«Свяча». Абрадавыя дзеі свята ў этналінгвістычным аспекце. Фрагменты аповедаў

0
657
Свяча. Абрадавыя дзеі свята ў этналінгвістычным аспекце. Фрагменты аповядаў

Багаты духоўным зместам, напоўнены вялікай разнастайнасцю абрадавых дзеяў, абрад «Свячы» упершыню згадваецца ў «Іпацьеўскім летапісе» пад 1159 г. У працы «Опыт описания Могилёвской губернии…» чытаем: «6 декабря. Святого Николы Чудотворца. Почти в каждом селении «отправляют» Свечу; у того или другого хозяина, по очереди или по собственному желанию, совершается молебст­вие и затем следует угощение — «гуляюць микольшчыну» — свечные молебствования или Свеча» [1, с. 520]. Некаторыя звесткі пра «Свячу» прыводзіў У. Дабравольскі ў часопісе «Этнографическое обозрение» (1890, № 4). Увогуле ж, апісанні абраду «Свяча», нягледзячы на яго вялікую распаўсюджанасць, у этнаграфіі XIXXX стст., творах мастацкай літаратуры — беларускай, украінскай, рускай, за рэдкім выключэннем, амаль невядомыя па зразумелых прычынах.

У аснове свята ляжыць пакланенне агню як духу продкаў, пасля прыняцця хрысціянства— пакланенне агню Боскаму, хрысціянскаму праз зварот да Ісуса Хрыста, Маці Божай, да святых угоднікаў і угодніц.

«Свяча» — гэта назва ўсяго абраду і самой іконы. Раз на год яе пераносілі з ха­ты ў хату. Пра гэта дамаўляліся загадзя. На працягу некалькіх гадоў «Свяча» «абыходзіла» усю вуліцу. У вёсках звычайна было некалькі іконаў-«свеч», якія біл­лі «сваімі» для вяскоўцаў, абаронай ад няшчасцяў. Іншы раз узнікала забарона аддаваць ікону-«свячу» у суседнюю вёску. Калі ж яе не забіралі ў іншы дом, яна за­ставалася ў адным доме на працягу некалькіх гадоў.

Святкуюць у асноўным так. Напярэдадні пераносу «Сьвячы», увечары, да бы­лых гаспадароў «Свячы» прыходзяць вяскоўцы, моляцца, спяваюць акафісты, псальмы, духоўныя вершы, вячэраюць і разыходзяцца. На другі дзень, раніцай, з 8 да 12 дня святар правіць службу. Калі яго няма, гаспадыня дома (ці гаспадар) чытае малітвы, Псалтыр. Пасля гэтага ікону-«свячу» і свячу васковую, з «адзёжкамі» выносяць з дому. Наперадзе грамады ідзе чалавек, які нясе запаленую свечку. По­бач нясуць хлеб-соль на ручніку. Ад ганку да варот дарогу засцілаюць палатном, ручнікамі. Менавіта над імі асцярожна нясуць ікону — вобраз Збавіцеля, Маці Бо­жай або святога, чыім агнём (Святым Духам) былі аблашчаныя гаспадары дома на працягу года. Калі нясуць ікону, хворыя людзі падлазяць пад ікону, каб вылечыцца. На шляху «Свячы» гаспадары асобных дамоў (хто хоча) ставяць аброчныя сталы. Шэсце спыняецца каля іх, прамаўляюцца малітвы. Гаспадары частуюць усіх хлебам-соллю, півам ці гарэлкай, рознымі стравамі.

Падчас пераносу «Свячы» вясковую вуліцу ўсцілаюць жытняй саломай. Гэтая салома — лекавая: у ёй параць ногі, мыюць галаву. Кідалі на дароіу таксама кветкі (в. Глыбаўка), лён (в. Пералёўка), «ёлачкі» (в. Барталамееўка).

