Сучасныя сагі на розную тэматыку (5)

0
1700

Прапала жонка

Неяк у аднаго мужыка прапала жонка. Круцячы розныя вэрсіі здарэньня, міліцыянты, між іншага, учынілі агляд іхнае кватэры. Тамака знайшоўся нож ізь сьлядамі крыві, група якое супадала з групаю крыві зьніклае жанчыны. Мужыка арыштавалі, падазраючы ў забойстве. Паколькі трупа жанчыны так і ня выявілі, а сам бядак палымяна адмаўляў сваю віну, засудзілі яго на сем гадоў, хаця пракурор патрабаваў расстрэлу. Вось жа пасёрбаў нябога гадкоў пяць турэмнай баланды ды выйшаў на волю з чарговай амністыяй. Так бы й жыў. Ажно аднойчы, ідучы па вуліцы, убачыў кабеціну, у якой пазнаў сваю любую. Яго ахінула ярасьць, мужык дастаў выкідуху ды зарэзаў пераляканую жанчыну, думаючы, што другі раз за аднойчы забітую яго ўжо не асудзяць. Толькі думка такая была марнай. Хаця забітая жанчына і сапраўды была ягонаю сужонкай, суд быў безапэляцыйна суворым і абвясьціў сьмяротны вырак.

Сага з шэрагу аб кпінах долі, якія ведамыя з даўніх часоў. Згадайма міт аб Эдыпу ці легенду пра вешчага Алега. У беларусаў – народныя баляды пра жаніцьбу брата й сястры. Найвялікшыя з такіх кпінаў для нас доўжацца ўжо каторы год.

Порнакарткі з Капэнгагену

На сустрэчы выпускнікоў тэхнікуму гатэльнага бізнэсу ў Тагерзэе, у Нямеччыне адзін з колішніх спакурсьнікаў распавёў такую гісторыю: кумпанія зь дзесяцёх жанок, між якіх была й ягоная кабета, выправілася неяк на выходныя ў Капэнгаген. Тамака ўвечары яны наведалі якуюсь кавярню, дзе іх не абмінулі ўвагай некалькі мужчынаў, прапанаваўшы разам выпіць. Наступнай раніцай жанкі прачнуліся ў гатэлі, але ў іншых нумарах, чым мусілі б. Яны зьдзівіліся, аднак больш нічоганькі ня здолелі згадаць. Затым што нічога надалей ня здарылася, а з рэчаў нічога не прапала, жанкі паехалі дадому і забыліся на адбытае. Колькі ж тыдняў апасьля адзін з мужоў угледзеў сваю жоначку ў недвухсэнсоўнай паставе на бачынах дацкага порначасопісу. За далейшымі росшукамі высьветлілася, што ёсьць таксама порнакарткі й пазасталых жанок. Відавочна, што тым вечарам у Капэнгагене кабетам нештачкі падсыпалі ў пітво, каб тыя не змаглі нічога прыгадаць.

У Беларусі я чуў падобную балачку ў першай палове 90-х. У тым варыянце фігуравалі расейскія турысткі, што выехалі адпачыць у Латвію.

Нявольная русалка

Адзін пацан доўга да адной дзеўкі заляцаўся. Нарэшце яны сустрэліся ў яго дома, і ён апаіў яе нейкім зельлем, што тая, ледзьве справа дайшла да абдымкаў, нечакана адключылася. Апрытомнела дзеўка ў лазьні – голая ды скаваная ланцугамі. Залётнік аказаўся сапраўдным маньякам, які ледзь ня цэлы год, пакуль яго выпадкова ня выкрылі, трымаў дзяўчыну за русалку, почасту гвалтуючы ды кормячы ўвесь час адно сырою рыбай.

Жывучасьць русальных сюжэтаў у беларускім кантэксьце проста ўражвае. Адам Глёбус гэтым разам адпачывае.

Сардэчна запрашаем у AIDS-клюб!

