Наша паселішча непадалёку ад Дняпра, таму і назва яго з гэтай магутнай ракой звязана. Яно і зразумела: у такім месцы жыць, дык як па рацэ не плаваць? Далёкія продкі асвоілі ўпершыню даволі-такі небяспечную прафесію — хто стырнавым быў, хто простым весляром, а хто плыты ганяў у тыя краіны, дзе лесу не надта багата было. Кожны быў пры справе. Пераказваюць, што вызначыліся яны ў сваіх занятках наступным чынам.
Неяк сядзелі мужчыны на прызбе. Ці то дзень выдаўся святочны, ці то пра нешта меркаваць спецыяльна задумалі — дакладна невядома, але сабраліся разам. Задымілі люлькамі, чакалі, калі самы старэйшы з іх — дзед Нічыпар — гаварыць пачне. Такі парадак быў: спачатку старэйшага выслухаць, а потым пачынаць агульную гамонку.
Нічыпар адкашляўся і пачаў:
— Тут справа такая, хлопцы… Сабраліся мы, каб справу вырашыць…
Нічыпар вымавіў гэтыя словы і, здавалася, задрамаў.
Найбольш нецярплівыя пачалі пакручваць галовамі, але спакойныя, разважлівыя мужчыны так зыркнулі на іх, што яны імгненна забыліся пра свой намер пасмяяцца са старога. Тым часам Нічыпар працягваў:
— Справа гэта важная, без яе вырашэння мы не абыдземся.
— Што ўжо там такое?
Дзед надаў свайму маршчыністаму твару ўрачыстасць:
— Будзеце далей перабіваць — самі разбірайцеся. Але старых паважаць трэба. Калі б я такое некалі зрабіў, то пару месяцаў з аднымі бабамі размаўляў бы, ніхто мяне да мужчынскага гурта не дапусціў бы.
Зноў нехта паспрабаваў перавесці ўсё на жарт:
— Магчыма, і няблага было б, з жанчынамі?
Зарагаталі ўсе, нават Нічыпар і той сашчэрыў свой твар ва ўсмешцы. Але суровы маўчун вясковец Кузьма прагуў:
— Давайце, хлопцы, справу вырашым, а потым жартаваць будзем.
На старога гэтыя словы падзейнічалі, бо ён пачаў гаварыць больш хутка, і неўзабаве выразна пачулася:
— Сабраліся не абы для чаго, а каб высветліць, хто з нас надалей будзе плытагонствам ды вяслярствам на рацэ займацца, а хто на зямлі застанецца.
— Даўно час прыспеў, — падтрымаў нехта з прысутных.
Да гаворкі далучыліся астатнія, у кожнага было што сказаць.
— А то некаторыя і туды кідаюцца, і туды, а толку не надта многа.
— Трэба, каб людзі ведалі, хто плыты пагоніць, а хто будзе тут, на месцы, перавозіць з берага на бераг людзей ды ўсялякія грузы.
— I пра зямлю, браточкі, нельга забывацца. Зямля — яна святая. На плытах таго не заробіш, што самая благая ніва дасць.
— Калі на плыты з ранняй вясны пойдзеш, то зямлю, адпаведна, па-сапраўднаму дагледзець не здолееш.
— Так-то яно так, але і плытагонства кідаць нельга.
— Ведама ж, прыработак добры ідзе. Дзякуючы яму нашы сем’і ніколі не галадалі.
Стары Нічыпар паспрабаваў супакоіць людзей, але на яго ніхто не звяртаў увагі.
Мужчыны пагаманілі яшчэ крыху і заціхлі самі па сабе. Пасядзелі моўчкі, потым нехта з вяскоўцаў прамовіў:
— Так, а дзе ж гэта наш дзед Нічыпар?
Стары, пакрыўдзіўшыся, не хацеў абзывацца, але нейкая невядомая сіла прымусіла яго ўсхапіцца:
— Тут… Я тут…
— То кіруй, дзедка.
— Добра. Значыцца, хто хоча на плытах ганяць?
— Адразу і сказаць?
— Адразу, каб потым згрызот паміж вамі не было.
— Трэба падумаць.
— Думайце, дзеткі. Зараз усе разам вырашым, то потым не будзеце адзін на аднаго скрыва пазіраць.
— Дзедка, назаві ўсе рамёствы, якімі мы павінны займацца. Будзем не толькі пра плытагонства думаць.
— I то правільна, — пагадзіўся Нічыпар. — Акрамя плытагонаў нам патрэбны людзі, якія будуць на чаўнах перавозіць грузы ды падарожных праз Дняпро.
— Яшчэ трэба, каб засталіся і зямлю апрацоўваць.
— Некалькі чалавек павінны рыбнай лоўляй займацца.
— Ды не, дзеткі, тут не трэба асобных людзей.
— Чаму?
— Таму што гэтай справай змогуць заняцца і тыя, хто ў вёсцы пастаянна жыць будзе ды зямлю араць і засяваць. Надарыцца магчымасць свежай рыбы палавіць — калі ласка.
— А вазьміце познюю восень ці зіму? Там жа часу вольнага ў земляробаў многа стане. I плытагоны зімой плыты не пагоняць, — дадаў нехта.
— Не ў адных земляробаў.
Людзі пачалі спакойна разбірацца, каму чым надалей займацца, у каго душа болей ляжыць да той ці іншай справы.
Нарэшце дзед Нічыпар не вытрымаў:
— Ну што, хлопцы, можа, час і вызначыцца?
