Спадчына іканапіснай майстэрні вёскі Бабічы ў зборах Нацыянальнага Гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Да пытання атрыбуцыі помнікаў

0
997
Малюнак 1 — Божая Маці Смаленская
Малюнак 1 — Божая Маці Смаленская

Пачынаючы гаворку пра творчую спадчыну іканапісцаў, якія працавалі ў в. Бабічы Магілёўскай губерні ў канцы XVIII — пачатку ХХ ст., варта адразу зрабіць некалькі агаворак. Перш за ўсё, неабходна адзначыць, што за апошнія гады два ў вывучэнні, а дакладней, у папулярызацыі дадзенага эпізоду з гісторыі айчыннага жывапісу, адбыліся якасныя змены. Так, у канцы 2013 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава «Бог крестьянский-христианский. Бабичская икона», якая была падрыхтавана сумесна Веткаўскім музеем стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый імя Ф. Г. Шклярава і Чачэрскім гісторыка-этнаграфічным музеем.

Творы, якія былі прадстаўлены ў экспазіцыі, на цяперашні час захоўваюцца ў дзвюх вышэй названых установах, і ўвядзенне іх у навуковае карыстанне праз дэманстраванне на выставе стала вынікам даследчай працы, прыведзенай супрацоўнікамі Веткаўскаіа музея стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый імя Ф. Г. Шклярава. Абразы былі падабраны асэнсавана і гэтая падборка твораў фарміравала ў гледача выразнае ўяўленне пра мастацкія асаблівасці бабіцкай школы, найбольш пашыраныя сюжэты і кампазіцыі.

На першы погляд здаецца, што такі феномен беларускай мастацкай культуры «як бабіцкая іканапісная школа» з’яўляецца дастаткова даследаваным і папулярызаваным у шырокіх колах, а таму не вымагае дадатковага вывучэння. Разам з тым трэба адзначыць, што, па-першае, творы названага жывапіснага цэнтра канца XYIII — пачатку ХХ ст. захоўваюцца не толькі ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый імя Ф. Г. Шклярава і Чачэрскім гісторыка-этнаграфічным музеі, а таксама і ў іншых установах. Менавіта гэта да цяперашняга часу і з’яўлялася не вывучаным. Падкрэслім, што, калі б названая выстава «Бог крестьянский-христианский. Бабичская икона» ўжо была б рэалізавана да таго, як пачалося нашае даследаванне па гэтай праблематыцы, то выяўленне помнікаў бабіцкай іканапіснай школы са збораў іншых музеяў не ўяўляла б складанасці: дастаткова было б проста параўнаць некаторыя музейныя прадметы з экспанаванымі на выставе абразамі. І гэты візуальны аналіз змог бы адразу праліць святло на пытанне прыналежнасці да бабіцкай школы яшчэ некалькіх ікон.

Аднак на той момант, калі намі было праведзена дадзенае даследаванне па прадстаўленай тэме, у выніку чаго была ўдакладненая атрыбуцыя некалькіх помнікаў з Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля (а гэта пацвярджаецца актамі ўкаранення ў музейную практыку: у ГППА ад 21.11.2013, у НГМ РБ ад 11.02.2014), вышэй названая выстава ў НММ РБ яшчэ не была адкрыта. А таму пошук матэрыялаў ажыццяўляўся іншымі шляхамі, якія і самі па сабе, як навуковыя метады даследавання і як досвед у правядзенні атрыбуцыі музейных прадметаў, могуць уяўляць цікавасць для калег, чым і тлумачыцца напісаннне дадзенага артыкула па тэме, якая ўжо можа здавацца вычарпанай.

