Становішча царквы ў 1918–1941 гг. (на матэрыяле Мазыршчыны)

0
1200
царква на Мазыршчыне

20 снежня 1918 г. Саветам Народных Камісараў быў выдадзены Дэкрэт “Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы”, які ў значнай ступені вызначыў канфесійнае становішча ў Савецкай краіне на некалькі дзесяцігоддзяў. Царква адзялялася ад дзяржавы, царкоўныя і рэлігійныя таварыствы не мелі права на валоданне ўласнасцю, уся маёмасць царкоўных і рэлігійных таварыстваў абвяшчалася “народным достоянием”. Гэты дакумент пазбавіў праваслаўную царкву статусу дзяржаўнай і ураўноўваў яе ў правах з іншымі рэлігійнымі аб’яднаннямі. Царква з дзяржаўнай арганізацыі ператваралася ў прыватнае таварыства, якое стваралася на дабравольных пачатках для забяспячэння рэлігійных патрэб яго членаў. Так, у Статуце рэлігійнага таварыства пры Скородзянскай прыхадской Дзімітрыеўскай царквы Мазырскай акругі адзначалася, што таварыства “ставит своей целью объединение граждан православного вероисповедания для удовлетворения своих религиозных потребностей” [1, арк. 2]. У адпаведным дакуменце Петрыкаўскай Мікалаеўскай царквы Мазырскага уезда падкрэслівалася, што “община есть единица, тяготеющая к своему храму и состоящая в духовном отношении под руководством приходского притча, а в церковно-хозяйственном – самоуправляющаяся приходским собранием и советом. В состав приходского собрания входят лица православного вероисповедания, мужского и женского пола … и добровольно выполняющие свои христианские обязанности” [2, арк. 197].

З 1923 г. мясцовыя ўлады пачалі праводзіць рэгістрацыю рэлігійных абшчын, для чаго ў мясцовы Савет дэпутатаў падаваўся статут царквы, на якім пасля высвятлення законнасці яе дзейнасці ставіўся штамп аб рэгістрацыі [3, 214]. Рэлігійныя таварыствы маглі быць зачынены не толькі па пастанове агульнага схода яго членаў, але і пастановамі адпаведных акружных выканаўчых камітэтаў, што сведчыла аб значнай залежнасці рэлігійных структур ад улады.

Афіцыйна ў Савецкай краіне абвяшчалася свабода сумлення, падкрэслівалася, што “Каждый гражданин может исповедовать любую религию или не исповедовать никакой” [4, с. 68]. Але, на практыцы ўлада імкнулася паменьшыць ролю царквы ў жыцці грамадства. З усіх афіцыйных актаў устаранялася ўсялякае ўказанне на рэлігійную прыналежнасць грамадзян, падкрэслівалася, што акты грамадзянскага стану вядуцца выключна цывільнай уладай. Рэалізаваць гэтае палажэнне ў жыццё было дастаткова складана, таму што насельніцтва традыцыйна цягнулася да царквы, і органам ўлады на працягу 20-х гадоў прышлося правесці ў гэтым накірунку значную работу. Цыркуляр Народнага Камісарыята Унутраных Спраў і Народнага Камісарыята Статыстыцы БССР ад 26 жніўня 1922 г. катэгарычна забараняў святарам “совершать религиозные обряды без предварительной регистрации этих актов в отделах записей актов гражданского состояния” [5, арк. 1]. Мэтанакіраваная дзейнасць, якая праводзілася ўладнымі структурамі прывяла да пэўных вынікаў. Ужо ў жніўні 1924 г. у цыркуляры НКУС адзначалася, што “население Белоруссии … вполне усвоило важность регистрации актов, что таковая производится исключительно гражданской властью и что совершаемые служителями различных культов религиозные обряды потеряли всякое юридическое значение”, падкрэслівалася, што ў першую чаргу гэта датычылася абрадаў хрышчэння і заключэння шлюбу. У той жа час уладай дазвалялася святарам праводзіць “обряды погребения служителями религиозных культов”, але толькі “после предварительной регистрации в ЗАГСе” [6, арк. 43].

