Сватанне ў беларусаў у 1930-1990 гады ў Гомельскай вобласці і памежных да яе тэррыторыях

1
2573
шлюб

Вяселлю беларусаў папярэднічае заключэнне дамовы аб ім — сватанне. Матэрыяламі да артыкула паслужылі ўласныя запісы аповядаў пра сватанне ў 1930 —1990 гады ў Гомельскай вобласці і на памежных да яе тэрыторыях. Аўтар мае на мэце  з дапамогаю структурнага аналіза паказаць разнастайнасць сватання і патлумачыць яго функцыянаванне. Задачамі працы з’яўляецца вылучэнне форм сватання, структуры сватання, вытлумачэнне структуры сватання. Пад сватаннем аўтар разумее дамову аб сватанні, прыход сватоў, згода дзеўкі, хлопца пажаніцца, дамовы бацькоў і сваякоў пра шлюб і надзяленне маладых маёмасцю.

На даследаванай тэрыторыі тэрмінам “хадзіць у сва`ты”, “сваты`” называюць прыход сватоў, тэрмінам “запоіны”, вядомым паўсюдна,  называюць перыяд пасля моманта прыняцця супрацлеглым бокам хлеба і гарэлкі, прынесеных сватамі, ці перыяд пасля прыходу сваякоў, ці перыяд пасля згоды нявесты на замужаства, ці наогул усё сватанне. Радзей выкарыстоўваюць словы “заручыны” — перыяд пасля прыходу сваякоў (В. Казіміраўка, Лоеўскі раён, в. Дарашэвічы Петрыкаўскі раён), “магарыч” — перыяд ад прыходу сваякоў (в. Краўшоўка Гомельскі раён), “змовіны” — — перыяд ад прыходу сваякоў (в. Лучын Рагачоўскі раён. “сваты`”. Тэрмінам “прымак” называюць мужа, які жыве ў хаце жонкі. “Малады”, “маладая” — гэтымі словамі называюць хлопца і дзеўку, ад моманту іх згоды пажаніцца датуль, пакуль яны не згуляюць вяселле.

Формы сватання

У даследаваны перыяд існавала сватанне ў наступных формах:

  1. Сватанне сваякоў хлопца да сваякоў дзеўкі.
  2. Сватанне сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца, напрыклад  у Столінскім раёне, в. Альшаны.
  3. Сватанне сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць прымаком, напрыклад у Бабруйскі раёне, в. Цялуша.
  4. Сватанне сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць прымаком, да сваякоў дзеўкі, напрыклад у Петрыкаўскім раёне, в. Славінск і Смедзін (Снядзін), Рагачоўскім раёне, в. Курганье, Жыткавіцкім раён, в. Старажоўцы.
  5. Сватанне сваякоў хлопца да сваякоў удавы, напрыклад у Бабруйскім раёне, в. Цялуша.

 

Структура сватання.

Пры любой форме сватання структура абрада захоўвалася. Яна складалася з наступных элементаў.

  1. Папярэдняя дамова пра прыход сватоў.

2.1. Прыход сватоў і атрыманне імі згоды бацькоў маладых на шлюб.

2.2. Атрыманне згоды на шлюб ад маладых.

2.3. Замацавнне згоды на шлюб.

3.1. Дамова бацькоў маладых пра вяселле і пра надзяленне маёмасцю маладых.

3.2. Маладая (і малады) ці іх бацькі клічуць сваякоў.

3.3. Дамова сваякоў пра вяселле. Бяседа.

 

  1. Папярэдняя дамова пра прыход сватоў

Малады прыходзіў да бацькоў маладой і дамаўляўся, што прыдзе ў сваты. Ці сваячкі маці прыходзілі да маладога ці маладой і казалі, што род маладога ці маладой прыдзе ў сваты.

У Петрыкаўскім раён, в.Снядзін хлопец звяртаўся да бацькоў дзеўкі:

“Я прыду, вашу дочку забяру у жону”. Таксама было прынята дамаўляцца пра сватанне ў в. Карма Добрушскага раёна, в. Турцевічы Калінкавіцкага раёна, Дарашэвічы, Галубіца Петрыкаўскага раёна, дзе з бацькамі дзеўкі пра сватаўство дамаўляўся хлопец. У Бабруйскім раёне, в. Цялуша дамаўляцца па сватаўство хадзілі сваячкі маці, Неабходнасць этапу папярэдняй дамовы пра сватанне можна патлумачыць тым, што сватанне ў месцах, дзе папярэднічала дамова, адбывалася з вялікай колькасцю сваякоў-сватоў (12-18 чалавек) і сваякі дзеўкі павінны былі быць датэрмінова абвешчаны пра сватанне. У тых жа месцах, дзе сватоў была невялікая колькасць (3-7 чалаек), папярэдняя дамова была неактуальна. У гэтай сітуацыі часцей сустракалася скліканне маладой сваіх сваякоў ці месцамі скліканне маладой і маладым сваіх сваякоў.

