Свой след на зямлі (Барыс Іванавіч Сачанка)

0
3072

Ён адзін з самых вядомых пісьменнікаў Беларусі. Імя Барыса Іванавіча Сачанкі ўпісана ў гісторыю беларускай нацыянальнай культуры. Пражыў Барыс Сачанка толькі 59 гадоў. Але за гэтыя гады, якія адвёў яму лёс, Барыс Іванавіч паспеў зрабіць шмат. Праўда, вялікая колькасць ідэй і задум так і засталіся не рэалізаванымі. Творца не паспеў іх здзейсніць.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 15 травеня 1936 года ў в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Бацька, Іван Мікалаевіч, працаваў у хімлясгасе; маці, Вера Міхайлаўна, хадзіла на работу ў калгас, але больш мусіла клапаціцца пра дзяцей, якіх у сям’і было сямёра. Б. Сачанку не было і шасці гадоў, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. У 1943 годзе фашысты спалілі Вялікі Бор, у агні загінула 128 аднавяскоўцаў, астатніх жахароў вёскі вывезлі ў Нямеччыну. Сям’я Сачанкаў аказалася ў ліку тых, каго вывезлі ў Германію. Апынуліся Сачанкі на ферме нямецкага землеўласніка, дзе працавалі да самага вызвалення ў травені 1945 года. Потым быў лагер перамешчаных асоб, прапанова ехаць у ЗША. Але Сачанкамі валодала жаданне хутчэй вярнуцца дамоў, на Палессе. Трагедыя маленства праходзіць амаль праз усю творчасць Барыса Іванавіча. Убачанае і перажытае Барысам Сачанкам яшчэ дзіцёнкам, знайшло сваё адлюстраванне ў творах “Чужое неба”, “Апошнія і першыя” “Палон” і інш.

У 1945 г. Барыс Сачанка пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі, а пасля заканчэння Хойніцкай сярэдняй школы, дзе вучыўся яшчэ адзін славуты сын Гомельшчыны Іван Паўлавіч Мележ, у 1955 г. паступае на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1960 годзе. Пад час вучобы падпрацоўваў карэктарам у рэдакцыі часопіса “Вожык”. Друкаваць свае творы Барыс Сачанка пачаў яшчэ будучы студэнтам. У 1956 годзе часопіс “Маладосць” надрукаваў апавяданне “Плынь”. У сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімамі І. Сібарсач ці Р. Сібарсач змяшчалі ў “Вожыку” вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі.

Барыса Іванавіча ведаюць не толькі як цудоўнага празаіка, але як ікрытыка, публіцыста, перакладчыка, актыўнага грамадскага дзеяча, які, не шкадуючы сваіх сіл і здароўя, працаваў на адраджэнне нашай Бацькаўшчыны. Так, Барыс Іванавіч Сачанка адным з першых пачаў даследаваць літаратурную творчасць беларускай эміграцыі, рэпрасаваных пісьменнікаў, грамадска-літаратурны рух 1920-30-х гадоў. Апублікаваў са сваімі каментарыямі малавядомыя ці зусім невядомыя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Казіміра Сваяка, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Клішэвіча і інш.

Творы Барыса Сачанкі перакладзены на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, французскую і іншыя мовы.

Жыццё гэтага чалавека абарвалася раптоўна. 5 ліпеня 1995 года Барыс Іванавіч памёр у сваім рабочым кабінеце. Нашы продкі лічылі за гонар памерці на ратным полі. Барыс Сачанка памёр як ваяр, абараняючы родную мову, робячы ўсё магчымае дзеля яе захавання і распаўсюджвання. Пахаваны на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Мінску.

Барыс Іванавіч Сачанка (15.5. 1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 5.7.1995), бел. пісьменнік. Брат І.І. Сачанкі. У 1943 з бацькамі вывезены ў Германію. Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Полымя», сакратаром Саюза бел. пісьменнікаў, у выд-ве «Мастацкая літаратура». У 1993—95 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкаваўся з 1956. Першы зб. прозы «Дарога ішла праз лес» (1960). Чалавек на вайне, жыццё вёскі, маральна-этычныя дачынненні людзей — тэмы ранняй творчасці. Гіст. мінулае палескага краю раскрыта ў аповесцях «Варэйка Золата» [1964), «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976). Пра Вял. Айч. вайну аповесці «Палон» (1962), «Пакуль не развіднела» (1965), «Апошнія і першыя» (1966), «Аксана» (1968), раман «Чужое неба» (1975). У трылогіі «Вялікі лес» (1979-83) асэнсаванне прац. і ратнага вычыну народа ва ўмовах акупацыі. Тэма Чарнобыля ў «Запісках аб радыяцыі» (нап. 1986— 90), аповесцях «Родны кут» і «Еўка» (1987). У творах “Не на той вуліцы” (1974) і «Запіскі Занядбайлы» (1977), «Без пяці мінут «прахвесар» (1983) выкрываў мяшчанства, прыстасавальніцтва, графаманства, розныя аспекты побыту гараджан. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1982 за кн. прозы «Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1978), Літ. прэмія імя І.П.Мележа 1991 за кн. крытыкі і публіцыстыкі «Сняцца сны аб Беларусі…»(1990). Апублікаваў са сваімі каментарыямі малавядомыя або невядомыя творы Я. Купалы, Я. Коласа, В. Ластоўскага, К. Сваяка, Л. Геніюш, У. Жылкі, А. Салаўя і інш. Склаў зб. паэзіі бел. эміграцыі “Туга па Радзіме” (1992), кн. ўспамінаў “На суд гісторыі” (1994) і інш. На бел. мову пераклаў аповесць Я. Гуцалы “Школьны хлеб”, П. Андрэева (П. Абрасімава) “Аповесць пра майго сябра”, кн. апавяданняў і аповесцяў І. Андрыча “Трывожны год”, п’есы А. Салынскага, А. Галіна і інш.

http://goub.iatp.by/