
Гарошкаўскага матыля.
Дух — гэта, людзі, Я».

Свята паэзіі на панадворку Анатоля Сыса ўжо ладзіцца шосты раз запар. І літаральна да кожнага з іх знаходзяцца новыя згадкі пра творцу, даследаваньні, успаміны. Знаходзяцца новыя вершы, пародыі. Адшукалася нават апавяданне, якое напісаў Анатоль ў маладыя гады.

Даследчыца з польскага Беластокскага ўнівэрсытэту Аліна Ваўранюк прысвяціла творчасці беларускага паэта магістарскую дысэртацыю: «Анатоль Сыс — паэт трагічнага лёсу».

Польскія кінадакумэнталісты знялі й фільм пра паэта, названы «Сыс пра Сыса». Фільм гэты сёння быў прэзэнтаваны ў Гарошкаве.

Вершы на панадворку Сыса чыталі Ларыса Раманава, Вадзім Болбас, Генадзь Лапацін.

Сыс, Анатоль, ГарошкаўВершы чытае Вадзім Болбас

Сыс, Анатоль, ГарошкаўСлова Ларысы Раманавай

Да свята выйшла й кніга Леаніда Галубовіча «Сыс і кулуары». Сам аўтар ня змог прыехаць сёння ў Гарошкаў. Але перадаў кнігу з сымбалічным надпісам: «У музей Анатоля Сыса ў Гарошкаве».

Сяргей Сыс: «За гады, што Анатоля няма, сабралася шмат рэчаў, шмат публікацый, зьвязаных зь ягоным жыццём. І яны могуць стаць асновай стварэння мемарыяльнага музею ў памяць Анатоля.

Сыс, Анатоль, ГарошкаўСлухачы на падворку. На першым пляне — сястра паэта Тамара

Музей быў бы й культурным апірышчам Рэчыцкага раёну, ён прыносіў бы гонар і славу. З іншага боку, гэта было б важна й для выхавання маладога пакалення. Бо Анатоль аддана любіў і вялікую радзіму — Беларусь, і свой Гарошкаў. Гэта важна з многіх бакоў. І таму ўладам трэба было прыгледзецца, пайсці насустрач і ўзяць спачатку гэты дом хаця б на баланс.

Сёстры гатовыя працаваць у музеі бескарысліва. Але спачатку трэба зберагчы гэты дом, гэтую спадчыну, якая засталася й кожны год узбагачаецца».

Сыс, Анатоль, ГарошкаўВыступае Алесь Бяляцкі

Грамадзкі дзеяч, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Бяляцкі лічыць, што Анатоль Сыс быў фенамэнальнай постаццю нашага супярэчлівага часу — і як паэт, і як грамадзкі дзеяч. Гэтае спалучэнне й дало плён у ягонай творчасці:

«Людзі любяць ягоныя вершы, людзі цэняць, я б сказаў так, тыя асноўныя рэчы, якія ён закладаў у сваю творчасць. Як мне падаецца, гэта павага да роднай мовы, да беларускай культуры. І гэта выяўленне такой свабоды асабістага „Я“ — таго, чаго зараз вельмі не хапае ў беларускім грамадзтве».

Сыс, Анатоль, ГарошкаўАнатолю быў бы 51 год.

________________________________

Па матэрыялах артыкула на Радыё Свабода.

Спасылка: http://www.svaboda.org/content/article/2205974.html