Сучасная жаночая паэзія Гомельшчыны

0
743
Сучасная жаночая паэзія Гомельшчыны

Жаночая паэзія — выраз даволі ўмоўны. Актуальным падаецца пытанне пра творчую самаідэнтыфікацыю жанчын, іх эстэтычна-філасофскі досвед. Псіхалагічная матывацыя паэтак да аб’ектывацыі ў літаратуры суб’ектыўнага лірычнага пачатку разглядаецца ў межах дыскурсу. Аўтарская пазіцыя ў паэзіі такога кшталту набывае статус мастацкай аберацыі або прэтэндуе на суаднесенасць з прыгожай літаратурнай традыцыяй сучаснікаў-паэтаў, то бок мужчын. У якасці pro et contra існавання тэрміна «жаночая паэзія» прапануем меркаванні сучаснага літаратуразнаўства:

  • у межах дыскурсу пра «жаночую паэзію» — катэгарычнае адмаўленне ад падзелу літаратуры па палавой прыналежнасці аўтара са сцвярджэннем, што літаратура можа быць толькі добрай або дрэннай або поўнае прызнанне паняцця яе культурнага феномена (І. Шматкова) [1];
  • «жаночая паэзія» — гэта «феномен высокай культурнай велічыні». Раскрыццё жаночай суб’ектыўнасці абумоўліваецца шырынёй кругагляду аўтара, яго светапогляднымі пазіцыямі, магчымасцямі таленту (С. Калядка) [2];
  • паэзія пра жаночую долю ўяўляе новую аўтаномію. «У сённяшняй паэзіі ёсць і “проста” паэткі — пераемніцы Арсенневай, Геніюш і Пфляўмбаўм, ёсць і бязмоўныя Фрузыны, ёсць і бабскія галашэнні ды сіратлівыя нараканні» (С. Дубавец) [3];
  • беларуская жаночая паэзія — гэта «дакумент, які зафіксаваў гендарную асіметрыю пэўнай эпохі». Магчымасць пісаць адкрылася для саміх пісьменніц толькі ў другой палове ХХ ст., гэта вынік іх сумарнага творчага вопыту, што прывёў да большай адкрытасці, шчырасці пры самавыяўленні (Т. Фіцнер) [4].

Неўміручасць жаночага голасу ў мастацкай рэпрэзентацыі свайго лірычнага «Я» вызначыла шматаспектныя фармальныя пошукі сучасных беларускіх паэтак. Спецыфіка іх творчасці арыентавана не толькі на прадстаўленне свайго адметнага светабачання, але і на вызначэнне ўніверсальных мастацкіх уласцівасцей паэтычнага радка. Арыгінальнасць і значнасць феномена «жаночай паэзіі» можа абумоўлівацца ўласнай творчай канцэпцыяй паэтак і асаблівасцямі літаратурнага жыцця пэўнага рэгіёна.

Літаратурная сітуацыя на Гомельшчыны арыентавана на развіццё паэзіі. Натуральна, яна канцэнтруецца ў рэчышчы бязмежнай, адкрытай вершатворчасці жанчын. Індывідуальнасць мастацкага светапогляду, розныя культурна-мастацкія інтэрпрэтацыі канцэптаў, зварот да нацыянальных каштоўнасцей, даследаванне існага, адметная філасофія словатворчасці і мадэрнісцкія светаадчуванні складаюць мастацка-эстэтычную сістэму «жаночай паэзіі» дадзенай рэгіянальнай прасторы. «Гомельская femina» прадстаўлена абагуленым вобразам інтэлектуальнай прыгожай натуры. Лепшымі паэтычнымі традыцыямі і наватарствам вылучаецца творчасць В. Цярэшчанка, Л. Раманавай, А. Алешынай, Н. Шкляравай, Г. Новік і інш. Інтэлектуалізацыя зместу, умоўна-асацыятыўная вобразнасць, глыбокі ўнутраны пафас і разняволенасць вершаванай формы складаюць мастацкую аснову творчых пошукаў паэтак.

