Сучасныя сагі на розную тэматыку

0
302

Лятучы шыбенік

На паваеннай савецка-польскай мяжы надаралася ўсякае. Распавядаюць, што аднаго разу два савецкія памежнікі падчас вартаваньня згледзелі павешанага на дрэве мужчыну. Акурат быў час, блізкі да абеду, і хлапцы забаяліся, што фармальнасьці, зьвязаныя з трупам, перашкодзяць ім учас пад’есьці. Без развагаў абодва пастанавілі нябожчыка зьняць, перанесьці на польскі бок і павесіць там на бліжэйшым дрэве. Неўзабаве свой абход рабілі два польскіх памежнікі. Крочачы ўзбоч таго дрэва, яны заўважылі мерцьвяка, і адзін зь вялікім подзівам крыкнуў: “Ну ты бач! Ён зноў вісіць тутака”.

Калі ўспомніць некаторыя чарадзейныя казкі з пасечанымі на кавалкі і зваранымі ў катлах ворагамі галоўнага героя, то гэтая сага зь ейным стаўленьнем да сьмерці ўявіцца проста дзіцячым лепятаньнем на палянцы.

Жлабяра назаўжды

Адзін менскі студэнт паехаў у Кітай, каб лепш спасьцігнуць тамтэйшую культуру. Насамрэч усё абмежавалася толькі жаданьнем зрабіць сабе на плячы татуяванку ў выглядзе дракона. Калі майстар зрабіў замоўленае, студэнт зразумеў, што татуяванкі яму недастаткова. Тады ён умалёгаў майстра вытатуяваць яшчэ якую-небудзь кітайскую мудрасьць. Па вяртаньні дадому хлапец стаў хваліцца сваім набыткам перад сябрамі. Тыя збольшага выказвалі захапленьне. І толькі адзін, сапраўды абазнаны ў кітайшчыне, расьсьмяяўся і ўголас пераклаў мудрасьць: “Гэта жлабяра, які ніколі не дае чаявых”.

У пляне калізіі сага досыць экзатычная. А тое, што беларускае паспольства слаба знаецца ня столькі ў кітайскай, колькі ў эўрапейскіх мовах, гэта факт. Пра наша жлобства лішні раз казаць не выпадае.

Манэкен на дарозе

Нейкая шофэрка проці ночы ехала са Жлобіна ў Гомель. На дарозе ля Буда-Кашалёва, проста на асфальце, яна ўбачыла чалавечую фігуру. Цётка тармазнула, скочыла з кабіны і з трымценьнем рушыла туды. На дарозе ляжаў не чалавек, а манэкен. Жанчына адчула няладнае, спалохалася, чуй дух сіганула назад у кабіну і памчала на бліжэйшы пост ДАІ. Даішнік, да якога жанчына зьвярнулася, зірнуў на яе і сказаў: “Вашы плечы перапэцканыя ў кроў”. Сталі высьвятляць, і ў кабіне ейнага “МАЗа” знайшлі ня толькі крывавыя плямы, але й пару фалянгаў пальцаў, якія ўзрушаная цётка адсабачыла камусьці дзьвярыма, прыхапкам іх зачыняючы — невядомы зламысьнік проста не пасьпеў залезьці ў кабіну.

Гісторыя ня гэтулькі фэма-, колькі ксэнафобская ў першасным значэньні панятку “ксэнафобія” (боязь да чужынцаў). Тое, што чужынцы (лгары, ліхадзеі, злыя сілы) выкарыстоўваюць самыя нестандартныя мэтады, каб завабіць ў сваё сіло ахвяру, можна ўгледзець і ў традыцыйным фальклёры: ад лісы, што палюе на варон, удаючы зь сябе мярцьвячыну, да агнявых скарбаў,бляскам якіх чэрці надзяць чалавека ў балота.

Выпадак у супэркраме

У супэркраме ля касы ўтварылася даўгая чарга. Дзіця абычас штурхаў мамчын пакупніцкі вазок у бок пажылога мужчыны, што стаяў наперадзе. Спачатку дзядзька толькі азіраўся на жанчыну й ейнага сыночка. Безвынікова. Тады ён папрасіў матулю спыніць свавольства малога. Яна фанабэрыста адмовілася, заявіўшы, што выхоўвае сына ў новых, антыаўтарытарных, традыцыях. Кемлівы студэнт-паляшук, які ад пачатку ўсё чуў, дастаў пакунак сыраквашы, раскрыў яго й выліў зьніякавелай фанабэрцы на галаву, прамаўляючы: “Традыцыі няновыя. Мяне акурат гэтак і выхоўвалі”. “Гэты пакунак аплочваю я!” — усхвалявана закрычэў дзядзька, удзячна гледзячы на маладзёна.

Сага пашыраная ў Эўропе, адкуль антаўтарытарнае выхаваньне нясьмела завітала й да нас. Але бацькава папруга і мамчын пляскач па азадку, на жаль, застаюцца ў беларускіх сем’ях найлепшымі спосабамі тлумачэньня правілаў паводзін у грамадзтве і належнага выкананьня дзецьмі іх сацыяльных роляў.