Пануючае месца ў грамадстве стала займаць прапаганда атэістычных поглядаў. Калі прааналізаваць Канстытуцыю БССР 1927 г., яе зменены і дапоўнены варыянт 1935 г., Асноўны закон рэспублікі 1937 г. трэба адзначыць наступнае: ва ўсіх гэтых дакументах падкрэслівалася свабода антырэлігійнай прапаганды. Свабода рэлігійнай прапаганды ўзгадвалася толькі ў 1927 г., у 1935 г. гаворка ішла ўжо пра “свабода рэлігійных спавяданняў”, а Канстытуцыя рэспублікі 1937 г. адзначала, што ўсе грамадзяне маюць права на “свабоду выканання релігійных культаў” [7, с. 553, 651, 672]. Прадстаўнікі партыйных і савецкіх органаў спадзяваліся, што “воплощение планомерности и сознания во всей общественно-хозяйственной деятельности масс поведет за собой полное отмирание религиозных заблуждений” [8, с. 83]. З мэтай узмацнення антырэлігійнай прапаганды ў 1925 г. быў створаны Саюз ваяўнічых бязбожнікаў. Барацьба з рэлігійнымі арганізацыямі набыла палітычную афарбоўку, ей надаваўся класавы характар. У цыркуляры ВЦСПС “Аб узмацненні антырэлігійнай прапаганды” (сакавік 1929 г.), у матэрыялах другога з’езда бязбожнікаў (красавік 1929 г.) падкрэслівалася, што “рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай… і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі” [3, с. 214].

Адным з накірункаў барацьбы з рэлігіяй з’яўлялася забарона рэлігійнага выхавання дзяцей і моладзі, у сувязі з чым, асаблівае значэнне мела аддзяленне школы ад царквы. Перад школай ставілася задача падрыхтоўцы кадраў актыўных змагароў супраць рэлігіі. У “Асноўных прынцыпах адзінай працоўнай школы” (1918 г.)  падкрэслівалася, што “Освобождение школы от влияния церкви является не только важным, но прямо-таки существеннейшим завершением ее общего освобождения от того государственного пленения, при котором она являлась рассадником нравственных пороков, именуемых добродетелями рабов” [9, с. 21]. На Х Усебеларускім з’езде Саветаў (люты 1931 г.) перад Народным камісарыятам асветы былі пастаўдены задачы па паляпшэнню зместа работы вучэбных устаноў, пры гэтым асноўная ўвага звярталася на “інтэрнанацыянальна-класавае і антырэлігійнае выхаванне” [7, с. 624].

Моладзі адводзілася асноўная роля ў распаўсюджванні атэістычных поглядаў, але ёй для гэтага не хапала і ведаў і вопыта. Работнікамі Дзяржаўнага палітупраўлення ў Беларусі быў зроблены аналіз правядзенне антырэлігійнай работы камсамольцамі ў Мазыры, у выніку якога яны прыйшлі да высновы, што “имеющиеся место действия членов КМС являются крайне ненормальными, весьма вредно отражаются на работе проводимой по этой линии органами ГПУ” [10, с. 63].

Напрыканцы 20-х гадоў ў рэспубліцы праводзілася кампанія па “ачысцы” навучальных устаноў ад “чужых”. Сярод тых, хто каго ў першую чаргу выключалі з навучальных устаноў былі “дзеці папоў” [11].

Арт. 12 Канстытуцыі БССР 1927 г. абвяшчаў свабоду сумлення, і ў той жа час арт. 71 (п. г.) пазбаўляў служыцелей рэлігійных культаў усіх веравызнанняў выбарчага права. Такім чынам, святары ўсіх канфесій станавіліся людзьмі “другога гатунку”. Сярод асоб пазбаўленых выбарачага права па Мазырскай акрузе значную колькасць складалі святары і члены іх сем’яў. Так, 1928/29 г. агульны лік пазбаўленцаў па акрузе склаў 3529 чалавек, з якіх служыцеляў рэлігійных культаў са сваімі дамачадцамі было 648, што складала 18, 36 % ад агульнай колькасці пазбаўленцаў [12, л. 4].

Служыцелі рэлігійных культаў сталі, таксама, і ахвярамі рэпрэсій. Сярод якіх быў і Іаан (Пашын), ён ў сакавіку 1923 г. быў узведзены ў сан “епіскапа Мазырска-Тураўскага вікарыятства”, якое тады ўваходзіла ў склад Мінскай епархіі. На працягу некалькіх гадоў Іаан Пашын жыў у Петрыкаве. У Занальным дзяржаўным архіве г. Мазыра захоўваюцца дакументы, звязанныя з дзейнасцю Петрыкаўскага кафедральнага Васкрасенскага сабора за кастрычнік 1924 г. У Спісе святароў і упаўнаважаных сабора ўзгадваецца пяцідзесяцігадовы Пашын Іаан Дзмітрыевіч [13, арк. 217]. Епіскап Іаан за выкананне сваіх абавязкаў святара і за тое, што абучаў дзяцей асновам царкоўнага песнапенія летам 1925 г.быў арыштаваны і адпраўлены ў ссылку на Поўнач [14, с. 8]. У 1938 г. быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і растраляны [15, с. 14].

