Стылістыка азначальных канструкцый у загадках Гомельшчыны

0
88
Стылістыка азначальных канструкцый у загадках Гомельшчыны

У вуснай народнай творчасці выдзяляюцца разнастайныя паводле стылістычных асаблівасцей і моўных рыс жанры. Загадкі з’яўляюцца своеасаблівымі метафарычнымі аповедамі пра пэўныя рэаліі, якія захоўваюцца за іншымі з’явамі, падобнымі на загаданыя некаторымі якасцямі. Менавіта па гэтых прыкметах магчыма правільна даць адказ на загадку. Як слушна заўважыла А.А. Станкевіч, «прагматычная накіраванасць дыскурсу загадак, іх уздзеянне на адрасата мае ў першую чаргу кагнітыўны характар — садзейнічае развіццю пазнавальнай дзейнасці чалавека і, акрамя таго, спрыяе фарміраванню навыкаў яго мысленчай здольнасці» [1, с. 128].

Да мовы беларускіх народных загадак як да аб’екта навуковага даследавання часта звяртаюцца этнографы і лінгвісты [1], [2], [3], [4], [5], [6], [7], [8]. Этнографы даследуюць адзінкі названага фальклорнага жанру ў агульнаславянскім кантэксце [2], [4]. Мовазнаўцы імкнуцца выявіць стылістычны патэнцыял сродкаў вобразнага выяўлення [1], [7], аналізуюць лексіку [3], [4], [5] і выдзяляюць сінтаксічныя рысы [8] загадак, шукаюць спосабы прымянення «тэкстаў загадак для развіцця сацыяльна-асобасных кампетэнцый студэнтаў» [6, с. 319]. Пры гэтым часцей навуковая ўвага даследчыкаў кранае беларускія народныя загадкі ў іх сукупнасці. Радзей адбываецца зварот да вывучэння мовы гэтага асаблівага жанру народна-паэтычнай творчасці ў канкрэтным рэгіёне [3]. Моўныя рысы загадак, выяўленых на тэрыторыі горада, усё яшчэ застаюцца мала даследаванымі.

Трапна адзначыла Н.П. Цімашэнка, што «беларускія загадкі прадстаўлены рознымі тыпамі сінтаксічных канструкцый, пры дапамозе якіх выражаюцца і захоўваюцца мудрыя думкі народа» [8, с. 438]. Пры гэтым загадкі кожнай мясцовасці слаўныя сваімі стылістычна-вобразнымі асаблівасцямі. У загадках, зафіксаваных на тэрыторыі Гомельскай вобласці, адзначаюцца цікавыя азначальныя канструкцыі.

Мэта артыкула — характарыстыка спосабаў граматычнага выражэння і стылістычных функцый азначэнняў у мове загадак, якія функцыянуюць на тэрыторыі горада Гомеля. Фактычным матэрыялам даследавання сталі выяўленыя ў горадзе загадкі, захаваныя ў фальклорным архіве філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Тэксты прыводзяцца з захаваннем мясцовых моўных адметнасцей.

Выкарыстанне азначэнняў надзвычай уласціва для большасці тэкстаў розных фальклорных жанраў. «Устойлівасць традыцыі выкарыстання ў фальклорных творах пастаянных спалучэнняў прыметнік + назоўнік выражаецца» [9, с. 142] у пашыранасці ў тэкстах колеравых найменняў. У народна-паэтычных творах «традыцыйнасць выкарыстання пэўнага колераабазначэння з адпаведным субстантывам стварае своеасаблівую вобразнасць выяўленчага кантэксту» [9, с. 142]. У загадках, акрамя таго, у выніку жанравай адметнасці, ад’ектыўныя каляронімы выконваюць функцыю падказак. Асабліва пашыраны прыметнікі, што называюць колеры, у адзначаных у г. Гомелі загадках, прысвечаных прыродным рэаліям. Натуральна, што часцей у разгледжаных тэкстах ужываюцца назвы колераў, найбольш пашыраных у беларускай прыродзе і акаляючым асяроддзі.

