Славянскі сінкрэтызм у мове фальклору Гомельшчыны

0
265
Славянскі сінкрэтызм у мове фальклору Гомельшчыны

Сацыялінгвістычная сітуацыя памежных тэрыторый уяўляе сабой адметны моўны феномен, які патрабуе асаблівай даследчыцкай увагі. Вывучэнне моўных рыс гаворак насельніцтва прыгранічных тэрыторый у этналінгвістычным напрамку выяўляе суадносіны мовы і этнасу, мовы і культуры, мовы і народнага менталітэту. У гэтых адносінах багаты фактычны моўны матэрыял прапануюць тэксты паэтычных жанраў вусна-народнай творчасці, выяўленых на тэрыторыях беларуска-расійскага памежжа ў раёнах Гомельскай вобласці.

Актуальнасць этналінгвістычных даследаванняў народна-паэтычнага дыскурсу абумоўлена тым, што гэты пласт народнай духоўнай культуры кадзіруе інфармацыю аб паводзінах, звычаях, каштоўнасцях асобы на працягу гісторыі народа, які насяляе пагранічныя тэрыторыі, а ўспрыняцце духоўнай прасторы чалавека з’яўляецца адным з важнейшых складнікаў нацыянальнай мадэлі свету. Аналіз унутранай формы асобных абрадавых лексем дазваляе высветліць заканамернасці светаўспрымання і светасузірання носьбітаў дадзенай этнічнай культуры ў канкрэтны гістарычны перыяд на асобна ўзятай тэрыторыі.

Актуальная сацыялінгвістычная сітуацыя на беларуса-расійскім памежжы адлюстроўвае не толькі вынікі пастаяннага і трывалага беларуска-рускага моўнага кантактавання, але і вынікі працяглага гістарычнага развіцця ўсходнеславянскіх гаворак на базе праславянскай прамовы, агульнага продку для сучасных славянскіх гаворак. Рэфлексіі ўказаных працэсаў актыўна функцыянуюць і інтэнсіўна выяўляюцца ў фальклоры Гомельшчыны.

У народна-песеннай творчасці Гомельскага рэгіёна фіксуецца значная колькасць моўных адметнасцей, захаваных з часоў глыбокай старажытнасці, што тлумачыць наяўнасць у абрадавай лексіцы фальклорных твораў рэгіёна асобных стараславянскіх рыс.

Яскравай прыкметай стараславянскага ўплыву з’яўляецца няпоўнагалоссе – паўднёваславянскі рэфлекс праславянскіх інтэркансанантных спалучэнняў галосных

[о], [э] з плаўнымі [р], [л] тыпу *ol, *or, *er, *el:

Нясіце, райкі, сладкія мядкі (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 25-26].

Ва ўсходнеславянскім фанетычным ладзе ў выніку закона адкрытага складу на месцы праславянскіх спалучэнняў *ol, *or, *er, *el паміж зычнымі развілося поўнагалоссе. З гэтай прычыны разнастайныя фанетычныя варыянты поўнагалосныя формаў ў фальклоры разгледжанай тэрыторыі пераважаюць: Залато кружжо па краям клала, Ох і вой, люлі, па краям клалаЙх! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 69]; Жана молада, дзеткі дробныя, Ой, люлі, дзеткі дробны (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с.68]; Каласком махала, галаском крычала, Ой, ранарана галаском крычала (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 54].

Акрамя таго, часам поўнагалосны выгляд прымаюць у фальклорных творах Гомельшчыны нават тыя моўныя адзінкі, якія ў старажытнарускай мове, агульнага моўнага продку для сучасных усходнеславянскіх гаворак, не мелі поўнагалоснага адпаведніка і маюць зусім адрознае ад поўнагалосных спалучэнняў паходжанне: Ён лажыцца спаці ўперяк караваці (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 106].

Па заўвазе М. Фасмера, да ўсходніх славян слова кровать (‘ложак’) прыйшло ад грэчаскага χραββάτι(ο)ν [2, с. 369].

Аднак некаторыя няпоўнагалосныя формы захаваліся ў беларускай мове і выкарыстоўваюцца ў фальклоры. Гэта адносіцца да тых лексем, што, уваходзячы ў слоўнік народна-паэтычнага дыскурсу, пазначаны рэлігійным адценнем: Праскуркі напячыце, у храм аднясіце (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 55].

Няпоўнагалосныя лексемы – найменні рэлігійных паняццяў – актывізаваліся ва ўсходнеславянскіх мовах з часоў другога паўднёваславянскага ўплыву – гістарычнага працэсу ХV-ХVІ ст., калі адбывалася насычэнне ўсходнеславянскіх моў, у першую чаргу – рускай, стараславянскімі моўнымі элементамі і формамі.

Ад царкоўнаславянскай традыцыі захавалася ў фальклоры Гомельшчыны таксама лексіка стараславянскага паходжання. Асабліва выдзяляюцца стылістычныя стараславянізмы – запазычанні з царкоўнаславянскай мовы, якія мелі ва ўсходнеславянскіх гаворках лексічныя або фанетычныя адпаведнікі і ўжываліся для надання тэксту стылістычнай афарбоўкі ўзвышанасці, урачыстасці, важнасці, узнёсласці. Некаторыя са старажытнарускіх стылістычных стараславянізмаў захаваліся ў гаворках сучаснай рускай мовы і ў літаратурнай рускай мове, а ў беларускіх гаворках, як правіла, у якасці іх адпаведнікаў ужываюцца вытворныя ад агульнаславянскіх каранёў намінацыі або выкарыстоўваюцца іншыя лексемы.