Калі ў нас неяк пайшлося пра AIDS, мой сябар, які акурат тады вярнуўся з адпачынку на Канарах, распавёў мне такую гісторыю: адзін знаёмец, што жыў на выспах, паведаміў яму, як нейкі малады гішпанец з Санта-Крус пазнаёміўся на курорце Пуэрта дэ ля Крус з адной турыстачкай, прабавіўшы зь ёю ноч. Назаўтрае, калі гішпанец прачнуўся ў зьнятым наконадні нумары, яе ўжо й сьлед прастыў. Пайшоўшы ў лазьніцу, каб узяць душ, ён прачытаў выведзены памадай на люстэрку сказ: “Сардэчна запрашаем у AIDS-клюб!” Праз два месяцы хлопец зрабіў тэст на AIDS, які даў станоўчы вынік.

Гэтая сучасная сага вядомая ў многіх краінах сьвету. У Беларусі бытуе прыблізна з канца 80-х, маючы размаітыя варыянты.

Піратэхнік

Адна сяброўка распавяла мне во якую гісторыю. Нейкі падлетак, як і многія ягоныя дружбакі-раўналеткі, аж занадта захапляўся рознага кшталту піратэхнічнымі забаўкамі. Гэтае захапленьне расло з надыходам навагодніх сьвятаў. Аднойчы перад праваслаўным Раством ён прыдбаў колькі раней ня бачаных вялікіх пэтардаў, паклаў у кішэню штаноў ды пабег пахваліцца новымі цацкамі перад сябрамі. Але пасьпех быў ня ў лад – на зімовай дарозе ён пасьлізнуўся і добра гэпнуўся. Ад моцнага ўдару ў кішэні здэтанавалі пэтарды, ад выбуху якіх хлапцу ня жартам павярэдзіла геніталіі.

Варыянт каляднае страшылкі, засьцярогі для малых аматараў піратэхнікі са зваротам да мужчынскага кастрацыйнага комплексу. Прыклады апошняга ў беларускай традыцыі практычна нявывучаныя. Прыгадваецца адно хіба народны жарцік: “Сядзь! Хай не вісяць! Адарвуцца – разаб’юцца!”

Экстрасэнсорыка

Адна пэнсіянэрка, жадаючы здавацца больш маладой, зьвярнулася да экстрасэнса, каб той па магчымасьці прыбраў зь ейных валасоў сівізну. Праз колькі сэансаў просьба кабеты ўжыцьцявілася – валасы ізноў сталіся чорныя. Радуючыся гэтаму, яна незабавам надта завагалася, ці ня мела тая лечба дачыненьня да цёмных сілаў. Нагодай да смутных думак стаў выпадак, што адбыўся аднойчы ўначы. Кабета раптоўна прачнулася, нібы адчувала нейкі пагляд. Зьнерухомеўшы ад жаху, яна ўбачыла перад сабою чыесьці нядобрыя бізюкі, што сьвяціліся ў змроку. Калі зрок асвойтаўся зь цемрай, баба разгледзела, што на яе з жэрдкі ўтаропіўся ні хто-які, а маленькі-маленькі чорт, зьвесіўшы вялікія-вялікія яйкі…

З даўнішняга расповеду маёй мамы, якой скардзілася тая пэнсіянэрка. Нягледзячы на фрагмэнтарнасьць, гісторыя можа зацікавіць псыхааналітыкаў. Асабліва цікавым выглядае прага амаладжэньня, што атрымлівае з тагасьветнай істасьцяй мужчынскага полу кантэкставую сувязь.

Пяшчота

Адна дзяўчына распавядала. Неяк яна драмала, лежачы на ложку ў сваім інтэрнацкім пакоі. Да напарніцы ейнай прыйшла сяброўка, і яны абедзьве нешта доўга балбаталі. Калі тая сабралася выходзіць, дык няўцям прыпынілася каля дрымотніцы, нахілілася і пацалавала ў вусны. Дзяўчына прачнулася і задуменна заплюскала вачыма. “Нечаканы наплыў пяшчоты”, – прамовіла цалавальніца і, крыху зьбянтэжана, пакінула пакой.