У многіх загадках узгадваецца прыметнік белы: Нясе белыя каменьчыкі (курыца); Белая вата поплыла куда-то (воблака). Названы колер прысутнічае ў загадках пра органы цела чалавека і жывёл адпаведнага колеру: За белым бярэзнічкам талалайка грае (язык і зубы); Полон хлевец белых овец (зубы).

Папулярныя ў загадках найменні сіняга колеру і яго адценняў: Сівыя галубчыкі па падзямеллю скачуць (лемяшы); Сівы бык у акенца шмык (світанне). Дэмінутыўныя формы прыметнікаў выражаюць адносіны асаблівага замілавання і павагі да пэўных прыродных з’яў: Сіненькая шубка ўвесь мір пакрыла (небо). У лексічны склад загадак уключаюцца ад’ектыўныя назвы колераў, якія найбольш дакладна характарызуюць адпаведныя якасці загадных прадметаў: Румяны Піліп да палкі прыліп (яблык).

Даволі часта ў штодзённым побыце сустракаецца чорны колер, з прычыны чаго ўжыванне адпаведнага прыметніка з’яўляецца характэрнай уласцівасцю мовы загадак: Выпашу чыстае поле, наганю чорных авец (хлеб у печцы); Чорная Івашка, драўляная рубашка, дзе пройдзецца, там след застанецца (аловак).

У склад шматлікіх загадак уваходзіць некалькі прыметнікавых колераабазначэнняў. Звычайна ў такіх загадках тоіцца пэўная рэалія з многімі складнікамі: Красные двери в пещере моей, Белые звери сидят у дверей, И мясо, и хлеб — Всю добычу мою я с радостью белым зверям отдаю (рот). А некаторыя загадкі за кошт выкарыстання некалькіх найменняў колераў адлюстроўваюць розныя этапы развіцця з’яў, перш за ўсё — прыродных рэалій: раслін, жывёл: Зімой — белы, а летам — шэры (заяц); Як жыве, дык чорны, як памрэ — чырвоны (рак).

Паводле наяўнасці розных найменняў колераў лягчэй здагадацца пра рознакаляровыя аб’екты, што трапілі пад увагу народных загадак: Красна, ды не дзеўка, зелена, а не дубрава (морква); Чарна, як жук, зелена, як лук, верціцца, як бес, повяртаецца ў лес (сарока).

Сярод азначэнняў у мове загадак выяўляюцца і іншыя лексіка-семантычныя групы якасных прыметнікаў. З дапамогай якасных прыметнікаў у загадках вобразна ўказваюцца найбольш яскравыя рысы з’яў і працэсаў, якія трэба назваць адгадвальніку. Варта заўважыць, што загадкі прапануюць уласцівасці асобных рэалій, выяўленыя праз народнае ўспрыманне. Паколькі большая частка фальклорных твораў захавалася са старажытнасці, то ўяўленне пра некаторыя прыродныя з’явы загадкі таксама адлюстроўваюць уласцівае даўнім часам: Круглае, дліннае, ніхто не дастане (неба); І тонкі, і доўгі, а з травы не відаць (дождж).

Асобна неабходна выдзеліць метафарычнае словаўжыванне прыметнікаў у загадках. Аўтары старажытных тэкстаў трапна заўважалі падобнасць некаторых побытавых і гаспадарчых прадметаў і прыродных з’яў з маральнымі і фізічнымі якасцямі чалавека, і загаданыя з’явы атаясамліваліся з чалавечым вобразамі: Гарбаты дзядок усё поле аббегаў (серп).

Ужыванне метафарычных эпітэтаў у загадках часам падмацоўваецца кантактным аднакарэнным паўторам, што спрыяе павелічэнню экспрэсіўнасці фальклорнага тэксту: Злая злюка ў рэчцы жыве, маленькім рыбкам драмаць не дае (шчупак).

