Спадарыня, што зрушыла дэпо

0
427
Людміла Шчэрба Урбан.М і Спадарыня

Я ніколі не разумела, як людзі могуць так лёгка прычыняць боль іншым, ідучы на покліч свайго сэрца. Хто сказаў, што слухаць сваё сэрца добра? Гэта чысцюткі эгаізм,
імкненне ўсё падпарадкаваць сваім жаданням.
Пола Хокінс “Дзяўчына ў цягніку”

Прето што ся почнет не з благословенства божого и старших панов, господарей наших, a за призволеньем белых голов, не много господь бог помагает и грады множит, албо покой дарует.
“Баркулабаўскі летапіс”

Парань дзеўку абманіў –
Сладкай водкай напаіў,
Белай рыбай накарміў.
Народная песня

Колькі трэба феміністак, каб тры сэксісты ўкруцілі адну лямпачку?
Анекдот

Трапіла гэтая кніга да мяне на пачатку сёлетняй вясны. Ці то ад кантрабандыстаў з Канстанцінопаля, ці то ад талмудыстаў са Жмерынкі.  Зрэшты, магчыма, я штось блытаю, і насамрэч “Урбан М. Адзін дзень не майго жыцця” дастаўся мне ад самой аўтаркі – Людмілы Шчэрба. Аўтограф, прынамсі, ёсць. І хаця ўвагу адцягвалі, то павадак вясновы, то прымаразак-шэрань, прачытаў я кнігу яшчэ да лета, а ў самым пачатку летніх халадоў накідаў сабе ў нататнік, быццам дроў у грубку, жмут рэфлексій з нагоды прачытанага. Усё спадзяваўся да канца наступнага тыдня аформіць іх у звязны тэкст, аж пакуль не зразумеў, што лета мінула, Шафуцінскі перагарнуў каляндар, а я сяджу з каляндарна-тэматычным планаваннем у руках на лаўцы перад выключаным напярэдадні Дня настаўніка фантанам, намагаючыся ўспомніць песню пра кастрычнік. Зацягваць больш не выпадала. (Але выпала).

Каб скласці ўласнае меркаванне пра кнігу, я наўмысна не спяшаўся знаёміцца з водгукамі на яе, якія з’яўляліся то тут, то там. Ласкавыя інструкцыі для гуманітарыяў, тэхнароў, прыродазнаўцаў і крытыкаў, пакінутыя на вокладцы “з аканіцамі”, я шчасна пусціў міма вачэй. Гэта такі чытацкі бзік. Нават анатацыі апошнім часам чытаць пабойваюся, каб не быць загадзя індактрынаваным на зададзенае ў іх успрыняцце тэксту. Дый спойлера злавіць не хочацца. З інструкцыямі ж перабраў, чытаючы Павіча і Картасара. Таму імкнуся засвойваць творы без падказак, атрымліваючы ўласны воблачны атлас уражанняў і думак.

Але спадарыня Людміла ўсё ж здолела абысці мае забабоны і нацэліла на пэўную інтэрпрэтацыю, згадаўшы ў аўтографе Урбан Г. Таму, пачынаючы чытаць, я быў перакананы: калі Г. – гэта Гомель, то М. – Мінск. Дзеянне часткі твору і сапраўды адбываецца ў горадзе падобным на Мінск. Аднак наўпрост пра адпаведнасць Урбана М. і Мінска, здаецца (магу памыляцца), нідзе не паведамляецца. Між тым, немалая колькасць старонак прысвечана Магілёву. Да таго ж не цяперашняму, а даўняму – XVII стагоддзя. Дык можа рэзідэнцыя разбойніка Машэкі і ёсць сапраўдным Урбанам М.? Заканчваючы чытанне, я міжволі напяваў на матыў вядомай украінскай народнай песні: “Два Урбаны мае, два Урбаны”, а праз месяц з’ехаў пад трохгадзінную залеву ў Магілёў. Стагоддзе, што праўда, з іншым нумарам, а песні пра Маскву на сёлетніх магілёўскіх плошчах гучалі дысанансам з воклічам “Пара!” бурмістра Магілёва трыста пяцьдзясят шэсць гадоў таму. Зрэшты, усё можа быць, як спявае з высотак сваіх урбанаў Oxxxymiron, пераплецена, і заўсёды ёсць шанц апынуцца ў адным верацяне з чужымі фантазіямі і прывіднымі гарадамі.