Пра існаванне ў в. Бабічы Магілёўскай губерні ў ХІХ ст. іканапіснага цэнтра нам было вядома з выдання А. С. Дамбавецкага «Опыт описания Могилёвской губернии…», том другі за 1884 г. [15, с. 478]. Гаворачы пра разнастайныя рамёствы, прадстаўленыя ў названым рэгіёне, аўтар адзначае, што ў дзвюх населеных пунктах — вёсцы Бабічы і мястэчку Ветка — жыхары займаюцца напісаннем абразоў: «В д. Бабичи, Покотской волости, Рогачёвского уезда, три крестьянина и в м. Ветке, Го­мельского уезда, так же три крестьянина занимаются иконописью; пишут иконы на деревянных досках и на полотне; работа производится преимущественно по за­казу, но иногда изделия вывозятся промышленниками на ближайшие рынки. Покупка материалов обходится в год от 20 до 40 р., а чистого заработка бабичские иконопис­цы получают в год по 50 р. каждый, а ветковкие — по 100-150 рублей. Ветковская иконопись более совершен­ная, чем бабичская» [15, с. 478]. Так, у 1880-ыя ў в. Бабічы існавала іканапісная майстэрня, аднак колькі часу гэтым рамяством займаліся ў названай вёсцы, на жаль, не вядома.

Да нядаўняга часу даследаваннем мастацкай спадчыны гэтага «багамазскага» цэнтра фактычна ніхто з навукоўцаў не займаўся. Аднак у апошнія гады ў выданнях Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый імя Ф. Г. Шклярава і ў артыкулах навуковых супрацоўнікаў названай установы фігуруюць звесткі пра бабіцкую іканапісную школу, рэпрадукуюцца некаторыя творы, згадваюцца імёны апошніх майстроў, якія яшчэ ў пачатку ХХ ст. працягвалі гэтую жывапісную традыцыю.

Так, у альбоме «Голоса ушедших деревень» аўтары адзначаюць адносна твораў гэтай школы: «Среди харак­терных черт этих произведений — подробнейший «нату­рализм» письма, часто наивно трактованный; психоло­гической убедительность образов, «простосердечность типов» (таков «Николай» из Гуты). Всё это воплощено в очень подвижной композиционной системе письма, ис­полненной ракурсов, жестов, движения (например, в «Крещении» из Хизов). Наибольшей динамикой выде­ляются воинские образы (см. «Чудо Г еоргия о змие» из Хизов). Колорит строится на энергичных противопо­ставлениях света и тени, фигуры как бы вырываются светом из глубокой тени, «света» наносятся энергичны­ми белильными мазками и даже белильным пунктиром на тёмные лики, так же описываются детали, например, элементы драгоценных украшений (см. икону «Богома­терь Смоленская» из Старых Громык). Вместо нимбов здесь применяется лучистое свечение» [1, с. 136].

Звесткі пра дзейнасць гэтага іканапіснага цэнтра ёсць у артыкулах супрацоўніка Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый імя Ф. Г. Шклярава А. В. Скідана. Даследчык паспрабаваў паглядзець на праблему з розных бакоў. Так, яго працы ўтрымліваюць і мастацтвазнаўчы аналіз, і фальклорныя запісы, і матэрыялы гісторыка-краязнаўчага характару [16, с. 180]. А. В. Скідан прапаноўвае і выкарыстанне найбольш адпаведнага на яго думку тэрміна для вызначэння гэтай самабытнай культурнай з’явы, якая існавала на Чачэршчыне — «бабіцкая іканапісная традыцыя» замест выразу «бабіцкая іканапісная школа», прапанаванага Ул. Ліцвінавым. На нашую думку, выкарыстанне абодвух тэрмінаў з’яўляецца правамоцным і можа быць абгрунтавана.

