Уладзімір Спасовіч

0
398

Уладзімір Данілавіч Спасовіч (16(28).1.1829, г. Рэчыца – 26.10(8.11).1906) — адвакат, публіцыст, гісторык, грамадскі дзеяч. Доктар права (1852). Скончыў Пецярбургскі універсітэт (1849) і працаваў у ім (з 1857 прафесар крымінальнага права). У лекцыях (“Падручнік крымінальнага права”, 1863) знаёміў студэнтаў з прагрэсіўнымі філасофскімі і прававымі ідэямі. У 1861 у знак пратэсту супраць жорсткага падаўлення студэнцкага руху пакінуў універсітэт. З 1866 вёў адвакацкую дзейнасць. Супрацоўнічаў у час. “Вестник Европы”, газеце “Słowo” (“Слова”). З яго удзелам у Варшаве заснаваны часопіс “Ateneum” (“Атэнэум”), у 1882 у Пецярбургу — часопіс “Kraj” (“Край”). Даследаваў праблемы гісторыі і культуры заходне-еўрапейскіх і славянскіх народаў. Пераклаў з лацінскай мовы і выдаў у Пецярбургу працу польскага гісторыка XVI ст. С.Ажэльскага “Восем кніг бескаралеўя з 1572 па 1576 г.” (Т.1-3, 1856-1858), удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку выдання Валюміна Легум (1859-1860). Аўтар гістарычных і юрыдычных твораў “Навейшая гісторыі Аўстрыі” (1872), “Жыццё і палітыка маркіза Веляпольскага” (1882), “Чарнаогорыя і законнік Багішча” (1889), “Гісторыя польскай літаратуры” (увайшла ў “Гісторыю славянскіх літаратур”, 2-е выд., т. 1-2, 1879-1881; разам з А.М.Пыпіным), даследаванняў пра творчасць А.Міцкевіча, А.С.Пушкіна, У.Сыракомлі, С.Выспянскага, С.Жаромскага, Дж.Байрана, руска-польскія літаратурныя сувязі. Прыхільнік культурна-гістарычнай школы. У канцы 1850-х г. рыхтаваў да выдання Статуты ВКЛ (не выйшлі ў сувязі з паўстаннем 1863-1864), адлюстроўваў гісторыю Беларусі і Літвы на старонках “Атэнэума” і “Краю”. Спасовіч – прататып адваката Фецюковіча ў рамане Ф.Дастаеўскага “Браты Карамазавы”. І.Рэпін напісаў яго партрэт (1891, Рускі музей у Санкт-Пецярбургу.

Творы

— Сочинения. Т.1-10. 2 издание. СПб., 1913.

Літаратура

— Кони А.Ф. В.Д.Спасович // Кони А.Ф. Собрание сочинений, М., 1968. Т.5;

— Шалькевич В. Притяжение таланта // Неман. 1984. № 3

— Sławęcka E. Włodzimierz Spasowicz jako krytyk literatury rosyjskiej. Wrocław etc. 1969

— Kulczycka-Saloni J. Włodzimierz Spasowicz: Zarys monograficzny. Wrocław, 1975.

 

Аўтар: Вячаслаў Шалькевіч, Уладзіслаў Шалькевіч

Крыніца: Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. С.622