Нярэдка ў творах пісьменнікі карыстаюцца рознымі каментарыямі, удакладненнямі, заўвагамі пры ўключэнні ў мастацкі тэкст анамастычных і іншых адзінак, паказваючы іх натуральнасць, кантэкстуальнае прызначэнне, раскрываючы іх семантыку. Уводзячы онімы ў мастацкі тэкст, пісьменнікі даюць ім сваё тлумачэнне семантыкі, выяўляюць разнастайнасць варыянтаў такіх адзінак, іх лакальную абмежаванасць, ці пашыранасць. Такая моватворчасць — выразная адзнака іх індывідуальнага стылю.
М. Абабурка апісаў функцыі разнастайных дыялектызмаў у творах беларускіх пісьменнікаў [1, с. 27-33]. Спосабы ўвядзення анамастычнай лексікі ў мастацкі тэкст даследаваў В. Шур [2].
Выдзяляюць наступныя спосабы:
- Непасрэднага тлумачэння моўных адзінак;
- Пунктуацыйнага выдзялення, пры якім анамастычная адзінка бярэцца ў двукоссе, для яе тлумачэння прыводзяцца іншыя словы-онімы, перыфразы;
- Лінгвістычнага тлумачэння, калі ў тэксце да пэўнай назвы прыводзіцца своеасаблівы моўны каментарый з выкарыстаннем інфармацыі з суседніх моў, мясцовых дыялектаў;
- Спосаб аўтарскага апісання назвы, пры якім пісьменнік карыстаецца гістарычнымі, этнаграфічнымі, геаграфічнымі даведкамі і каментарыямі, некаторыя назвы ўдакладняюцца кантэкстуальнымі сінонімамі-дублетамі, перыфразамі; да вядомай афіцыйнай назвы прыводзяцца ўстарэлыя, забытыя па розных абставінах тапонімы-дублеты і інш.
Так, пісьменнік У. Ліпскі ў сваіх творах шырока выкарыстоўвае дыялектызмы ў мове аўцюкоўцаў, каб перадаць мясцовы каларыт, яе багацце і разнастайнасць, прыводзіць лінгвістычнае тлумачэнне дыялектызмаў: колер муры — карычневы [3, с. 106], бында — шырокае жаночае плацце [3, с. 106], кулідка — буханка хлеба [3, с. 106], япо — магазін [3, с. 106], грэйс — нядобры чалавек [3, с. 106], затула — абаронца [3, с. 106], мажа — скрыня на возе [3, с. 106], нэпранка — посцілка [3, с. 106], палойкі — вараная бульба, палавінкі [3, с. 106]. Сцёпка — памяшканне для захавання гародніны. “От пайшла я ў сцёпку па моркву” [3, с. 113]. Чубіцца — біцца. “От і чубы хапаюцца, чубяцца” [3, с. 90]. Фразеалагізмы: забіць за бузан — заткнуць за пояс [3, с. 106], няма талану — няма падтрымкі, не шанцуе [3, с. 106].
У мове мастацкай літаратуры мянушкі з’яўляюцца спецыфічным сродкам характарыстыкі персанажаў і выконваюць мастацка-эстэтычную функцыю. Нярэдка пісьменнікі прыводзяць кароткае тлумачэнне паходжання або ўтварэння такіх онімаў. Так, адзін з персанажаў “Палескай хронікі” І. Мележа мае мянушку Баран, якую атрымаў, відаць, за тое, што мае пэўнае падабенства з гэтай жывёлай: Так і дакаціў да Туманоў. Баран Ігнат — туманоўскі сваяк — быў дома: не ўзрадаваўся, не здзівіўся, але звычаю векавечнага не парушыў — дастаў пляшку самагонкі, паставіў на стол. Руды, калматы Ігнат, хутка пасалавеўшы, упяўшы дурнаватыя вочы ў стол, амаль увесь час маўчаў — нездарма далі мянушку — Баран! [4, т. 6, с. 104]. Мянушку “Бацько і матка” меў Хоня: Ганна пазнала: пытаўся Хоня, па-вулічнаму — “Бацько і матка” [4, т. 5, с. 71]. У сям’і было багата дзяцей, маці хварэла. Усе клопаты пра сям’ю леглі на яго плечы. Для малых братоў і сясцёр Хоня быў і бацькам, і маткай, таму, відаць, і атрымаў такую мянушку: — Матка — як дзервяно зрэзанае, з ложку не ўстае, дзяцей чарада на яго руках, накармі ўсіх, дагледзь!.. -1 за бацьку і за матку адзін… [4, т. 5, с. 134].
