Краязнаўцам Шацілкаўшчыны-Светлагоршчыны стала вядома, як называліся тры вуліцы Шацілак у 1936 годзе: Заходняя, Усходняя і Жыдоўская.
Інфармацыя аб гэтым утрымліваецца ў кнізе А.П. Мітраховіча “Мемуары”, выдадзенай у 2008 годзе, у друкарні “Друкавальнік” горада Цюмень Расейскай Федэрацыі. Кніжка выйшла накладам 50 асобнікаў на 126 старонках па-руску.
А.П. Мітраховіч нарадзіўся ў 1927 годзе, у вёсцы Какалева (Какаль) Чыркавіцкага сельсавета Парыцкага раёна Бабруйскай вобласці. У кнізе ён напісаў успаміны пра жыццё ў вёсках Какалева, чыгуначнай станцыі Шацілкі, у саміх Шацілках, прычым па-руску назву гэтага неселенага пункта перадаў праз літару “ц”: “Шацилки». Так, на 6 старонцы Мітраховіч А.П. згадвае назвы трох вуліцаў Шацілак: “Но вот последняя неделя августа – мать подхватила меня за руку и повела меня за 4 километра в польскую школу в Шацилках, где тогда было несколько школ. Польская – это для шляхтичей: деревянное, кажется, двухэтажное здание в центре местечка, на пересечении улиц Восточная и Жидовская. На Западной улице была школа для русских, то есть для белорусов. Но все эти школы ликвидировали и сделали центральной школой бывшую польскую”1.
Цікавую інфармацыя, дзе знаходзіліся школы ў Шацілках, чытаем ва ўспамінах Яўгеніі Альбертаўны Савіцкай у першай кнізе “Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі” на старонцы 203:
“У Шацілках працавала 4-гадовая польская школка. Мясцілася яна ў будынку флігеля былой сядзібы памешчыкаў Скалавых. У 1930 г. у мястэчку насупраць могілак, побач з касцёлам, была пабудавана новая школа.
Апроч польскай у Шацілках працавала і яўрэйская школа. Яна размяшчалася у раёне сучаснага пляжа Светлагорска.
У сярэдзіне 1930-ых гадоў польская і яўрэйская школы былі рэарганізаваны ў беларускую. Аднак пэўны перыяд яны працавалі ў абодвух будынках, і ў кожнай быў свой дырэктар.
Пастанова аб закрыцці польскай школы і касцёла была прынята на сесіі Шацілкаўскага сельсавета ў 1936 г. Жыхары Шацілак выказалі нязгоду, пачалі збіраць подпісы пад патрабаваннем аб яе адмене”2.
1 Митрахович, А.П. Мемуары. – Тюмень: Типография “Печатник”, 2008. – 126 с. – С.6
2 З успамінаў Яўгеніі Альбертаўны Савіцкай, жыхаркі Светлагорска // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мн: Беларусь, 2000. – У 2-х кн. – Кн. 1 – С. 203–204.