Значэнне традыцыйнай духоўнай культуры ў гісторыі развіцця чалавецтва ўвогуле і кожнага народа ў прыватнасці надзвычай вялiкае. Як трапна адзначыў У. Васiлевiч, «фальклор з’яўляецца своеасаблiвай (хоць, вядома, i вельмi супярэчлiвай) мастацкай энцыклапедыяй народнага жыцця – ведаў, вопыту, этыкi i эстэтыкi селянiна» [1, с. 6]. Важнае значэнне ў гэтай «мастацкай энцыклапедыі» належыць прыкметам i павер’ям, якія з’яўляюцца архаічнай з’явай фальклору.
Звернемся да тэкстаў каляндарных прыкмет і павер’яў, зафіксаваных падчас індывідуальных і калектыўных палявых фальклорных экспедыцый на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна. Паводле прымеркаванасці да свят народнага календара вылучаюцца наступныя тэматычныя групы: піліпаўскія («Ніхто з людзей не назначаў у етае врэмя свадзеб, бо шчытаецца, што на Піліпаўскі пост ваўкі гуляюць свадзьбы. Еслі сыдуцца маладыя, то і будуць жыць як ваўкі – сварыцца будуць»1 – зап. ад Яўгеніі Мітрафанаўны Купрацэвіч, 1956 г. н., у в. Пухавічы); калядныя («На Каляды абвязвалі “сад” (пладовыя дрэвы), каб зародзіл на другі год. Калі на Раство пойдзе снег і завісне на галле дрэў, будзе год ураджайны і грыбны» – зап. ад Ганны Іванаўны Русай, 1928 г. н., у в Запясочча); стрэчанскія («Еслі на Стрэчанне петух вады нап’ецца, то на Благовешчанне пчолы вуляцяць, значыць, будзе ранняя весна і цёплая» – зап. ад Ганны Пархомаўны Купрацэвіч, 1939 г. н., у в. Пухавічы); масленічныя («…дзяўкі, пака хлопцы не устануць, стараліся забегчы на тую коўзалку і пусціць первага бліна па той коўзалцы, маслам памазанага, шоб ето скарэй замуж выйсці» – зап. ад Марыі Дзянісаўны Юнчыц, 1944 г. н., у в. Чэрнічы); велікодныя («У Чысты чацвер наводзілі во дворэ парадак, шоб была чысціня вездзе цэлы год. На полі, у агародзі стараліся прыбраць, шоб у агародзі пустозелля не было, шоб мало трэбо було полоць, прыбіраць яго» – зап. ад Ганны Пятроўны Лой у в. Сямурадцы; «Казалі, хто бітак не пробівае, то не будзе яец і не будзе здароўя ў хаце» – зап. ад Кацярыны Аляксееўны Паньчэні, 1929 г. н., у в. Пагост); юраўскія («Калі пазваляла надвор’е, то на Юр’я выганялі першы раз жывёлу на поле. Каля падваротніцы клалі замок.
Трэба было каб карова цераз яго пераступіла. Рабілі гэта для таго, каб ведзьмы малако не забіралі» – зап. ад Вольгі Давыдаўны Няшэвіч, 1937 г. н., у в. Боркі); траецкія («У окны затыквалі клён, як оберэг, штоб оберэгчы селішчэ. Ідом у цэркву свецім клён. То трэба, як прынясеш з цэркву, пакласці яго за ікону. Эты клён раны лечыць» – зап. ад Г. П. Купрацэвіч у в. Пухавічы); купальскія («На Купало ішлі по зелья, рвалі от усякіх хвороб.
Ходзілі по чарніцы, думалі, шо это лякарство, бо яны святые ў гэты дзень. У цэркві свяцілі зелье. На досвітку купаліса ў рацэ, каб здоровым буць, шчэ козалі, шо на Івана Купального трэба ўмыцца росою, бо чалавек набірае моцы і маладзее» – зап. ад Марыі Іванаўны Андрыйкавец, 1941 г. н., у в. Рычоў) і іншыя.