Наватарства творчасці асобных паэтак абумоўліваецца наступнымі спецыфічнымі асаблівасцямі:

  • аналітычным даследаваннем філасофіі жыцця. Інтэлектуальнае асэнсаванне катэгорыі быцця рэалізуецца праз сцвярджэнне ідэі высокай духоўнасці;
  • сінтэзам паэтычнага слова з мастацтвам. Уласная канцэпцыя рэалізуецца ў межах еўрапейскага эстэтычнага кантэксту;
  • універсальным асэнсаваннем канцэпта Радзімы. Прыгажосць айчыннай прыроды спалучаецца з глыбокім філасофскім досведам.

Сучасная паэзія Гомельшчыны, якую прадстаўляюць жанчыны-творцы, адлюстроўвае жыццё і духоўна-эстэтычныя патрабаванні асобы. Дамінантныя рысы майстэрства ў перадачы пачуццяў і арыгінальны змест вершаў разгледзім на творчасці асобных паэтак.

«Чалавечая душа ад пачатку свайго існавання так і не атрымала адказу на пытанне: белае святло — што ж гэта такое?

— Белае святло — гэта нашае жыццё, — адказала Жанчына» [5, с. 10].

Ларыса Раманава спачатку як жанчына, а потым ужо паэтка аналізуе логіку быцця, сутнасць і патрэбы душы чалавека. У вершах паэтка даследуе загадку жыцця, асвятляе пытанні вечнага руху, вывучае сябе і свет. Л. Раманава схільна да філасофска-вобразнай трактоўкі рэчаіснасці. Ідэя творчасці — знайсці сэнс свайму існаванню. Жыццё, паводле паэткі, — гэта «неадбудаваны горад», дзе «самая вялікая моц // у прыгажосьці // у якой няма канца // якая ёсьць паміж намі» [5, с. 8]. Эстэтычны культ прыгожага ў вершах вызначае спецыфіку духоўнай атмасферы асобы ў сістэме іншых каштоўнасцей. Душа — субстанцыя, у якой закладзены неабмежаваны патэнцыял. Яна таксама накіравана на развіццё і таму яе знаходжанне ў целе можа быць неабавязковым: «Месьцяцца душы ў часовых прытулках — // у шкарлупінках дзён, у думках начных» [5, с. 20].

Згодна мастацкай тэорыі Л. Раманавай існаванне душы звязана з быццём, паколькі гэта таксама форма свядомасці асобы. Паэтка ўвасабляе думку, што цэнтрам быцця ёсць Бог: «Госпадзе // з-пад зямлі // над зямлёй <…> // Госпадзе // будзь са мной» [5, с. 56]. Тэндэнцыя звароту да Усявышняга і да формы паэтычнай малітвы ператвараецца ў вершатэксце ў дзейсны сродак мастацкай выразнасці. Змястоўнасць, эмацыянальнасць вершаваных радкоў апелюе да адзінства ўласнай самаарганізацыі і ўмоўнага лірычнага сюжэта.

Зварот аўтаркі да трансцэндэнтнага заўважны, бо «мроіцца тое // што немагчыма // сустрэць на зямлі» [5, с. 18]. Рэалізаваная ў вершах анірычная форма рэальнасці (сна) дазваляе лірычнай гераіне дакрануцца да боскіх істот і адначасова зразумець марнасць прывіднага шчасця:

Анёлы, аднак, праз сон заходзяць, бывае.
Штось дзівоснае творыцца ў сьне.
А на сьвітаньні — усё зьнікае:
Рай рассыпаецца ў цьмяным акне
[5, с. 18].

Толькі ў сне лірычная гераіня перадае свае перажыванні, у выніку чаго паэткай паказваюцца імгненні і жаданні душы чалавека, яе эмацыйна-ўзрушаны стан.

Катэгорыя быцця рэалізуецца ў паэзіі Л. Раманавай з дапамогай вызначэння пэўных кодаў-сімвалаў.

Нябёсы — сінонім Раю, крыніца касмічнай сілы: «Нябёсы — побач // заўсёды — побач // кранаюся іх рукой // плаваю паміж плынямі // бываю месячным адбіткам // уначы на рацэ» [5, с. 7]. Дасягнуць нябёсаў — значыць авалодаць абсалютным спакоем і светам.

Свяча — вобраз духоўнага святла. Яна сімвалізуе чыстую і светлую душу чалавека. У вершатворчасці Л. Раманавай, згодна з хрысціянскімі абрадамі і традыцыямі, такая функцыя належыць іконе (верш «Сьвяча»).

