Сучасныя сагі на розную тэматыку (6)

0
1800

Астатняя цыгарэта

Адзін мужык паліў цыгарэту і балбатаў. Пры гэтым ён вельмі махаў рукамі, не зважаючы, якім чынамтрымае напалак. І вось неяк раз мужык ня зьмеціў, як да вуснаў паднёс ня фільтар, а зваротны бок, і вельмі абпаліўся. У выніку ў яго разьвіўся рак вуснаў, і неўзабаве пасьля цяжкіх мукаў небарака сканаў.

Занатавана ад «ваўка каравульнай службы» прапаршчыка Атокі. Тыповая сага з чалавечымі страхамі сучаснасьці.

Блакітная бездань

У аднаго хлапца бацькі зьехалі на лецішча, і ён запрасіў да сябе сябра зь сяброўкаю, каб гульнуць на вольнай “хаце”. Яны набылі ў цыганоў сушанае канаплі, накруцілі зь яе цыгарак, схавалі ў пачак ад “Астры” й выправіліся ў “начнік” па піва. Зайшоўшы зь півам у кватэру, яны пабачылі бацьку хлапца, які вярнуўся з паўдарогі — забыўся цыгарэты… Ён сядзеў у майтках і масцы для падводнага плаваньня пасярод залі й глядзеў па тэлевізары “Le grand Bleu” з Жанам Рэно. Пачак быў пусты.

У беларусаў ёсьць прымаўка: “Выскачыў, як Піліп з канапель”, над якой этымолягі доўгі час ламаюць сабе галовы.

Княская грыдніца

Адзін дальнабойнік вяртаўся з Масквы ў Глыбокае, адвёз туды машыну глыбоцкае згушчонкі і цяпер ехаў назад пусты. Ён так сьпяшаўся, што нават у Полацку не спыніўся, каб падсілкавацца. Але ўжо кілямэтраў праз дваццаць кішкі пачало зусім зводзіць ад голаду. Шафёр пабачыў пры дарозе кавярню “Княская грыдніца” і спыніўся. Там яму запрапанавалі юшку з курыцаю, сьвіныя каўбаскі з бульбай і грыбамі, запечаныя ў гаршку, лусьцікі з ракавым маслам, халодны журавінавы кісель з шафраннай булкай на заедак. Стравы былі выкшталцоныя, а цана памяркоўная. Падзякаваўшы гаспадарам, сыты ды ўсьцешаны дальнабойнік паехаў далей. Ніхто ягоным расповедам пра файную дарожную кавярню веры ня даў. Едучы наступным рэйсам у Расею, зьбянтэжаны кіроўца ня здолеў знайсьці ўпадабанае “Княскае грыдніцы”…

Сюжэт сустракаецца і ў іншых народаў. Вандроўнікі заўжды імкнуліся ўпрыгожыць расповеды пра свае падарожжы драбніцай фантазіі. Беларуская цікавінка гэнага варыянту сагі палягае ў тым, што маршрут дальнабойніка супадае зь легендарным “Альгердавым шляхам”, то бок дарогай, якой вялікі князь Альгерд хадзіў выхоўваць маскву.

Тэрарыст міжволі

Жывучы ў адным зь менскіх гатэляў, многія прыежджыя дэпутаты Вярхоўнага Савету нейкага скліканьня былі дужа ашчаднымі ў сэнсе наведваньня рэстарацыяў. Лепш перабіваліся як-небудзь самі ды эканомілі такім парадкам якія-ніякія грошы. Вось жа аднойчы адзін народны абраньнік, патомны трактарыст, вырашыў пацешыць сябе боршчыкам з кіслае капусткі. Наладаваўшы сяго-таго ў трохлітровы слоік, не забыўшы дадаць ладны шмандэлак сала, ён апусьціў туды ўключаны кіпяцільнік. Дэпутат сядзеў і мройна пазіраў на слоік у прадчуваньні гастранамічнага аргазму. Між тым боршчык пачаў даходзіць да кандыцыі, напаўняючы зусім адметным пахам ня толькі дэпутацкі, але й іншыя пакоі ды калідор гатэлю. А ў тым гатэлі месьцілася тады японская амбасада, працаўнікі якой унюхалі раптоўны смурод і нарабілі алярму, палічыўшы тое за газавую атаку ўсюдыісных тэрарыстаў.

Занатавана ад 40-гадовага палескага апазыцыянэра на адным з сэмінараў у Менску.

Падзялілася

Адна студэнтачка Віцебскага мэдыцынскага замовіла сабе ў кавярні супу й гарбаты. Паставіўшы еміну на стол, яна літаральна на пару хвілінаў некуды адлучылася. Калі ж вярнулася, то была амаль шакаваная — за сталом сядзіць мурын і спакайнютка “точыць” ейны суп. Абурэньне злагодзілася антырасысцкімі настроямі. Яна села за адзін стол з мурынам і сказала: “Еж, еж, калі ласачка, я ня супраць. Дай я толькі сваю гарбату вазьму”. Сказаўшы, узяла і выпіла. Чарнаскуры хлопец адно зьдзіўлена зерыў на яе. Студэнтка паднялася і зьбіралася сыходзіць, але раптам заўважыла, што папросту пераблытала месцы — на суседнім століку стаяў ейны немудрагелісты абед, зусім некрануты.

Адзін мой таварыш па службе кляўся, што такая гісторыя адбылася ў Менску зь ягонай знаёмай. Сага празрыста нагадвае пра “жаночае глупяндзяйства”. Прадукт цывілізацыі мужчынаў.

Небясьпечная Coca-Cola

Адзін навуковец хацеў давесьці небясьпечнасьць кока-колы. Для гэтага ён пакінуў на ноч у вядры з гэтым напоем здохлага пацука. Наступным раньнем ад жывёлы засталося адно толькі пара шматкоў скуры, косткі і крыху хваста. Рэшта была зьнішчана кісладзямі колы.

Гэта распавёў мне адзін 15-гадовы вучань на школьнай урачыстасьці ўлетку. Між некаторых іншых беларусаў існуе яшчэ перакананьне, што Coca-Cola мае пах клапоў, дзеля чаго яны асьцерагаюцца ўжываць гэтае пітво.

Прывітаньне ад Арафата

Адна палачанка купіла ізраільскія апэльсыны. Дзеці сталі лупіць, у адным знайшлі маленькі срабрысты шарык. Усё купленае выкінулі ў сьметніцу — ці мала што гэта такое, падумалі. Пазьней жанчына прачытала ў “Народнай Волі”, што гэта арабскія тэрарысты шкодзяць Ізраілю, труцячы ягоную прадукцыю ртуцьцю, экспартаванай зь Беларусі.

Гастранамічны сюжэт, замяшаны на дражджох сучаснай геапалітычнай сытуацыі.

1999-2000 гг.