Адметным спосабам граматычнага выражэння азначэнняў у народных загадках, зафіксаваных у Гомелі, з’яўляюцца адносныя прыметнікі. Частка з іх маюць на мэце абазначыць матэрыялы, з якіх традыцыйны вырабляюцца загаданыя прадметы: Носік стальны, хвосцік льняны скрозь палатно ходзіць (іголка); У ліпавым кусце мядзведзь равець (цымбалы); Жалезны конь, у жываце агонь, есці (аўса) не просіць, жне і косіць (трактар). У загадках, дзе ў ролі падказак выступаюць азначэнні, выражаныя адноснымі прыметнікамі, за адгадку звычайна маюцца прадметы побыту або прылады і прыстасаванні для гаспадарчай дзейнасці чалавека.

Асаблівасць мовы народных загадак у тым, што адносныя прыметнікі, як і якасныя, могуць выступаць у функцыі метафарычных эпітэтаў. Адбываецца гэта, калі ў фальклорным тэксце адна прыродная з’ява вобразна называе іншую. Некаторыя тэксты загадак прапануюць цэлыя казачныя аповеды: Ляціць конь заморскі, іржэць ён па-польску, хто яго заб’ець, сваю кроў пральець (камар).

У мове многіх фальклорных твораў часта сустракаюцца памяншальна-ласкальныя формы рознай часцінамоўнай прыналежнасці. Як заўважыла Н.П. Цімашэнка, «утварэнне памяншальна-ласкальных форм пры дапамозе суфіксаў служыць для суб’ектыўнай ацэнкі і ўласціва размоўнаму, экспрэсіўна напоўненаму маўленню» [10, с. 146]. У фальклорных тэкстах пашыраныя прыметнікавыя дэмінутывы. Гэтыя ад’ектыўныя ўтварэнні маюць розныя стылістычныя функцыі, але перш за ўсё — дэмінутыўныя прыметнікі павялічваюць эмацыянальнасць і выразнасць мовы твора. Памяншальна-ласкальныя прыметнікі з’яўляюцца ўласцівымі і для мовы даследаваных фальклорных тэкстаў.

У загадках суфіксы суб’ектыўнай ацэнкі з семантыкай ‘малы’ набываюць прыметнікі пры характарыстыцы невялічкіх паводле памераў прадметаў і з’яў: Маленькія бочачкі, ды поўныя золата (вочы). Для мовы загадак даволі ўласцівым можна назваць ужыванне ў тэксце розных прыметнікаў-дэмінутываў, што апісваюць пэўныя невялікія па памеры рэаліі: Вочы чорненькія, зубкі востранькія (мыш).

Адным з дэмінутыўных азначэнняў у многіх загадках выступае прыметнік з семантыкай ‘невялікія памеры’: Маленькі, кругленькі, А до неба дакінеш (вока). Ужыванне прыметніка малы з суфіксам суб’ектыўнай ацэнкі павялічвае экспрэсіўнасць мовы фальклорнага твора. І натуральна, што іншае азначэнне ў загадцы таксама ўжываецца з такім самым афіксам: У маленькім гаршэчку смачненькая каша (арэх); Маленькая, сухенькая, а ўсіх адзявае (лён). У загадках названыя спалучэнні дэмінутыўных азначэнняў выступаюць і ў кароткай форме: Маленька-крывенька, а ўсё поле зваюе (серп).

Кароткія формы прыметнікаў больш старажытныя за поўныя ад’ектывы. У агульнаўсходнеславянскай мове кароткія, або іменныя, прыметнікі выкарыстоўваліся ў сказе і ў функцыі прэдыката, і ў функцыі азначэння. Ужо ў часы выдзялення з агульнаўсходнеславянскай мовы беларускай, па звестках гісторыкаў беларускай мовы, «у жывой народнай мове (пра гэта сведчаць тыя пісьмовыя тэксты XIV-XVII ст., якія адлюстроўваюць жывую народную мову — перапіска, дзелавыя дакументы і інш.) прадуктыўнасць кароткіх прыметнікаў ва ўсіх склонах была надзвычай малая; усё большае пашырэнне набывалі поўныя прыметнікі. Паступова яны запанавалі ў атрыбутыўнай функцыі (азначэнне), з часам — і ў прэдыкатыўнай (выказнік)» [11, с. 187]. У мове загадак як фальклорных тэкстах, захаваных з часоў даўняй мінуўшчыны, кароткія формы прыметнікаў даволі актыўныя пры тым, што для сучаснай беларускай літаратурнай мовы гэтыя формы не з’яўляюцца ўласцівымі: У богатага тонка, у беднага тоўста, затое заўсёды пры сябе (рубаха).