Новыя гаспадары, якія прымаюць да сябе на год «Свячу», сустракаюць яе каля варот. Былыя і новыя гаспадары «Свячы» абменьваюцца хлебам-соллю, «знаймаюцца» — кладуць паклоны, цалуюць ікону, хрысьцяцца, цалуюць адзін аднаго. На двары ікону тройчы абносяць вакол вынесенага стала. І зноў, па засцеленым на зямлі ручніку ікону-«свячу» урачыста нясуць у дом, ставяць у Чырвоным Куце. Гаспадыня ўпрыгожвае яе сваім новым ручніком. Вяскоўцы заходзяць у хату, абракаюцца каля «свячы» — кладуць на стол свае дары-аброкі (палатно, ручнікі, хусткі, свечкі, грошы, яйкі), просяць здароўя сабе і сваім блізкім. Прамаўляюцца малітвы. Пасля гэтага гаспадары запрашаюць усіх за стол.

Цэлы год ікона-«свяча» знаходзіцца ў Чырвоным Куце або стаіць блізка каля яго ў невялікай дзежцы з жытам. Жыта з-пад «свячы» — цудадзейнае: ім засяваюць, даюць хворай жывёле.

Адначасова з назвай «ікона-свяча» існує тоесны выраз: «аброчная ікона». Та­кой іконай магла быць любая. Яе заказвалі іканапісцу, асвячалі ў царкве, а затым прыносілі ў дом. Людзі забіралі іконы да сябе пасля разбурэння цэркваў у 1920-1950 гг. Многія з іх набывалі значэнне аброчнай іконы -«свячы».

У Веткаўскім раёне супрацоўнікамі ВМНТ выяўлена болей за 70 іконаў-«свечаў» (успаміны аб іх існаванні або канкрэтная наяўнасць). У іх ліку: 15 — з вобразам св. Юрыя, 49 — з вобразам св. Міколы, ды іншыя.

Часта побач з іконай-«свячой» цэлы год стаіць даволі вялікая васковая «свя­ча», амаль нябачная з-за шматлікіх спаднічак, што адзяюцца адна на адну. Той, хто абракаецца, г. зн. бярэ ў свой дом ікону, шые адзенне (спаднічку, фартушок) для васковай «свячы». Але па дамове адзенне можа пашыць іншы чалавек, які хоча абракнуцца.

Васковая свяча (або рытуальны комплекс «свячы») — гэта адначасова язычніцкі агмень і хрысціянскі алтар. На «удоўскай» Юр’еўскай «свячы» і «свячы» «Пакроў Божай Маці» з вёскі Красная Буда Добрушскага раёну Гомельскай вобласці гаспадыні запальваюць чатыры невялікія свечкі, замацаваныя на кутах невялікай скрыні. Пасярод свечак стаіць лампадка. Чатыры невялікія крыжыкі — сімвалы агню, нябеснага святла мае узор «сьвятачы», які часта размяшчаецца на цэнтральнай паласе ручнікоў казацка-балсунскай традыцыі ткацтва (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі раён). У гэтай жа мясцовасці, непадалёк ад в. Свяцілавічы, зна­ходзіцца Каменная (Серыкава, Чортава) rapa — помнік археалогіі ХІ-ХІІ стст. Па­водле археалагічных дадзеных, на галоўнай пляцоўцы Каменнай гары існавала свяцілішча, дзе, несумненна, адбываліся язычніцкія абрады ўшанавання агню.

Іншы раз васковая «свяча» нагадвала аблічча чалавека: «Вёска Пацёсы, «Сьвечы»: Ілля і Прачыстая… Дзьве аброчныя іконы хадзілі са «сьвячой». «Сьвяча» вя­лікая, зьверху — вужэй, унізе — шырэй. З воску ляпілі палкі, як рукі. Гузікі або манеты ўціскалі ў воск, як вочы» [2, с. 4]. «Была старынная «Сьвяча» калісь, высо­кая, таўсценная. Па баках выляплялі з воску, як рукі. «Сьвяча» гэта прама як дзед была». [3, с. 14]. Паверх спаднічкі (фартушка) на Юр’еўскай «свячы» з пасёлка Заляддзе (Веткаўскі р-н), нібы ў жанчыны, нанізаны чырвоныя пацеркі, побач — невялікі драўляны крыжык, абразок.

