Станіслаў Шабунеўскі. Дом-камуна

0
133
Дом-коммуна в Гомеле / Дом-камуна ў Гомелі і Станіслаў Шабунеўскі
Дом-камуна ў Гомелі ў 2000-х гг.

Архітэктуру варта разглядаць у многіх аспектах: горадабудаўнічым, аб’ёмна-планіровачным, мастацка-кампазіцыйным, эстэтычным, стылістычным, інжынерна-тэхнічным… Можна, нават трэба, праводзіць даследаванне скрозь прызму творчага партрэта-натуры дойліда. Тады стане зразумелым, якое значэнне мелі асабістыя, індывідуальныя асаблівасці творцы: характар, тэмперамент, прыхільнасці, светаўспрыманне. Ідэі архітэктурнага функцыяналізму першапачаткова фармаваліся ў выглядзе літаратурных маніфестаў, “папяровых” праектаў, тэарэтычных прац. Яго мэтамі абвяшчаліся аздараўленне гарадоў, паляпшэнне жыцця іх насельніцтва на падставе дасягненняў сацыяльнага і навукова-тэхнічнага прагрэсу. Прынцыпы савецкага канструктывізму былі сфармуляваныя ў тэарэтычных выступах А. Весніна і М. Гінзбурга і ўпершыню адлюстраваліся ў створаным братамі Веснінымі праекце Палаца працы для Масквы (1923 г.). У 1925 г. была заснаваная творчая арганізацыя канструктывістаў — АСА (Аб’яднанне сучасных архітэктараў), што выдавала часопіс “Со­временная архитектура” (1926-1930 гг.). На яго старонках было выкладзена творчае крэда канструктывізму — функцыянальны метад, што патрабаваў ад архітэктара ўліку асаблівасцяў функцыянавання будынкаў, збудаванняў і комплексаў шляхам стварэння іх рацыянальнага плана i абсталявання. Таму мяжа паміж маладым функцыяналізмам i яшчэ маладзейшым канструктывізмам пэўны час была наогул няўлоўнаю…

Сваім найдзёрскім рашэннем Станіслаў Шабунеўскі зазірнуў у XXI стагоддзе.

Вячаслаў Чарнатаў

Урэшце маладыя савецкія дойліды выпрацавалі новы апрычоны стыль, у якім быў выяўлены выразны i рацыянальны план, але перадусім канструктыўная аснова будынка — жалезабетонны каркас. Маладыя канструктывісты вялі пошукі новых прыёмаў планіроўкі населеных месцаў і прынцыпаў рассялення, вылучалі праекты перабудовы побыту. Менавіта ў коле савецкіх канструктывістаў выспявалі футурыстычныя ідэі стварэння грамадскіх будынкаў новага тыпу — Палаца працы, Дома Саветаў, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні ды г.д. Упершыню ў гісторыі архітэктура стала архітэктурай для мае, архітэктар — дзяржаўным дзеячам, што ў корані змяніла сацыяльна-ідэалагічную скіраванасць, а такім чынам, і ўсе каштоўнасныя крытэрыі архітэктурнай дзейнасці. Тады ж абмяркоўвалася і праблема дамоў-камун, жылых будынкаў з поўным абагульваннем побыту. На гэтым шляху прапаноўваліся радыкальныя сродкі вызвалення жанчын ад нягод хатняй гаспадаркі. Узніклі прапановы, у якіх абагульванні былі даведзены да крайнасцяў (аддзяленне дзяцей ад бацькоў для грамадскага іх выхавання, ліквідацыя асабістых кухняў і г.д.). У пастанове ЦК ВКП (б) “Аб рабоце па перабудове побыту” (1930 г.) былі рэзка асуджаныя крайнасці ў прапановах па неадкладным і поўным абагульванні побыту працоўных, як адарваныя ад рэчаіснасці ў сваіх максімалісцкіх тэндэнцыях. Але ў цэлым гэтая пастанова прама падкрэслівала неабходнасць разгарнуць грамадскае абслугоўванне працоўных (пральні, лазні, фабрыкі-кухні, дзіцячыя ўстановы) як у новабудоўлях, гэтак і ў існуючых паселішчах [3, с. 43-58].

Адным з самых першых, хто зразумеў патрабаванні і дух эпохі, быў архітэктар Станіслаў Шабунеўскі — адзін з самых значных творцаў XX ст. Да таго часу ён ужо быў вядомым, заслужаным майстрам, які збудаваў у горадзе над Сожам тузін самых значных будынкаў, перадвызначыўшы вобраз усяго Гомеля. Цікавая творчая эвалюцыя дойліда, яго пошукі новых шляхоў ад гістарызму да мадэрну, затым функцыяналізм і канструктывізм, i зноў да засваення класічнай спадчыны. Гэтая эвалюцыя адбывалася ў адпаведнасці з логікай мастацкага мыслення дойліда, а так­сама па асаблівай мастацкай праграме аўтара.

Гомельскі шарм. Гарадская архітэктура ХХ ст.

