Стратыграфія і этымалогія гомельскага антрапанімікона

0
292
Стратыграфія і этымалогія гомельскага антрапанімікона

Спецыфіка антрапанімікі заключаецца ў яе гістарызме, непарыўнай сувязі з сацыялогіяй, псіхалогіяй, эстэтыкай, палітыкай. Амаль кожная краіна мае афіцыйна рэгламентаваную іменаслоўную (антрапанімную) сістэму. Такія сістэмы не спрадвечныя, яны складаюцца гістарычна і не застаюцца нязменнымі. Галоўнымі прычынамі змен у мове з’яўляюцца змены ў структуры грамадства. З двух пластоў лексікі любой мовы — апелятываў і онімаў хутчэй рэагуе на ўсе змены ў грамадстве другі з іх. Кожнае імя заўсёды нясе з сабою пэўны аб’ём культурнай і іншай інфармацыі. Таму вывучэнне онімаў часта дапамагае вызначыць сацыяльныя працэсы.

Задачай нашага артыкула з’яўляецца вызначэнне перыядызацыі развіцця гомельскага іменаслова і яго этымалагічны аналіз.

Першы перыяд развіцця антрапанімікона — са старажытнасці да X стагоддзя — характарызуецца існаваннем празванняў (або своеасаблівых мянушак), што ўтвараліся на базе апелятыўнай лексікі. Усё багацце тагачасных імёнаў падзяляецца на дзве вялікія групы: простыя (аднаасноўныя) і складаныя (двухасноўныя). Да першай групы Г.У. Суслава і А.В. Суперанская адносяць тыя, што былі перш за ўсё звязаны са знешнімі ці ўнутранымі наяўнымі прыметамі чалавека: Черныш, Белуха, Головач, Молчан, Смеяна, а таксама імёны, звязаныя з жывёльным і раслінным светам. Гэта своеасаблівы перажытак анімізму: Волк, Кот, Корова, Пырей, Щавей і інш. [1, с. 44]. Існавалі і двухасноўныя імёны. Яны былі ўласцівы княжацкаму асяроддзю. Іх асноўнае значэнне — пажадальнае (славы, міру, смеласці і г.д.): Дарагаміл, Усяслаў, Любамір, Яраполк, Уладзімір, Звеніслава, Дабранега і інш.

Што ж датычыць Гомельшчыны, то тут мы звернемся да інфармацыі, выкладзенай у кнізе А.Ф. Рогалева “Ад Гамеюка да Гомеля”. Менавіта тут на аснове вывучэння тапанамічнага матэрыялу ён робіць некаторыя антрапанімічныя высновы. А.Ф. Рогалеў рэканструяваў на аснове геаграфічных назваў імёны некаторых радзімічскіх уладароў Гомеля IX-XI стагоддзяў. Так, у асноўным, гэта двухасноўныя імёны: Светазар, Вышамір, Жытанег, Буімір, Будзімір, Будзігост, Дамамір, Гасціслаў, Людзімір, ацімір, аціслаў, Лютабор, Велемір, Міласлаў, Браніслаў, Радзімір. Разам з тым, А.Ф. Рогалеў адзначае і скарочаныя формы прыведзеных вышэй імёнаў: Свяціла, Буй (Буйно), Будзята, Даман, Гастала, Людзін, Хацін, Лют, Лютко, Велята, Мілаш, Радзім [2, с. 52-53].

Цяпер разгледзім другі перыядXI па XVII стагоддзі). Асноўная яго адметнасць — двухіменнасць, г. зн. наяўнасць у чалавека адначасова язычніцкага і царкоўнага імя.

А.Ф. Рогалеў у сваіх даследаваннях, прысвечаных XVI стагоддзю, прыводзіць для прыкладу імёны гомельскіх баяр і сялян. Так, сярод імёнаў вылучаюцца славянскія Бялко, Мілько, Нячай. Гэтыя людзі мелі, несумненна, і хрысціянскія імёны, але яны ў крыніцы не ўказваюцца. Пералічваюцца і баяры, што мелі кананічныя імёны: Леў, Васілій, Андрэй, Ісай, Павел, Сідар, Іван [2, c. 7]. Сярод імёнаў гомельскіх сялян XVI стагоддзя знаходзім спрадвечныя (Стома, Ждан), хрысціянскія (Яўстафій, Прохар, Акіндзін, Рыгор, Дарафей, Зіновій, Аўксенцій, Панкрацій, Панцелеймон) і нават іншаземныя (Селім) [2, c. 7].

