Мэтаскіраваны запіс звестак, звязаных з уяўленнямі пра Бога і Сусвет, дазволіў атрымаць цікавыя матэрыялы, у якіх знайшлі адлюстраванне народныя вераванні беларусаў пра Бога, «рай» і «пекла», «першых людзей», «анёла-ахоўніка» і іншыя. Нельга не пагадзіцца з выказваннем А. М. Боганевай аб тым, што «ў Беларусі вусная Біблія — жывая і актуальная традыцыя» [1, с. 6]. Гэты факт пацвярджаецца шматлікімі сучаснымі экспедыцыйнымі запісамі звестак пра асэнсаванне біблейскіх падзей носьбітамі традыцыйнай духоўнай культуры. Асаблівую цікавасць уяўляюць народныя мемараты пра Бога, вера ў існаванне якога не выклікае сумненняў у жыхароў Гомельшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі: «Да, Бог е. Калі б яго не було, то і свету не було»1 (зап. у в. Навамаркавічы Жлобінскага р-на ад Ганны Паўлаўны Панчык, 1937 г. н.); «Бог заўсёды жыў і жыве сярод людзей» (зап. у в. Новы Барсук Рэчыцкага р-на ад Раісы Сцяпанаўны Калацэй, 1929 г. н.). Напрыклад, зыходзячы з народных вераванняў, малітвы, звернутыя да Бога, прамаўляць трэба не механічна, а ўсвядомлена: «Маліцца Богу трэба не абы-як, а з думай, каб Бог быў завсегда ў сэрцы тваім … нада ж каб кожны чалавек хрышчоным быў, каб д’явал не прыставаў» (зап. у г. п. Акцябрскі ад Таццяны Іванаўны Хурсевіч, 1924 г. н.).
Падчас гутарак з інфармантамі на пытанне, дзе жыве Бог, звычайна гучалі адказы, што месцам яго жыхарства з’яўляецца неба, аднак першапачаткова ён жыў на зямлі: «Ён радзіўся на зямле, вырас, вучыў людзей жыць, памагаў ім збавіцца ад розных няшчасцяў. Патом яго ўбілі, і ён уваскрэс і стаў жыць у небе, у раю» (зап. у в. Пірэвічы Жлобінскага р-на ад Сафіі Васільеўны Калядзенкі, 1935 г. н.). Іншы раз удакладняецца, што менавіта сёмае неба — месца знаходжання Бога і тых памерлых, якія пры жыцці не грашылі: «Кажуць, на тых нябёсах жывуць тые, хто помірае. Тые, шо былі вельмі плохімі, то былі на першых нябёсах і гэтак далей, а тыя, хто не грашыў Богу, то жыве з імі (з Богам) на сёмым небе. Вот на сёмым небе і жыве Бог» (зап. у в. Вулька-2 Лунінецкага р-на ад Евы Васільеўны Пясоцкай, 1937 г. н.).
На пытанне, ці вераць людзі ў Бога, былі атрыманы розныя варыянты станоўчых адказаў, нават у пэўнай ступені філасофскіх. Адны інфарманты пацвердзілі, што «толькі верай чалавек і трымаецца ў самыя цяжкія хвіліны» (зап. у г. Гомель ад Яны Ігнатаўны Лашкінай, 1927 г. н.), другія выказалі меркаванне аб тым, што «Бог вядзе па жыцці» (зап. у в. Азарычы Калінкавіцкага р-на ад Веры Канстанцінаўны Лазарэнкі, 1935 г. н.), на думку іншых, «вера ў Бога павінна быць у сэрцы кожнага чалавека. Гэта не толькі любоў да Бога, а і да ўсяго акружаючага, так як гэта дадзена Богам, гэта яго тварэнне» (зап. у в. Новы Барсук Рэчыцкага р-на ад Раісы Сцяпанаўны Калацэй, 1929 г. н.).