Зорка кіруе лёсам асобы. Таму нараджэнне чалавека адзначаецца ва «ўмоўнай кнізе» боскіх дасягненняў: «сёння можна //цуд дзевяты са-ўтварыць // у Нябёсным Доме Сьветлым // зорку запаліць» [5, с. 21].

Паэтка імкнецца акрэсліць быццё чалавека і яго месца ў сусвеце. Л. Раманава прыйшла да высновы, што ў свеце ўсё ўзаемазвязана: усе прыродныя істоты нясуць у сабе часцінку чалавечай душы.

Як птушка, што ня мае крылаў,
Як рыба без плаўнікоў,
Як вада, што зь зямлі застылай
Прарываецца зноў і зноў,
Я цяку, і плыву, і падаю,
У падзеньні намацваю дно
[5, с. 36].

Лірычная гераіня бачыць частку сябе ў рыбах і птушках. Дадзеныя вобразы ўдакладняюць гарманічную сувязь чалавека са светам прыроды, і ў гэтым выпадку жыццю надаецца працэсуальнае значэнне. Відавочная апеляцыя да першабытнага пантэізму. Аўтар свядома стварае карціну, дзе прыродныя элементы адухаўляюцца. У працэсе разгортвання асацыяцый падкрэсліваецца і значэнне вады — крыніцы самаго жыцця. А рух жыцця патрабуе ўсведамлення яго сэнсу. Пры гэтым Л. Раманава адзначае, што «у людзей жа іншы лёс // нарадзіцца каб не ведаць // хто цябе сюды прынёс» [5, с. 21]. Пошук сутнасці свайго існавання і яго зместу праяўляецца ва ўмовах вечнага светапазнання рэчаіснасці.

Паэзія Л. Раманавай ўвасабляе гарманічны пачатак: паэтка стварае сваё бачанне свету з аналітычным вылучэннем істотнага (душы) і рэпрэзентацыяй быцця.

Паэзію Ганны Новік вылучае сінтэз з мастацтвам. Праявы глыбокага лірычнага роздуму, шырокі спектр пачуццяў, што выкліканы імгненным захапленнем аб’ектыўнай рэчаіснасцю, складаюць паэтычную мадэль творчасці маладой аўтаркі. Арыгінальным з’яўляецца і аўтарскі падыход у фіксацыі вобразаў і адлюстраванні эмацыянальна-пачуццёвай сферы лірычнага твора:

Зоры апошнія з цюбіка выцісну,
Пэндзаль хай слізне па Сожы замерзлым.

Вам пасавала б, напэўна, сысці са сну І ў календары паўжыцця перакрэсліць [6, с. 74].

Г. Новік выкарыстоўвае маляўнічую пластыку, а больш канкрэтна, — прыём «жывапіс словам». Выключнай падаецца прырода ў вершах паэткі. Гарманічнае існаванне прыродных стыхій нараджае эфект судакранання дзвюх плоскасцей — паэтычнай (мастацкай) і ўнутранай (асабіста-духоўнай): «З зямлёю неба зноў знітуе дождж // І ў думках запануе адзінота» [6, с. 14]. Пейзаж у вершатворчасці паэткі выконвае наступныя функцыі:

  • пейзаж як галоўная і абавязковая крыніца ўражання. Напрыклад, для паэткі Сож з’яўляецца кропкай адліку агульнай карціны, што адлюстроўвае стан прыроды: «Зляталі долу жалуды // І кожны аж звінеў, бы пенязь… // На межах неба вады // Блукаў іскрысты белы ветразь // Ён у блакіце патанаў // А чайкі складвалі санеты» [6, с. 51].
  • пейзаж як фон настрою:

Ноч на шыбы дыханнем лягла,
Мяккім, зорным ахутвала шалем,
– Ды адно не ставала цяпла,
Думкі поўніліся змучаным жалем
[6, с. 38].

Манера паэтычнага майстэрства паэткі захоўвае своеасаблівыя рысы імпрэсіяністычнага жывапісу. Мастацкія вобразы вершаў ахоплены настроем суму і адзіноцтва:

Сумуе за акном каштан,
Зайшоўся вецер нізкай нотай.
Я пэндзаль абмакну ў туман,
Пазычу фарбы ў лістоты
[6, с. 59].