У старажытнай кароткай форме ўжываюцца ў мове даследаваных тэкстаў загадак і азначэнні, выражаныя дзеепрыметнікамі. Часцей такія азначэнні ўяўляюць сабой канструкцыю дзеепрыметнага звароту: Вісіць світа, не рукамі світа (павуцінне). Азначальныя канструкцыі, выражаныя спалучэннем дзеепрыметнай формы з назоўнікам, у мове загадак часцей размяшчаюцца ў постпазіцыі да паяснёнага слова: А пры боку каліта — поўна злата наліта (печ); Вісіць світа, золотам абліта, хто яго палае, сабе шчасця не мае (сонца). Распаўсюджанасць постпазіцыйнага становішча дзеепрыметных зваротаў у мове загадак — спадчына ўжывання кароткіх ад’ектыўных форм у прэдыкатыўнай функцыі.

Для загадак, выяўленых на тэрыторыі г. Гомеля, уласцівыя таксама азначэнні-прыдаткі: Сарока-белабока да хаты прыляцела, у парозе села, з-за мяжы і з усёй краіны прынесла навіны (газета). Прыдаткі выражаюцца назоўнікамі, утворанымі ад прыметнікаў, якія, як і прыметнікі, што выкарыстоўваюцца ў тэкстах загадак, называюць найбольш дакладныя і характэрныя ўласцівасці загаданых рэалій. Многія азначэнні-прыдаткі ў мове загадак — гэта спецыфічныя ўтварэнні, якія даюць схаванаму ў тэксце аб’екту трапнае найменне і адначасова ўтрымліваюць узгадку пра істотныя якасці рэаліі. З гэтай прычыны некаторыя прыдаткі сустракаюцца выключна ў мове фальклорных тэкстаў: — Чарныш-загарыш, куды паехаў? — Маўчы, кручана-верчана, сам там будзеш (вілкі і чыгун). Ілюстрацыйны матэрыял паказвае, што, як і ў выпадку з прыметнікавымі азначэннямі, у загадках часта ўжываецца некалькі азначэнняў-прыдаткаў.

У функцыі прыдаткаў у прааналізаваных тэкстах загадак ужываюцца назоўнікі, узятыя з народна-гутарковага маўлення: Маці таўстуха, дачка краснуха, а сын перабор пайшоў курыць ва двор (печ, агонь, дым). У большасці выпадкаў у мове загадак ужываюцца прыдаткі з яскравай утваральнай асновай. Відавочная матываванасць вытворных прыдаткаў пры пашыранасці ўжывання ў фальклорных тэкстах ад’ектываў з утваральнай асновай стварае экспрэсіўнасць і эмацыянальнасць народна-паэтычных тэкстаў загадак.

Прыведзены фальклорны матэрыял дае падставы адзначыць, што адзінкі розных фальклорных жанраў у цяперашні час працягваюць функцыянаванне не толькі на тэрыторыі абласцей, у вясковай мясцовасці, але і ў лакацыі гарадоў. Актыўна ўжываюцца ў жывым маўленні горада Гомеля разам з прыказкамі і прымаўкамі загадкі. Мове народных загадак уласціва надзвычайная выразнасць і эмацыянальнасць, якая ствараецца рознымі сродкамі. Адзін з самых пашыраных сродкаў выяўленчай выразнасці мовы загадак, выяўленых на тэрыторыі г. Гомеля — азначэнні. Азначэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прааналізаваных загадках, дакладна называюць самыя яскравыя і істотныя якасці і асаблівасці загаданых рэалій і з’яўляюцца трапнымі і экспрэсіўнымі моўнымі падказкамі для адгадвальніка. Паводле спосабаў граматычнага выражэння выяўляюцца азначэнні, выражаныя якаснымі прыметнікамі, сярод якіх колькасна выдзяляюцца найменні колераў. На ўжыванні адносных прыметнікаў у загадках грунтуецца метафарычнасць мовы загадак. У даследаваных загадках сустракаюцца памяншальна-ласкальныя формы прыметнікаў, а таксама дзеепрыметныя звароты. Асобным тыпам азначэнняў у загадках з’яўляюцца прыдаткі.

