Панк у тралейбусе
У тралейбус зайшоў панк і ціхенька прысеў на вольнае месца. Кабета, што сядзела насупраць, пачала гучна наракаць на норавы моладзі, ганячы нефармалаў ды “дзермакратаў усякіх”. Хлопец слухаў абразы з каменным тварам. На чародным прыпынку ўвайшоў кантралёр. Як толькі наракальніца выняласвой квіток, панк выхапіў яго зь ейных рук і зьеў. Ніхто з пасажыраў не захацеў пацьвердзіць, штокабета сапраўды мела “праязны дакумэнт”. Давялося ёй сплачваць штраф як злоўленаму “зайцу”.
Беларусы, у большасьці сваёй, любяць, каб усё было ціха й спакойна, без скандалу. Гісторыя мае варыянты ў эўрапейскім сучасным фальклёры.
Матацыкліст без галавы
Адзін кіроўца ехаў зь сям’ёю з Ваўкавыску ў Масты. Раптам іх абагнаў матацыкл, на якім сядзеў чалавек без галавы. Апавядальнік ад жаху затармазіў, але тут яго абагнаў ужо цяжкавік, заладаваны вялікімі сталёвымі лістамі. Адзін ліст вытыркнуўся за борт кодаба — акурат там ляжала адцятая галава. Убачыўшы такое, дзядзька зьехаў у кювэт.
Сучасны варыянт “вершніка без галавы”. У беларускай традыцыі з адцятай галавою паўстае абаронца Смаленску Мэркур.
Гадзіньнік
Адзін беларускі нацыяналіст зь Менску ўпершыню трапіў у Нью-Ёрк на запрашэньне тамтэйшай беларускай Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага. Пасялілі яго ў аднае пары былых СБМаўцаў, а яму перад першай вячэрай закарцела крыху пабадзяцца па месьце. У натоўпе наш зямляк нечакана адчуў, якхтосьці крануў яго за запясьце. Ён разьвярнуўся, убачыў перад сабою мурына і раптам сьцяміў, што на руцэ няма гадзіньніка. “Браток” схапіў чарнаскурага загрудкі і ўладна загадаў: “Give me that watch!” Афраамэрыканец спалохана аддаў яму свой Swatch. Усьцешаны беларус вярнуўся да гаспадароўі неспадзявана выявіў, што ягоны Swatch ляжыць на палічцы ля люстэрка ў лазенцы.
У аснове сагі – расавыя перадсуды. Князь Міхал Казімір Радзівіл у жніўні 1722 г. болей перажываў не за тое, што ледзьве не ўтапіўся, а за згублены ў вадзе залаты гадзіньнік ды яшчэ, каб той ня трапіў у рукі рыбака, што назіраў казус.
Забытая нычка
Адзін дзядзька, як і ўвогуле многія мужыкі, любіў рабіць занычкі ад сваёй жонкі, тыркаючы грошыкі ў самыя разнастайныя схованкі, бо заўсёды быў рады знайсьці выпадкам лішні рубель на гарэлку.Ведаючы кемлівасьць жонкі, ён мусіў шукаць шторазу новыя й новыя патаемнікі. Жонка ж у доме зусіх рэчаў баялася кратаць адно толькі мужаву паляўнічую стрэльбу. Акурат у ейную рулю й была прыхаваная чарговая порцыя грошай. Затым, як чынілася гэта на зусім нецьвярозы розум, назаўтрахавальнік нічога ня помніў. Так і ляжалі тыя рублі, покуль аднаго разу ў час нейкай урачыстасьці мужыку не закарцела адсалютаваць з дубальтоўкі ў гонар гасьцёў. Выйшаўшы разам з усімі набалькон, ён стрэліў у паветра. З рулі шуганула полымя ды паляцелі шматкі паперы, у якіхраспазналіся рэшткі немалавартаснай на той час фіялетавай банкноты.