Для стылю І. Мележа, асабліва ў “Палескай хроніцы”, уласцівы ўмелы выбар варыянтаў уласных імёнаў, пераважна гутарковых, якія ў створаным фрагменце мастацкага тэксту выразна сведчаць пра змены сацыяльнага статусу персанажа, вызначаюць праз варыянты яго ўзрост, адносіны да яго ў соцыуме: “Быў Волесь, быў Смарчок; Волесь — для яе (жонкі — М. К.), для тых, хто хацеў сказаць добрае; для ўсіх жа іншых, старых і малых, — Смарчок; Смарчком, праўду кажучы, найбольш і празывалі; тады і яе зазвычай Смарчыхаю звалі. Звалі за вочы, звалі і ў вочы, яна як бы і не заўважала крыўднага; бачыла ж сама — Смарчок і ёсць Смарчок; значыць і яна Смарчыха, Смарчкова жонка. У вясёлым настроі Аўдоцця нярэдка нават сама пацяшалася над сваёй і яго мянушкай. Толькі як забралі яго на вайну, згадваць стала адно Волесем, лютаваць на таго, хто зваў дурною мянушкаю. А як прынеслі паперку, што злажыў галаву недзе за веру, цара, упілося раптам у галаву нязвычнае, вялікае, незваротнае — Аляксандр! З той пары і ў думках, і на людзях звала — ўспамінала не інакш — Аляксандзер… [4, т. 6, с. 96]. Пісьменнік тлумачыць, як дыферэнцыявана людзі карыстаюцца ўласнымі імёнамі і мянушкамі. Так, змяненне онімаў Волесь ^ Смарчок ^ Аляксандр ^ Аляксандзер ^ сведчыць і пра змены сацыяльнага статусу селяніна — літаратурнага персанажа, гэта і своеасаблівы аўтарскі прыём. Сістэмнае апісанне варыянтаў онімаў як своеасаблівых анамастычных сінонімаў сведчыць пра багацце і ўнікальнасць такіх адзінак у народнай дыялектнай мове, а іх умелае ўвядзенне ў кантэкст пры апісанні персанажаў у розных сітуацыях пацвярджае высокі прафесіяналізм пісьменніка і выдатнае валоданне мастаком мовай, яе рэгіянальнымі адметнасцямі.
Пісьменнік У. Ліпскі ўмела тлумачыць некаторыя, тыповыя для Рэчыцкага Палесся ўласныя імёны, прозвішчы, мянушкі, прыводзячы пры іх пэўныя лінгвістычныя каментарыі. “У беларусаў у кожным раёне ёсць характэрныя для тых мясцін прозвішчы. Яны адразу запамінаюцца, кідаюцца ў вочы, хочацца іх разгадаць. У прозвішчах як бы закадзіравана, закансервавана наша гістарычная памяць, якая засталася нам ад прадзедаў “спакон вякоў” [5, с. 20]: Хто гнаў дзёгаць, гандляваў ім, называўся дзегцяром… Памяць пра цяжкае рамяство захавана ў прозвішчах: Дзегцяроў, Дзегцярэнка, Дзегцераў, Дзягцяр [5, с. 172]; Старабеларускі слоўнік даводзіць, што стальмах, стэльмах — гэта рамеснік, які робіць калёсы, сані, экіпажы, карэты. Дык у нас і сёння жывуць Стэльмакі, Стэльмашкі [5, с. 172]. Аўтар у займальнай форме тлумачыць семантыку некаторых асноў прозвішчаў сваіх землякоў, выяўляе адметныя тыпы асноў, якія паслужылі базай для антрапонімаў, прасочвае эвалюцыю лексічных адзінак, якія архаізаваліся, выйшлі з актыўнага слоўніка, але захаваліся ў складзе прозвішчаў. Напрыклад: прозвішча Вярыга (вярыга — ланцуг [5, с. 232]), Лямех (лямех — частка плуга, якая падразае пласт зямлі знізу [5, с. 233]). Нібы заглядваючы ў святцы, пісьменнік адзначае, што некаторыя прозвішчы яго землякоў утварыліся ад уласных асабовых імёнаў, якія адаптаваліся да мясцовых умоў, прыйшлі на нашу зямлю з прыняццем хрысціянства: Адамаў, Адамовіч, Аляксандраў, Александронец, Дземідзенка, Верамееў, Верамейчык і інш.: Рэдкае імя Агапій. У грэчаскай мове азначае любоў, любімы. Ад мучаніка Агапія прозвішчы рэчычан Агапаў і Гапееў [5, с. 27]. Пры тлумачэнні некаторых прозвішчаў прыводзяцца народныя прыметы, звязаныя з днём ушанавання памяці пэўнага святога, у этнаграфічных каментарыях перадаюцца асаблівасці менталітэту і ладу жыцця землякоў: Аляксей — абаронца. Царква ўшаноўвае сорак дзён яго памяці. Аляксей цёплы, вясновы адзначаецца 30 сакавіка. У гэты дзень чакаюць прылёту буслоў, журавоў. Бусел кажа: “Хоць заб ’юся, а на Ляксея з’яўлюся ”. На Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік лезе на хвою. Сеюць авёс: Аляксееў, Аляксей, Аляксеенка, Аляксюк, Аляксейчык, Алешын, Алесік. Усяго — 23 прозвішчы [5, с. 30]; Даў Бог нашым продкам і святога Юрыя. Казалі, ён нябачны для людзей, выязджае на белым кані і пасе жывёлу. Юр’ева раса лічылася гаючай. Людзі качаліся па ніве, каб быць здаровымі, кабзямлярадзіла… [5, с. 36].