«Свечы» часта ўпрыгожваюць кветкамі, папяровымі або «жывымі». Васковую «свячу» з былой вёскі Закружжа (Веткаўскі р-н) аздаблялі палявымі кветкамі — медуніцай, васількамі, канапелькамі, лёнам, вузкімі каляровымі стужкамі, а такса­ма — жытнімі каласамі. Дарэчы, адно з самых архаічных параўнанняў чалавека (дзіцяці) — гэта параўнанне з коласам: — «Жывуць аны, жывуць, дай убраўся царскі сын у другое панство і пакінуў ее, жонку, брэменну. От, ана і абродзіласе і якраз родзіла дванадцаць сыноў як колосоў, в лобе месяц, в потыліцы звезда, па локці ў золоце, а по колена ў срыбром» [4, с. 129].

Хаты вяскоўцаў, у якіх выпраменьваюць свае святло «Свечы», пераўтвараюцца ў своеасаблівыя цэрквы. Да іх прыходзяць усім мірам. «Свечы» з вобразамі свя­тых і нябесных воінаў — Юрыя, Іаана-воіна, Архістраціга Міхаіла — адзін з най­больш дзейсных сродкаў у абароне ад бяды, «руінаў» і разбурэнняў: «У Сівенцы «Свяча» была Юрый. Я брала «Свячу», калі сын у армію ішоў. Абракнулась: пакуль будзе служыць, ікона будзе стаяць у мяне» [5, с. 12]. «У нас Бог жыве. Мы просім Бога, каб на зямлі ўсё ў парадку было» [6, с. 20], — кажуць жанчыны-«самасёлы» вёскі Глыбаўка (Веткаўскі р-н). «Сьвяча» ці народам, ці Богам суджана», — сцвярджаюць у Неглюбцы. На «Свячу» збіраюцца старыя і малыя, бедныя і багатыя, — агонь «Свячы» свеціць аднолькава для ўсіх. У гэтай прасторы гучаць духоўныя спевы, псальмы, аповеды, у якіх ушаноўваюцца святыя, іх подзвігі і цуды.

У фрагментах аповедаў выдзелены тэрміны, праз якія раскрываецца змест абраду.

Ета, шчытай, удава. Яна абраклася і ўзяла «сьвячу» удоўскую. Іе зьдзелалі посьлі вайны. Я вам кажу, як я забірала — нясла гародамі. Вот. У чысьценькі настольнічак, у чысьценькую салфетачку… прынясла ікону. Ета ж во — пасярод стаіць — далжна ідці са сьвятыняй. Ета хто забіраць хоча — дак ікону і сьвятьшю. Ікону я пашла ўдзень забрала, тожа — у чысьценькую салфетачку, прыняс­ла… Есьлі абракаюцца, хто хустачку прынясе, паложа і забярэ. Хустачка ляжыць месяц (каля «сьвятыні» — драўлянай скрыні, па кутах якой разьмешчаны чатыры васковыя сьвечкі, тут жа — кветкі і лампадка. — Л. Р.), і забіраюць, і сьпяць, і носяць. І сьпяць дажа ў етай хустачцы [7, с. 37].

Ета— удоўская «Сьвяча». Я сорак дней на каленях і сорак начэй малюся за ўдоў.

…Я падыйшла, такая бальная… Думаю, вазьму эты мацерыял, і пабяру, і павяжуць. Мо ня буду балець. У міне ж баліць усё — і косьці, і ўсё. Хандроз еты му­ча міне страшна. І я во — і ногі папавязывала, во… Ета мне так ува сьне было ска­зана. І я ўзяла еты мацерыял, і людзям падавала, хто бальны. Так пабралі людзі, да пазавязывалі. Калі ня грэбуіш — так вазьмі лентачку. Завяжы — ці рука забаліць, ці нага забаліць, так павязуйся. Завяжы матузачку, калі рука баліць. Разьдзярыце на дзьве палавінкі— будзе табе і табе… Не давай толькі нікому. Даваць не да­вай — толькі сабе і мужыку, людзям не нада. — А дзецям? Дзіцям можна. Толькі ж сваім… Медальёнчыкі (павешаныя на васковай «сьвячы». — Л. Р.) — ета я куп­ляла ў Крупецкай цэркві, павесіла. Думаю, як умру, вазьму с сабой медальёнчык адзін. Мне ўжо восемдзесят гадоў, я стары чалавек.