А. В. Скідан пра перыяд існавання на Чачэршчыне іканапіснай майстэрні (або некалькіх, якія працавалі ў рэчышчы агульнай традыцыі) адзначае: «Верхняя мяжа дасягае пачатку 20 ст. — аб апошніх прадстаўніках дынастыі Гераковых упэўнена сведчаць аднасяльчане, вызначаючы іконні, напісаныя тым ці іншым мастаком (Гераковы самі дзелалі багоў для Фёдараўскай царквы; Людзі абракаліся. Ікону заказалі зьдзелаць. Пісаў ікону Іванаў бацька, Геракоў). Ніжняя храналагічная мяжа падводзіцца ўмоўна» [16, с. 182]. З палявых запісаў і сталі вядомымі імёны апошніх прадстаўнікоў дынастыі, якія пісалі абразы ў пачатку ХХ ст. А вось калі пачалі займацца гэтым рамяством у дадзеным рэгёіне, вызначыць даволі складана. На цяперашні час найбольш раннія творы бабіцкай традыцыі даследчыкі датуюць канцом XVIII ст. Трэба адзначыць, што сама праблема ўзнікнення ў в. Бабічы іканапіснай майстэрні яшчэ вымагае асобнага вывучэння і гэта можа стаць мэтай новага даследавання.

Адзначым, што супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый імя Ф. Г. Шклярава, якія і звярнулі ўвагу на гэтую самабытную мастацкую з’яву, былі на аснове багатага візуальнага матэрыялу сфармуляваны асноўныя рысы абразоў бабіцкай школы, што і было прыведзена намі вышэй. Аднак пра вобразна-стылістычныя, кампазіцыйныя і іканаграфічныя асаблівасці твораў паводле апісанняў меркаваць было складана, бо мала помнікаў было рэпрадукавана, якія б давалі візуальнае ўяўленне і служылі б асновай для правядзення параўнальнага аналізу з іншымі захаванымі творамі на прадмет прыналежнасці апошніх да спадчыны названага цэнтра.

Першым крокам на шляху ў атрыбуцыі помнікаў з Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля стала выяўленне ў калекцыі іканапісу апошняга з названых абраза «Божая Маці Смаленская» [8, малюнак 1]. У пашпарце гэтага музейнага прадмета адзначана, што ён бытаваў у в. Бабічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобласці і датуецца ХІХ ст. Ведаючы пра існаванне ў гэтым населеным пункце ў названої перыяд іканапіснай майстэрні, правамоцным было выказаць меркаванне, што гэты абраз там і быў створаны. Бо мала верагодна, што пры наяўнасці ў вёсцы сваіх мясцовых іканапісцаў жыхары куплялі прывазныя абразы або самі ездзілі для набыцця ў іншае месца.

Параўнанне названага твора з іншым абразом такой жа іканаграфіі, апублікаваным у альбоме «Голоса ушедших деревень» (захоўваецца ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый імя Ф. Г. Шклярава) і ахарактарызаваным там як спадчына бабіцкай школы [1, с. 146-147; малюнак 2], прывяло да высновы, што разгляданая «Божая Маці Смаленская» таксама была напісана ў гэтым жа мастацкім цэнтры. Абодва помнікі не толькі падобныя па кампазіцыі (наяўнасць толькі такога падабенства не дазволіла бы сцвярджаць, што яны належаць да адной школы), але маюць аднолькавы каларыт і манеру пісьма. Так, для абодвух абразоў характэрны дынамічны мазок, што найбольш выразна выяўлена ў нанясенні белага і ружовага колераў. Таксама прыкметай гэтых твораў з’яўляецца цёмны фон, вакол галоваў Божай Маці і Дзіцяці Хрыста — залацістае ззянне, а не акрэсленыя німбы. Характэрнымі з’яўляюцца і выявы зорак на вопратках Багародзіцы (на ілбе і на правым плячы), якія сімвалізуюць яе дзявоцтва. На абодвух творах яны больш падобныя да ордэнаў.

Малюнак 2 — Божая Маці Смаленская
Малюнак 2 — Божая Маці Смаленская

Аднак неаспрэчным аргументам таго, што абразы пісаліся ў адной майстэрні, з’яўляюцца надпісы на іх. Пры вельмі пільным іх разглядзе можна заўважыць пэўныя адрозненні покрысу, аднак іх колер, кампаноўка на жывапіснай дошцы сведчаць пра тое, што творы ствараліся паводле агульнай іканаграфічнай схемы і, відавочна, у адным жывапісным цэнтры. Узровень майстэрства, пэўная неахайнасць, якая ўласціва толькі абразу з Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, і большая дасканаласць помніка з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый імя Ф. Г. Шклярава сведчаць пра тое, што абразы пісаліся рознымі жывапісцамі.