Літаратура

  1. Станкевіч, А. А. Слоўныя сродкі наглядна-вобразнай канкрэтызацыі зместу ў беларускіх народных загадках / А. А. Станкевіч // Известия Гомельского гос. ун-та им. Ф. Скорины. — 2021. — № 1 (124). — С. 128-133.
  2. Алфёрава, А. Г. Усходнеславянскія і заходнеславянскія загадкі. Вобразна-паэтычная сістэма / А. Г. Алфёрава. — Мінск: Беларуская навука, 2008. — 162 с.
  3. Хазанава, К. Л. Лексіка пасіўнага ўжытку ў беларускіх народных загадках (на прыкладзе загадак Гомельшчыны) / К. Л. Хазанава // Россия и славянские народы в XIX-XXI вв.: сб. ст. мат. Международной научной конференции, Новозыбков, 28 марта 2020 г.; под ред. В. В. Мищенко, Т. А. Мищенко, С. П. Куркина. — Брянск: ООО «Аверс», 2020. — С. 266-273.
  4. Хазанава, К. Л. Запазычаная лексіка ў беларускіх і рускіх загадках / К. Л. Хазанава // Проблемы истории и культуры славян в академическом дискурсе России, Белоруссии и Сербии: сб. матер. круглого стола, Новозыбков, 12 сентября 2020 г.; под ред. В. В. Мищенко, Т. А. Мищенко, С. П. Куркиной. — Брянск: ООО «Аверс», 2020. — С. 78-85.
  5. Хазанава, К. Л. Уласныя найменні ў беларускіх загадках / К. Л. Хазанава // Известия Гомельского гос. ун-та им. Ф. Скорины. — 2020. — № 4 (121). — С. 141-146.
  6. Хазанава, К. Л. Прымяненне тэкстаў загадак для развіцця сацыяльна-асобасных кампетэнцый студэнтаў / К. Л. Хазанава // Актуальные вопросы научно-методической и учебно-организационной работы: сочетание классических подходов и инновационных организационно-образовательных моделей и технологий [Электронный ресурс]: матер. республиканской науч.-метод. конф., Гомель, 12-13 марта 2020 г. / М-во образования Республики Беларусь, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины; редкол.: И. В. Семченко (гл. ред.) [и др. ]. — Электронные текстовые данные (10,5 Мб). — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2020. — Системные требования: IE от 11 версии и выше или любой актуальный браузер, скорость доступа от 56 кбит. — Режим доступа: http://conference.gsu.by/. — С. 319-323.
  7. Хазанава, К. Л. Гукавыя сродкі арганізацыі тэксту ў беларускіх народных загадках / К. Л. Хазанава // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2021. — Вып. 29. — С. 425-432.
  8. Цімашэнка, Н. П. Сінтаксічныя асаблівасці беларускіх загадак / Н. П. Цімашэнка // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2021. — Вып. 29. — С. 432-438.
  9. Хазанава, К. Л. Аб ролі ад’ектываў у экспрэсівізацыі паэтычнага кантэксту беларускай народнай пазаабрадавай лірыкі / К. Л. Хазанава // Известия Гомельского гос. ун-та им. Ф. Скорины. — 2019. — № 1 (112). — С. 141-144.
  10. Цімашэнка, Н. П. Памяншальна-ласкальныя найменні ў мове беларускіх народных песень пра каханне / Н. П. Цімашэнка // Известия Гомельского гос. ун-та им. Ф. Скорины. — 2019. — № 1 (112). — С. 145-150.
  11. Янкоўскі, Ф. М. Гістарычная граматыка беларускай мовы: вучэб. дапаможнік / Ф. М. Янкоўскі. — 3-е выд., выпр. — Мінск: Вышэйшая школа, 1989. — 300 с.

Аўтар: К.Л. Хазанава
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф Скорины, № 1 (130), 2022. С. 159-162.