Сюжэт, прынамсі, паловы кнігі разгортваецца ў нашы дні. Але вымаляваная ў ёй рэальнасць неўпрыкмет падвойваецца, дапаўняючыся арт-аб’ектамі, цытатнікам, сховішчам інфармацыі, вершамі… Чытаеш і машынальна шныпарыш рукой па стале ў марных пошуках акуляраў дапоўненай рэальнасці. Не знаходзіш. З тым, што маеш, праціскаешся па прапанаваных пісьменніцай узроўнях (узровень першы, узровень разбурэння, узровень адрэналіну ды інш.) і адрэзках часу (40 хвілінаў пасля, 4 гадзіны раніцы, 4 дні пасля ды інш.), збіраеш надкусаныя яблычкі (шчодра рассыпаныя значкі між кавалкамі тэксту), ушчэнт заблытваешся з галоўнымі героямі, іх матывамі і каханнем. Разумееш, што сэкс і кекс, але не цяміш, у каго менавіта – гераіні і героя, сустрэтых на пачатку, ці персанажаў твора, напісанага вось гэтай самай гераіняй (апавяданне ўнутры апавядання). Ад гэтага кружыцца галава. Улоўліваеш іх боль, але зноў жа не можаш скеміць, адкуль ён там бярэцца, і нават грэшнай думкай пытаеш: “А ці баліць ім наогул?”. Вырашаеш, што разумець нічога не трэба, што лепш успрымаць усё як энігматычную данасць – як палёт надзіманага чалавека ў “Праклятых гасцях сталіцы” Альгерда Бахарэвіча ці трэці сезон “Твін Пікса” (“Што там з, трасца яе бяры, Одры?”).

І вось толькі ты прыходзіш да такога ўспрыняцця, як раптоўна абрынаешся ў бездань  – мінуўшчыну амаль чатырохсотгадовую даўніну (падобны шлях, але з іншым адрасам прорвы, прайшоў іншы чытач “Урбана М.” – Валер Гапееў). Абрынаешся ў мінуўшчыну, ды, як ні дзіўна, пачуваешся там больш упэўнена, бо каардынаты што ні крок знаходзіш больш выразныя. Тое, што ў адным з эпізодаў недзе на пачатку кнігі бліснула фрагментам сну ці аскепкам Залюстроўя, у другой яе палове, лічы, непадзельна дамінуе. Разам з тым, нягледзячы на адчуванне ўпэўненасці, усё адно мусіш гадаць, хто гэтыя людзі ў кантэксце крывавага XVII ст. – праекцыі галоўных герояў (нашых сучаснікаў)? іх містычныя допэльгангеры? далёкія продкі? І ўсё ж XVII ст. тут больш канкрэтнае і прыметнае са сваімі Радзівіламі і “Баркулабаўскім летапісам”, чым умоўная сучаснасць, маркерамі якой выступаюць “Gucci” ды іншыя трэнды-брэнды (праўда, апошняе выглядае не настолькі вычварна манерна, як гэта бывае ў некаторых творах Віктара Марціновіча).

Каб хто іншы (люд чытацкі розны бывае) не згубіўся ў мінуўшчыне Вялікага Княства Літоўскага, аўтарка дае гістарычныя даведкі пра рэальныя падзеі, на тле (ці нават – у тле) якіх разгортваецца апавяданне. Для будовы рамана гэта дадатковы цымус (выглядае, як дасье ці хрэстаматыя – мая даўняя мара пра такую форму твора). А для яго аб’ёма – эканомія, бо калі б ўся такога кшталту інфармацыя транслявалася вуснамі персанажаў, то кніжка была б адсоткаў на дваццаць-трыццаць таўсцейшай (Дзюма скарыстаўся б магчымасцю, а ў нас клімат не той). Добра гэта ці дрэнна, я не ведаю. Як не ведаю, чаму халерычны палкоўнік Паклонскі ў рамане гучаў для мяне голасам аднаго рэканструктара музыкі часоў тых самых Радзівілаў. Наўрад ці пісьменніца закладвала такія літаральныя паралелі. Але архетып ёсць архетып – сам за цябе ўсё зробіць: і кавы згатуе, і нарэжа каўбасы.

Без гістарычнай часткі раман выглядаў бы хаця і нестандартнай, пярэстай, але, найперш, любоўнай (мела)драмай (ці стылізацыяй пад яе). У сукупнасці з прыкладамі адносна нядаўніх твораў іншых беларускіх аўтараў эксплуатацыя ў “Урбане М.” айчыннай музы Кліа уяўляе пэўную тэндэнцыю. Элементы беларускай гісторыі, традыцыйнай культуры, фальклору пад тым ці іншым соусам (а часам і з мачанкай) прысутнічаюць у творах, якія нельга аднесці да гістарычнага жанру (замак у “Белай мусе” Альгерда Бахарэвіча, другая жонка Міндоўга ў “Возеры радасці” Віктара Марціновіча, народныя прымхі і забабоны ў “Ночы цмока” Валера Гапеева). Мяне гэта дужа цешыць і як гісторыка, і як паспалітага чытача.

Што да цяпершчыны ў рамане, то хачу адзначыць яшчэ адзін момант. Героі размаўляюць па-беларуску, бо аўтарка па-беларуску перадае іх рэплікі. Такія ў нас заводскія настройкі, мабыць, у большасці беларускамоўных літаратурных твораў пра сучаснасць. З чым мірымся і забываемся нават здзіўляцца. Яно і хочацца песціць ілюзію, што перасычаны плэйбой і прожигатель жизни з Урбана М. сапраўды па-беларуску кажа: “Дзееетка”. Аднак дыялогі герояў (пра любімае рускае кіно і да т.п.) гэтую ілюзію разбіваюць, не дадаючы разам з тым (што парадаксальна) ані каліва рэалістычнасці. Спатыкнуўшыся на гэтым, я адразу згадаў Івана Шамякіна, які ў “Сэрцы на далоні” не хаваў, што персанажы між сабой размаўляюць па-руску, а ён як аўтар перадае іх размовы беларускай мовай. Шамякін, дарэчы, хаваў, што дзеянне згаданага рамана адбываецца ў Гомелі. Спадарыня Шчэрба містыфікуе чытача, не раскрываючы, што такое Урбана М. Яшчэ адна ненаўмысная паралель.

