Стракапытаўскі мяцеж

0
1919

Стракапытаўскі мяцеж у Гомелі стаўся падзеяй грамадзянскай вайны агульнарасійскага маштабу. Яго прычыны палягалі ў геаграфічным месцазнаходжанні горада, палітычным і эканамічным становішчы рэгіёна ў пачатку 1919 года.

Пасля зліквідавання нямецкай акупацыі і ўваходу Чырвонай Арміі у горад у Маскве было вырашана ўключыць Гомельскі павет у склад РСФСР. Пытанне аб далучэнні яго да новаўтворанай Беларускай Савецкай рэспублікі нават не разглядалася, бо Гомелю надавалася стратэгічная роля “варотаў з украінскай жытніцы у сталіцу Савецкай Расі”, праз якія на гэтым этапе планавалася вырашаць і лёс Украіны.

З вяртаннем бальшавіцкай улады ў Гомель у горадзе ўзрасло палітычнае напружанне. Насельніцтва, якое перажыло гадавое гаспадаранне нямецкай акупацыйнай і украінскай адміністрацый, барацьбу за ўладу паміж Гомельскай дырэкторыяй і бальшавіцкім рэўкамам, цяпер мусіла праходзіць выпрабаванне “дыктатурай пралетарыяту” і “ваенным камунізмам”. Бальшавікі пачалі са скасавання гарадскога самакіравання, ізаляцыі мясцовых арганізацый і закрыцця выданняў Бунда, меньшавікоў, эсэраў, Паалей-цыёну ды іншых “контррэвалюцыйных” партый, якія мелі ў горадзе значны ўплыў і разгарнулі антыбальшавіцкую агітацыю, што знаходзіла водгук у насельніцтва.

Апазіцыйных настрояў дадаў загад Гомельскага рэўкама ад 16 лютага аб абавязковым навучэнні усяго працоўнага насельніцтва ад васемнаццаці да сарака гадоў ваеннай справе з тым, “каб па першаму загаду Рабоча-сялянскага ўрада стаць пад ружжо і папоўніць шэрагі Чырвонай Арміі”, з пачатку вайны з Польшчай у горадзе і павеце была распачата мабілізацыя. Адказам на яе стала масавае ўхіленне і дэзерцірства, якое праз колькі месяцаў пераўтварыла ўезды у суцэльныя паўстанцкія зоны.

Не менш напружанай была і эканамічная сітуацыя. Пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі на горад і павет была распаўсюджана “харчовая дыктатура”. На імя старшыні Гомельскага рэўкама прыйшла тэлеграма за подпісам Леніна аб накіраванні ў горад надзвычайнай харчовай камісіі, якая “падпарадкоўваецца выключна і непасрэдна Наркамхарчу РСФСР. Усялякі тормаз у рабоце камісіі, якая нарыхтоўвае харч для забеспячэння Чырвонай Арміі і галадаючых цэнтраў, будзе разглядацца як супрацьдзеянне… будзе карацца па ўсёй строгасці рэвалюцыйных законаў”.

Нягледзячы на ваенныя разбурэнні і рэквізіцыі акупацыйных уладаў, харчовая сітуацыя ў Гомелі і павеце заставалася больш стабільнай, чым ў цэнтральных раёнах Расіі. Таму следам за наркаматаўскай у горадзе з’яўляецца яшчэ тузін розных надзвычайных і закупачных камісій, Цана на харчы імкліва вырасла ў дзесятак разоў. З гарадскога фонду запасаў больш за палову ішло, абмінаючы крамы і дзіцячыя прытулкі, на ўтрыманне часцей Чырвонай Арміі, але і пры гэтым недахоп харчу і вопраткі для салдатаў быў прызнаны укомам РКП(б) катастрафічным. Самачынныя рэквізіцыі вайскоўцаў рабіліся звычайнай з’явай. Незадаволенасць як вайскоўцаў, так і насельніцтва, якое пачынала галадаць, нарастала.