Запісаная ад знаёмай маладзіцы, гэтая гісторыя сягае ў савецкія часы. Дзеля інфляцыі й сацыяльнага падзелу цяперашнія нычкі, калі й робяцца, дык робяцца банкнотамі зялёнага колеру. Многія ж цяпер перабіваюцца здаваньнем пустых пляшак.
Няшчаснае бздарэньне
Неяк у аднаго хлапца ўсхадзіўся жывот, як гэта часьцяком бывае ад няслушнага харчаваньня. Вось жа яго пушыла, а ў шлуньнях вуркатала. Насьпела пільная патрэба выпусьціць газы. Балазе рэч дзеяласяна вуліцы, і маладзёна не агортваў залішні сорам. Ён даў палёгку жывату ды раптоўна ўчуў за сабойдзіўны, зусім нязвыклы гук, а таксама жаночы покрык. А адбылося вось што. Хлапец проста не заўважыў, што ў легкавіку ля ходніка сядзела жанка, якая за чаканьнем мужа ўздумала трохі пакурыць. Апусьціўшы баковае шкло, яна шчоўкнула запальнічкай менавіта ў той момант, калі дзяцюк зызволіў дабрашчасна бздануць. Ад полымя запальніцы газавы струмень бухнуў, апаліўшы жанчынепальцы ды ладна перапудзіўшы.
Занатавана ад юнай хімікесы, якая між іншага вельмі цікавіцца выбуховымі рэчывамі. Сама апавядальніца сумняваецца ў праўдзівасьці гэтай гісторыі.
Радзімка
Людцы добрыя і знаючыя баяць, што саўсім недарма Ляксандар Рыгорач вусы сабе носіць. Гавораць, уяго над губой верхняю радзімка бальшая вельмі ё. То ж во, хавае ад усіх. А я ж ад малых лет знаю:радзімы знак на вуснах — паганая прыкмета.
Падслухана ў дызэлі ад даволі жвавага дзеда гадоў 60-ці. Даўні забабон беларусаў (гл. «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага) набыў зусім нечаканае ўвасабленьне.
Пальцы
Дзядзька мне расказаў пра свайго новага знаёмца. Не пасьпелі яны шчэ як сьлед разгаварыцца, як той прапанаваў адгадаць, колькі пальцаў на ягонай левай руцэ, паставіўшы на кон нейкую сумугрошай. Дзядзька згадзіўся і стаў думаць, мяркуючы, што ў спрачальніка ці ўсе пальцы на месцы, цінекалькіх не стае. Трохі пахістаўшыся, ён адказаў: — Пяць. — Няпраўда, — запярэчыў знаёмец і паказаў левую далонь, дзе між вялікім і ўказальным красаваўяшчэ адзін маленькі пальчык.
Запісана з расповеду старшаклясьніцы белабалоцкай школы. Людзі з даўніх часоў адчуваюць інтарэс да размаітых выродзтваў і паталёгіяў цела (гл. напр. «Магілёўскую кроніку»). Наш час не ўяўляе тутака вынятку.
Gott mit uns!
На адным з урокаў у якойсьці школе зайшлося пра Бога. Настаўніца, хоць і выхоўвалася колісь у атэістычных традыцыях, палка даводзіла шкалярам Яго існаваньне. Дзеткі маўкліва пагаджаліся, і толькі адзін упарта адмаўляўся. Колькі і як настаўніца ні пераконвала, колькі ні выстаўляла аргумэнтаў “за”, хлапец настойліва паўтараў сваё: “Бога няма!”, стоячы ля настаўніцкага стала.Урэшце дайшло да таго, што апанэнты ў запале спрэчкі сталі кідаць толькі словы “Ёсьць!” і “Няма!” бязь лішніх абгрунтаваньняў. Можа, спрэчка тая працягнулася б значна долей, аднак, калі вучань чарговым разам вымавіў “Няма!”, раптоўна лопнула ваза з кветкамі, якая стаяла на стале ўнастаўніцы.
Побытавы доказ існаваньня Бога.
