Свята беларускага Златавуста

0
1512
помнік, памятник, кирила туровский

Тураўская зямля можа ганарыцца тым, што яна сталася радзімай аднаго з самых знакамітых нашых праваслаўных святых – Кірылы Тураўскага. Актыўная місіянерская дзейнасць, распаўсюджванне хрысціянскай веры паставіла яго ў адзін шэраг са знакамітымі святымі старажытнасці.

Землякі ўшанавалі Кірылу Тураўскага паставіўшы яму на радзіме помнік 11 траўня 1993 года. З тых часоў у гэты дзень урачыста святкуюць у Тураве. Не стаў выключэннем і гэты год.

Ціхія

Няспешныя маленні…

Жыў без тлуму і благіх

спакус

Апантаны Богам летуценнік –

Тураўскі святы залатавуст.

В. Лукша

Патрыяршы Экзарх Усея Беларусі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт разам з іншымі прадстаўнікамі праваслаўнай царквы, вернікі як з самога Турава, так і навакольных гарадоў і вёсак, замежныя госці, неабыякавыя да веры і творчасці Кірылы Тураўскага – усе яны прыбылі ў Тураў у гэты дзень. 11 траўня 2012 года, акрамя таго, адзначалася і яшчэ адна святочная дата – 20-годдзе адраджэння Тураўскай Епархіі, таму менавіта сустрэчай каля помніка ў гонар тысячагоддзя Тураўскай Епархіі і непасрэдным ускладаннем кветак да помніка пачаліся ўрачыстасці гэтага дня.

Далей шэсце накіравалася да Замкавай гары, дзе на фундаментах старажытнага сабору Тураўскіх епіскапаў служыцца літургія ў гонар “Златоуста, паче всех воссиявшего на Руси”. Заканчваецца свяшчэннадзейства асвячэннем і закладваннем першай цагліны пад фундамент званіцы кафедральнага сабора ў гонар святароў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх, што пачаў будавацца яшчэ 11 траўня 2010 г. на Цэнтральнай плошчы.

Насамрэч, толькі і паспяваеш дзівіцца, калі ды адкуль паспела “набіцца” сёння ў Тураў столькі людзей?! Ды ўсё проста: “Свята ўшанавання памяці Кірылы Тураўскага – самае значнае для Турава. Збірае яно ў сваіх рамках не толькі жыхароў горада, але і вернікаў з-за мяжы. Гэта сапраўды свята рэспубліканскага маштабу. Не дзіва: ў такі дзень на святой зямлі і адчуваеш сябе ўзвышана”, – дзеліцца думкамі Наталля Барысаўна Волкава, удзельніца ансамбля “Залаты ўзрост”. Па словах жа панамара Тураўскага храма Ўсіх Святых Аляксандра, “для Турава дадзенае свята па значнасці роўнае Вялікадню” (!). Менавіта гэта ў пэўнай ступені і з’яўляецца фактарам з’яднання нацыі, фактарам фарміравання яе духоўнага ядра.

У сваю чаргу значнасць свята тлумачыць можна значнасцю асобы Кірылы Тураўскага – славутага старажытнарускага пісьменніка-прапаведніка, царкоўнага дзеяча, майстра аратарскай прозы. Так, нарадзіўся будучы валадар слова каля 1130 года ў Тураве ў сям’і багатых мяшчан і ўжо ў дзесяцігадовым узросце, атрымаўшы высокую па тым часе адукацыю, пайшоў у манастыр паслушнікам, пасля чаго пастрыгся ў манахі пад імем Кірыла. Да 1147-1148 г. можна аднесці пачатак затворніцтва Кірылы Тураўскага, які, умураваўшыся ў каменную вежу, еў толькі чорны хлеб, піў ваду, чытаючы Святое пісанне і малітвы. Прыкладна ў 1159 годзе Кірыла быў абраны Тураўскім епіскапам. Апошнія гады правёў у Барысаглебскім манастыры. Пахаваны на Барысаглебскіх могілках. Ён пакінуў на беларускай зямлі надзвычай глыбокі след, багатую духоўную спадчыну, над якой непадуладны час. Ёсць, дзе павучыцца, ёсць, чым ганарыцца.

Адзінае, што можна запісаць у “выдаткі” свята, гэта, відаць, і ёсць тая вялікая колькасць народу, з-за чаго даступіцца да пункту агляду падзей не так і проста. Але хай лепей так, чым духоўнае бязвер’е. Што да магчымых змен у правядзенні свята, то, па словах начальніка аддзела культуры Жыткавіцкага раёна Сяргея Віктаравіча Агіевіча, “дадзенае свята – духоўнае, таму і змены варта рабіць пры ініцыятыве царкоўных служак, паколькі не заўсёды запланаваная культурная праграма можа быць да месца”.

Пісьменнік Васіль Зуёнак на адкрыцці помніка Тураўскаму епіскапу ў 1993 годзе назваў Кірылу “геніем духа і геніем слова”. Кірыла  Тураўскі жыў восем стагоддзяў назад, але яшчэ тады заклікаў свой народ да духоўнага адзінства, да ўсведамлення, дзеля чаго чалавек прыйшоў на зямлі і які след пакіне на ёй…

Аўтар: Марына Давідзюк

Фатаздымкі аўтара