… Георгій — на іконцы. Ета ж — мяртвы. Ён жа ж — ісцаліцяль… Ён жа ж ісцаляў храмых, сьляпых, усякіх. Маліўся…

Чорная лентачка — ета ўчора прынясьлі, забяруць яны. Красную лентачку — цераз месяц, кажа, прыду, забяру.

«Сьвяча» стаіць гадоў пятнаццаць, як і мужык умер. Да таго ў бабкі старэнькія була. Умерла тая бабка. Тыя людзі ўжо пазьміралі, што мой год, да і старшы, што іе дзелалі. Нашы людзі, красненскія.

— Для чаго «Сьвячу» дзелаюць? — Ета, шчытай, удава. Яна абраклася і ўзяла «сьвячу» ўдоўскую. Я ўжо ат іе забрала. Ужо пайшла я па цэрквах хадзіць, стала пець…

— Зерне Вы прыносіце на «Сьвячу»? — Была я маладзейшая, так дзелала, атпраўляла «Сьвячу». Служэніе дзелала, атчытывала, атпявала. Дак зярно станавіла. І хлеб рэзала, крошачкамы. Ну, і забіраюць ета ўсё, людзі забіраюць, і кароўкам даюць. Ну, есьлі хазяйства ў цібе якое є. — Каб малака многа было? — ІІІтоб ні балела ні кароўка, нічога, хлебец крышыла… Каб у каровы малако не забіралі… [8, с. 37а, 38, 75].

У Краснай Будзе — «Сьвяча» на Пакровы… Калі абракаешся на «Сьвячу» у панядзелак, то па жызьні ета будзя аброчны дзень, поены. [9, с. 35].

(«Сьвечы») усе зьвяліся, адна ў мяне асталася. Багата было: Мікола вясеньняя, Казаньская была. Тады было Ушэсьця, тады Тройца, вясеньняя — без шапкі, зімняя — у шапцы — два Міколы. Быў Ільля Прарок. Міколу ў цэркву атвязьлі залетасьць. Ікона Божая Мацерь была, ой-ё-ёй! Тады Макавей быў, Міхайла быў — у Баўсунах. А тут толькі Юрій быў, да Мікола была, у Залядзьдзі. Кінулі, ніхто не ўзглянуў, дзетачкі… Іван-воін быў. Парастранжырылі.

(У Фяськовай— Л. М. Мазейка) — Георгій. Брала ў Балсунах, дваццаць сем, ці дваццаць восем гадоў (назад). Кожны ж раз я канон і акахвіст чытаю. Усі празьнічкі служым. Усі, колькі празьнікаў, усё ў мяне молімся.

Быў чалавек, ён памёр ужэ, выняс ікону, а прынёс дамой. А бабы кажуць: «Да­вай «Сьвячу» во ету зьдзелаем»… Тады яны папрасілі — ён станок зьдзелаў, еты чалавек. Паставілі. К таму чалавеку прынясьлі іконку малую, дзеравянную. Мала дзіця аб’явіла, што — «Прыходзьце к нам на «Сьвячу». Ну, людзі давай сабірацца.

I, як «Сьвяча» згатуецца, чалавек бярэ і (стукає): «Ай, чу-чу, каму ета «Сьвяча», каму нясом «Сьвячу». Таму й таму. Абвяшчае хазяін: «Івану, ці Ра­ману». Бралі. Дажа й біліся за «Сьвячу». I тэй хоча, і тэй хоча. Каму дастанецца «Сьвяча», рашалі разам. От ці бальны, ці дзіцёнак, ці сам. Чалавек пяць зразу аб’яўляецца, што «Я вазьму, ты возьмеш». Ішла яна чярёдна. Забіралі чэраз год. У мяне дваццаць гадоў, таму што нікому не нада.

«Сьвячу» як пераносяць, нясуць два мужчыны па палатну да варот, а там ужэ салома. Хоць і ў Баўсуны, так тожа саломай патрусяць. ІІІлі пасярэдзіне вуліцы. Ад дома да дома. Там тожа ўстрэчаюць «Сьвячу», расьцілаюць палатно. А як ня­суць «Сьвячу», дак бальные да ўсякія — яны падымяць «Сьвячу», дак тыя падпаўзаюць пад яе… Тады шчэ прыцісьняць трошкі. На галаву. Падлажаюць збоку. Сагнецца, і папаўзе, і папаўзе. Яны на каленках стануць, а яны перанясуць над імі. А тады нясуць у хату, пастаўляць на стол… і доўга чытаяць. Чытаяць і «Кандак», і «Трапар». Хазяін еты нясе хлеб, уматаны ў платок які, ці ў уцірку, на стол кладзе, а яму тэй, другі, дає хлеб. Памяняюць хлеб [10, с. 48, 52-54].