Еўрапейскі мадэрнізм тлумачыць прысутнасць меланхоліі ў паэзіі нараджэннем ідэі вышэйшага мастацтва, дзе пачуцці выконваюць сэнсаваўтваральную функцыю. Жывапіс — гэта не толькі малюнак, а сукупнасць фарбаў, што сведчаць пра спецыфіку эмацыянальнага ўздзеяння прыродных аб’ектаў на свядомасць асобы. Дадзенае сцвярджэнне суадносіцца з паэзіяй, бо колер адлюстроўвае ўнутраныя перажыванні аўтара. Каляровая гама лірычных тэкстаў Г. Новік складаецца з цьмяных і цёмных адценняў (шэры асфальт, шэрая слота, цёмныя хвалі, прыцемак шэры, чакалятны каштан). Дамінантны ў вершах шэры колер стварае такую псіхалагічную афарбоўку, якая апелюе да разважлівых дзеянняў і сціпласці, а таксама выкарыстоўваецца ў якасці сродку абмежавання ад знешняга сацыяльнага свету.

У кожным вершаваным радку Г. Новік адчуваецца эстэтызм мастацкага мыслення. Эстэтыка — гэта сінонім мастацтва, а мастацтва — гэта і ёсць таямніца яе творчасці і жыцця. Лірычныя тэксты Г. Новік — гэта малюнак («Вясляр над Сожам дзень стракае новы // Сцяжыны. Лісце. Гмах царквы ў імгле…» [6, с. 68]), дзе кожны элемент успрымаецца як асобны артэфакт.

У вершатворчасці аўтара назіраецца даволі разнастайная рэпрэзентацыя тэмы восені. Восень стварае «пейзаж душы» маладой паэткі, жаданне-просьба якой наступная: «Ахіні мяне, восень // лістападам, дажджамі» [6, с. 19]. Адухаўленне прыроды ў вершах таксама падпарадкавана аўтарскай тэорыі — верш ёсць малюнак — «Крэмзаў дождж эпіграмы // Мякка прыцемкі крочылі // Ахіналі туманам» [6, с. 33]. Прадметы свету прыроднага выконваюць функцыю аўтарскай рэфлексіі.

Суб’ектыўна-эмацыянальная прастора вершаў паэткі супярэчлівая: спалучаюцца імгненне і бясконцасць, стваральная моц восеньскай прыроды і разбуральная энергія цёмнага вечару: «Праз сотню дажджоў // задухмяніцца восень // І рэкі ліхое // цячэнне суцішаць <.> А вечар сароміць // да чырвані дрэвы» [6, с. 15]. Для лірычнай гераіні восеньскі пейзаж — метафара яе настрою. Дождж, рака, вечар — сімвалы часу, што непрыкметна сыходзіць.

Такім чынам, у паэзіі Г. Новік рэалізаваны аўтарскі падыход да традыцый еўрапейскага мастацтва і своеасаблівая рэакцыя на сінкрэтычны характар сучаснай літаратуры.

Вынік эстэтычных разваг Алены Алешынай — гэта прывабна-прыцягальная прыгажосць прыроды, шлях дадому і любоў да Радзімы. Дамінантнае месца ў творчасці паэткі займае вобраз роднага Гомеля, які спалучае пранікнёную музыку краявідаў і дарагія сэрцу куткі: Гомель — ты мая буслянка,

І ўтульны, і прыгожы,
Быццам бусел калыханку
Кран спявае па-над Сожам
[7, с. 4].

Modus vivendi лірычнай гераіні — гэта ўспаміны, што ўвасабляюць гармонію паміж светам інтымным (духоўным) і светам навакольным. Суаднесенасць са знешнімі рэаліямі вызначае аб’ектыўны характар пры перадачы аўтарскага светаўспрымання, дзе значэнне набывае топас роднага дома: «Благаславі мяне, мой родны дом // Я заўтра адпраўляюся ў дарогу» [7, с. 7]. Апеляцыя да ўсяго роднага тлумачыцца паэткай праз рацыянальнае асэнсаванне свету, глыбокае даследаванне сутнасці быцця. Стыль жыцця лірычнай гераіні — вар’іраваць у рэчышчы сваіх успамінаў.

Істотным з’яўляецца ў паэзіі рэалізацыя матыву аб вечным вяртанні дадому:

Абдымкі раскрывае мне Сусвет,
Я чую хор адладжаны вятроў,
Які заве мяне ўдалеч зноў.
[7, с. 8].

