Сучасны стан народнага ткацтва i вышыўкі беларуска-ўкраінскага памежжа

0
265
Сучасны стан народнага ткацтва i вышыўкі беларуска-ўкраінскага памежжа

Народнае ткацтва і вышыўка даволі вывучаныя часткі традыцыйна-бытавой культуры беларусаў і ўкраінцаў, аднак сёння існуе неабходнасць далейшага даследавання іх рэгіянальных асаблівасцей. Акрамя таго, засталося няшмат людзей, якія займаюцца ткацтвам ці вышыўкай, або валодаюць звесткамі аб даўніх традыцыях вытворчасці і выкарыстання ўзорных тканін. Існуе вопыт сумеснага даследавання ручнікоў памежжа трох усходнеславянскіх культур [1].

Для выяўлення пераемнасці традыцый народнага ткацтва і вышыўкі, а таксама ступені зберажэння помнікаў дадзенага віду народнай творчасці ў 2003-2004 гг. аўтарам праводзіліся палявыя даследаванні ў вёсках Макаўе, Жураўлёўка, Займішча, Чарацянка, Маркавічы Гомельскага раёна, што знаходзяцца недалёка ад украінскіх тэрыторый.

Сярод помнікаў матэрыяльнай культуры вывучаемага рэгіёна знойдзеныя намі прадметы ткацтва і вышыўкі вылучаюцца сваёй колькасцю і разнастайнасцю відаў (ручнікі, посцілкі, прасціны, навалкі, сарочкі і г. д.). Тканыя ручнікі сустракаюцца радзей за вышываныя. Самыя старадаўнія датуюцца канцом XIX пачаткам XX ст. (посцілак гэтага перыяду амаль не засталося), яны выкананы як з адбеленага, так і з неадбеленага ільнянога палатна. Геаметрычны арнамент у выглядзе простых ромбаў і ромбаў з падоўжанымі старанамі, квадратаў, крыжоў размешчаны папярэчнымі палосамі на канцах вырабаў. Колеры ўзораў — чырвоны, вельмі рэдка — чырвоны з шэрым. Чырвоны колер і геаметрычны арнамент характэрны і для чарнігаўскіх тканін гэтага перыяду: «Вытканные красными, иногда с добавлением черных и синих ниток, сложные, с детальной проработкой, комбинации ромбов в изделиях черниговских и белорусских мастериц имеют много общего и часто совпадают не только в главном, но и в деталях. Устойчивость и постоянство этого типа ромбо-геометрических композиций на данной территории говорят об их древней общей традиционной основе» [2, с. 31-32].

Для вышываных ручнікоў пачатку і сярэдзіны XX ст. характэрна выкарыстанне даматканага ільнянога палатна ці баваўнянай тканіны фабрычнай вытворчасці. Матывы вышывак даволі разнастайныя. Для ручнікоў характэрны геаметрычныя, раслінныя, арніта-, антрапа-, зааморфныя ўзоры. Кампазіцыі пабудаваны на чаргаванні гарызантальных палос з размешчанымі ў іх матывамі або на выдзяленні цэнтральнай арнаментальнай паласы. Вышыўкі крыжыкам рабілі чырвонымі і чорнымі ільнянымі ці баваўнянымі ніткамі. Узоры часта дапаўняліся ініцыяламі вышывальшчыцы ці надпісамі. Напрыклад, у Старосценкі Наталлі Рыгораўны з вёскі Макаўе зберагаецца ручнік з надпісам «Умывайся біеленько, выцірайся сухенько». Вышываныя ручнікі, настольнікі, прасціны, падзоры, навалкі другой паловы і канца XX ст. адрозніваюцца выкарыстаннем разнастайных па фактуры белых тканін і рознакаляровых нітак фабрычнай вытворчасці. Тэхнікі вышывак — поліхромная гладзь, вышыўка крыжыкам.

На тканінах памежных украінскіх тэрыторый таксама сустракаюцца падобныя матывы арнаментаў. «На Чернігівщині була дуже поширена вибійка із зображенням птахів серед квітів» [3, с. 89].

Вельмі рэдка ўжо сустракаюцца палатняныя сарочкі, ўпрыгожаныя вышыванымі геаметрычнымі або кветкавымі ўзорамі. У вёсцы Макаўе яны былі знойдзены толькі ў дзвух хатах. Аднак амаль у кожным доме выкарыстоўваюцца вышываныя настольнікі, навалкі, падзоры і г. д. Старадаўнія арнаменты ўжо не ўжываюцца, замест іх тканіны ўпрыгожваюцца расліннымі, пераважна кветкавымі ўзорамі. Майстрыхі знаходзяць іх у сваім асяроддзі. Так, Кавалёва Алена Васільеўна 1976 г. н. (в. Макаўе) гаварыла: «Дзе бачыш красівыя ўзоры адтуль і вышываеш, напрымер з занавескі ці хусткі» (чэрвень 2004 г.).