У адпаведнасці з семантычна-функцыянальнай скіраванасцю, у межах прыкмет, павер’яў, прымеркаваных да свят народнага календара, вылучаюцца наступныя групы: – апатрапеічныя і лекава-прафілактычныя: «Сена, што было на покуці і на стале [на Каляды], аддавалі жывёле, каб здаровай была і вялася» (зап. ад Сцепаніды Цімафееўны Гаўрыловіч, 1919 г. н., у в. Кольна); «Пасля прыходу з царквы [на Грамніцы] гаспадар дома на крыж падпальваў таю свечкай валасы на галаве ва ўсіх членаў сваёй сям’і, таму што грамнічныя свечкі грамяць сілу д’ябальскую ў асобе ведзьмаў і чарадзеяў і ахоўваюць ад хвароб галовы» (зап. ад Аляксандры Васільеўны Ханені ў в. Людзяневічы); – прадуцыравальныя: «Скарынку з куцці зверху кашы збіралі і аддавалі курам, каб вяліся добра. Перад тым як на стол ставіць куццю з вячэраю, пад палатняную скацерць лажылі сена, а пад тое сена лажылі грошы, каб у хаце цэлы год грошы вяліся» (зап. ад Валянціны Іванаўны Сінкевіч, 1924 г. н., у в. Кольна); «Калі пеклі печыва ў форме птушак [на Грамніцы], то абавязкова ад некалькіх печаных птушак крышылі курам, каб тыя лепей несліся» (зап. ад Кацярыны Сцяпанаўны Блоцкай, 1927 г. н., у в. Старажоўка); – прадказальныя (інфармацыйныя): «Калі на Саракі быў мароз, то казалі, што яшчэ будзе 40 марозаў» (зап. ад Марыі Сцяпанаўны Пракаповіч, 1934 г. н., у в. Рудня). Інфармацыя, якой цікавіўся чалавек, закранала розныя сферы яго жыцця і дзейнасці: надвор’е («Яшчэ, якое надвор’е на Благавешчанне, то такое ж павінна паўтарыцца і на Вялікдзень» – зап. ад М. С. Пракаповіч у в. Рудня); ураджай і дабрабыт («Хазяін [на Каляды] выходзіў на вуліцу і глядзеў на неба, калі многа зорак, значыць, будзе многа грыбоў і прыплод у хазяйстві. Калі була мяцеліца, будуць раіцца пчолы» – зап. у в. Дуброва; «На Пятра вялікая раса і ясны дэнь – быць добраму ўраджаю агуркоў» – зап. ад П. М. Жукоўскай, 1928 г. н., у в. Града); лёс, падзеі асабістага жыцця («Дзяўчаты [на Тройцу] астаўлялі ў лесе вяночкі. А далей ужэ чераз нядзелю прыходзілі ў лес, да ўжэ глядзелі: як чый вяночак засохне, то ето ўжэ нелоўкая прыкмета, ето ўжэ знай, шо ў роду хто-небудзь помрэ. А як вяночак не засохне – роду жыць доўга і ў роду ніхто не помрэ» – зап. ад Г. П. Лой у в. Сямурадцы; «Колі на помінках вілка под столь упадзе, то еты чаловек скоро помрэ» – зап. ад Вольгі Паўлаўны Точкі, 1952 г. н., у в. Малешаў) і да т. п.
У экспедыцыях па Жыткаўшчыне зафіксавана шмат тэкстаў прыкмет і павер’яў, якія даволі арганічна існуюць у межах сямейных абрадаў, адлюстроўваюць спецыфіку сямейнага ўкладу мясцовых жыхароў, іх маральна-этычныя каштоўнасці і побытавую філасофію: вясельныя («Коровай мясіць не дозволялі ўдаве ці разводной жанчыне. Галоўнай коровайніцай могла быць толькі жанчына, якая жыве ў пары» – зап. ад Ганны Іванаўны Сакавай, 1927 г. н., у в. Запясочча; «Калі вянчаліса, то рушніка цяглі к прыстолу, шоб дзеўкі замуж ішлі» – зап. ад М. І. Андрыйкавец у в. Рычоў); радзінна-хрэсьбінныя («Бярэменнай жонцы не можна было ісці за куму, бо дзіця не жыцьме ці яе, ці того, чые дзержыць. Як яна будзе на похоронах, то дзіця яе родзіцца мёртвым. Калі ў хату, дзе ё бярэменна, на Куццю зойдзе первым мужчына, то ў той жонкі народзіцца сын, калі маладзіца, то дочка» – зап. ад Ганны Мікалаеўны Жураўлевіч, 1918 г. н., у в. Хвойка; «Калі ў царкве хрысцяць дзіця, то трэба ўзяць з сабою дзіцячую споднюю сарочачку, якую бацюшка нясе да алтару, чытае над ёю малітву. Лічылі, што гэтая сарочачка засцерагае ад няшчаснага выпадку, хвароб» – зап. у в. Кругавец); пахавальныя («Трэба завешваць зеркало, штоб душа не заблудзіласа, і штоб у зеркалі не застаўса образ покойніка, і штоб ён потым не пугаў остольных» – зап. ад Г. П. Купрацэвіч у в. Пухавічы).