Неспазнаны космас душы лірычнай гераіні патрабуе судакранання з прыродай родных мясцін: «Любіла я аблокі тыя сінія // Любіла сваю родную зямлю // Квітнела кветкаю // Чароўнаю, дзіўнаю» [7, с. 11]. Вера ў справядлівасць жыццёвых каштоўнасцей складае праблемна-тэматычную сферу і ўнутраны пафас паэзіі.

Творчая канцэпцыя А. Алешынай складаецца з уласна перажытага, асэнсаванага і па-мастацку ацэненага. Яе вершы, на першы погляд, простыя, але глыбокія, максімальна адкрытыя. Натуральна, вялікае і каштоўнае для паэткі бачыцца на адлегласці: «Шляхі. Дарогі // І сцяжынкі // Маё жыццё // Як блытанка надзей…» [7, с. 36].

У паэзіі А. Алешынай канцэпт радзімы ўспрымаецца моцнай стваральнай сілай, якая гарантуе асобе індывідуальную неўміручасць і адначасова гармонію зменліваму свету яе душы. Нацыянальны тып мыслення паэткі, пошук сябе і маральна-этычных арыенціраў пазітыўна арганізуецца ў вобразна-выяўленчай сістэме яе вершатворчасці.

У паэзіі аўтаркі прысутнічаюць і матывы паўсядзённай і бытавой канкрэтыкі. Паэтка стварае лагічныя жыццёвыя сітуацыі, у якой адлюстроўвае свет асабістых пачуццяў, але і ўвасабляе шчаслівыя моманты з жыцця людзей.

А на покуце
Маці ў клопаце
І з рукою
Пад шчакою.
Побач ахае
Сват са свахаю –
Малады збег
З маладой
[7, с. 15].

Паэзія А. Алешынай характарызуецца сінтэзам традыцыйнай словатворчасці і рэпрэзентацыяй нацыянальных каштоўнасцей. Вобразы прыроды, роднага дома і мясцін інтэгрыруюцца ў эстэтычна-мастацкую парадыгму сучаснага паэтычнага мастацтва.

Такім чынам, сучасная жаночая паэзія Гомельшчыны мае наватарскі характар: у вершатворчасці паэтак увасоблены сінтэтычны характар мастацтва, глыбокі жыццёвы роздум і нацыянальныя стэрэатыпы. Крэатыўнае выкарыстанне розных эстэтычных традыцый сучаснай літаратуры ў творчасці абумоўлівае наяўнасць розных вытлумачэнняў спецыфікі мастацка-эстэтычнай сістэмы аўтараў.

Літаратура

  1. Шматкова, І. Беларуская жаночая паэзія: да пытання эвалюцыі / І. Шматкова // Полымя. — 2011. — № 12. — С. 88-97.
  2. Калядка, С. Беларуская сучасная жаночая паэзія: мастацкія канцэпцыі «жаночага шчасця» / С. Калядка. — Мн.: Бел. навука, 2010. — 163 с.
  3. Дубавец, С. «Жаночая паэзія» / С. Дубавец // Вершы. — Мн.: «Медысонт», 2007. — С. 13-24.
  4. Фіцнер, Т. Гендарны аспект у беларускай літаратуры ХХ ст. / Т. Фіцнер. — Гомель: Выдавецтва УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2005. — 244 с.
  5. Раманава, Л. Птушкі і рыбы: Паэзія / Л. Раманава. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — С. 56.
  6. Новік, Г. Сумёты агню: вершы / Г. Новік. — Мн.: Ковчег, 2010. — 110 с.
  7. Алешына, А. Воленка: Вершы на беларускай і рускай мовах / А. Алешына. — Гомель: РПУП «Полеспечать», 2001. — 64 с.

 

Аўтар: М.І. Кірушкіна
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф.Скорины. Сер.: Гуманитарные науки. — 2016. — № 1(94). — С. 49-53.

Some aspects of Modern feminine poetry of Gomel region are considered. Nowadays with the development of cultural-aesthetic relationship feminine poetry is viewed as an original phenomenon in literary process. Lyrics of Gomel poetesses are a versatile talent and a spring of selfless creativity. The problem-thematic sphere of feminine poetry of this region is aesthetic perception of the inner world, artistic research of the feminine code, which in­cludes spiritual cosmos, philosophy of life, moral-aesthetic key points and reflection on contemporary life.