  1. Прыход сватоў і атрыманне імі згоды бацькоў маладых і маладых  на шлюб 

У гэтым рэгіёне ў сваты хадзілі сваякі маладога ці маладой: бацькі, дзядзькі, цёткі (часцей з роду бацькі), яны ж часцей за ўсё былі і хроснымі бацькамі маладых, браты, сёстры, дружкі маладога. У сваты маглі прыходзіць наступныя сваякі маладога ці маладой:

  • сват (хросны бацька, старшы брат ці дзязьк — па старшынству), малады з дружкамі (Чачэрскі раён, в. Залессе),
  • сват (бацькаў брат ці хросны бацька) і мужчыны-сваякі (Жыткавіцкі раён, в. Новыя Залюцічы),
  • хросныя бацькі, бацька, дзядзькі, цётка, малады з сябрам (Жыткавіцкі раён, в. Новыя Мілевічы),
  • бацькі, хросныя бацькі, родныя браты, сёстры і цёткі, бацькавы кроўныя сваякі (Калінкавіцкі раён, в. Турцевічы),
  • два дзядзькі і цётка (Ельскі раён, в. Шарын),
  • 12-18 чалавек: бацькі, сёстры, браты, дзядзькі, цёткі. (Петрыкаўскі раён, в.Снядзін),
  • нявеста, бацька, цётка, дзядзька, пляменніца (Столінскі раён, в. Альшаны).

Сваты, пераступіўшы парог, тлумачылі свой прыход. Адбываўся гандль цёлачкі, казы, кабылкі ці наўпроста дзеўкі; гучалі просьбы пераначаваць; злавіць куніцу, якая выпадкова забегла ў двор.

У Бабруйскім раёне, в. Цялуша сваякі дзеўкі сваталіся да сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць іх прымаком на папярэдняй дамове са словамі:

–         Мы прыехалі з хлебам, з соллю і з жытам, і з аўсом і з пшаніцаю. Прыехалі з хлебам, з соллю і з пшаніцаю , і з краснаю дзявіцаю.

Cваякі хлопа адказвалі:

–         А ў нас хлеб і соль і авёс, жыта. У нас маладзец красівы есць.

У Столінскім раёне, в. Альшаны сваякі дзеўкі сваталіся да сваякоў хлопца і хлопца так: “От мы чулі, што ў вас е конік. А ў нас е сено. Мо вам трэбо сено коніку купіць, то ў нас е”.

У Брагінскім раёне, в. Задуб’е “сваты прыходзяць з такой таргоўляй:

–         Гаворят, што у вас тут прадаецца, гаворят, цёлачка. Вот нам нада ў двор такая скаціна харошая.

–         Ну у нас такой, што прадаць нету, – но показывают, – мы покажам свой тавар.

А патом гавораць:

–         Еслі вам понравілась наша цёлачка, мы можэм сходзіцца на какіе-то ужэ дзеньгі, по такой-такой цане.

Ну і вот сваты выстаўляюць на стол сваю водку, сала. А еслі ані на саглашалісь, значыт ані гаварылі такія вешчі:

–         Мы не прінімаем вашых хлеба-солі. Мы не хотім вашего хлеба-солі. І згаворы у нас не состоіцца.

Адпраўлялі з такімі славамі сватоў”.

У Петрыкаўскім раёне, в. Снядзін пры сватанні можна было пачуць такуі дыялог:

–         Цёлку прадаюць?

–         Якую цяліцу?

–         Што скача з печы на паліцу.

–         Такая цёлачка у нас е.

Таксама гаварылі: “Хто называе там цёлка зашла  … хто куніца зайшла ў двор, а у нас ахотнік. Да, стралец-маладзец на жэніха. По следу куніцы зайшоў ў еты двор.” (Ельскі раён, в. Валаўск).

Дзеля таго, каб засватаць дзеўку ці хлопца рытуальныя словы, якія папярэднічаюць атрыманню згоды на шлюб не з’яўляюцца абавязковымі, яны з’яўляюцца паведамленнем, што ў хату прышлі менавіта сваты, а не суседзі ці аднавяскоўцы. Негледзячы на неабавязковую наяўнасць рытуальных слоў, ў Гомельскай вобласці яны былі ў большасці выпадкаў.

Сваты прыносілі з сабой хлеб, соль, гарэлку, сала. Прыняцце гэтых прадуктаў бацькамі маладых было ўжо згодай на шлюб. Атрыманне сватамі згоды маладой ці маладога ажыццяўлялася ў дзеяннях, звязаных з гэтымі прадуктамі: разразанне маладой хлеба, выпіванне гарэлкі, звязванне дзвух бутэлек, абмен пірагамі ці выказ згоды на словах.

У Брагінскі раён, в. Гдзень сват, каб атрымаць згоду маладой прасіў яе разрэзаць пранесены сватамі хлеб: “Разрэж, маладая, ужэ хлеб”.