Чута зьбіральнікам ад самае “ахвяры” пяшчотнасьці. Гісторыя пацьвярджае існуючы мужчынскі стэрэатып аб падсьвядомым лесьбійстве ўсіх жанчын.

Знаходка на ўзбочыне

Адна кабета ехала адвячоркам на машыне ў бок Бабруйску. Недалёка ад павароткі на Татарку яна заўважыла на ўзбочыне сярод лаўжоў нейкі апарат кшталту абагравальніка. О, думае, муж пад нешта прыспасобіць! І закінула апарат у машыну. Праз два кілямэтры яе спынілі работнікі ДАІ й запатрабавалі вярнуць іхны радар.

Жанкі, жанкі… Мужчына, відаць, ня мог бы стаць героем гэтай гісторыі.

Сьляпая ярасьць

Нейкі мужык вярнуўся, як звычайна, дамоў і ўбачыў, што жонка сядзіць за сталом зь незнаёмым мужчынам. Стол жа быў сьвяточна аздоблены кветачкамі, стравамі, каробкай з цукеркамі. Тамака ж стаяла і неадкаркаваная пляшка з шампанскім. У мужа адразу глузды закіпелі, ён прыняў госьця за жончынага палюбоўніка. Ён за нож, і зарэзаў бахура. Ды ўжо праз хвілю ярасьць апала, і забойца зразумеў, што забіў колішняга аднаклясьніка, якога даўненька запрашаў у госьці. Вось ён і завітаў.

Запісана ад прапаршчыка. Не зважаючы на агульны трагізм гісторыі, апавядальнік падае яе жыцьцярадасна. Jedem das seinen – як казалі нямецкія фашысты.

Кароль

Адзін даўдон падпіў надта і, прыйшоўшы дадому, стаў выхоўваць жонку і дзяцей. Ганяючы іх папругаю па хаце, ён утрапёна паўтараў: “Я – кароль! Я – кароль!” Жонка аднак хапіла нешта важкае ды пераехала яму па мухаморах, ажно той вырубіўся. Прачнуўся ён ураньні зьвязаным. Бачыць, жонка зь сякерай у рукох прамаўляе: “Ну што, каролю?” Мужыку сталася кепска ў дадацьце ад бадуна. Жанчына ж паклала яго галавой на зэдлік ды накрыла падушкаю. Размахнулася сякерай ды грукнула – але толькі абушком па падлозе. Нягеглы п’янтос ня вытрываў напружаньня ды памёр ад разрыву сэрца. Дзеці бегалі вакол нябожчыка і паўтаралі: “Ура, караля забілі, караля забілі”.

Таксама ад прапаршчыка. Бытавы сюжэт ператвораны ў бурлеск шэксьпіраўскіх п’есаў. А во: пі, але не запівайся!

Фотка

Адзін малец, перапоўнены рамантычнымі ілюзіямі, пайшоўшы ў войска, часта прыгадваў сваю дзяўчыну. Яна бачылася яму белым анёлкам на тле сінюткага неба, якое пахла мігдаламі. Ён рашуча спрачаўся зь іншымі салдатамі, ад якіх толькі і чуваць было: усе бабы – курвы. “Можа, вашы і курвы, але толькі не мая ластаўка лёгкакрылая”. Неяк, пішучы сваёй птушачцы ліст, ён папрасіў яе: “Мілая, прышлі мне, калі ласка, тваю фотку. Мне так хочацца бачыць тое, чаго я ня бачу цяпер, зайздросьцячы тым, хто мае такую мажлівасьць, таечка”. На ягоную просьбу любанька выслала фатаграфію сваёй похвы. На адваротным баку стаяў надпіс: “Служы й не тужы!”