Пасьцеляць палатна так лоўка, доўгае… I саломы, пряміцы жытнія (салома з першага снапа— Л. Р.), пад палатно пасьцеляць. Па етай саломе і палатну ідуць, нясуць «сьвячу» пряма к хрэсту…

І пад «сьвячу» падводзілі, пад ніз. Дзеўкі «сьвячу» нясьлі, учатырох, ня бабы, а дзеўкі. Некаторыя, можа, ад хвараты, ці ад чаго, падвядуць (праходзяць пад «сьвячой» — І. Ю. Чыжова), і так — тры разы [11, с. 65].

Кагда Міхайла ўвосянь ходзя, назаўтра — Скорапаслушніца. Яна хадзіла па пасёлкам, людзі бралі. Калі ў пасёлку, маглі і суседзі браць — і ў суседнія пасёлкі, хто абрякнецца. Гэта ж Скорапаслушніца. Есьлі каму якое няшчасьце случаецца, ён ету ікону абрякае і бяре. [12, с. 53].

Я помню, чаго прыабралі ету «Сьвячу» сьвяціцеля Нікалая. Ета было ў дальніе ўрэмена. Хацелі купіць землі. Харашо старгаваліся. І вот палучылісь купчые. Людзі былі давольные… Згарэў пан. У яго была два Нікалая. І пан прэдлажыў людзям: «Бярыце ету землю. Будзіця міне памінаць». У чэсьць етай купчай купілі ікону і зьдзелалі абрадным празьнікам… І етай дзірэўні ета была ікона. І кажды год сталі іе пераносіць друг к другу… Абычай такі быў, што ікону нельзя несьць па голай зямле. Сьцялілі палаценцы… сьцялілі палатно. Сьцялілі халстовае… Устрэчаліся ў дварах. Цалаваліся хазяева, уносілі хлеб-соль і ікону. Уперадзі ішоў хазяін с хазяйкаю, сьледам нясьлі падсьвечнік, тады ўжо ікону. Старыя хазяева нясьлі хлеб-соль. Ікону-«сьвячу» нясьлі людзі, і дажа мянялісь дарогай. Нясьлі дзяўчата. Вот падсьвечнік мог парэнь нясьці. А ікону нясьлі толькі дзяўчаты. На падсьвечніку ўнутры была бальшая сьвяча, па баках — дзьве маленькіх… Ета шчытаіцца як фартух, а ета — юбка. А там — ножкі ўсё. А ета накідваецца ўвіду фаты. А там — вянок. Есьлі на другі год пераносіць к другому хзяіну, то ён купляў новую адзёжу і вянок. Сьвечкі і дзеньгі нясьлі, цалавалі ікону… [13, с. 2]

У Габраўцы «Сьвяча» была Пакравея. І на Скачку дзяржалі ікону Пакравею. Красівая была. Усё ў нас спраўлялі. На «Сьвячу» хто што клаў: хто — палаценца, хто платочык, хто грошы пакладзе… Зьвечара малітвы чытаюць, і ўраньні. Знаймаюцца: падходзяць, хрысьцяцца, цалуюць ікону… Проціў іконы на стале ставілі сьвечку. На сьвечку надзявалі занавескі. Абракаліся…У Дусі — абракалася яна — дзірвянная была ікона. Апостал. У іе быў абед... Дзеўкі іе, дочкі, усё малітвы чыталі, усё расказалі. Сын іе паставіў капліцу. Абсальмы — песьні называюцца [14, с. 61].