Трусік
Два хлапцы гасьцявалі ў цёткі. Разам з сабой яны прывезьлі вялікага прыгожага сабаку. Настрой уваўсіх быў цудоўны. Цётухна гуляла з пляменьнікамі ў карты, піла зь імі джын-тонік. Сабака бавіўсяна волі. Праз колькі гадзінаў ён зьявіўся замурзаны, з задушаным трусікам у пашчы — суседзкім. Што рабіць?.. Вымылі сабаку, вымылі трусіка, пасушылі трупік фэнам. Пасьля хлапцы падкінулі даўгавухага суседзям у загончык… Наступным днём прыходзіць сусед — зьбянтэжаны. Тры дні таму,кажа, закапаў здохлага трусіка, а сёньня чую — сьмярдзіць. Здохлы трус чысты, як памыты, ляжыць усябе ў загоне.
Цудаў не бывае!
Спадарожніца
Адзін хлопец вяртаўся на матацыкле дамоў у вёску з Шуміліна. На выезьдзе яго спыніла файная дзяўчына, назвалася Манькай і папрасіла падкінуць дахаты — гэта было трохі ўбок ад хлопцавай дарогі. Хлопец падвёз. На разьвітаньне спадарожніца дала яму свой тэлефон: “Калі што трэба будзе — заяжджай”. Празь нейкі час хлапец наважыўся заехаць у госьці. Дзьверы адамкнула жанчына:“Маню?.. — і ціха расплакалася. — Маня ўжо год як не жыве”. Суседка расказала, што дзеўчына трапіла пад “МАЗ” каля Шуміліна. Хлопец пасівеў.
Характэрная сага аб прывідах. Кажуць, адзін сьпірытоляг сур’ёзна задумляўся, як перавезьці знакамітую Чорную Даму зь Нясьвіжу ў Менск на Карла Маркса, 38.
Рэфрыжэратар
Адзін студэнт-грузчык з Баранавіч, што падпрацоўваў на перавалачным вузьле чыгункі, аматар пажывіцца зьмесьцівам вагонаў, зь цікавасьці залез у вагон-рэфрыжэратар. Залез, а дзьверы ў цягнік раптоўна захлопнуліся звонку. Крыкі ды заклікі да ратунку не дапамаглі. У кішэні знайшлісяасадка й нататнік. Пэўны, што цягам бліжэйшых 14 гадзінаў яго ніхто ня знойдзе, небарака вырашыў занатаваць павольны працэс замярзаньня. Калі яго знайшлі наступным ранкам, ён быў мёртвы. Вакол ляжалі аркушыкі, з пазначаным часам ды апісаньнем стану арганізму на гэты час. А рэфрыжэратар-тоня быў нават улучаны!
Сага пра вялікую сілу самагіпнозу.
Злая інсэкта
Адна баба вярнулася з адпачынку з Турэччыны. Тамака яе за шыю ўкусіла нейкая жамярыца. Спачатку выскачыў зусім маленькі прышчык, але ён пачаў хутка расьці, нагадваючы памерам ладны фурункул.Скептычна ставячыся да дактароў, кабета ўзялася крэмамі ды гелямі лячыць сама сябе. А ён усё не праходзіў. Яна пайшла ў лазенку і, гледзячыся ў люстэрка, зьлёгку цісканула свой даймальны пухір.Той лопнуў, і зь яго пачалі выпаўзаць агідныя маленькія павукі. Кабету хапіў гістэрычны ўдар, іяна зьнепрытомнела.
Ня любяць у нас чужых краёў і багатыроў, што езьдзяць туды адпачываць.
Халодная лагода
Адна маладая й пэрспэктыўная трэнэрка рыхтавалася да правядзеньня чарговага сэмінару, абзвоньваючы зацікаўленыя ва ўдзеле няўрадавыя арганізацыі. Сярод сваіх працоўных запісаў яна знайшла тэлефон нейкае суполкі зь цёплым беларускім назовам “Лагода”. Калі на тым канцы паднялі слухаўку, яна са звыклай прыветнай жвавасьцю спыталася, ці сапраўды датэлефанавалася ў “Лагоду”. У адказ пачуўся абыякавы халодны голас бясполае істоты: “Нет, дзевушка, вы ашыблісь. Эта пінскігарадзкі морг…”
Беларусы церпяць часам ня толькі ад выбрыкаў тэхнікі, але і ад собскае нядбаласьці.