Некаторыя прозвішчы і тапонімы пісьменнік нярэдка тлумачыць з дапамогай “наіўнай этымалогіГ (яшчэ такую этымалогію называюць “народнай”, “ілжывай”). Асяроддзе, дзе ствараюцца такія этымалогіі, не карыстаецца распрацаванымі і апрабаванымі методыкамі аналізу слова (параўнальна-гістарычным, супастаўляльным, марфемным, семантычным і інш.), а найчасцей абмяжоўваецца прыкладамі выпадковага супадзення ў гучанні вядомых у народзе слоў [2, с. 179]. Адбываецца мэтанакіраванае аднаўленне страчаных лексіка-семантычных і канатацыйных значэнняў у онімах. Напрыклад: Варэпа, па-руску Ворепа. Чамусьці хочацца гэта прозвішча раскласці на два словы і ўсклікнуць: “Во!.. Рэпа!..” Можа, так і было: жыў чалавек на зямлі, умеў вырошчваць рэпу і не сорамна было пахваліцца [5, с. 138]. Так, У. Ліпскі прасочвае тры версіі паходжання назвы роднай вёскі: паводле першай, жыў у паселішчы раней Мамэрт — стражнік у панскім лясніцтве: “насіў той Мамэрт лапці з шаўковымі аборамі. Дык вось, кажуць, ад тых шыкоўных абораў і пайшла назва вёскГ [6, с. 11]. Яшчэ кажуць, што ў Шоўкавічах добра радзіў лён: Магчыма, было так: прабіліся нашы льнаробы праз царства туманоў на нейкі рынак, каб абмяняць лён на соль, свечкі, цвікі, а там сустрэўся шчыры гандляр, не стрымаў свайго захаплення: “Ды ў вас жа не лён — шоўк! ” І закупіў увесь тавар. А пасля чутка пайшла пра майстроў, пачалі цікавіцца: “Дзе тыя шоўкаўцы?.. Калі зноў прывязуць свой шаўковы лён?..” Вось і нарадзілася назва паселішча — Шоўкавічы [6, с. 11]. Асноўнай жа і найбольш верагоднай версіяй, лічыць аўтар, з’яўляецца тая, згодна якой айконім паходзіць ад прозвішча шляхецкага роду Шолкаўскіх. З гэтай мэтай ён выкарыстаў архіўныя матэрыялы: Засведчана ў архівах, што ў Мінскай губерні, а наш Палескі павет уваходзіў у яе здаўна, жыў-быў дваранскі род Шолкаўскіх. Самыя розныя прадстаўнікі яго бадзяліся па многіх паветах. Аднаго з іх, Фаму Шолкаўскага, нават судзілі за зладзейства [6, с. 11]. Такім жа спосабам тлумачыць ён і назву Вузнаж, выкарыстоўваючы народную этымалогію, паводле якой раней вёска называлася Вужнаш, бо казалі: Вуж — наш! Гэта вельмі важна — займець сябрыну з вужамі. Іх ніколі не забівалі і стараліся не палохацца, калі яны пачыналі жыць пад сценамі хаты ці пад печчу. Такая вужовая ласка лічылася добрай прыкметай [6, с. 9].
