Стрэшынскі замак

0
529
Стрэшынскі замак
Пляцоўка колішняга стрэшынскага замка

Стрэшынскі замак існаваў у 12-18 ст. у г.п. Стрэшын Жлобінскага раёна. Упершыню Стрэшын згадваецца ў “Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх” (14 ст.). Аднак археалагічныя даследаванні сведчаць пра існаванне тут ужо ў 12 ст. драўлянага замка, пад аховай якога развівалася неўмацаванае паселішча.

Адзін з самых ранніх інвентароў горада за 1579, складзены ў перыяд Лівонскай вайны 1558-1583, дае ўяўленне пра не­вялікае мястэчка з 30 дамоў і драўляны замак, у якім месціўся нешматлікі гарнізон “жолнеров”. У 1587 у арсенале Стрэшынскага замка меліся “дело, гаковницы, рушницы, порохи, кули”. У інвентары за 1597 больш падрабязна гаворыцца пра запасы пораху (“фунтов 100 по 56 гро­шей”), салетры (“фунтов 50”), серы, волава (“каменя 4”), ядраў i куль. Паўстанні i войны канца 16 — пач. 17 ст. паўплывалі на пашырэнне замкавага арсенала, дзе тады налічвалася 4 гарматы, 10 гакаўніц, 35 ручніц, запасы пораху, серы, салетры, волава, гарматныя ядры і іншая амуніцыя. На ўсё гэта часта квапіліся (і небеспаспяхова) атрады “жолнеров”, якія праходзілі праз Стрэшын. У гэты час Стрэшынскі замак  адбудаваны, папоўніўся яго арсенал. Сярод ручной агнястрэльнай зброі, акрамя гакаўніц, у інвентары за 1615 ўзгадваюцца 34 “губчастыя ручницы”. Перад замкам пабудаваны “двор” з 2 “стайнями”, “пивницами”, кароўнікамі. Паводле інвентара Стрэшына ад 16.1.1628, тут адзначаны замак на гары над Дняпром i на Стрэшынцы, якая ў яго ўпадае, i “пере­коп от места, через который мост до зам­ку”. Па ім траплялі ў “вежу воротную о трех помостах с бланкованьем” — 4-ярус­ную замкавую браму з кругавой галерэяй насценнага бою. Быў і традыцыйны ўзвод, які падымаўся 2 “ланцугами” над дубовымі апорамі-палямі. Край яго быў сцягнуты дзвюма жалезнымі палосамі. Для фіксацыі моста ва ўзнятым стане меліся 2 “железных чопа” — асобыя ланцугі. Двайныя створкі варот з брамкай-форткай былі забяспечаны складанай сістэмай жалезных і драўляных запораў. На першым ярусе брамы злева месцілася турма, на другім — “светлица великая”, на трэцім — “свиран”, адкуль па “усходу” траплялі наверх, “на бланкова­нье”. Чацвёрты ярус меў 4 акны, 2 з якіх былі закрыты жалезнымі кратамі. Справа ад “светлицы” ішлі “тремя рядами одна от другой” сельскія гародні з “бланкованьем” на іх. У адной з гародняў захоўваліся “порохи и кули”, у другой, дзе раней месцілася замкавая капліца, падданыя складвалі свой хатні скарб. Гародні мелі дзверы на завесах або “бе­гунах” i запоры. У сістэму ўмацаванняў уваходзілі яшчэ 4 вежы, якія разам з гароднямі былі “по самое бланкованье глиной облеплены”. У інвентары адзначаецца, што “в року 1626 как замок, так и вежи 4, бланкованье и усходы (лесвіцы на гародні) наново драницами побиты”. На замкавым “детинце” месціліся жылыя i гаспадарчыя пабудовы, у т.л. піўніца, пякарня i дом, у якім жыў гараднічы Сярод узбраення Стрэшынскі замак называюцца 4 гарматы, 2 з якіх былі “ў ложах каваных на колах абадзястых не каваных” i 2 без ложаў ляжалі “на вежы ў вокнах” (відаць, гэта “вежа варотная”), 50 мушкетаў, 10 гакаўніц, 17 жалезных i 24 алавяныя гарматныя ядры, 500 гакаўнічных i 600 мушкетных куль, 88 фунтаў мушкетнага i 24 фунты гарматнага недраблёнага пораху, 29 фунтаў волава, 62 фунты салетры, гакаўнічныя i мушкетныя формы.

Усім гэтым загадваў замкавы “пушкар Марцін“. Да зам­ка i мястэчка прымыкаў “двор”, абнесены высокай агароджай з тоўстых хваёвых бярвён, а з боку Дняпра — дубовымі каламі. Звесткі пра ўмацаванні самога Стрэшына ў дакументах адсутнічаюць. Інвентары Стрэшынскага замка за 1632 i 1635 даюць уяўленне пра стабільнасць яго планіроўкі i канструкцый фартыфікацыйных збудаванняў, наменклатуру зброі ў цэйхгаўзе.

У антыфеадальную вайну 1648-1651 і вайну Pacii з Рэччу Паспалітай 1654-1667 Стрэшын знаходзіўся ў цэнтры ваенных падзей. У ліпені 1654 казакі І. Залатарэнкі ўзялі горад штурмам, а замак спалілі. Пасля вайны Стрэшынскі замак быў адноўлены, аднак ранейшай магутнасці ўжо не меў і ў такім стане праіснаваў да 1793.


Аўтар:
Міхась Ткачоў
Крыніца: Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. Ст. 433-434.