У нас была ікона. Іе к нам перанясьлі. Яна была пірахадзяшчая. Узялі мы іе ў трыццаць дзевятым гаду. I стаяла яна ў нас да сорак трэцьцяга года…

«Будзёньнікі» (ручнік, вытканы за адзін дзень, або суткі («абы дзень». — Л. Р.)) етыя нікуда не панясуць. Яны вот, калі «сьвечы» пераношаюць, так сьцелюць ету дарожку (будзёньнікамі сьцеляць. — Л. Р.)— Ага. I ета… кагда дожч, так яны рэчку перасьцілалі. Намочуць у рэчку. Ён жа рэдкі, палатно, абыкнавеннае палатно… Метраў пяць яго выткуць… Там, ідзе будзе «Сьвяча», там будзе й будзёньнік… У нас «Сьвяча» стаяла, і будзёньнік сюды заносілі. А кагда ужо ета выходжаюць, атношаюць вікону ат нас, ужо палаценцы сьцелюць… Палотны свае собственные дамой забіралі, а ета ўжо пераходзіла са «Сьвячой».

Аброкі насілі. У нашай у маткі было пяць дзевак. Ну, яна пашла у цэркаў, купіла платочык і паслала пад Плашчаніцу…Ну, яна сказала ўжо, абракаюся, мол, каб у міне радзіўся сын. У іе радзіўся сын. І ён гадоў пяць, наверна, пяць назад, як умер. Быў з шаснаццатага года. Дак ён усё на матку абіжаўся: «Зачэм ты абракала­ся на міне? Аброчныя дзеці, гавора, нешчасьлівыя. Ну дак, а матка гавора, што шчасьця — шчасьця імея чалавек сам…

У нас во тут, йдзе гара, дак тут былі раскрэсы. Многа вешалі аброкаў. А патом іх ужо возьмуць, прададуць… Тытары былі, дак яны ўжо прадаюць етыя палаценцы. Ім ужо няма граха, затым ужо, што яны купляюць сьвечкі, або аддадуць, вікону купяць. Вот етыя… і грошы кладуць (той, хто абракаецца, кладзе грошы каля аброчнага крыжа. — Л. Р.). Яны (тытары. — Л. Р.) вікону купяць, у цэркаў паставяць… Ета, прымерна, вот на «Сьвячэ»…. дак яны езьдзяць дні за тры, па дзірэўні, па етай вуліцы, і па етай:» Што вы, мол, падаруеце «Сьвячэ?» Хто грошы дасьць, і лён давалі, і ета, хто што… хто зь яды што даваў. А тады яны ўжо пазьбіраюць, на кані езьдзяць, той — па той старане, а еты — па етай. Назьбіраюць многа чаго. І картошку, і муку, і зерняты давалі… А тады яны ўжо аб’яўляюць: «Хто што будзя купляць?»Людзі сабяруцца, за ета заплоцюць грошы. Яны ўжо паедуць на базар там, ці ў магазін. Бралі рыбу, сахар, і прывозілі ўжо… Варылі — як іе называлі? — сыту. Зь яблак. I сахару туды дабавяць. Хлеб бралі — што ўжо на абед. Тады ўжо спраўлялі абед. Уся дзірэўня ішла [15, с. 21, 23, 24].