У творчасці пісьменніка Івана Навуменкі, які нарадзіўся ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, існуе трывалая сувязь паміж роднымі мясцінамі і падзеямі, вобразамі, персанажамі, што засведчаны ў яго творах. Аўтабіяграфізм у яго творчасці дапаўняецца іншымі адметнасцямі: твор напаўняецца разнастайнымі антрапанімічнымі і тапанімічнымі адзінкамі, уласцівымі Рэчыцкаму Палессю. Так, у апісанні Гарбылёў (у сапраўднасці Калінкавічаў), Журавічаў (Юравічаў), Бацькавічаў (Васілевічаў), пісьменнік дае пэўныя падказкі-апісанні гэтых мясцін, выкарыстоўваючы апісальны метад. У мастацкіх замалёўках Бацькавічаў пазнаецца роднае паселішча І. Навуменкі — Васілевічы. Пісьменнік любіў сваю малую радзіму і паслядоўна называў Бацькавічы (Васілевічы) толькі мястэчкам: “Бацькавічы сталі цэнтрам раёна ўжо тры гады назад… У мястэчку акрамя школы яшчэ два двухпавярховыя каменныя будынкі, стары таполевы парк, паблізу — гарадзішча — парослы лесам узгорак, акружаны земляным валам. Была старажытная царква, пабудаваная, як расказваюць старыя, без адзінага жалезнага цвіка, але яна згарэла ў часе адступлення немцаў у васемнаццатым годзе. Другую царкву — новую — зачынілі. Цяперу ёй клуб… Мястэчка відаць адсюль, як на далоні, — вялікае, раскідзістае, яно цягнецца праз усю раўніну ад лесу да лесу. Чыгунка як бы дзеліць яго папалам” [7, т. 7, с. 16]. У змененай назве Бацькавічы аўтар захаваў фармант множнага ліку -ічы, а ў аснову айконіма паклаў апелятыў бацька, свядома падкрэсліўшы, што гэта зямля яго продкаў, яго малая радзіма. Разнавіднасцю апісальнага метаду з’яўляецца ўжыванне перыфраз. Так, прыдняпроўскі гарадок, у якім ёсць педтэхнікум, аўтар называе Рэчыцу — горад, размешчаны ў пойме на правым беразе ракі Днепр. У дзевяць вечара з прыдняпроўскага гарадка, з педтэхнікума прыязджала Гэля [7, т. 4, с. 52]. Чытач, узбагачаны міжтэкставай кампетэнцыяй, лёгка пазнае Рэчыцу.
Пад айконімам Гарбылі ўгадваецца горад Калінкавічы. Дасведчаны чытач, асабліва той, які знаёмы з апісанымі мясцінамі, можа лёгка здагадацца, што гаворка ідзе пра Калінкавічы, бо аўтар дае падрабязнае апісанне паселішча: там знаходзіцца самая вялікая ў рэгіёне чыгуначная станцыя, да вайны было ваеннае вучылішча і ваенны гарадок: Такой станцыі, як у Гарбылях, мог пазайздросціць і вялікі — які мае шматвяковую гісторыю і традыцыі — горад [7, т. 4, с. 43]. У дадатак да чыгункі тут праз горад прайшла шаша. З левага яе боку, у сасняках, што падступаюць да самага прадмесця, схаваны ад цікаўнага вока, вырас ваенны гарадок — акуратныя гмахі белых карпусоў, доўгія цагляныя казармы. Тут размяшчалася пяхотнае вучылішча. А крыху далей, на шырокім, атуленым лесам полі, быў збудаваны ваенны аэрадром [7, Т. 4, с. 44].
Такім чынам, пісьменнікі нярэдка суправаджаюць онімы адпаведнымі каментарыямі, заўвагамі, тлумачэннямі, звяртаючыся да этымалогіі (народнай і навуковай), каб перадаць этнаграфічны і рэгіянальны каларыт пэўнай мясцовасці.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
- Абабурка М.В. Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры / М. Абабурка. — Мінск: Выш. шк., 1981. — 159 с.
- Шур, В. В. Онім у мастацкім тэксце: манаграфія / В. В. Шур. — Мінск: Бел. кнігазбор, 2006. — 216 с.
- Ліпскі, У. Аўцюкоўцы: Аповесць пра калінак ды каласкоў, якія гаруюць і жартуюць / У. Ліпскі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. — 223 с.
- Мележ, І. Збор твораў. У 10 т. / І. Мележ / рэдкал. Ю. С. Пшыркоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Т 5. Людзі на балоце: раман з “Палескай хронікі”. — Мінск: Маст. літ., 1981. — 415 с.; Т 6. “Подых навальніцы”: раман з “Палескай хронікі”. — 1982. — 573 с.; Т 7. Завеі, снежань: Раман з “Палескай хронікі”. — Мінск: Маст. літ., 1983. — 558 с.
- Ліпскі, У. С. Мы: Аповесць пра нашы прозвішчы / У. С. Ліпскі. — Мінск: Беларусь, 2006. — 262 с.
- Ліпскі, У. Адпяванне жывых: Аповесць пра адну вёску. Дзённік / У. Ліпскі. — Мінск: Маст. літ., 1993. — 237 с.
- Навуменка, І. Збор твораў: у 6 т. / І. Навуменка. — Мінск: Маст. літ., 1982. — Т. 2: Аповесці і апавяданні. — 558 с.; Т. 1: Аповесці і апавяданні. — 1981. — 559 с.
Аўтар: М.У. Канцавая
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 184-188.