Мастак нарадзіўся ў вёсцы Скароднае, што цяпер у Ельскім раёне на Гомельшчыне… Шляхецкі род Шабунеўскіх мае вытокі з глыбіні стагоддзяў. Бацька архітэктара быў паштовым служачым. Сям’я часта пераязджала з месца на месца. Яны жылі ў Пінску, Бабруйску, затым у Слуцку. Пачатковую адукацыю хлопчык атрымаў у сценах бабруйскай чатырохкласнай мужчынскай прагімназіі, а затым працягнуў навучанне ў знакамітай Слуцкай мужчынскай класічнай гімназіі. У 1891 г. Станіслаў Шабунеўскі паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на аддзяленне матэматыкі, але пасля першага курса перавёўся ў Інстытут цывільных інжынераў. У 1896 г. ён скончыў інстытут і атрымаў працу ў Гомельскім аддзяленні Лібава-Ромінскай чыгункі на пасадзе малодшага інжынера. Станіслаў Шабунеўскі выйграў конкурс на лепшы праект мужчынскай класічнай гімназіі, аб’яўлены Гарадской Думай. Будынак былой гімназіі, цяпер галоўны корпус Беларускага ўніверсітэта чыгуначнага транспарту, да сёння служыць гораду. Пасля былі манументальныя пабудовы Арлоўскага камерцыйнага банка (1903 г.), жылы дом лекара Аляксандрава (1903 г.) па вуліцы Ірынінскай, жылая забудова на рагу вуліц Кірава і Першамайскай; Віленскі банк (1912 г.), даходны дом Захар’іна (1906 г.), дом гарадскога галавы Грошыкава (1908 г.), Свята-Нікольская царква (1904 г.), касцёл у Рэчыцы ды шмат што яшчэ. Гэтыя будынкі былі спраектаваны альбо пабудаваны дойлідам Станіславам Шабунеўскім у першы перыяд яго творчасці, што характарызаваўся разнастайнасцю стыляў [1, с. 609].

Як у першых праектах, так і ў апошніх творах часоў сацыялізму наглядна адлюстроўваюцца мастацка-этычныя прыхільнасці, што грунтаваліся на дыхтоўным акадэмізме пецярбургскае архітэктурнай школы. У савецкія часы Станіслаў Шабунеўскі зрабіў, запраектваў таксама нямала: дом для рабочых і служачых Заходняй чыгункі (1927 г.), жылы дом на праспекце, пабудаваны напрыканцы 1920-х гадоў ды г.д. А вось Дом камуны Станіслава Шабунеўскага, адзін з самых першых у свеце будынкаў у духу канструктывізму, сапраўды ўнікальны твор вялікага мастацтва. Гэты будынак у цэнтры Гомеля быў пабудаваны для работнікаў i слу­жачых вагонарамонтнага завода за чатыры гады — з 1927 да 1931 гг. Блізкасць ад чыгуначнага вакзала шмат у чым перадвызначыла стварэнне менавіта гэткай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Манументальны абрыс гмаху Дома-камуны павінен быў быць добра бачны i ад Прывакзальнай плошчы, i ад прылеглых вуліц, стаць новым тварам новага горада [2, с. 55].

Бачучы станоўчыя і адмоўныя бакі “гатэльнай схемы”, Шабунеўскі пры праектаванні дома-камуны прыняў яе за аснову і смела эксперыментаваў. Дойлід прыняў неардынарнае на той час рашэнне — павысіць вышыню будынка, узняўшы яго да сямі паверхаў. У выніку паўстаў самы высокі будынак у тагачасным даваенным Гомелі. Пэўна, ён тады ўспрымаўся як сапраўдны хмарачос! Такім чынам Шабунеўскі задаў маштаб усяму далейшаму будаўніцтву ў горадзе.

У доме-камуне было 172 кватэры. На кожным паверсе былі размешчаныя аднатыповыя сегменты з малагабарытнымі кватэрамі па два і тры пакоі. Падобная форма будынка візуальна скрадала адчуванне калідорнай бясконцасці. Гэтаму садзейнічала і адмыслова прадугледжанае асвятленне інтэр’ераў. Кухні былі мінімальных памераў, бо меркавалася: усе будуць карыстацца паслугамі грамадскага харчавання на першым паверсе. На кожным паверсе гэтаксама былі прадугледжаныя памяшканні грамадскага прызначэння: вестыбюлі, пакоі адпачынку, туалеты і мыйкі. Кутнія лесвіцы месціліся па дыяганалі і раскрываліся ў прасторныя холы на кожным паверсе. Як планаваў архітэктар, у доме-камуне мусілі быць дзіцячы садок, бібліятэка-чытальня, сталовая і вельмі прасторны вестыбюль. Тутсама, у гэтым доме Шабунеўскага, быў нават першы ліфт! Справядлівую характарыстыку гэтаму твору даў знаны даследчык гісторыі архітэктуры Вячаслаў Чарнатаў: “Дом-камуна, выкананы ў стылі канструктывізму, пэўна, самы славуты твор Станіслава Шабунеўскага. У ім усё дакладна і лаканічна, адзначаюцца падкрэсленая строгасць формаў і рытмічны лад чляненняў. Спелы майстар сродкамі свайго мастацтва прадэманстраваў шырокія магчымасці мастацкай стылістыкі новай эпохі” [4, с. 56-57].