Выклікаюць цікавасць тыповыя сведчанні жыхароў наконт з’яўлення Бога сярод людзей у розным абліччы: «У вобразе жабрака, старой бездапаможнай жанчыны або дзіцяці» (зап. у в. Новы Барсук Рэчыцкага р-на ад Раісы Сцяпанаўны Калацэй, 1929 г. н.). Паводле сведчанняў жыхароў вёскі Перавалока Рэчыцкага раёна, яны ўяўлялі Бога ў выглядзе старога дзеда: «Іду я па балоце над перавалам, і ўсе бягуць. А людзей багата. І кажуць: “Вон пайшоў Бог”. Пабегла і я глядзець. Ідзе стары дзядок. Бяленькая сарочачка, анучачкі, пасталікі (пасталы — лапці з лазы). Белыя штаны палатняныя. Дзядок сівы-сівы» (зап. ад Ганны Яўхімаўны Карака, 1928 г. н.). Паводле зместу некаторых міфалагічных апавяданняў, Бог не мае выразнага аблічча і ўспрымаецца як дух: «Гэта дух, які запаўняе ўсю зямлю» (зап. у в. Юшкі Калінкавіцкага р-на ад Марыі Міхайлаўны Рагальскай, 1930 г. н.). Зыходзячы са зместу іншых вусных апавяданняў, цяжка ўявіць сабе, як выглядае Бог, бо «мы ж яго не бачым», аднак «Бог — ета такая сіла» (зап. у в. Вышамір Рэчыцкага р-на ад Таццяны Аляксееўны Склімянок, 1933 г. н.).
Заслугоўвае ўвагі шчырая перакананасць беларусаў у тым, што Бог невыпадкова пасылае людзям выпрабаванні: «Чым болей цяжкасці ў тваім лёсе, тым больш цябе любіць Бог. Як мы вытрымліваем гэтыя праблемы, так і будзем жыць пасля смерці» (зап. ў в. Юшкі Калінкавіцкага р-на ад Марыі Міхайлаўны Рагальскай, 1930 г. н.). Асэнсаванне інфармантамі катэгорыі «боскае» ў суаднесенасці з сумленнем чалавека дае падставы сучаснікам для разважанняў аб высокім маральна-этычным патэнцыяле «народнай Бібліі»: «Бог унутры нас. Гэта наша совесць. Еслі е ў чалавека совесць і ён жыве па совесці — гэта Божы чалавек» (зап. у в. Заспа Рэчыцкага р-на).
Надзвычай эмацыянальнымі і запамінальнымі з’яўляюцца тэксты міфалагічных апавяданняў пра анёла-ахоўніка, якога называлі «божым слугой» (зап. у в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на ад Лідзіі Васільеўны Прыбалавец, 1931 г. н.), «памочнікам Бога» (зап. у в. Шырокае БудаКашалёўскага р-на ад Марыі Цімафееўны Емяльянчыкавай, 1931 г. н.). У народнай інтэрпрэтацыі анёл-ахоўнік — «гэта душа добрага чалавека, якая адышла на той свет, а потым Бог паслаў яе ў выглядзе ангела. Ён аберагае чалавека ад нягод» (зап. у г. Бабруйск ад Людмілы Мікалаеўны Маскалёвай, 1939 г. н.). Вера ў «прысутнасць» анёла-ахоўніка звязана непасрэдна з жыццём чалавека, яго лёсам, добрымі справамі: «Але ж калі гэты чалавек зрабіў дурное дзела, дык анёл слабее і можа зусім адляцецъ ад яго» (зап. у в. Хамянкі Нараўлянскага р-на ад Барыса Ціханавіча Ефіменкі, 1929 г. н.). Паводле народных уяўленняў, чалавеку, каб захаваць анёла-ахоўніка, трэба жыць па «законе Божым» (зап. у г. Гомель ад Адама Ігнатавіча Шкурко, 1928 г. н.).