Неспадзеўка на лыжах
Адна кабеціна каталася на лыжах, і захацелася ж ёй справіць малую патрэбу. Каб не марнаваць часу на дакучлівае расшпільваньне мацаваньняў, яна, не здымаючы лыжаў, “прысела” за кусьцікам. Ажраптам лыжы сьлізганулі, і жанчына так і паехала згары далоў. Стукнулася ў нейкі будан і з разнастайнымі пашкоджаньнямі была дастаўленая ў больніцу. У суседняй палаце ляжаў маладзён з паламанай нагой. “Ламанцы” за абедам сядзелі за суседнімі сталамі. Чуе жанчына, як хлопецраспавядае сваім прыяцелям: «Еду, — кажа, — еду, а перад мной нейкая баба сядзіць на лыжах з голым азадкам. Я ад сьмеху ажно грымнуўся ды паламаў нагу”.
«Лыжныя гісторыі» з амэрыканскага фальклёру леглі ў аснову амэрыканскай камэдыі “Сьнежны патруль”. У цяперашняй Беларусі “лыжныя гісторыі” ў большасьці сваёй зьвязаныя зь імем галоўнага лыжніка. Але ня ўсе, як бачым.
Паляўнічы ты мой…
Адзін паляўнічы з Касьцюковічаў, літаральна “завернуты” на традыцыях і звычаях паляваньня, аднымпекным ранкам замест лася застрэліў каня, што зблудзіў у лесе. Ад перажываньняў з нагоды такое прыкрае няўдаліцы, якая пусьціла б яго на кпіны людзкія ды зьняважыла яго як паляўнічага, дзядзька вырашыў паквітацца з сабою ліхою квітаю. Ён застрэліўся ў самым гушчары.
Байка пра надмерны гонар і залежнасьць ад таго, “што людзі скажуць”. Хто-ніхто заміж сланоў усё жыцьцё забівае мухаў, і пра самагубства ня думае.
Прыяжджай, мама!
Аднаго хлопца, які толькі-толькі пайшоў у армію, служба добра дадзела, нібыта сапраўднага “дзеда”, для якога час цягнецца марудней, чым для “духа”. Малы, аднак, ня быў яшчэ нават “духам”, а адно “запахам” і знаходзіўся да прысягі ў каранціне, засвойваючы курс маладога байца. Яго прыгнятала ўсё – ад ранішняга крыку днявальнага “Рота, пад’ём!” да сьцёбак сяржантаў-“чарапоў” ды ўбогай ежы, ад якой пушыла вантробы ды пачыналася пякотка. За гэты час салдацік вельмі палюбіў сваю маму, палічыўшы свае паводзіны на цывільлі за няслушныя. І як неймаверна радаснага сьвята ён чакаў дня прысягі, на якую, ён ведаў, зьяжджаюцца бацькі, блізкія і сябры маладых жаўнераў. Але надзея на прыезд матулі была вельмі кволая. Тады хлопец узяў аркуш паперы і напісаў маці ліст, у якім, між іншага, было такое: “Мілая мама, прыяжджай абавязкова ка мне на прысягу, бо есьлі ты не прыедзеш, мяне назаўтра адправяць ваяваць у Чачэнію…” Ліст з такой “навіною” да мамы не дайшоў, патрапіўшы ў рукі адмысловага аддзелу, які не бязь сьмеху раскручваў малога наконт інфармацыі, выкладзенай у лісьце. А мама да салдаціка прыехала…
Пацешнік
У сяржанцкай вучэбцы быў адзін курсанцік, якому ня надта было каму пісаць лісты, хаця й карцела, калі ўсе навокал пісалі. Аднойчы ён наважыўся-такі ўзяцца за асадку і кавалак паперы, каб адпісаць сваёй знаёмай ці сяброўцы (ён і сам дакладна ня ведаў, хто тая дзеўчына для яго). Урачыста хлопец вывеў амаль прыгожым почыркам: “Прывітаньне!”. Аднак, паставіўшы клічнік, ён раптам сьцяміў, што страціў усялякую ахвоту да ліставаньня. Апісваць цяжкасьці курсанцкай службы яму не хацелася дый не маглося. Пакруціўшы паперчыну, хлопец уклаў яе ў капэрту ды адправіў на адрас той дзяўчыны. Гэткая “апэрацыя” здалася яму дужа пацешнай. Адрасатка добра ацаніла армейскі гумар і прыслала адказ: “Дзякуй!”