У будынках, пабудаваных архітэктарам у пачатку 1930-х гадоў адлюстраваны ўвесь дыяпазон архітэктурных пошукаў. У гэты перыяд у многіх гарадах з’яўляюцца розныя эксперыментальныя жылыя дамы. Яны сталі красамоўным прыкладам утопій XX стагоддзя. Станіслаў Шабунеўскі быў незвычайным чала­векам са сваімі прыхільнасцямі, ён меў уласнае, надзіва цэласнае ўяўленне пра законы рацыянальнасці і хараства ў архітэктуры. Час патрабаваў танных праектаў і павелічэння колькасці жылой плошчы: гэтак нараджаліся праекты Шабунеўскага ў стылі канструктывізму. У аснове стылю ляжыць ідэя стварэння простых, лагічным, функцыянальна апраўданых форм, мэтазгодных канструкцый. Кшталтам як і ў такіх мастацкіх напрамках, як мінімалізм ці функцыяналізм. Важным момантам, што паўплываў на фарміраванне Шабунеўскага, была эксперыментальная творчасць супрэматыста Казіміра Малевіча. Паводле летуценняў супрэматыстаў і канструктывістаў, самыя ідэйныя будаўнікі камунізму павінны жыць у доме-камуне, менш палітызаваныя людзі — у доме пераходнага тыпу і, нарэшце, звычайныя грамадзяне — у простым доме. Дом-камуна прадугледжваў, што ўсе халастыя і жанатыя будуць жыць у аднолькавых невялікіх пакоях, званых кабінамі. Дзеці меліся гадавацца асобна.

Абвяшчэнне канструктывістамі кватэры “матэрыяльнай формай дробнабуржуазнай ідэалогіі”, схематызм у арганізацыі побыту ў некаторых праектах дамоў-камун, няўлік прыродна-кліматычных умоваў, недаацэнка ролі буйных гарадоў пад уплывам ідэй дэзурбанізму — самыя відавочныя памылкі тае эпохі. Аднак эстэтыка канструктывізму ў пэўнай ступені спрыяла станаўленню мастацкага канструявання. На падставе распрацовак канструктывістаў ствараліся зручныя ў карыстанні для масавага вырабу новыя тыпы посуду, арматуры, мэблі. Мастакі стваралі малюнкі для тканін, распрацоўвалі практычныя мадэлі рабочага адзення, стваралі афармленне выстаў. Канструктывізм адыграў прыкметную ролю ў развіцці графікі — плаката, канструявання кнігі. У тэатры замест традыцыйных дэкарацый канструктывісты стваралі падначаленыя задачам сцэнічнага дзеяння “станкі” для працы акцёраў, апранутых у адмысловую святочную адзежу. Вось толькі Станіславу Шабунеўскаму не давялося ўбачыць усяго гэтага. У 1931 г. ён быў арыштаваны. Архітэктару інкрымінавалі дачыненне да праватрацкісцкай контррэвалюцыйнай арганізацыі, дзе ён і іншыя яго сябры нібыта вялі шкодніцкую дзейнасць у будаўніцтве. 23 ліпеня 1931 г. Станіслаў Шабунеўскі быў асуджаны на 10 гадоў з адбываннем пакарання ў г. Мядзведжая гара на Беламорканале, дзе быў, урэшце, расстраляны ў тым самым векапомным 1937 г. Але Дом-камуна Шабунеўскага патрапіў нават у пасляваенныя савецкія энцыклапедыі і даведнікі, хоць імя аўтара было надоўга забароненае і амаль забытае…
Станіслаў Шабунеўскі (1871, в. Скароднае Мазырскага павету — 1937, Беламорканал) — архітэктар, грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў у 1897. 3 таго году i да 1937 — галоўны архітэктар Гомеля. Праектаваў грамадскія і прамысловыя пабудовы, жылыя дамы і храмы. Аўтар праектаў трох тузінаў будынкаў у Гомелі, розных эпох: будынка мужчынскай гімназіі, камерцыйнага банка, дамоў-камун, жылых дамоў, земскай і гінекалагічнай бальніцы з радзільным домам, ваеннага шпіталя і іншых. Кіраваў аднаўленчымі работамі, інспектаваў будаўніцтва многіх аб’ектаў у Гомелі і ваколіцах. У 1937 расстраляны. Рэабілітаваны ў 1989. 

Крыніцы 

  1. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелЭН, 1993.
  2. Гісторыя беларускага мастацтва. — Мінск: Навука і тэхніка, 1990. — Т. 4.
  3. Градов, Г. Город и быт (перспективы развития системы и типов общественных зданий) / Г. Градов. — Москва: Издательство ли­тературы по строительству, 1968.
  4. Чернатов, В. Станислав Шабуневский / В. Чернатов. — Минск: Беларусь, 2005.


Аўтар:
Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 142-146.