Дзікі і вайскоўцы

Падчас начных тактычных вучэньняў салдаты адной з ваенных частак мусілі ў лесе вырыць акопы-засады і там перабываць да адмысловае каманды. Калі ўсё было зроблена і абаронцы айчыны чакалі гадзіны Х, побач зь іхнай схованкай зьявілася цэлае дзічынае сямейства – дзічыха і чарада вяпручкоў. Адзін зь іх бухнуўся ў акоп, перапалохаўся сам і дужа напалохаў засаднікаў, ажно тыя сталі на ўсю покалатку крычаць. Дзічыха праз свой матчын інстынкт кінулася на хлапцоў. Адзін зь іх не зьбянтэжыўся і стрэліў па ёй зь пісталета-“ракетніцы”. Але сыгнальная ракета, ударыўшыся аб шчэць, адскочыла. Становішча выправіў салдат, які паймаў рукамі парсючка ды проста шпурлянуў таго з акопа. Адно тады дзічынае сямейства рушыла прэч.

Сага на ўзьмежку вайсковага і паляўнічага фальклёру. Увогуле гісторыі пра дзікоў да нядаўняга часу былі ў Беларусі вельмі распаўсюджанымі. Мой бацька іншым разам любіць прыгадваць, як ён, ня памятаючы сябе, ускочыў на хваіну, калі напаткаў такое вось сямейства.

Тэлехваляваньне

Баяць, што адной старой цётцы ў непагодлівую ноч нехта патэлефанаваў. У слухаўцы ёй чуліся енкі ды стогны, вельмі падобныя на тое, калі б гэта рабіў ейны муж. Але мужа акурат і не было: зусім нядаўна зь зямелькаю пабраўся. Удава захвалявалася і цэлую ночку прабавіла ў мучэньнях, пагатоў тэлефанаваньні пэрыядычна паўтараліся. На раніцу яна наважылася праведаць мужаву магілу. Тамака ёй давялося пабачыць тэлефонныя драты, якія ад моцнага ветру абарваліся і апалі на магільны курганок мужа.
Гісторыі аб прывідах церпяць мадэрнізацыю: сучасныя прывіды ня толькі зьяўляюцца перад чалавекам, але і выкарыстоўваюць найноўшыя дасягненьні тэхнікі.

Бабулін падарунак

На гомельскі паштамт завітала нейкая старая. Ейны ўнычык акурат тым днём сьвяткаваў у Гародні свае народзіны, а яна забылася загадзя адправіць яму віншавальны ліст. Бабуля прынесла заклеееную ды падпісаную капэрту з сабою і спытала ў апэратарак, ці магчыма зрабіць так, каб любімы ўнук атрымаў пасланьне яшчэ сёньня. Ёй патлумачылі, што гэта немагчыма. Але пры гэтым прапанавалі выцягнуць ліст з капэрты і перадаць яго ў Гародню пры дапамозе факсавага апарата. Старая пагадзілася. Калі апэратарка ўставіла ліст у факс, бабуля дастала з капэрты 50 даляраў, якія меркавала падараваць унуку. Адчуўшы дурасьлівы настрой апэратрка вырашыла пажартаваць. Яна ўзяла грошы і прарабіла папярэднюю апэрацыю з факсам. “Пабачце, — ледзь стрымліваючы сьмех, зьвярнула яна ўвагу бабулі, — Ваш унук няхоча браць грошы: банкнота вяртаецца назад!” У адказ старая зусім спакойна адказала: “Дзяцюк ён вельмі сьціплы. Але засунь ты, дзетачка, яе ізноўку. Ён мусіць узяць бабулін падарунак!”.

Байка ня столькі пра адставаньне чалавека ад выгодаў прагрэса, колькі пра непаразуменьне між людзьмі, якія гэтымі выгодамі па рознаму (не)карыстаюцца. “Пасьмейся зь няўмекі, ды не чыні зьдзекі”- цьвердзіць беларуская прымаўка.

Спужанасьць Парыжам

Мы хацелі разам зь сябрамі ды іх сем’ямі паехаць да Парыжу ў эўрапейскі Дыснэйлэнд. Але потым перадумалі, бо пачулі ад знаёмца пра двух віцебскіх падлеткаў, якія там бясьсьледна зьніклі. Яны селі ў вагончык атракцыёну “Чыгунка прывідаў” і больш іх ніхто ня бачыў. Бацькі цяпер пакутуюць ад гора – мама ў спэцклініцы лечыць нэрвы, а бацька чортвед за якія грошы гойсае па ўсёй Францыі, шукаючы прапалых дзяцей. Жахоцьце!

У сазе адбіліся рэшткі стэрэатыпаў, якія доўгімі стагодзьдзямі насаджаліся царкоўнікамі, дачынна да забаваў. Вось жа раней дэманізаваліся скамарохі, а сёньня Мікі Маўс з Дональдам. Глябалізацыя!

2005 г.