Акрамя ўжо ўспомненых вышэй надкусаных яблыкаў – знакаў, што падзяляюць у кнізе пэўныя тэкставыя масівы, раман увогуле багаты на яблыкі. Калі б я быў не хворым на інтэлектуальныя патугі дзіваком з ускраіны рабочай гарадской новай маргінальнай беларушчыны, а якой-небудзь вельмі шаноўнай даследчыцай 80 lvl з чарговага Хогвартса айчыннага літаратуразнаўства, то змог бы з гэтай нагоды сказаць, што аўтарка “Урбана М.” зухавата і глыбакадумна параскідвала процьму гэтых яблык па рамане, а беларускае садаводства трэба берагчы. Але я ёсць тым, кім ёсць. Таму скажу, што прыгадкі яблык ад самага першага з’яўлення гэтага вобразу ў творы (гераіня дорыць яблык герою) і да канца твору, мною ўспрымаліся як аўтарскія падміргванні. Не мне асабіста, а кожнаму, хто ўзяў кнігу ў рукі не для таго, каб пару разоў пакруціць і пакласці на паліцу, а сапраўды прачытаць яе. Зрэшты, памятаючы, як я сам калісь раскідваў іншую садавіну ў “Імя грушы”, раскіданыя ў “Урбане М.” яблыкі ўспрымаліся мной з больш шырокай усмешкай, чым калі б аўтарка раскідала, скажам, трактары ці ротарныя жняяркі. З іншага боку, за шырынёй уласнай усмешкі я цалкам прагэпаў паралелі з біблейскім сюжэтам (хаця зусім кволае рэха “Перэгрынацыі” Крыштафа Радзівіла Сіроткі ўчуў). Мушу суцяшаць сябе тым, што Адам прагэпаў значна болей. Прынамсі, я маю магчымасць адматаць назад і прачытаць раман наноў. Упэўнены, што яблыкі ў ім хаваюць яшчэ многа сюрпрызаў.

Я вам не скажу за ўсю Адэсу, але падазраю, што “Урбан М.” пэўным кірункам беларускай літаратурнай крытыкі (I’m so sorry, бо не ведаю, як яго правільна назваць) мусіў бы быць успрыняты неадназначна. Big Sisters нашага цуднага новага свету павінны былі б заўважыць, што гераіня рамана паводзіць сябе няправільна – напляваўшы на сваю гендарную гордасць, чакае вестачкі ад палюбоўніка (той яшчэ сэксісцкай морды!), асыпае яго смс-камі, занадта часта думае пра яго і пра ягоны, замест таго, каб больш старанна заняцца працай і навукова-даследчай дзейнасцю (з тым жа “Баркулабаўскім летапісам” работы – неаранае поле). Адным словам – пара (“Пара!”) выклікаць пажарных з належным градусам паводле Ф. (не Фарэнгейта, вядома ж). І гэта было б абавязкова зроблена, калі б на вокладцы “Урбана М.” стаяла мужчынскае прозвішча. А так, відаць, знойдуцца (ці ўжо знайшліся) такія мысленчыя канструкты і свядомасныя лякалы, каб понять и простить аўтарку як класава блізкую, хоць і не ва ўсім адпаведную іх чорна-беламу бачанню свету. Мне ж без лякалаў, шчамлёткаў і іншых штангенцыркуляў усцешна, што “Урбан М.” пазбаўлены тунэльнага мыслення, што пісьменніца паспрабавала адлюстраваць жанчыну ва ўсёй складанасці яе поглядаў на свет, мужчынаў і сотню неадкладных спраў. Мне ўсцешна, што аўтарам “Баркулабаўскага летапісу” ў рамане называецца жанчына. Мне ўсцешна, што кніга не вучыць жыць і, крый бог, не павучае, а дае чытачу права выбіраць.

Нядаўна прыснілася, што я заблакаваны паміж двума грузавымі эшалонамі, якія стаялі так блізка адзін да аднаго, што з пачаткам руху любога з іх пагражалі мяне расплюшчыць. Але замест таго, каб прачнуцца ад кашмару, ваш пакорлівы служка налёг рукамі на адзін з эшалонаў і ссунуў яго на іншую каляіну. Мне здаецца, што сваім эксперыментальным раманам Людміла Шчэрба зрушыла з месца цэлае дэпо з цягнікамі стэрэатыпаў пра беларускую прозу, якая творыцца жанчынамі. Застаецца толькі зразумець, ці не сон усё гэта.

Сяргей Балахонаў