На тэрыторыі Жыткавіцкага раёна бытуюць таксама прыкметы і павер’і (у іх межах вылучаецца шэраг тэматычных груп), якія існуюць па-за межамі каляндарных і сямейных абрадаў: – прыкметы аб надвор’і, заснаваныя на назіраннях за раслінамі («Шмат жалудоў на дубах – на цёплую зіму» – зап. ад Ганны Цімафееўны Струк, 1938 г. н., у г. Тураў), жывёламі («Колі собака лежыць скручаны, то мороз будзе» – зап. ад В. П. Точкі ў в. Малешаў), разнастайнымі праявамі навакольнага свету («Калі ранняй вясной бліскае маланка, а грымоты не чутно – лета будзе сухім» – зап. ад Г. Ц. Струк у г. Тураў); – прыкметы і павер’і аб ураджаі, якія ўмоўна можна падзяліць на тэксты-назіранні («Колы на Якава цёплы вечар і зорыстая ноч, то будэ цёплае лето і добры ўраджай» – зап. ад П. М.Жукоўскай у в. Града) і тэксты-рэкамендацыі («У першыя дні маладзіка пры паўднёвым ветры патрэбна сеяць горох, тому шо вецер і моладзік спрыяюць доброму росту» – зап. ад П. М. Жукоўскай; «Калі садзяць картоплі, трэба каб мужчына першы тры картапліны пасадзіў, будуць чыстыя картоплі. Калі садзіць цыбулю, трэба аблізвацца – цыбуля салодкая будзе» – зап. ад М. М. Пятровіч у в. Кольна); – прыкметы і павер’і аб гаспадарчым дабрабыце («Калі ў гаспадарцы прыплод, нікому нічога не можна даваць з хаты тры дні» – зап. ад М. М. Пятровіч); – правілы-рэгламентацыі і забароны для розных жыццёвых сітуацый, што адлюстроўваюць правілы мясцовага звычаёвага права, так званыя мясцовыя этыкетныя нормы («Колі хлопец есць у шапцы, то ў его цешча будзе глухая» – зап. ад М. І. Андрыйкавец у в. Рычоў; «У яку ты дарогу едзеш, ідзеш, старайся, каб жанчына не перайшла дарогу, а перайшоў мужчына» – ад М. М. Пятровіч у в. Кольна; «Неможно обручальнэ кольцо даваць другім мераць, бо можно поцераць свойго мужа» – зап. ад В. П. Точкі ў в. Малешаў).
Разгледжаны фактычны матэрыял дае падставы сцвярджаць, што ў духоўнай спадчыне Жыткавіцкага раёна тэкстаў прыкмет і павер’яў, якія найбольш выразна адлюстроўваюць карціны асабістага, грамадскага, гаспадарчага жыцця чалавека, разуменне ім з’яў навакольнага свету, цікавыя назіранні і трапныя парады, даволі многа. Тэксты гэтыя існуюць доўгі час і перадаюць нашчадкам вопыт мудрых продкаў і ідэю філасофскага стаўлення да жыцця.
Літаратура
- Зямля стаiць пасярод свету… Беларускiя народныя прыкметы iпавер’i. Кн. 1 / уклад., прадм., пераклад, бiбліягр. У. Васiлевiча. – Мiнск: Мастацкая лiтаратура, 1996. – 591 с.
1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
Аўтар: А.А. Кастрыца
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 23 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2017. – С. 212-215.