Станцыя

Станцыя наша ня надта вялікая. Аднак на ёй спыняліся ўсе чыста пасажырскія цягнікі. Браць яны нікагуські ня бралі, ды ўсё ж зь некаторых вагонаў высоўваліся правадніцы зь ліхтарыкамі. З гэтае аказіі сталі карыстаць тутэйшыя заблудоны. Ледзьве правадніца выткнецца з вагону, яе мітулем хапалі ды цягнулі ў найбліжэйшую пякелку (дом распусты). З жанчынак багата згаворлівых ставала, усе былі задаволеныя й нікуды ня жаліліся. Ды аднойчы ўсяму курвельству гэтаму канец прыйшоў. Мужыкі нарваліся на чэсную дзевушку, якая заявіла ў міліцыю ды засадзіла колькі валачашчых за краты. Дый ці ня тым самым часам цягнікі ў нас перасталі спыняцца зусім. Але ж весела бывала на станцыі.

Экстрасэнсорыка

Адна пэнсіянэрка, жадаючы здавацца больш маладой, зьвярнулася да экстрасэнса, каб той па магчымасьці прыбраў зь ейных валасоў сівізну. Праз колькі сэансаў просьба кабеты ўжыцьцявілася – валасы ізноў сталіся чорныя. Радуючыся гэтаму, яна незабавам надта завагалася, ці ня мела тая лечба дачыненьня да цёмных сілаў. Нагодай да смутных думак стаў выпадак, што адбыўся аднойчы ўначы. Кабета раптоўна прачнулася, нібы адчувала нейкі пагляд. Зьнерухомеўшы ад жаху, яна ўбачыла перад сабою чыесьці нядобрыя бізюкі, што сьвяціліся ў змроку. Калі зрок асвойтаўся зь цемрай, баба разгледзела, што на яе з жэрдкі ўтаропіўся ні хто-які, а маленькі-маленькі чорт, зьвесіўшы вялікія-вялікія яйкі…

З даўнішняга расповеду маёй мамы, якой скардзілася тая пэнсіянэрка. Нягледзячы на фрагмэнтарнасьць, гісторыя можа зацікавіць псыхааналітыкаў. Асабліва цікавым выглядае прага амаладжэньня, што атрымлівае з тагасьветнай істасьцяй мужчынскага полу кантэкставую сувязь.

Порна ў шматпавярховіку

Маладыя муж і жонка, якія жылі ў шматпавярховіку з супольнай антэнай, хацелі зрабіць сваё сужэнскае жыцьцё траха весялейшым. Дзеля гэтага яны ў сваёй спальні ўсталявалі відэакамэру. Калі наступным вечарам блізу 23 гадзінаў яны ўлучылі тэлевізар, дык на свой жах убачылі па трэцяй праграме зьняты імі самымі мінулай ночкай фільмец.

З расповеду нямецкай студэнткі. За ім стаіць страх людзей перад магчымым “бунтам” машын, што служаць у паўсядзёнцы. У Беларусі, не зважаючы на НТР, аж дасюль многія баяцца тэхнікі толькі за тое, што яна ёсьць тэхнікаю.

Сутарга

Адна крыху экзальтаваная кабета, калі аднойчы яе муж зьехаў на курорты, скарыстала з нагоды і запрасіла да сябе палюбоўніка. Дык вось, калі справа дайшла да любошчаў, кабету раптоўна замучыла сумленьне, і адбылася сутарга похвы, што палюбоўнік ня здолеў выйсьці зь яе. Неяк яны ўсё ж здолелі выклікаць хуткую дапамогу. Выносячы іх з дому, дактары прыхавалі іхны сорам прасьцінай. У больніцы з дапамогай шпрыца лекар змог супыніць наступствы сутаргі.

Занатавана ў Нямеччыне. У Беларусі бытуюць пэўныя гісторыі, што сюжэтна нагадваюць гэтую сагу. Досьвед сьведчыць, што досыць часта сюжэт згадваецца непасрэдна пад час злучэньня на любоў.

