Стаўбун. Назва паводле легендаў і паданняў

0
1279
Вёска Стаўбун

Лес занёс трэцяга з казакоў-уцекачоў — Стаўбуна — крыху далей. Так атрымалася, што тады, у чарзе да атамана Архіпа, калі дайшла да яго чарга, атаман запытаўся:

— Якім рамяством валодаеш, чалавеча?
— Шабляй і дзідай, атаман, — па-вайсковаму коратка адказаў уцякач.
У гэтым не сумняваюся. Які ж казак, калі ён ваяваць не вывучаны? Я пытаўся, чым яшчэ, акрамя зброі, валодаеш?
— Каваль я, атаман. Добры ці дрэнны — хваліцца не стану. Пра такое лепей чужыя людзі гавораць.
— I то праўда.
— Болей нічым не валодаю.
— I гэтага, чалавеча, дастаткова.
— Хацелася б з сябрамі, але яны ўжо ў розных баках.
— Гэта не страшна. У нас людзей многа, сябры новыя з’явяцца, а са старымі бачыцца будзеш. Зрэдку ў нас тут і кірмашы бываюць, дык на іх з самых далёкіх вёсак дабіраюцца. Каго тут тады толькі не спаткаеш.
— Зразумела.
— Тады паедзеш, казача… Дарэчы, як цябе завуць?
— Стаўбун.
— Дзіўнае імя. А што яно азначае?
— Некалі бацька казаў, што назвалі мяне ў гонар майго дзеда — той надзвычай упарты быў. Яго Стаўбуном звалі, і мяне таксама.
— Упарты, значыцца? — усміхнуўся Архіп. — Гэта няблага. У характеры такіх людзей і за сябе пастаяць, і за іншых.
— Твая праўда, атаман, часта мне даводзілася і за сябе і за іншых у спрэчкі-бойкі лезці.
— Глядзі ж, каб тут усё ціха было.
— Зараз не палезу.
— Чаму так упэўнена гаворыш?
Жанаты, атаман. Жонка, дзеці. Найперш пра іх трэба думаць. Таму і стрымліваюся.
— І правільна робіш, бо мала што можа здарыцца. Як тады дзяцей гадаваць? Таму і загадваю табе, чалавеча, займацца кавальскай справай. Зброі нам не хапае, а яна ў нас павінна быць добрай — мяжа побач.
— Як скажаш, атаман.
— Мала гэтага. Разам з тваёй сям’ёй паедуць яшчэ некалькі чалавек, табе ў дапамогу. Самі паставіце хаціны, іншыя пабудовы, самі ж будзеце і жалеза шукаць, і руду балотную капаць. Словам, самі сабе і гаспадары, і падначаленыя. Адно толькі прашу мець на ўвазе: не прывык я за сваімі людзьмі сачыць, давяраю ім ва ўсім, таму працуйце шчыра.
— Ды я, атаман, дрэнна і не ўмею рабіць.
— Вось і добра. Тады дамовіліся. А зараз пачакай на вуліцы. Да цябе будуць падыходзіць прызначаныя людзі, і потым усе паедзеце, каб па аднаму не цягнуцца, не блукаць у незнаемых мясцінах.
— Да пабачэння, атаман.
— Будзь здароў, Стаўбун. Пачынай справу, сяліся і жыві сабе, нікога не баючыся. Праўда…
— Што?
— Пра асцярогу не забывайся, бо надта блізка мяжа і ўсялякае здараецца.

Жонка падскочыла да Стаўбуна, як толькі ён выйшаў з хаціны:

— Ну?
— Усё ў парадку.
— Куды паедзем?
— На новае месца.
— А чым займацца будзем?
— Я кавалём буду, а табе давядзецца, як і мясцовым жанчынам, агарод заводзіць.
— Галоўнае, чалавеча, што жыць тут дазволілі, а працы мы ніколі не баяліся.
— Зараз яшчэ людзі падыдуць — і паедзем. Тут не надта і далёка, да вечара павінны дабрацца.

Неўзабаве ўсе сабраліся і паехалі.

На новым месцы навасёлы дружна ўзяліся за працу. Лесу хапала, таму хутка стаялі ўжо і пару хацін, і хляўчук, і нават лазня, каб было дзе той дым ды сажу змыць пасля працы.

Пачалі каваць зброю — Стаўбун памятаў перасцярогу атамана, ды і сам ведаў, як, часам, скрытна паводзяць сябе ворагі. І аказалася — сцерагліся нездарма. Неяк надвячоркам прыбег вартавы з вышак з крыкам:

— Стаўбун, чужыя!
— Дзе?
— Ад лесу.

Угледзеліся — і сапраўды чужыя. Тады гаспадар паклікаў дзяцей ды жонку і загадаў уцякаць.

— А вы?
— Наша справа мужчынская. Мы бараніцца будзем.

Але што ты зробіш супраць сілы? Ворагаў у дзесяткі разоў болей было. На першым часе выратавала тое, што яны ўвогуле не чакалі супраціўлення, а тут паваліліся забітыя і параненыя, трапныя стрэлы не давалі ўзняць галоў. Ды кончыліся набоі, а ў рукапашным баі сіла зламала сілу.

Калі прыспеў на месца бою Архіп з атрадам, то там яшчэ гарэлі будынкі. Знайшлі Стаўбуна. Нехта ціха прамовіў:

— Дыхае…

Каваль адкрыў вочы, нібы пачуў той шэпт, і ледзьве чутнахказаў:

— Дзеці…
— Не бойся, чалавеча, узгадуем тваіх дзяцей і ворагаў знойдзем ды пакараем. Не даруем ім, — жорстка прамовіў Архіп.

Пахавалі забітых разам, у адной брацкай магіле, а над імі насыпалі невысокі курганок. Потым тое месца празвалі Стаўбун. Ці то ад імя таго казака, ці то ад таго, што яго жыхары ўпарта бараніліся ад шматлікіх ворагаў.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 90-92.