У гэтай, блізкай да выбуховай, сітуацыі апынуліся у Гомелі 67-ы і 68-ы палкі Тульскай брыгады. Лаяльнасць вайскоўцаў да бальшавікоў была вельмі хісткай, бо змабілізаваныя яны былі восенню 1918 года з тульскага сялянства, сярод якога, якраз пачыналіся хваляванні. Да пачатку 1919 года палкі былі ў Бабруйску – меркавалася задзейнічаць іх на Заходнім фронце, але ў сувязі з выступленнем Пятлюры іх перакінулі у Гомель. Апазіцыйныя настроі ў палках узмацняліся, бо размешчаныя яны былі на прыватных кватэрах, што паслабіла іх пастаянны кантроль і бальшавіцкую прапагандысцкую апрацоўку. Ад пачатку лютага у палках адчувалася хваляванне, пашыраліся чуткі аб магчымым выступленні ў гадавіну Чырвонай Арміі 23 лютага. Рэўкам стаў настойваць на выдаленні ненадзейных палкоў з Гомеля. Нарэшце 18 сакавіка 68-ы полк быў адпраўлены на фронт у раён Мазыра-Оўруча, а праз колькі дзён туды ж накіраваўся і 67-ы.

Паўстанне пачалося ў ноч з 22 на 23 сакавіка на станцыі Славечна, дзе адзін з батальёнаў 67-га палка сустрэў значна пашматаны батальён 68-га, які вяртаўся з фронту. Пасля звестак пра перавагу праціўніка і першых стратах выбухнуў стыхійны мітынг пад лозунгам “Кідай Фронт, далоў вайну”. Мітынгоўшчыкі даводзілі, што мясцовае сялянства савецкай улады не хоча. Спроба камуністаў і камісара палка навесці парадак толькі абвастрыла сітуацыю — камуністы былі арыштаваныя, а камісара Ф.Сундукова застрэлілі
Адчуўшы падтрымку з боку вайскоўцаў і насельніцтва Мазыра, Калінкавічаў, Рэчыцы, мяцежныя вайскоўцы рушылі на Гомель і ў ноч з 23 на 24 сакавіка на станцыю Гомель-Гаспадарчы прыбыло адзінаццаць эшалонаў з вайскоўцамі, якія запатрабавалі у чыгуначнікаў адпраўкі іх на Бранск. Пасля адмовы чыгуначнага бальшавіцкага камітэта апошні быў арыштаваны, а станцыя узятая пад кантроль паўстанцаў. Да вечара 24-га ў іх руках апынуліся артылерыйскія склады, тэлеграф, тэлефон, друкарня, будынак надзвычайнай камісіі і турма, адкуль выпусцілі вязняў.

Гомельскі павятовы камітэт РКП(б) не быў падрыхтаваны да такіх падзей. У яго падпарадкаванні былі інтэрнацыянальная рота і атрад асобага прызначэння – каля 300 байцоў з адным кулямётам і 1509 вінтоўкамі. У ноч, калі паўстанцы займалі горад, на сумесным пасяджэнні паветкама і выканкама савета было вырашана не прапускаць мяцежнікаў на ўсход, а для абароны горада быў утвораны ваенрэўкам з пяці чалавек: С.Камісараў, Н.Білецкі, І.Ланге, Д.Гуло, і В.Селіванаў – старшыня. Спробы бальшавікоў наладзіць перамовы з салдатамі і пераканаць іх вярнуцца на фронт поспеху не мелі. Кіраўніцтва новай улады накіравала тэлеграмы з просьбай аб дапамозе ў Маскву, Мінск, Магілёў і Бранск і заблакіравалася ў гатэлі “Савой”, разлічваючы пратрымацца да прыходу дапамогі.

У гэты час на чале паўстанцаў з’явілася арганізацыя, якая абвясціла сябе Палескім паўстанцкім камітэтам. Паходжанне і партыйны склад камітэта дакладна вызначыць немагчыма. Галоўную ролю ў ім выконвалі афіцэры, прымусова мабілізаваныя ў Чырвоную Армію. Камітэт паслядоўна займаў антыбальшавіцкія пазіцыі і, верагодна, меў сувязі з іншымі гарадамі краіны. Узначаліў яго палкоўнік былой царскай арміі, загадчык гаспадарчай часткі аднаго з тульскіх палкоў М.Стракапытаў.