Трэці перыяд (XVIII стагоддзе — 1917 год) нічым асаблівым не вызначаецца. Імёны даваліся ў адпаведнасці з імем святога, якога ўшаноўвала царква ў адзін з дзён на працягу тыдня з моманту нараджэння дзіцяці. Адзначым толькі, што ў дадзены перыяд самымі папулярнымі імёнамі былі Іван, Васілій, Сцяпан, Міхаіл, Андрэй, Марыя, Алена, Ганна.

Чацвёрты перыяд — з 1917 па 1930 год — характарызуецца небывалым усплёскам новых імёнаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі рэгістрацыю нованароджаных сталі весці ЗАГСы, а не царква, і бацькі маглі выбраць любое імя: старое (былое царкоўнае), запазычанае (польскае, нямецкае і інш.), маглі нават прыдумаць новае імя.

Гэтых новых імёнаў было вынайдзена каля 3000. Прычынай пашырэння іменаслова з’явілася разбурэнне старога ладу (у тым ліку і прыняцце Дэкрэта аб аддзяленні царквы ад дзяржавы 1918 года), нежаданне падпарадкоўвацца існуючаму абраду іменавання, імкненне стварыць новае жыццё з новымі традыцыямі.

У якасці асабовых імёнаў выкарыстоўваліся назвы элементаў сістэмы Мендзялеева (Радый, Ванадый, Вальфрам), мінералаў (Граніт, Рубін), геаграфічныя назвы (Алтай, Гімалаі, Казбек, Арарат, Анега), назвы месяцаў, матэматычных тэрмінаў і тэхнічныя назвы (Медыяна, Радыяна, Алгебрына, Трактар, Турбіна, Дызель і г.д.). Шмат імёнаў было ўтворана ад рэвалюцыйных лозунгаў, назваў арганізацый: Икки (Исполнительный Комитет Коммунистического Интернационала), Роблен (родился быть ленинцем), Ревдит (революционное дитя) У паслярэвалюцыйны час значна павялічваецца прыток замежных імёнаў. Сустракаюцца імёны, што запазычаны ў розных народаў: Роберт, Рамуальд, Рудольф, Жанна, Эрык, Жазефіна, Цімур і г.д.

Пяты перыяд — з 1930 па 1990 гады — характарызуецца пэўнай устойлівасцю і традыцыйнасцю іменавання. Новыя імёны з’яўляюцца вельмі рэдка.

У іменаслове Гомеля, то, па дадзеных выбаркавага статыстычнага аналізу, ў 50-80 гады самымі папулярнымі імёнамі былі:

  • сярод мужчынскіх імёнаў: Аляксандр, Сяргей, Уладзімір, Віктар, Аляксей, Мікалай, Ігар, Міхаіл, Юрый, Леанід;
  • сярод жаночых: Таццяна, Алена, Людміла, Святлана, Ірына, Наталля, Валянціна, Галіна, Ларыса, Любоў.

Як бачым, пры невялікім колькасным несупадзенні спісы самых папулярных імёнаў застаюцца нязменнымі ў розных рэгіёнах.

Аналіз іменаслова Гомеля шостага перыяду (1991 — да цяперашняга часу) дазваляе зрабіць наступныя вывады:

  1. Колькасць ужытых мужчынскіх імёнаў значна ўступае па колькасці жаночым.
  2. Найбольш папулярнымі за аглядаемы перыяд імёнамі з’яўляюцца (дадзеныя выбаркавага статыстычнага аналізу падаюцца на тысячу чалавек):
  • Дзмітрый — 85, Аляксандр — 79, Андрэй — 57,5, Аляксей — 49,5, Уладзіслаў — 49, Арцём — 47, Сяргей — 45, Яўгеній — 44, Максім — 42, Мікіта — 37;
  • Настасся — 97,5, Кацярына — 65,5, Ганна — 52,5, Вікторыя — 46,5, Дар’я — 43,5, Таццяна — 42,5, Юлія — 41, Крысціна — 40,5, Вольга — 40, Марыя — 37.
  1. Паходжанне імёнаў гомельскага іменаслова больш чым разнастайнае. Так, у ім мы можам вылучыць чыста славянскія онімы і славянскія варыянты запазычаных онімаў у наступнай колькасці: мужчынскіх — 19, жаночых — 30. Сюды мы ўключылі і агульнаславянскія імёны (поўныя і скарочаныя іх варыянты): Багдан, Барыс, Вадзім, Вячаслаў, Расціслаў, Ратмір, Святаслаў, Станіслаў (Стас), Уладзімір, Уладзіслаў, Усевалад, Яраслаў, Лада, Людміла, Мілана, Мілена, Міраслава, Рада, Святлана (Светла, Лана), Сняжана, Станіслава, Уладзіслава, Яніна, славянскія варыянты грэчаскіх імёнаў: Георгій — Юрый, Ягор, [Елена] — Алёна, славянскія калькі грэцызмаў: Вера, Надзея, Любоў, чыста беларускія варыянты запазычанняў: Алесь, Алена, Алеся, беларускія фанетычныя варыянты ўкраінскіх онімаў-варыянтаў: Аксана [Оксана], [Олеся], складанаскарачэнне: Уладлен, польскія: Ян, Данута, Злота, Ядвіга, Яна, балгарскія: Зарына, Ліяна, чэшскабалгарскія: Дана, Злата.