Жартачкі
Два даўнія сябры ліставаліся паўтара года, пакуль адзін зь іх служыў у войску. Вярнуўшыся на цывільле, той не застаў дружбака ўдома, бо яго, як і належала, ужо пасьпелі ня толькі прызваць, але і забраць у дэсант. Ліставаньне ўзнавілася. “Дзембель”, вырашыўшы трохі пасьмяхарыць, на ўсіх капэртах падпісваўся жаночымі імёнамі. Ён ведаў, што лісты ад дзяўчат ускрываюцца адмысловым чынам: надрываецца куточак капэрты, капэрта надзімаецца, кладзецца на шыю “духа”, і “чэрап” ці “дзед” хлопае па ёй далоньню. Калі хлапок з гэтага атрымаецца гучны, значыць, дзяўчына, што піша, сапраўды кахае свайго салдата. Маладому жаўнеру вельмі не падабалася лішні раз атрымліваць па шыі, але ён ня вельмі крыўдаваў на свайго “дзембельнутага” сябра, якому, бывала, лісты ўскрывалі й гумовай дубінкай, як у спэцназе.
Маўклівы легіянэр
Неяк у таварыскім коле мы завялі гаворку пра спэцназ. Амаль кожны вымаўляўсваё захапленьне прафэсійнай падрыхтаванасьцю спэцназаўцаў. І толькі самы маўклівы хлапец, які нібыта колькі гадоў быў дзесьці ў заработках, скептычна чмыхнуў: «Падумаеш, спэцназ! Вось францускі замежны легіён — іншая рэч». Пасьля чаго ён узяў нож, уваткнуў яго сабе ў нагу, зрабіў надрэз на паўсьцягна ды неўзабаве зашыў гэтую рану ніткамі, ушчэнт агаломшыўшы кампанію.
Занатавана з расповеду студэнта-выпускніка. Людзі пакутуюць ад банальнасьці вакол сябе і хочуць верыць, што бываюць побач і дзівы, і незвычайныя людзі.
“Porsche” зь мярцьвячым пахам
Сяброўка аднаго перагоншчыка аўтамабіляў зь Берасьця распавяла мне, як той аднаго разу ня мог даверыцца вачом, вычытаўшы ў нейкай газэце вестку “аб продажы навюткага “Porsche” ўсяго за 100 марак. Ён не прамінуў скарыстацца з абвесткі. Аўто было такім танным таму, што ў ім былы гаспадар атруціўся выхлапнымі газамі. Труп, аднак, выявілі толькі праз паўгода. За гэны час мярцьвячы дух прасяк усе седзівы ды абіўку, стаў абсалютна невыдаляльным. Хлопцу пра гэта сказалі, але ён усё ж паквапіўся ды набыў. Купіўшы танна, шукальнік мусіў за вялікія грошы замяніць седзівы, абіўку, панэлі, дыванкі, каб машынай, нарэшце, можна было карыстацца – інакш у Беларусі яе ніхто не хацеў купляць.
Сучасная афарбоўка клясычнага сюжэту: гон за “дзешавейшаю” раскошаю ператвараецца ў “найдаражэйшую” расплату пры атрыманьні жаданай рэчы. Скупы плоціць двойчы.
1999-2003 гг.