Край ты, мой край…

Адзін мой знаёмы распавёў такую гісторыю. Нейкі п’яны хлопец, пацурболіўшы, зашпільваў прарэху і “маланкай” зашчапіў край нечага там. Спробы вызваліцца прычынялі толькі боль, не даючы ніякага эфэкту. Выкліканыя мэдыкі таксама бездапаможна разьвялі рукамі. Таму яны мусілі адрэзаць ад штаноў лапік з замком і адвезьці хлопца ў “першую савецкую”. Тамака знайшоўся адзін кампэтэнтны спэцыяліст, які нарэшце разьвязаў гэтую праблему бяз шкоды для пацыента, што ўжо быў зьмірыўся з думкаю пра абразаньне.

Занатавана ад маладой офіс-мэнэджэркі

Змова

Да аднаго заможнага хлапца прыйшла цяжарная дзяўчына, якая настойліва заяўляла, што ён бацька будучага дзіцёнка. Аднак хлопец бачыў яе ўпершыню ды ня мог прыгадаць выпадку, які ўмагчыміў бы іхнае збліжэньне. Цяжарная й сама ня здолела толкам растлумачыць калізіі. Правёўшы даражэзныя аналізы, патэнцыйны бацька высьветліў сваю прычыннасьць да справы і быў зусім зьбянтэжаны. Чыста выпадкова небарака даведаўся, што цяжарная была сяброўкаю ягонай колішняй каханкі, і запасочыў няладнае. Пасьля вялікіх разьбіраньняў выявілася: каханка, робячы хлапцу мінэт, колькі разоў не пракоўтвала семя, зьбірала яго ў шпрыц і без прамаруды аддавала сяброўцы-змоўніцы, пакуль сьпешчаны палюбоўнік ляжаў на любасным ложку.

Гэтую неверагодную гісторыю я падслухаў у гутарцы двух хлапцоў (прыблізна 15-16-гадовага веку), якія ехалі побач у аўтобусе. Сэкс, асабліва нязьведаны, заўсёды даваў падставы для фантазіяў.

Смага

Адзін мой сябар паведаміў нешта цікавае пра нейкую сваю знаёміцу. Будучы зусім разьняволенай у любасных справах, тая заўсёды спалучала мінэт з ужываньнем піва. Гэткі вычуд яна тлумачыла тым, што смакавыя якасьці мужчынскіх чэлесаў не саступаюць таранцы, і ёй мусова патрэбна праганяць смагу размаітымі гатункамі беларускага хмяльнога напою.

Запісана са словаў маладой прадпрымальніцы. Заўсёды, маўляў, ёсьць нехта, больш разбэшчаны за мяне. Хочацца і колецца.

Заходзьце…

Стрэў я раз файную дзяўчынку, і мы адно аднаму спадабаліся. Пасьля кавярні пратусаваліся да яе дадому. Сямейка ейная кудысьці матлянулася на ўік-энд, і кватэра была цалкам у нашым распараджэньні. То ж мы не прамінулі зможнасьці нацешыцца сытуацыяй – кулдыкаліся ўсю ночку, толькі зорачкі ўваччу зіхацелі. Раным-рана я, як быў безь нічога, пайшоў у прыбіральню. Аж чую – званок у дзьверы, кватэра напаўняецца галасамі. Сяджу 5 хвілінаў. 10… 15… Галасы ня зьніклі. Я здолеў разабраць, што вярнуліся ня толькі бацькі дзяўчыны, а яшчэ бабуля зь дзядулькам і малодшая сястра. Надчэкваць далей не было клёпу, і я, незважаючы на сваю галізну, выйшаў да ўсёй сям’і, якая пачала высьвятляць прысутнасьць у доме чужых мужчынскіх рэчаў. Выйшаў я моўчкі з годна ўзьнятай галавою. Узяў найперш гадзіньнік і пачаў доўга й нудна яго надзяваць на руку. Сямейка анямела, і толькі тады, калі я завязаў шнуркі і пасунуўся да выхаду, мама маёй каханкі прамовіла: “Заходзьце яшчэ, малады чалавек, будзем вельмі радыя”.

1999-2003 гг.