У Жыткавіцкім раёне, в. Старажоўцы згоду маладой азначала бутэлька гарэлкі і пірог, прынятыя ад сватоў.“Згодны — стаўляюць бутылку водкі і пірага. До запоін. Молоды стаўляе з сватамі”.

У Ельскім раёне, в. Валаўск “малады налівае, берэ стакан ілі там румка, стакан у платочак, вымае з кармана  і як абычно бацька хросны, налівае  румку эту поўную і кідае ў стакан еты, у водку кідае мелоч, копейку абычна медную. Ну еслі маладая сагласна канешне іці за его замуш, дак яна выпівае эту румку. Надпівае. Глаўнае, што ўзяла ў рукі. І ўсё садзяцца за стол сваты. Ужэ ее радзіцелі угошчаюць сватоў.А еслі адказ, ўсё. Маладая не берэ румку ў рукі.”

Дзеля змацавання згоды на шлюб, рытуальнага вызначэння іх стану сватоў павязвалі ручнікамі праз плячо. Гэтае дзеянне было вельмі распаўсюджана на тэррыторыі Гомельскай вобласці пры сватанні, але магло пераносіцца і на вяселле. Яшчэ адной формай замацаванне згоды былі падарункі сватам (рушнікі, кашулі, палатно), якія ў пэўных месцах тут дарылі і на сватанні, а не на вяселлі.

Этап атрымання згоды маладых і іх сваякоў на шлюб мог быць фармальным, калі згода была атрымана на папярэдняй дамове. Нефармальнай заставалася частка абмяркавання матэрыяльнага ўнёску абодвух бакоў у новаствораную сям’ю.

  1. Дамовы бацькоў і сваякоў маладых

Бацькі дамаўляюцца калі будзе вяселле, колькі будзе гасцей, колькі выдаткаваць грошаў; а таксама – дзе маладыя будуць жыць, што дадуць у пасаг дзеўцы, якую частку бацькоўскай гаспадаркі атрымае малады.

Пасля дамовы пра шлюб у той жа дзень маладая (а часам і малады) ходзяць па вёсцы і клічуць сваякоў на сватанне. Малады клікаў сваіх сваякоў, калі ён быў з той жа вёскі, што і маладая. Калі бяседа сваякоў адбвалася не ў той жа дзень, што дамова пра шлюб, то запрашаць на бяседу сваякоў маглі як маладая, так і іх бацькі. Сваякі паведамляюць пра свой удзел у вяселлі, выдаткі, якія яны могуць прыняць на сябе.

У Петрыкаўскі раён, в. Снядзін на дамовах адбывалася такая размова:

–         А дзе ж будуць молодыя жыць?

–         Ну, будзем глядець. У нас пожывуць, у вас пожывуць.

Хату будуюць: “Половіна вашае работы, половіна нашае”. А ў в.Дарашэвічы таго ж раёну “бацька хлопца стараецца зрабіць хату. Даваў каня ці вала, як аддзяляўся”.

У Чачэрскім раён, в. Залессе “первы дзень ужэ сватаюцца, на втары ужэ дагаварывалісь, када свадзьба, што свадзьба, дзе гуляць — у жаніха, у нявесты,  двух дамах.”

У даваенны і пасляваенны час дамова пра пасаг была даволі рэдкай у Гомельскай вобласці. Гэта тлумачыцца тым, што ў гэты час, у адрозненні ад заходніх абласцей Беларусі, сяляне ня мелі уласнай зямлі і мала жывёлы і гаспадар не мог выдзеліці сваім дзецям ні зямлі, ні каня, ні каровы, ні пабудаваць хаты. Маці ж працягвала выдзяляць сваёй дачцэ тканае.

Высновы

Не ўсе этапы сватання былі раўнаварты і абавязковы. Так як сватанне ўяўляе сабой дамову маладых і іх сваякоў пра вяселле і матэрыяльны ўнёсак абодзьвух бакоў у новаствораную сям’ю (незаўсёды), то абавязковым этапам сватанне было атрыманне згоды маладых і іх сваякоў на шлюб. На другім месцы па вартасці стаіць дамовы пра вяселле і пасагі, бо пачаць сямейнае жыццё без маёмасці было проста немагчыма. Цікавую ролю нясе на сябе дамова пра вяселле – папярэджанне аб сватанні – і напрамую карэлюе з этапам запрашэнне на запоіны. Цалкам рытуальнымі і тэатральнымі з’яўляюцца першыя словы, сказаныя пры ўваходзе сватоў у хату.

Здзіўляе варыянтнасць форм сватання. Іх разнастайнасць натуральна. Нішто не пераскаджае сватацца сваякам дзеўкі да хлопца. А вялікую колькасць сватання сваякоў хлопца да дзеўкі можна вытлумачуць патрыярхальнай сістэмай гаспадарання і кіравання ў даваенныя і пасляваенныя гады ХХ стагоддзя на тэррыторыі Гомельскай вобласці і яе памежжы.

 

Аўтар: Таццяна Тоўсцік