Сярод запазычанняў лідыруюць грэчаскія (35 мужчынскіх і 35 жаночых імёнаў) і лацінскія (15 мужчынскіх і 22 жаночыя) імёны, да іх прымыкаюць старажытнаяўрэйскія (12 мужчынскіх і 5 жаночых онімаў). Сярод астатніх імёнаў мы адзначым запазычанні са старажытнагерманскай (напрыклад, Альберт, Генрых, Эдгар, Караліна, Эма), французскай (Ален, Жанета, Жанна, Сюзанна, Эліна), нямецкай (Эрнест, Марта), англійскай (Рычард, Эдуард, Нэлі),  іспанскай (Ізабела, Інеса,

Лаліта), цюркскіх моў (Азамат, Ільяс, Руслан, Цімур, Чынгіз, Айнур, Руслана), скандынаўскіх (Алег, Ігар, Вольга), персідскай (Дар’я), а таксама тыя онімы, што часцей за ўсё падаюцца з паметай “зах.”, г.зн. тыя, што бытуюць у многіх краінах Заходняй Еўропы ў розных фанетычных варыянтах, таму вызначыць дакладна тэрыторыю ўжывання немагчыма (Рэкард, Аліса, Дзіна, Марыэта). Па большай частцы гэтыя імёны з’яўляюцца варыянтамі кананічных грэчаскіх, лацінскіх, старажытнаяўрэйскіх онімаў і складанымі імёнамі, чые асновы ўзяты з розных моў.

Хочацца зазначыць, што папаўненне іменаслова ў дадзены перыяд адбываецца за кошт трох асноўных працэсаў: запазычвання новых онімаў, з’яўлення ў актыўным іменаслове адзінак, што некаторы час былі па-за межамі ўжывання, і за кошт узбагачэння варыянтных радоў.

Так, іменаслоў Гомеля 90-х гадоў уяўляе сабой даволі разгалінаваную і абноўленую сістэму, што з’яўляецца адлюстраваннем перамен і зрухаў у жыцці грамадства. Змяняюцца звычаі, у жыццё ўваходзяць новыя з’явы рэчаіснасці, само яно становіцца больш хуткім, разнастайным і багатым. Гэты агульны працэс знайшоў адлюстраванне ў змене саставу і колькаснасці іменаслова, як асобнай праяве агульных тэндэнцый.

Антрапанімікон чуйна рэагуе на змены ў агульнаграмадскім жыцці. Тыя сацыяльныя і палітычныя працэсы і змены, якія закладваліся ў 70-я, выспявалі ў 80-я і выйшлі на сцэну ў 90-я гады, усе зрухі, перамены, пераўтварэнні знайшлі адлюстраванне ў адпаведных зменах іменаслова, які паступова шырыўся, змяняўся і зараз знаходзіцца ў стадыі ўзбагачэння.

Такім чынам, на аснове вышэй разгледжанага матэрыялу, яго рознабаковага аналізу, мы можам зрабіць вывад аб тым, што антрапанімія — дынамічная з’ява, рухомая і зменлівая, як і само жыццё, чыім адлюстраваннем яна з’яўляецца.

Вывучэнне дыяхраніі антрапанімікона паказвае, што ён ніколі не застаецца аднолькавым, стабільным, статычным. Іменаслоў звужаецца і пашыраецца, папаўняецца новымі адзінкамі, адначасова фільтруючы і ліквідуючы найбольш няўдалыя і малаўжывальныя свае элементы. Хаця трэба адзначыць, што нейкая яго доля на працягу даволі працяглага часу застаецца нязменнай, што і складае адметнасць кожнага рэгіянальнага іменаслова.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

  1. Суслова А. В. О русских именах / А. В. Суслова, А. В. Суперанская. — Л.: Наука, 1978. — 236 с.
  2. Рогалев А. Ф. От Гомеюка до Гомеля / А. Ф. Рогалев. — Гомель: Белорусское агентство научно­технической и деловой информации, 1993. — 216 с.


Аўтар:
Т.А. Карніеўская
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 22-24.