Мянялы
Быў час, калі дзяржава надта пільна змагалася з самагонаварэньнем. Як толькі ні вылузвалася міліцыя, абы спаймаць каго на гэтай справе. У адной вёсцы было так. Колькі міліцэйскіх, апранутых па-чалавечы, хадзілі па хатах ды нібы прадавалі накрыўкі. Прыйшлі да аднае бабкі, маўляў, ё такі тавар дэфіцытны, прадаем, але не за грошы, а за самагон. Бабка без хістаньняў палезла ў склеп па слоік самаробнай гарэлкі. А мянты ёй дакумэнты ў морду і цап-царап. Ды больш ім не пашэнціла — прайшлася неяк пагалоска. І калі на чыйсьці парог ступалі чужаніцы з прапановамі якога-кольвек абмену, дык іх пераймалі мужыкі з качэргамі ці сякерамі ды пасылалі нязваных гасьцёў блізка ў адзіным напрамку.
Пачута ў перапоўненым транспарце. Яшчэ «Ўставай на валокі» (1557 г.) сялянам забаранялася вырабляць гарэлку. Адвечная барацьба дзяржавы за манаполію ў гэтай справе часьцяком знаходзіць камічны адказ у гушчах народу.
Гарачае месьцейка
У апэрацыйным аддзяленьні гарадзкое больніцы працавала неяк адна мэдсястра, якая аж задужа курыла. Як што ў апэрацыйным аддзяленьні курэньне было зусім забароненае, яна рабіла гэта звычайна ў кабінцы прыбіральні, бо не магла рабіць сабе адмысловых перапынкаў на тое. Усе іншыя з апэрацыйкі нат ня мелі здагадкі пра гэта, але надта злавалі на чад у туалеце. Нехта прапанаваў засабачыць ва ўнітаз супэраксыд кіслароду. Хтосьці іншы неўзабаве ўчыніў гэта. Калі курыльніца аднойчы ў чародны раз “запрапала”, усе пачулі жудасны крык. Мэдсястра, як заўжды, кінула незагаслы канчарык ва ўнітаз і атрымала за тое моцныя апёкі ў раёне геніталіяў.
Занатавана ад мэдбрата, які сам ня курыць і ня раіць іншым, асабліва ў больніцах. У Беларусі бытуе анэкдот з падобным сюжэтам.
Звычайны міліцыянт
У першым інтэрнаце Гомельскага ўнівэрсытэту жыў адзін міліцыянт, які ці не ад самага нараджэньня быў п’яным. Ня стаў выняткам і той вечар, калі ён ашалела тупаў па інтэрнацкіх калідорах, яўна нешта шукаючы. Усе пражыванцы пахаваліся па «каморах», спадзеючыся, што гэтае ліха праміне іх ціха. Раптоўна мент спыніўся насупраць аднаго пакою, і церазь нейкае імгненьне па калідоры пранеслася рэха грукату выламаных дзьвярэй. Міліцыянт увайшоў у пакой і з калгаснай непасрэднасьцю спытаў у пераляканых мяшканцаў: «Рабята, у вас заваркі не найдзёцца?»
Запісана ад студэнта-выпускніка.
Помста Дальнабойніка
Адзін дальнабойнік перапыніў рэйс, каб пасьнедаць у невялічкай дарожнай кавярні. Ён акурат прыступіў да сьняданку, калі на стаянку зарулілі тры шыкоўныя хуткасныя матацыклеты. Іхныя гаспадары — тры дзецюкі ў скураных куртках — селі за стол дальнабойніка. Яны спрабавалі завязаць зь ім размову, але шофэр адмоўчваўся. Тады рокеры ўзяліся яго даводзіць: адзін праглынуў ягоную яечню, другі забраў булачку, трэці выпіў каву. Дальнабойнік, аднак, не паддаваўся на правакацыі, заплаціў гаспадыні рахунак ды выйшаў. Калі ён пайшоў, рокеры сталі выхваляцца:
— Гэта ж трэба, такі сцыкун!
— Ага, — прамармытала кельнэрка, — і езьдзіць ня ўмее. Ад’яжджаў, дык пераехаў тры матацыклы.
Сага шырака вядомая на Захадзе. У ёй выявіліся перадсуды людзей да пэўных груповак моладзі (тут — байкераў).
Адна сужэнская пара зь нямецкага гарадка Нортгайму дужа злавала на п’янтосаў, якія, пакідаючы блізулеглую піўніцу, ці не штовечар цурболілі ў іхную паштовую скрыню. Як што ні муж, ні жонка ніводнага разу не змаглі застаць зламысьніка, яны вырашылі паказаць тому, дзе горкі перац расьце. Праз паштовую скрыню быў праведзены дрот, падлучаны да электрыкі. Вось жа акурат у першую ноч сужэнцы падхапіліся ад жудаснага ляманту, але так нічога й ня згледзілі. Той ночай паштовая скрыня была мокрай у апошні раз.
Пададзена з расповеду 24-гадовай студэнткі, жонкі таго мужчыны, што наладзіў электрычную пастку.
Сардэчна запрашаем у AIDS-клюб!
Калі ў нас неяк пайшлося пра AIDS, мой сябар, які акурат тады вярнуўся з адпачынку на Канарах, распавёў мне такую гісторыю: адзін знаёмец, што жыў на выспах, паведаміў яму, як нейкі малады гішпанец з Санта-Крус пазнаёміўся на курорце Пуэрта дэ ля Крус з адной турыстачкай, прабавіўшы зь ёю ноч. Назаўтрае, калі гішпанец прачнуўся ў зьнятым наконадні нумары, яе ўжо й сьлед прастыў. Пайшоўшы ў лазьніцу, каб узяць душ, ён прачытаў выведзены памадай на люстэрку сказ: «Сардэчна запрашаем у AIDS-клюб!» Праз два месяцы хлопец зрабіў тэст на AIDS, які даў станоўчы вынік.
Гэтая сучасная сага вядомая ў многіх краінах сьвету. У Беларусі бытуе прыблізна з канца 80-х, маючы размаітыя варыянты.
Пальчык
Маладая ды заможная дачка менскіх нафтавых магнатаў, выпускніца гішпанскага факультэту Лінгвістычнага ўнівэрсытэту выехала неяк у Пэру. Спынілася ў шыкоўным сталічным гатэлі. Парт’е прыкмеціў на ёй цудоўны брыльянтавы пярсьцёнак і параіў, каб госьця пільнавалася вулічных злодзеяў, якія пасьля бунтаў супраць Фухіморы сталі рабіцца ўсё больш нахабнымі. “Пакідаючы гатэль, — сказаў ён, — Вы заўсягды можаце пакідаць пярсьцёнак ў сэйфе рэцэпцыі”. Тая ня зважыла на перасьцярогі. І аднойчы прыбегла ў гатэль, трымаючы на пальцах акрываўленую насоўку. Хітрыя злодзеі Лімы не пагрэбавалі адцяць жанчыне палец, на якім яна насіла каштоўную акрасу.
У гісторыі назіраецца патрыярхальнае стаўленьне да асобы жаночага полу, а таксама перадсуды аб размаху злачыннасьці. Дзея магла з аднакавым посьпехам адбывацца і ў Мэксыцы, і ў Турэччыне, і ў сувэрэннай Беларусі.
1999-2000 гг.