Такім чынам, на першым этапе правядзення даследавання быў выяўлены помнік бабіцкай іканапіснай школы, які захоўваецца ў зборах Гомельскага палацава-паркавага ансамбля — абраз «Божая Маці Смаленская». Гэта дазволіла ўнесці ўдакладненні ў атрыбуцыю названага твора, бо дагэтуль у пашпарце музейнага прадмета хоць і фігураваў запіс «в. Бабічы», аднак гэта датычылася месца бытавання, а не месца стварэння.

Яшчэ адзін помнік такой жа іканаграфіі са збораў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля таксама, відавочна, паходзіць з гэтага ж іканапіснага цэнтра, аднак быў створаны пазней. Калі вышэй апісаныя абразы былі выкананы недзе ў канцы ХУІІІ — пачатку ХІХ ст., дык абраз «Божая Маці Смаленская», які бытаваў ў Гомелі, быў напісаны, па ўсёй верагоднасці, пазней [7; малюнак 3]. У картатэцы музея, дзе ён захоўваецца, фігуруе дакладная дата — 1857 г. На жаль, мы не мелі магчымасці пабачыць адваротны бок абраза: магчмыма, гэта дата напісана там, бо на вонкавым баку ніякіх надпісаў няма. Непасрэдныя мастацкія асаблівасці твора дазваляюць аднесці яго нават да больш позняга часу, чым сярэдзіна ХІХ ст.

Малюнак 3 — Божая Маці Смаленская
Малюнак 3 — Божая Маці Смаленская

Пра прыналежнасць да бабіцкай іканапіснай школы названага твора сведчаць не толькі яго іканаграфія, якая нават у дробных дэталях паўтарае жывапісныя аналагі і, відавочна, створана паводле тых жа крыніц; а таксама — выкарыстанне тых жа адценняў (характэрны ружовы на мафорыі Дзевы Марыі), спосабаў перадачы святла (ззянне вакол постацяў). Аднак выразная «прамаляванасць», можна сказаць нават пэўная ілюстрацыйнасць і чысціня колераў сведчаць пра больш позні перыяд стварэння.

Такім чынам, у калекцыі іканапісу Гомельскага палацава-паркавага ансамбля было выяўлена два помнікі аднолькавай іканаграфіі («Божая Маці Смаленская»), якія з’яўляюцца спадчынай бабіцкай іканапіснай школы розных перыядаў.

Другім крокам у правядзенні даследавання стала выяўленне ў зборах названай установы абраза «Юрый-змеяборац» [малюнак 4]. Паводле картатэчных звестак, гэты твор паходзіць з в. Акшынка Веткаўскага раёна і датуецца першай паловай ХІХ ст. [3]. Нашу ўвагу названы абраз прывабіў па дзвюх прычынах. Па-першае, добра ведаючы калекцыю іканапісу Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, нам адразу кінулася ў вочы выключнае падабенства гэтага твора да аналагічнага помніка са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь [малюнак 5]. Па- другое, нашу ўвагу прыцягнуў надпіс на абразе, які вельмі падобны да надпісаў на прааналізаваных вышэй двух твораў з выявай «Божай Маці Смаленскай». Г этая рыса, а таксама каларыт, манера пісьма, характэрны экспрэсіўны мазок, ззянне замест німбаў, спосаб нанясення фарбы на іканапісную аснову прывялі да высновы, што і гэты абраз з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля быў напісаны ў іканапіснай майстэрні в. Бабічы. Такім чынам, для яшчэ аднаго абраза было ўстаноўлена месца стварэння.