Дакументы камітэта сведчаць, што мэты ў яго былі зусім не лакальнага характару: паўстанне ў Гомелі павінна было пераўтварыцца ў агульнарасійскі фронт за звяржэнне бальшавіцкай улады. Ужо ў першым звароце да грамадзян даводзілася: “Савецкая ўлада памірае. Петраград напярэдадні падзення. У Маскве толькі чакаюць сігналу, каб скінуць ярмо катаржнікаў і нягоднікаў. У Туле хваляванні. Мінск акружаны. Мабілізаваныя адмаўляюцца ваяваць… Зараз не лета 1918 і Гомель – не Яраслаўль. Мы – мужыкі, рабочыя ў салдацкіх шынялях, нашы ворагі – смецце ўсіх слаёў насельніцтва, аб’яднанае прагай улады… Гэта злачынцы – часам разумныя, часцей хітрыя – але ж злачынцы, ворагі чалавечага роду. У разгар рэвалюцыі гэты сацыяльны бруд заўсёды ўсплывае наверх. Цяпер наступіў час яму асесці зноў на дно. Нашы лозунгі: 1) Уся ўлада Устаноўчаму сходу. 2) Спалучэнне прыватнай і дзяржаўнай ініцыятывы ў галіне гандлю і прамысловасці ў залежнасці ад рэальных патрабаванняў гаспадарчага жыцця краіны. 3) Жалезныя законы аб ахове працы. 4) Правядзенне ў жыццё грамадзянскіх свабодаў. 5) Зямля – народу. 6) Уступленне Расійскай рэспублікі ў Лігу народаў”.

24 сакавіка ў адозвах “Да усіх вайсковых часцей Гомельскай групы” і “Да таварышаў салдат, рабочых і грамадзян” заяўлялася аб тым, што ўрад Леніна і Троцкага зрынуты і абвяшчалася Руская народная рэспубліка, часовым органам якой станавіўся Палескі паўстанцкі камітэт.

Галоўнай сілай у дасягненні вызначанай мэты мусіла стаць армія, таму камітэт прыкладаў намаганні да надання салдацкаму паўстанню арганізаванага характару, пашырэння яго ўплыву на Заходні фронт. Тульскія палкі і гомельскі кавалерыйскі батальён, які падтрымаў іх, былі абвешчаны Першай Арміяй Рускай народнай рэспублікі. Агульнае камандаванне ўзяў на сябе Стракапытаў, штаб узначаліў камандзір кавалерыйскага эскадрона Іваноў. У загадзе № 1 камандзіра усім часцям гомельскай групы пад пагрозай найсуровай адказнасці забараняліся якія-небудзь самачынныя дзеянні накшталт рабаўніцтва і пагромаў, належала заставацца на месцах і без пярэчанняў выконваць загады галоўнакамандуючага.

Другім накірункам захадаў Палескага камітэту была спроба замацавацца ў Гомелі і разгарнуць яго ў эпіцэнтр агульнарасійскага паўстання. Разлік пры гэтым рабіўся на месцазнаходжанне горада як буйнога чыгуначнага вузла. Ва умовах грамадзянскай вайны на Украіне і з’яўлення польскага фронту Гомель мог пераўтварыцца з “варотаў жытніцы” у вароты генеральнага антыбальшавіцкага наступлення.

24 сакавіка пачаўся штурм гатэля “Савой”. Наступным днём артылерыйскім абстрэлам яго трэці паверх быў зруйнаваны, і абаронцы здаліся. У звароце да гараджан Стракапытаў абвясціў аб вызваленні Гомеля ад бальшавізму, запэўніваў у гарантыях перамогі ва ўсерасійскім маштабе, заклікаў захаваць парадак і наладзіць грамадзянскае жыццё. Прапаноўвалася неадкладна арганізаваць гарадское самакіраванне па тыпу існаваўшага да кастрычніка 1917 г. 24 сакавіка быў прызначаны камендант горада – афіцэр кавалерыйскага батальёна Сцёпін. Яго загадамі ўводзілася асаднае становішча і каменданцкі час, забараняўся продаж спіртных напояў, сходы і мітынгі без згоды каменданта. Усе жыхары абавязваліся ў двухдзённы тэрмін здаць зброю і паведаміць аб месцазнаходжанні камуністаў і камісараў. Загад таксама заклікаў да парадку і спакою, выканання сваіх службовых абавязкаў.

