Сучасныя сагі на розную тэматыку (4)

0
365

Злыдні з хуткай дапамогі

Недзе пад Менскам дзеці без дазволу выхавальнікаў пайшлі за тэрыторыю лягеру адпачынку. Па дарозе ім сустрэлася машына хуткай дапамогі. Стуль павылазілі дзядзькі ды нарабілі дзецям уколаў, адякіх тыя памерлі — кішкі палопаліся.

Занатавана са словаў майго стрыечніка. Сага ёсьць неверагоднай інтэрпрэтацыяй нядаўніх рэальных выпадкаў з маньякам, што калоў дзяўчынкам нейкую вадкасьць. Страх і цікавасьць малююць сьмерць.

Голуб белы

Студэнты-правазнаўцы з Горадні пры канцы апошняга курсу завіталі да варажбіткі. Аднаму зь іх яна паведаміла: “Голуб белы заб’е цябе”. Той адно пасьміхнуўся: “Га-га, голуб заб’е!”. Празь дзесяць год, калі ён стаўся знаным адвакатам, у яго забарахлілі ныркі. Апэрацыю рабіў прафэсар Голуб.Пацыент памёр пад ягонымі клапатлівымі рукамі.

Во так бывае.

Фатальная спроба

Адзін дзядзька пачуў неяк у піўнусе, што непрацяглым электрычным разрадамможна ўзьняць патэнцыю. Думка пра гэта не давала спакою, і ён колькі дзён разважаў, ці варта паспрабаваць і сабе. Наступным разам у піўніцы, у коле сяброў і знаёмцаў, дзядзька паведаміў, што наважыўся-такі на спробу і абяцаў падрабязна распавесьці пра вынікі. Ладна выпіўшы для сьмеласьці, ён выправіўся дахаты. Болей сябры яго ня бачылі. Два дні апасьля з газэты яны даведаліся пра сьмяротны выпадак з пажылым мужчынам, які вазёкаўся зь няспраўнай настольнай лямпай.

Спрадвечная мужчынская праблема ў гэтай мадэрнай сазе ператвараецца ў сцэну з тэатру абсурду.

Залатая рыбка

У аднае старой кабеты, што жыла на самоце, была акварыюмная залатая рыбка, якую яна любіла больш за самую сябе. Штодня старая гутарыла зь ёю. Адылі аднойчы рыбка захварэла. Заклапочаная кабета аднесла яе да вэтэрынара. Няшмат цямячы ў рыбах, той усё ж зь першага пагляду зразумеў, што «жывёле» ўжо не патрэбна дапамогі. Адправіўшы кабету, доктар пакінуў, аднак, рыбку ў клініцы. Лячыць ён яе не зьбіраўся і змыў, паўздохлую, ва ўнітаз. У заалягічнай краме доктар прыдбаў за дзесяць франкаў іншую, але ня менш «залатую» рыбку. Забіраючы яе, старая сьвяцілася ад шчасьця. Вэтэрынар жа папрасіў за работу роўна дзесяць франкаў.

Занатавана ад францускага гісторыка. У Беларусі падобныя сагі невядомыя.

Аналіз мочу

Адзін выпускнік атрымаў позву прайсьці прызыўную камісію. Жадаючы любым чынам унікнуць службы ў войску, ён прыдумаў адну ідэю. Ягоная сяброўка хварэла на цукровы дыябэт. Успадзяваны, што гэтага дыягназу для прызыўное камісіі будзе дастаткова, хлопец здаў на аналіз моч сваёй сяброўкі. Празь нейкі час прыйшло паведамленьне, што, не зважаючы ані на цукровы дыябэт, ані нават на выяўленую цяжарнасьць, ён мусіць у адзначаны час зьявіцца ў ваенкамаце.

Гісторыкі кажуць, што падобны сюжэт вядомы ў эўрапейскім гарадзкім фальклёры ажно з ІХ ст.

Ківач фізыкесы

Адна старая настаўніца фізыкі, лежачы ў больніцы, трымала ў сябе на тумбачцы мэтраном, які ўвесь час стукаў. Суседкі па палаце лічылі гэта старэчым маразмам, а адна нават сказала тое настаўніцыў вочы. Яна прамаўчала, але калі адчула, што памірае, сказала нядобразычліўцы: “Я канаю, але й ты таксама памрэш, ледзьве спыніцца гэты ківач”. Тая паблажліва хітнула галавою, ідучы на перавязку пасьля выдаленьня скулы. Перавязны пакой быў на паверх вышэй, і жанчына, падымаючыся па прыступках, пасьлізнулася ды скацілася долу, скруціўшы галаву. Пазьней высьветлілася, што акурату той час санітарка спыніла мэтраном памерлай настаўніцы.

Перадсьмяротны праклён здаўна лічыўся самым моцным. Гэта сага пра наканаванасьць, страх сьмерці і пра павагу да старых людзей.

1999-2001 гг.