Малюнак 4 — Юрый-змеяборац
Малюнак 4 — Юрый-змеяборац
Малюнак 5 — Юрый-змеяборац
Малюнак 5 — Юрый-змеяборац

Параўнанне з ім твора аналагічнага сюжэту («Юрый-змеяборац») з Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь [14] сведчыць пра іх выключнае падабенства, якое назіраецца ў наяўнасці ўсіх пералічаных вышэй мастацка-сталістычных асаблівасцяў, характэрных для помнікаў бабіцкай іканапіснай школы. Такім чынам, быў выяўлены яшчэ адзін твор разгляданага жывапіснага цэнтра, а таксама была ўдакладнена атрыбуцыя музейнага прадмета. Адзначым, што дагэтуль месца напісання абраза «Юрый-змеяборац» з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь было не вядома. У кнізе паступленняў названай установы адзначана, што твор бытаваў у сям’і, якая жыла ў г. п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці.

Атрыбуцыя яшчэ аднаго помніка з гэтага ж музея была праведзена аналагічным чынам. Так, на абразе «Каранаванне Божай Маці» пры візуальным аналізе былі выяўлены ўсе тыя ж рысы, якія ўласцівы творам разгляданага іканатснага цэнтра [малюнак 6]. Дагэтуль паходжанне абраза было не вядома. Памылкова была вызначана і дата стварэння: у кнізе паступленняў фігуравала XVII ст. [13]. Праведзенае даследаванне дазволіла не толькі вызначыць месца напісання абраза — в. Бабічы, але і перагледзець існуючае датаванне: замест XVII стагоддзя — ХІХ стагоддзе.

Малюнак 6 — Каранаванне Божай Маці
Малюнак 6 — Каранаванне Божай Маці

Так, у калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь былі выяўлены два помнікі, якія паходзяць з названага іканапіснага цэнтра. Вывучэнне астатніх абразоў названай установы паказала, што яны не маюць дачынення да бабіцкай школы і былі выкананы ў іншых, пакуль не ўстаноўленых, месцах.

А вось у зборах Гомельскага палацава-паркавага ансамбля былі вызначаны яшчэ некалькі твораў, якія належаць да спадчыны разгляданага іканапіснага цэнтра. Так, бясспрэчна ў в. Бабічы ў ХІХ ст. былі напісаны абразы «Божая Маці» [6; малюнак 7], «Укрыжаванне з перадстаячымі» [9; малюнак 8]. Пазней, у канцы ХІХ ст., а можа і на мяжы ХІХ-ХХ ст. там жа было створана «Уваскрэсенне» [12; малюнак 9], якое манерай пісьма і каларытам набліжана да прааналізаванага вышэй твора гэтага ж перыяду «Божая Маці Смаленская». Абодва абразы ўяўляюць сабой жывапісную спадчыну майстэрні больш позняга перыяду.

Малюнак 7 — Божая Маці
Малюнак 7 — Божая Маці
Малюнак 8 — Укрыжаванне з перадстаячымі
Малюнак 8 — Укрыжаванне з перадстаячымі
Малюнак 9 — Уваскрэсенне
Малюнак 9 — Уваскрэсенне

Таксама ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі захоўваецца і невялікая група твораў, якая гіпатэтычна таксама была створана ў Бабічах, аднак гэта вымагае яшчэ дадатковага вывучэння. Так, гэта датычыцца двух абразоў з выявай Святога Мікалая, двух — сюжэту «Пакроў», аднаго — «Уваскрэсенне» [2, 4, 5, 10, 11].

Такім чынам, у выніку праведзенай навуковай працы былі выяўлены невядомыя для даследчыкаў помнікі іканапіснай майстэрні в. Бабічы Магілёўскай губерні, якія зараз захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь і Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Падкрэслім, што дагэтуль у навуковае карыстанне былі ўведзены толькі «бабіцкія» абразы з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый імя Ф. Г. Шклярава і Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея. Пра існаванне такога роду помнікаў у калекцыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля адзначалася даследчыкамі гэтай праблематыкі, праўда без дакладнага пераліку помнікаў, якія складаюць гэтую групу. А вось пра існаванне твораў бабіцкай іканапіснай школы ў калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь дагэтуль было не вядома. Такім чынам, была ўстаноўлена прыналежнасць яшчэ некалькіх абразоў да спадчыны названага жывапіснага цэнтра, што дазволіла ўдакладніць іх атрыбуцыю праз вызначэнне месца стварэння.