Выклікаюць цікавасць лакальныя асаблівасці асэнсавання беларусамі сакральнай прасторы, выражанай у апазіцыі «рай — пекла». У семантычным плане гэтыя паняцці суадносяцца з уяўленнямі пра добрае і страшнае месцы: «Ну, а еслі падумацъ, дык рай — ета нешта чароўнае, куды пападаюцъ токі добрыя людзі за свае паступкі, дзе гаспадарыцъ Бог. А пекла — страшэннае месца, куды ніколі не хочу я папасці» (зап. у в. Акцябр Буда-Кашалёўскага рна ад Вольгі Іванаўны Сердзюковай, 1938 г. н.). «Для беларусаў уласціва класічная найстаражытнейшая канцэпцыя Рая як сада, у якім “заўжды шмат усяго, што толькі душа прымае”, заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета» [2, с. 421]. У пераважнай большасці вусных апавяданняў, прысвечаных апісанню рая, пацвярджаецца дадзены матыў, згодна з якім рай у народных вераваннях асэнсоўваецца як сад: «Рай — гэта такі сад, у якім усігда многа ўсяго, што толькі захочаш» (зап. у в. Пірэвічы Жлобінскага р-на ад Ніны Мінаўны Марусавай, 1918 г. н.); «Кожная душа прыносіць свае грахі: калі чалавек быў угодны Госпаду, ён пападае ў рай, які прадстаўляецца вечна цвятушчым садам і акружэннем добрых людзей» (зап. у г. Васілевічы Рэчыцкага р-на ад Алены Марцінаўны Сохар, 1944 г. н.); «Рай — гэта прыгожы сад» (зап. у в. Гацкое Чачэрскага р-на ад Тафілі Кузьмінічны Гулевіч, 1927 г. н.). У народным асэнсаванні пекла («ад») супрацьпастаўляецца раю і паўстае як «цёмнае такое, страшнае месца» (зап. у г. Гомель ад Зоі Іванаўны Бандарэнкі, 1934 г. н.).
Запісаныя ў палявых экспедыцыях і апублікаваныя фактычныя матэрыялы дазваляюць вылучыць некалькі тыпаў сюжэтаў вусных апавяданняў, звязаных з месцазнаходжаннем сакральных аб’ектаў (рай і пекла):
- Рай — на небе, пекла («ад») — на зямлі, пад зямлёй.
- «Где рай, там і ад» [3, с. 41].
- Пекла («ад») і рай знаходзяцца ў становішчы паміж небам і зямлёй.
З пералічаных сюжэтных тыпаў у бытаванні пераважае першы тып, згодна з якім месцазнаходжанне рая звязана з небам, а пекла — з зямлёй або падземным светам: «Сушчаствуюцъ рай і пекла … Рай на небе знаходзіцца, а пекла — пад зямлёй» (зап. у в. Палессе Светлагорскага р-на ад Праскоўі Фядосаўны Захаранкі, 1934 г. н.); «Рай знаходзіцца на небе. Там заўсёды харошая пагода і дзенъ … Пекла знаходзіцца пад зямлёй. Там заўсёды ноч, холадна, і людзі, якія туда папалі, цяжка работаюцъ» (зап. у в. Перасвятое Рэчыцкага р-на ад Анастасіі Паўлаўны Грабок, 1936 г. н.).
Рай — «абіцель Божая», пекла («ад») — месца пакарання грэшнікаў — скразны матыў вусных апавяданняў, са зместу якіх вынікае, хто менавіта туды трапляе пасля смерці: «Рай — гэта тое месца, куды пападае харошы чалавек за добрыя дзяла. Там ён жыве з Богам і ангеламі. Калі чалавек у сваім жыцці быў дрэнным, рабіў людзям зло, то ён пападае ў ад. Там за ім глядзіць чорт» (зап. у в. Меркулавічы Чачэрскага р-на ад Яўгеніі Мікалаеўны Захарчук, 1937 г. н.); «Урай пападаюцъ людзі, якія дзействіцельна ідэяльныя, нягрэшныя, якія саблюдаюцъ усе запаведзі Божыя. Грэшнікі пападаюцъ у ад» (зап. у г. Гомель ад Уладзіславы Антонаўны Белакаваленкі, 1922 г. н.).