Але ні ўвядзенне каменданцкага часу і коннага патрулявання, ні забароны і пакаранні самачынных дзеянняў не маглі ўтаймаваць паўстанцкай стыхіі, якая дзейнічала па ўласных законах. Ва умовах артылерыйскіх абстрэлаў і пажараў у горадзе мяцежныя вайскоўцы пры ўдзеле жыхароў пачалі рабаўніцтва друкарні, харчовых складаў, найбольш заможных дамоў.

Паўстанцкі камітэт асобыя намаганні прыкладаў для пашырэння паўстання. Галоўныя спадзяванні ўскладваліся на армію, некалькі адозваў былі накіраваныя на франты.
Паўстанцы апелявалі і да сялянства. Загадам Стракапытава ўсе вайсковыя аддзелы, размешчаныя па-за горадам, павінны былі тлумачыць навакольнаму сялянству сутнасць падзей у Гомелі.

З заклікам падтрымаць распачатую Палескім камітэтам барацьбу, распаўсюдзіць яго праграму, падняць на змаганне народ стракапытаўцы звярнуліся да партый і прафсаюзаў, якія “змагаюцца за свабоду, закон і мір, імкнуцца палепшыць і палегчыць жыццё рабочага класа, хочуць даць зямлю працаўнікам зямлі, чыя мэта – прагрэс і росквіт творчых сіл краіны”. Але разлік Паўстанцкага камітэта не спраўдзіўся, ацэнка палітычнай сітуацыі аказалася памылковай. Бальшавіцкая дыктатура, абапёршыся на ваенную сілу, паспела дастаткова ўмацавацца. Апазіцыйныя палітычныя сілы не былі здольныя супрацьпаставіць ёй арганізаваны масавы адпор. Насельніцтва Гомеля і павета, затэрарызаванае барацьбой і гаспадараннем розных уладаў, паставілася да прэтэндэнта на ролю новага вызваліцеля насцярожана. Нідзе, акрамя Рэчыцы, арганізаванай падтрымкі мяцяжу не адбылося. Затое мабілізацыя сілаў на яго падаўленне праводзілася імкліва. Звесткі аб паўстанні у Гомелі былі абвешчаныя на VIII з’ездзе РКП(б), па ўказанню Леніна супраць яго былі накіраваныя бронецягнік і часці Бранскага і Смаленскага гарнізонаў. Мясцовыя партыйныя камітэты адправілі слухачоў Магілёўскіх курсаў чырвоных камандзіраў і Мінскай партыйнай школы, а таксама тэрмінова сфарміраваныя камуністычныя атрады з Бабруйска, Клінцоў, Навазыбкава, Почапа, Прапойска, Віцебска, Унечы, Веткі. Некаторыя з іх, як Віцебскі, прыйшлося вярнуць з-за ненадзейнасці, частка чырвонаармейцаў (каля 100 чалавек) перайшла да стракапытаўцаў у раёне Узы.

Важкі аргумент. Бронецягнік на ст. Гомель, 1919 г.

Але асноўныя сілы падыйшлі да Гомеля 23 сакавіка. У горадзе пачаліся пажары, у тым ліку і ў палацы Паскевіча. Мяцежныя часці у ноч з 28 на 29 сакавіка распачалі паспешлівую эвакуацыю у напрамку Рэчыцы, якая суправаджалася панікай, рабаўніцтвам і яўрэйскімі пагромамі На станцыі Гомель-Гаспадарчы знайшлі 21 забітага, сярод якіх і членаў рэўкама І.Ланге, Н.Білецкага, С.Камісарава, Б.Аўэрбаха, Л.Файншмідта, С.Бочкіна. Усяго загінула падчас паўстання каля 100 чалавек.

Стаўшы па волі гісторыі арэнай для вырашэння агульнарасійскага лёсу, Гомель толькі панёс значныя эканамічныя, чалавечыя, а таксама і культурныя страты, улічваючы незваротнае “выратаванне” у Маскву каштоўнасцяў палаца Паскевіча падчас яго пажару.

 

Аўтар: Валянціна Лебедзева

Крыніца: Беларуская мінуўшчына. 1995. №4. С. 50-52.

Спасылка: http://community.livejournal.com/homel_hist/7430.html