Літаратура

  1. Голоса ушедших деревень / Г. Г. Нечаева [и др.]; под общ.ред. Г. Г. Нечаевой. — Минск : Белорус. Наука, 2008. — 342 с.
  2. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль (далей — ГППА). — Інв. № КП 16645. — Абраз «Св. Мікола», сярэдзіна ХІХ ст.; дошка, алей; 55х41,5 см; бытаваў у в. Роўкавічы Чачэрскага р-на Г омельскай вобл.
  3. ГППА. — Інв. N° КП 16768. — Абраз «Юрый-Змеяборац», ХІХ ст.; дошка, алей; 26,7х22 см; бытаваў у в. Акшынка Веткаўскага р- на Гомельскай вобл.
  4. ГППА. — Інв. № КП 17380. — Абраз «Пакроў», другая палова ХІХ ст.; дошка, алей; 69х52,2 см; бытаваў у Гомелі.
  5. ГППА. — Інв. N° КП 17387. — Абраз «Уваскрэсеннне», другая палова ХІХ ст.; дошка, алей; 69х52,5 см; бытаваў у Г омелі.
  6. ГППА. — Інв. № КП 17422. — Абраз «Божая Маці», ХІХ ст.; дошка, алей; 49х36,5 см; бытаваў у Гомелі.
  7. ГППА. — Інв. № КП 17935/20. – Абраз «Божая Маці Смаленская»; 1857 г.; дошка, алей; 39х29,5 см; бытаваў у Гомелі.
  8. ГППА. — Інв. № КП 18496/19. – Абраз «Божая Маці Смаленская», ХІХ ст.; дошка, алей; 57х42 см; бытаваў у в. Бабічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.
  9. ГППА. — Інв. № НД 20973/2. — Абраз «Укрыжаванне з перадстаячымі», ХІХ ст.; дошка, алей; 72,5х58 см; бытаваў у Гомелі.
  10. ГППА. — Інв. № НД 21084. — Абраз «Пакроў, другая палова ХІХ ст.; дошка, алей; 52,5х42,5 см; бытаваў у Гомелі.
  11. ГППА. — Інв. № НД 21100/2. — Абраз «Св. Мікола», ХІХ ст.; дошка, алей; 54х45 см; бытаваў у Гомелі.
  12. ГППА. — Інв. № НД 21192/1. — Абраз «Уваскрэсенне», ХІХ ст.; дошка, алей.
  13. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (далей — НГМ РБ). — Інв. № КП 21466. — Абраз «Каранаванне Божай Маці», канец ХУШ — пачатак ХІХ ст.; дошка, алей; 71х54, месца бытавання не вядома.
  14. НГМ РБ. — Інв. № КП 33873. — Абраз «Юрый-Змеяборац», пачатак ХІХ ст.; дошка, алей; 41х31,2 см; бытаваў у г. п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.
  15. Опыт описания Могилёвской губернии в историческом, физико­географическом, этнографическом, промышленном, сельско­хозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отноше­ниях, с двумя картами губернии и 17 резанными на дереве гравюрами видов и типов // под ред. председателя Могилёвского статистического комитета А. С. Дембовецкого. — В 3 кн. Кн. 2. — Могилёв на Днепре : типо­графия губернского правления. — 1884 г. — 1000 с., [3] арк іл.
  16. Скідан, А. В. Бабіцкая іканапісная традыцыя: комплексны падыход у вывучэнні феномена // Христианский гуманизм и его тради­ции в славянской культуре. — Вып. 8. — Гомель, 2013. — С. 179-182.

Аўтар: Г.А. Флікоп
Крыніца: Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтва : мат. Міжнароднай навук.- практ. канф. (20-21 лістапада 2014 г., г. Мінск) / уклад. Ю. В. Пацюпа; гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск : Права і эканоміка, 2014. – С. 507-512.