У 30-я гады праводзілася кампанія па закрыццю храмаў. На 1 студзеня 1930 г. у БССР яшчэ дзейнічалі 1766 рэлігійных аб’яднанняў: 1022 праваслаўных, 547 іўдзейскіх, 111 каталіцкіх і 86 сектанскіх. На працягу года было зачынена і пераабсталявана пад розныя ўстановы 1000 культавых будынкаў, у тым ліку 573 царквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 52 сектанскіх малітоўных дамоў [3, с. 215]. Адбываўся гэты працэс і на Мазыршчыне. Так, у Мазыры пад турму быў прыстасаваны будынак адной з царкваў горада, у падвальным памяшканні якой было створана пяць камер для вязняў. [16, с. 330]. У Жыткавіцкім раёне, які ў тыя часы уваходзіў у склад Мазырскай акругі, было вырашана царкву скарыстаць пад калгасны клуб [17, л. 188]. У выніку такой палітыкі напрыканцы 30-х гадоў на тэрыторыі рэспубліцы дзейнічалі толькі некалькі храмаў. Паводле дадзенных НКУС БССР у 1938 г. іх было толькі два: цэрквы ў Оршы і Мазыры [18, с. 142].

Такім чынам, можна канстатаваць, што ў міжваенны час для Мазыршчыны былі характэрны агульныя для ўсёй Савецкай краіны тэндэнцыі ў становішчы царквы. Гэта праяўлялася ў тым, што з аднаго боку, абвяшчалася свабода сумлення, а з другога – зачыняліся і знішчаліся храмы, забаранялася рэлігійнае выхаванне дзяцей і моладзі, у сваіх грамадянскіх правах былі абмежаваны святары ўсіх канфесій, частка святароў была знішчана фізічна. Пануючым у грамадстве на пэўны час стаў атэістычны светапогляд. Але спадзеванні ўлады на хуткае змяненне адносін людзей да рэлігіі не здейсніліся. У складаных умовах жыцця насельніцтва шукала суцяшэння ў веры.

  1. Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыры (далей –ЗДАМ), ф. 60, воп.1, спр. 88.
  2. ЗДАМ,ф. 60, воп. 1, спр. 88.
  3. Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. – Мн., 2000.
  4. Сборник документов и материалов по истории СССР советского периода (1917–1958 гг.)–М., 1966.
  5. ЗДАМ, ф. 88, воп. 1, спр. 78.
  6. ЗДАМ, ф. 88, воп. 1, спр. 78.
  7. Съезды Советов союзных и автономных советских социалистических республик. Сб. документов в семи томах: 1923-1937.– Т. 5.– М., 1964.
  8. КПСС в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. – Т.4.– М., 1983.
  9. Основные принципы единой трудовой школы. От государственной комиссии по просвещению. 16 октября 1918 г. – Мн., 1988.
  10. Янушевич И. Партийно-государственные структуры, религия и церковь (1917–1928 гг.)//Гісторыя: праблемы выкладання ––№ 2.
  11. Зьвязда.–1929–26 красавіка.
  12. ЗДАМ, ф. 60, воп. 1, спр. 321.
  13. ЗДАМ, ф 60, воп.1, спр. 88.
  14. Кривонос Ф. Кто отлучает нас от любови Божией…// Царкоўнае слова.– 1995.–№ 4.
  15. Житие священномученика Иоанна (Пашина) / По благословению Преосвещеннейшего Петра епископа Туровского и Мозырскаго.
  16. Лозка А. Пакінь нашы душы, хвароба // Правда истории. –М., 1989.
  17. ЗДАМ, ф. 52, воп.1, спр. 631, л. 188.
  18. Цымбал А.Г. Праваслаўная царква ў Беларусі ў гады нямецкай акупацыі (1941–1944 гг.) // Матэрыялы Рэсп. навук. канф., 26 сакавіка 2004 г.; Рэдкал.: А.П.Жытко (гал. рэд.) і інш. –Мн., 2004.–с. 142.

Аўтар: Т.А. Нікіціна
Крыніца: Десять веков христианства на Руси: Материалы Международной научно-практической и православной конференции, посвященной тысячелетию Туровской епархии (Мозырь, 13 сентября 2005 г.) / Отв. Ред. В.И. Коваль. – Гомель: УО «Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины», 2005. − 163 с.