— Ды яно…
— Смялей давайце, бо і ноч нас заспее за гэтым заняткам.
— Важная ж справа.
— Бясспрэчна. Не на адно пакаленне занятак будзе.
Людзі пасур’ёзнелі. Ведалі, што ад іх залежыць будучае нашчадкаў. Не спяшаючыся, углядаючыся ў твары родных, блізкіх ды сяброў, гаварылі пра тое, чым хацелі б займацца. Неўзабаве ўсе і вызначыліся. Нічыпар задаволена пацёр рукі:
— Вось і добра. Цяпер лягчэй будзе. Кожны ведае, чым на гэты год займацца і на наступныя — таксама.
— I не верыцца. Цяпер будзем цвёрда трымацца кожны свайго рамяства.
— I сем’і будуць накормленыя, і клопаты дробязныя адпадуць.
— Вось што, дзеткі, — умяшаўся ў гамонку Нічыпар. — Калі ўжо на тое пайшло, то наступнай вясной я сам павяду першыя плыты. Пакуль яшчэ ёсць сіла ды спрыт у нагах і руках, пакажу вам парогі, пазнаёмлю з норавам нашага Дняпра.
Так пагаварылі і разышліся, каб адпачываць ды займацца ўсялякімі справамі па гаспадарцы.
Зіма была снежная. Здавалася, што ніякае цяпло, ніякае сонца снег не растопіць. Але так толькі здавалася, бо калі прыпякло добра, то зазвінелі ў тысячы розных галасоў ручаі і панесліся шалёна да Дняпра. А ён, сярдзіты, паважны, магутны, толькі ўсё болей і болей надзімаўся і ўбіраў у сябе ваду з навакольных зямель.
Калі знесла снег і лёд, вада стала чысцюткай, як шкло ці сіняе неба. Мужчыны пачалі збірацца ў натоўпы. То тут, то там гучалі галасы:
— Мала часу ўжо засталося.
— Хутка нашы плытагоны ў шлях выберуцца.
— Павядзе іх дзед Нічыпар, пакажа віры ды небяспечныя мясціны, растлумачыць, як найлепей іх праходзіць.
— Але ж нешта ён не надта спяшаецца?..
— Не трэба яго прыспешваць. Ён у гэтых справах вопытны. Ніхто болей за яго ў плытагонстве не ведае.
— Яшчэ са сваім дзедам, відаць, плаваў?
— Можа, і з прадзедам, бо неяк распавядаў, што са стогадовым старым стырном кіраваў. А такі вопыт ніколі не пашкодзіць.
— Давайце падыдзем да яго, параімся.
Сяляне садзіліся поруч з Нічыпарам, але гамонку адносна плытоў не пачыналі. Стары здагадваўся і сам, таму паволі звяртаўся да цікавай для іх тэмы:
— Ранавата яшчэ. Вада круціць.
— Але ж яна ўвесь час круціць.
— Не. Увесь год яна круціць у паасобных мясцінах — у вірах, а зараз круціць па ўсёй рацэ. Зразумела?
— Не надта.
— Вады ж, самі бачылі, колькі было? I яна яшчэ не супакоілася. Круціць-віруе, носіць бярвенні ды карчы, пераварочвае і скручвае ўсё на сваім шляху. Выправімся мы з плытамі і трапім у такі вір, які перакруціць нам усе бярвенні, нібы трэскі ці пёркі лёгкія. Нічога цэлым не застанецца.
— Такая сіла ў Дняпра?
— Сіла ў яго нязмерная, і ніхто яе сапраўднай магутнасці не ведае. Вы, дзеткі, не хвалюйцеся, хутка паплывём. Плыты звяжам і адправімся ў шлях. Няблізкі ён, небяспечны, таму на лёгкае падарожжа не спадзявайцеся.
— Будзем спадзявацца на вас, дзедка.
— I я не Бог, але ўсё, што ведаю, вам перадам.
Прайшло пару тыдняў, і Нічыпар закамандаваў:
— Вось цяпер самы час брацца за справу. З заўтрашняга дня пачнём плыты вязаць.
— Нарэшце, — з палёгкай выдыхнулі мужчыны.
— Праходзьце ўсе, каму прызначана, і пачнём шчыраваць. Цяпер нам не да адпачынку будзе.
Аказалася, што вязаць плыты так, каб яны праплылі сотні вёрст, справа не вельмі і лёгкая. Але дзедка і тут вучыў:
— Не спяшайцеся, рабіце ўсё сумленна, то потым не трэба будзе хвалявацца.
— Стараемся.
— Малайцы, хлопцы. Яшчэ пару-тройку дзён тут прабудзем, а там няхай нам Бог памагае ў далёкай дарозе.
— Няхай памагае, — як адзін азваліся будучыя плытагоны.
У тую раніцу стары Нічыпар, апрануты ў белую святочную кашулю, звярнуўся да сваіх паплечнікаў, якія прыйшлі да плытоў з сем’ямі і астатнімі вяскоўцамі:
— Адплываем. А вы чакайце і маліцеся за нас, каб усё спорылася і абышлося добра.
Адпіхнуліся, і рака падхапіла бярвенні, панесла іх на сваіх магутных плячах. Неўзабаве Нічыпар, які быў на пярэднім плыце, закрычаў:
— Стрэжань! Сцеражыцеся, стрэжань!
Да берага данеслася:
— Стрэшын! Сцеражыцеся, стрэшын!
Адтуль і Стрэшын наш.
Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 136-140.