Заўвагі

  1. Дембовецкий А. С. «Опыт описания Могилёвской губернии въ трёхъ книгахъ. Составленъ по программ и под редакціею А. С. Дембовецкого» (Книга 1. Могилёвъ на Днепре), 1882, с. 520.
  2. Экспедыцыйныя матэрыялы Веткаўскага музея народнай творчасці (далей — ЭМ ВМНТ), сш. 58, 59, с. 4 Паводле Аляксандры Аўрамаўны Булановіч, 1931 г. н., Віктара Аляксеевіча Булановіча, 1932 г. н., в. Пацёсы Веткаўскага р-ну Гомельскай вобл., 14. 09. 1995 г. зап. Г. А. Лабацкая.
  3. ЭМ ВМНТ, сш. 58, 59, с. 14. Паводле М. А. Драбышэўскай, 1913 г. н., в. Ухова Веткаўскага р-ну, 26.09.1995 г. зап. Г. А. Лабацкая.
  4. Беларускі казачны эпас. Склад. У. В. Анічэнка. Мн, 1976, с. 129. Аўтар прыводзіць фрагмент казкі «Царскі сын», якая была запісана Эмай Дмухоўскай у XIX ст. у в. Ужынец Рэчыцкага павета. Гэтая казка сюжэтам нагадвае «Сказку о царе Салтане, о сыне его славном и могучем богатыре князе Гвидоне Салтановиче и о пре­красной царевне Лебеди» А. С. Пушкіна. У казцы «Царскі сын» некалькі разоў згадваецца слова «гіляра» (галера). У XVIII ст. галеры і стругі будавалі пераважна ў басейне Дона і Верхняга Дняпра. Пры падрыхтоўцы «Истории Петра» А. С. Пуш­кін піша: «Сверх воронежской Пётр устроил другую верфь в Брянске на реке Дес­не, на коей строились галеры». Згадваецца 1696 г. (Паводле: «Галерный двор». Я. Соколов, часопіс «Літературний Чернігів», 2 (26), 2004, с. 158). Ёсць сэнс сцвярджаць: казка «Царскі сын» была добра вядомай у XVIII ст. у Магілёўскай губерні, адкуль родам Арына Радыёнаўна, няня паэта. А таксама можна пераканацца ў тым, наколькі моцнай бывае паэзія, калі ў тэкст трапляюць фальклорныя матывы.
  5. ЭМ ВМНТ, сш. 58, 59, с. 12. Паводле Аксінні Фёдараўны Шапавалавай, 1927 г. н., в. Чырвоны Кут Веткаўскага р-ну, 19.09.1995 г. зап. Г. А. Лабацкая.
  6. ЭМ ВМНТ, сш. 96, с. 20. Ад групы жанчын з в. Глыбаўка Веткаўскага р-ну, зап. на Ушэсьце, 8.06.2000 г. Л. Д. Раманава, Г. І. Лапацін.
  7. ЭМ ВМНТ, сш. 76, с. 37. Ад Тацяны Іванаўны Маісеенка, 1923 г. н, в. Красная Буда Добрушскага р-ну Гомельскай вобл., зап. 14.08.2001 г. Л. Д. Раманава, Г. I. Лапацін.
  8. ЭМ ВМНТ, сш. 76, с. 37 а, 38, 75. Ад Т. І. Маісеенка, в. Красная Буда Добрушскага р-ну, зап. 13.02.2002 г. Л. Д. Раманава, Г. І. Лапацін
  9. ЭМ ВМНТ, сш. 76, с. 35. Ад Ніны Міхайлаўны Бондаравай, 1947 г. н., зап. у Ветцы 11.08.2001 г. Л. Д. Раманава.
  10. ЭМ ВМНТ, сш. 47, с. 52-54. Ад Фяськовай Алены Кандратаўны (1914-2000 гг), в. Заляддзе Веткаўскага р-ну, 6.06.1998 г. зап. Л. М. Мазейка, Л. А. Новікава.
  11. ЭМ ВМНТ, с. 62, с. 65. Ад Чварковай Еўфрасінні Паўлаўны (1915-2002 гг), пас. Ляда Веткаўскага р-ну, зап. 4.06.1998 г. I. Ю. Чыжова.
  12. ЭМ ВМНТ, сш. 62, с. 53. Ад Чварковай Еўфрасінні Паўлаўны (1915-2002 гг), пас. Ляда Веткаўскага р-ну, зап. 4.06.1998 г. I. Ю. Чыжова.
  13. ЭМ ВМНТ, сш. 4 (відэа), с. 2. Ад М. X. Аўсяйковай, 1936 г. н., в. Юркавічы Веткаўскага р-ну, зап. 7.06.1997 г. Г. А. Лабацкая.
  14. ЭМ ВМНТ, сш.70, с. 61. Ад К. Я. Язерскай, 1913 г. н., зап. у Ветцы 30.09.2002 г. Л. Д. Раманава.
  15. ЭМ ВМНТ, сш. 70, с. 21, 23, 24. Ад Сцепаніды Рыгораўны Дзеньдобрай, 1914 г. н., в. Навілаўка Веткаўскага р-ну, зап. 7.09.2000 г. Л. Д. Раманава, Г. І. Лапацін.

Аўтар: Ларыса Раманава
Крыніца: Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся: Матэрыялы другой Міжнароднай навуковай фальклорна-этналінгвістычнай канферэнцыі Мінск, 14-15 красавіка 2005 г. / Уклад. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: БДУ, 2005. — С. 295-300.