У тэкстах вусных апавяданняў, звязаных з міфалагемай рая, прасочваецца дзве плоскасці яго лакалізацыі, адзначаныя даследчыкамі: «У гарызантальнай плоскасці, на зямлі, Рай лакалізуецца ў сістэме апазіцыі “блізка — далёка”: ён месціцца “дзесь вельмі далёка на зямлі, за гарамі да за марамі” … Другое ўяўленне пра Рай звязана з месцам, дзе знаходзяцца душы праведнікаў, святых. Яго прасторавая лакалізацыя звязана з воссю “верх — ніз”, ён знаходзіцца “ўгары там, каля яснага сонейка, дзесь на паўдні, куды й птушкі лятуць у вырай”» [2, с. 421-422]. У міфалагічнай традыцыі беларусаў, што пацвярджаецца фактычнымі матэрыяламі, у асноўным міфалагема «Рай» лакалізуецца па вертыкалі: «Рай уяўляю недзе высока. Там цвтуцъ сады, блакітнае-блакітнае неба, велъмі цёпла, усім добра» (зап. у г. Рэчыца ад Ганны Рыгораўны Рабянок, 1958 г. н.); «Рай знаходзіўся ўгары, каля яснага сонца, а пекла — унізу пад зямлёю, дзе цёмна» (зап. у в. Пірэвічы Жлобінскага р-на ад Ніны Мінаўны Марусавай, 1918 г. н.). «Як міфалагічная канстанта Пекла складае бінарны кампанент трыяднай сістэмы: рай — зямля — Пекла, з’яўляючыся апазіцыяй раю» [2, с. 372]. У народных вераваннях з пеклам звязаны матыў пакарання людзей, якія грашылі пры жыцці: «Пекло — гэто огонъ, у екім будуцъ горэцъ грэшные людзі, а правтъно сказацъ, то душы гэтых людзей» (зап. у в Семігосцічы Столінскага р-на ад Лізаветы Васільеўны Драней, 1940 г. н.). У шматлікіх тэкстах міфалагічных апавяданняў пацвярджаецца, што вызначальным атрыбутам пекла з’яўляецца агонь, які сімвалізуе «агонь гневу Божага, яго агністых стрэлаў» [2, с. 373]. Зыходзячы са зместу міфалагічных апавяданняў, галоўным распараджальнікам у пекле з’яўляецца чорт, які «забірае к сабе грэшных, як і ён сам» (зап. у в. Салтанаўка Жлобінскага р-на ад Валянціны Мікалаеўны Паўлюковай, 1930 г. н.), здзекуецца з грэшнікаў, «прымае да сябе грэшныя душы людзей і варыцъ іх у катлах са смалой» (зап. у г. Гомель ад Надзеі Іванаўны Драбышэўскай, 1928 г. н.).
У нешматлікіх міфалагічных апавяданнях, прысвечаных з’яўленню людзей, гаворка ідзе пра стварэнне першага на зямлі чалавека. Паводле народных сведчанняў, Бог стварыў чалавека з гліны: «Зрабіў галаву, тулавішча, рукі, ногі, а потым удыхнуў у яго жывую сілу» (зап. у г. Гомель ад Надзеі Іванаўны Драбышэўскай, 1928 г. н.). Як адзначыла інфармант, у характары чалавека можна вылучыць два пачаткі, адзін з якіх звязаны з імкненнем рабіць дабро, а другі пачатак запазычаны ад чорта: «Ад Бога ў чалавека знешнасцъ і тое, што ён можа рабіць добрыя ўчынкі, а ад чорта тое, што ён можа быцъ такім жа няверным, спакуслівым».
Амбівалентнасць прыроды чалавечых паводзін абумоўлена ўплывам Бога і чорта, што пацвярджаецца фактычнымі матэрыяламі: «Ад Бога чалавеку дана дабрата, розум, красата, рукі, ногі і т. д. А ад чорта — плахія прывычкі: дурасцъ, злоба, шкода» (зап. у в. Сякерычы Петрыкаўскага р-на ад Ніны Адамаўны Кісель, 1932 г. н.); «Чалавеку ад Бога даецца жыццё, дабро, а ад чорта — дык нічога добрага, усё зло, слёзы, а ні смеху, а ні радасці» (зап. у в. Стрэльск Мазырскага р-на ад Алены Міхайлаўны Мельчанкі, 1929 г. н.).
Вышэйпрыведзеныя матэрыялы, звязаныя з асэнсаваннем біблейскіх міфалагем, дапамагаюць глыбей спасцігнуць духоўную культуру беларускай этнічнай супольнасці, пранікнуць у таямніцы вуснай народнай мовы, а таксама з’яўляюцца яскравым фактам пацвярджэння ўстойлівасці бытавання міфалагічнай традыцыі беларусаў, рэгіянальна-лакальнага багацця народных вераванняў.
Літаратура
- Беларуская народная Біблія ў сучасных запісах / уст. арт., уклад. і камент. А. М. Боганевай. — Мінск: БДУКіМ, 2010. — 166 с.
- Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-е выд., дап. — Мінск: Беларусь, 2006. — 599 с.
- «Народная Библия»: восточнославянские этиологические легенды / сост. и коммент. О. В. Беловой; отв. ред. В. Я. Петрухин. — М.: Индрик, 2004. — 576 с.
Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 18 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2015. — С. 283-287.