Асаблівай увагі заслугоўваюць карункі, якія часта дапаўняюць тканыя і вышываныя вырабы. Амаль усе ручнікі, прасціны, падзоры маюць на канцах карункі вязаныя ўручную. Імі ўпрыгожваліся навалкі, ці перамяжоўваліся палосы вышываных узораў на ручніках, складаючы тым самым адзіную арнаментальную сістэму (такіх вырабаў шмат сустракаецца ў в. Маркавічы). Формы і матывы карункавых узораў (геаметрычныя, раслінныя) вельмі разнастайныя і амаль ніколі не паўтараюцца. Самыя старадаўнія карункі выкананы ільнянымі ніткамі. На працягу амаль усяго XX ст. іх вязалі з баваўняных нітак, а з 1980-х гг. карыстаюцца карункамі фабрычнай вытворчасці. Разам з тым ім не заўсёды надаецца належнае значэнне, пагэтаму існуюць адзінкавыя навуковыя працы, прысвечаныя карункам [4].

Тканыя посцілкі сустракаюцца у асноўным у сем’ях, дзе традыцыі ткацтва падтрымліваліся да 1970-1980-х гг. На вывучаных намі беларускіх тэрыторыях, што прылягаюць да Чарнігаўшчыны, прымянялі рамізную, браную і закладную тэхнікі ткацтва. Большасць посцілак датуецца 1950-1980-мі гг. Калі ручнікі ткалі амаль заўсёды ca льну, то для посцілак выкарыстоўваліся лён, воўна, канапля, бавоўна. Аснова часцей за ўсё цёмнага колеру, уток больш светлы, напрыклад чорная аснова з воўны і ільняны ўток жоўтага ці аранжавага колеру. Посцілкі 1980-х гг. яркія і шматколерныя. Ніткі фарбавалі набытымі фарбамі. Арнамент посцілак геаметрычны або геаметрызаваны раслінны.

На сучасным этапе ў названых вышэй вёсках вышыўкай займаюцца жанчыны, у асноўным сталага ўзросту, а аб ткацтве маюцца толькі вусныя сведчанні. На пытанне, чаму не ткуць, адказваюць што гэта: «Вельмі цяжолы труд, а памагаць некаму».

У названых вёсках, акрамя беларусаў, жыве насельніцтва, якое мае карані з памяжоўных украінскіх тэрыторый і захоўвае свае нацыянальныя тканіны, якія былі выраблены на Украіне, але зараз існуюць і выкарыстоўваюцца на Беларусі. У сем’ях Чарненка і Панамаровых з в. Жураўлёўка знойдзены ільняныя і баваўняныя ручнікі, навалкі, прасціна, вырабленыя ў першай палове, сярэдзіне XX ст. ў в. Карпаўка Чарнігаўскай вобласці. Менавіта такія прыклады ілюструюць шляхі ўзаемапранікнення культур і, у пэўнай ступені, характарызуюць этнакультурныя сувязі.

Літаратура

  1. Нячаева, Г. Р. Архаічныя імпульсы ўзорнага ткацтва на памежжы Беларусі-Украіны-Расіі / Г. Р. Нячаева, I. В. Штанкіна // Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся : матэрыялы Міжнар. навук. канф. — Гомель, 2004. — Ч. I. — С. 17-23.
  2. Штанкина, И. В. Орнаменты рушников Черниговского Полесья как отражение взаимодействия украинских, белорусских и русских народных художественных традиций / И. В Штанкина // Ручнік у прасторы і часе: матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. — Минск, 2000. — С. 31-35.
  3. Зайченко, В. В. Вибійчані тканини в колекціі Чернігівського історичного музею ім. В. В. Тарновського / В. В. Зайченко // Скарбниця украінскоі культури: збірник наук, праць. — Чернігів, 2002. — Вип. 2. — С. 88-112.
  4. Телкова, С. Ю. Традиции народного кружевоплетения в украшении белорусских рушников (по материалам коллекции Национального музея истории и культуры Беларуси) / С. Ю. Телкова // Ручнік у прасторы і часе: матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. — Минск, 2000. — С. 148-152.

Аўтар: Ю.С. Купрэева
Источник: Менталитет славян и интеграционные процессы: история, современность, перспективы: материалы V Междунар. науч. конф., Гомель, 24-25 мая 2007 г. / М-во образования Респ. Беларусь [и др.]; под общ. ред. В. В. Кириенко. — Гомель: ГГТУ им. П. О. Сухого, 2007. — 358 с. Ст. 209-211.