Песенны фальклор Гомельскай вобласці прапануе прыклады захавання ўзгаданых лексічных сродкаў пры адсутнасці пэўнага стылістычнага цяжару:

Перваму дала шаўковы платок,
Ох і ой, лёлі, шаўковы платок,
Другому дала залаты персцень,
Ох і ой, лёлі, залаты персцень (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 64].

Абрадавае найменне платок ‘хустка’ актыўна ўжываецца ў традыцыйнай абраднасці Гомельшчыны [3, с. 53]. На стараславянскае паходжанне слова ўказвае няпоўнагалоснае спалучэнне ў корані. У фальклоры Гомельскай вобласці намінацыя захоўваецца пад уплывам рускай мовы. Тое самае можна канстатаваць і пра лексему персцень. Слова паходзіць ад старажытнага пьрстъ ‘палец’. З часам у беларускай мове замацавалася афіксальнае ўтварэнне пярсцёнак. У рускай мове адбылася семантычная і стылістычная дыферэнцыяцыя: нейтральным з’яўляецца слова кольцо, а найменне перстень мае семантыку ‘ўпрыгожанне ў форме кола з каштоўным каменнем, што апранаюць на пальцы’, або ўжываецца са стылістычнай афарбоўкай для надання адцення ўрачыстасці і ўзвышанасці.

У іншай песні выкарыстоўваюцца ўтварэнні ад памянёных старажытных славянскіх каранёў, якія маюць у марфемным складзе беларускія прадуктыўныя афіксы: Мне не нада твой платочак, нада золат персцянёк (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 90].

Да царкоўнаславянскага (у выніку шчыльнай сувязі з праваслаўнай царкоўнай традыцыяй) уплыву можна аднесці і рэфлексы склонавых формаў старажытнарускага скланення назоўнікаў на зычны з суфіксальнай устаўкай *er: Не бяры сабе дочар панскаю (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 60].

У старажытнасці лексема дачка мела бязафіксны выгляд дъчь і разам са словам мати належала да скланення на зычны. Ва ўскосных склонах у гэтых назоўнікаў паміж канчаткам і асновай узнікала суфіксальная ўстаўка –ер– (*er): дъчьдъчере. З часам у выніку распаду старажытнай сістэмы скланенняў усходнеславянскіх назоўнікаў указаныя назвы роднасці далучыліся да скланення іншых назоўнікаў жаночага роду (у беларускай мове слова набыло суфікс і канчатак – дачка – і аб’ядналася з назоўнікамі скланення на *ā, а ў рускай мове – дочь – з назоўнікамі з нулявым канчаткам – сучаснае ІІІ скланенне). Паколькі ўтварэнне дочар захоўваецца толькі ў фальклорных творах і некаторых гаворках, відавочна, што ў даследаваных песнях найменне не з’яўляецца ўплывам рускіх гаворак, а захоўваецца са старажытнасці, калі форма дочар была актыўнай: Дочерь, дочеръ, и, ж. Дочь. Виласьувивалась дочеръ вокруг матери (свадебная песня); Да жилапожила вдова да дочеръ взрастила. Увидал у гостя Митрия торгового Его дочеръ прекрасну, красавицу, Молодую Настасью Митриевну [4, с. 161].

Даследаваныя этналінгвістычныя адметнасці фальклорных твораў, зафіксаваных на тэрыторыі Гомельскай вобласці выяўляюць уласцівае для беларуска-расійскага пагранічча цеснае ўзаемадзеянне некалькіх моўных стыхій. Акрамя заканамернага натуральнага шчыльнага кантактавання беларускіх і рускіх моўных элементаў, якое стварае асаблівую моўную прастору ў рэгіёне, народна-паэтычны дыскурс Гомельшчыны захаваў шматлікія рысы старажытных славянскіх гаворак. Уплыў гаворак рускай мовы спрыяў наяўнасці значнай колькасці царкоўнаславянізмаў, некаторыя з якіх, аднак, хутчэй за ўсё захоўваюцца ў вуснай народнай творчасці са старажытных часоў. Большасць элементаў іншых гаворак арганічна адаптаваная мовай рэгіёна і не ўспрымаецца як чужародная, чаму садзейнічае амаль абавязковая (за адзінкавымі выключэннямі) беларуская гукавая абалонка іншамоўных лексем.

Спіс выкарастанай літаратуры

  1. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры Гомельскай вобласці / уклад. В. А. Захарава і інш.; уклад. муз. часткі У. І. Раговіч. – Мінск: Універсітэцкае, 1989. – 384 с.
  2. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. Т. 2: Е – Муж / Пер. С нем и доп. О. Н. Трубачева. – 2-е изд, стер. – М.: Прогресс, 1986. – 672 с.
  3. Станкевіч, А. А. Абрадавая лексіка ў гаворках Гомельшчыны: этналінгвістычны аналіз / А. А. Станкевіч, К. Л. Хазанава, А. М. Воінава / пад рэд. А. А. Станкевіч ; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж. ўн-т імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. – 269 с.
  4. Словарь русских народных говоров: в 42 вып. / Институт русского языка АН СССР; Институт лингвистических исследований Российской академии наук / под общ. ред. Ф. П. Филина, Ф. П. Сороколетова. Вып. 8: Дер – ерепениться. – Ленинград: Наука, 1972. – 370 с.

Аўтар: К.Л. Хазанава
Крыніца: Ценностные ориентации и историческое сознание населения белорусскороссийского приграничья: материалы международной научно-практической заочной конференции, Витебск, 2 февраля 2017 г. / Витеб. гос. ун-т; редкол.: И.М. Прищепа [и др.]. Витебск: ВГУ имени П.М. Машерова, 2017. С. 206–209.