Сінтаксічныя сродкі звязнасці і вобразнасці ў каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны

0
710
песні Гомельшчыны і традыцыя

Важнейшым састаўным кампанентам духоўнай культуры лічыцца народная мова, якую В. фон Гумбальт вобразна назваў «душой народа». Лексічная сістэма народнай мовы ўключае розныя тэматычныя групы слоў, у тым ліку і абрадавыя назвы, старажытны і аксіялагічна значны пласт народнага слоўніка.

Каляндарна-абрадавую творчасць даследчыкі называюць адным з самых рэпрэзентатыўных раздзелаў традыцыйнай культуры беларусаў, функцыянальная спецыфіка якой у тым, што «ён спадарожнічаў чалавеку, соцыуму, этнасу ў цэлым штодзённа на працягу круглага года» [1, с. 5]. Каляндарная абраднасць, як вядома, падпарадкавана гадавому земляробчаму календару, у адпаведнасці з якім у ёй выдзяляюцца зімовыя, восеньскія, веснавыя і летнія абрады.

Каляндарна-абрадавыя песні, што суправаджалі ўсе цыклы каляндарнай абраднасці, вызначаюцца, як і іншыя жанры абрадавага народна-песеннага дыскурсу, сваёй меладычнасцю, напеўнасцю, вобразнасцю і выразнасцю. Невыпадкова песенную народную творчасць называюць вышэйшым узроўнем развіцця вуснага слоўнага мастацтва. Як слушна адзначыў Н.С. Гілевіч, для народнай песні характерна «незвычайна высокае паэтычнае майстэрства народных песнятворцаў, іх зайздроснае ўменне карыстацца сэнсавымі, вобразна-выяўленчымі і інтанацыйна-эўфанічнымі магчымасцямі роднай мовы» [2, с. 3].

У сістэме выяўленча-выразных моўных сродкаў каляндарна-абрадавага песеннага дыскурсу адметнае месца займаюць сінтаксічныя сродкі, пераважна разнастайныя паўторы, якія садзейнічаюць сварэнню структурна-сэнсавай цэласнасці тэксту, яго рытміка-інтанацыйнай арганізацыі, актуалізацыі семантыкі паўтораных слоў, іх лагічнаму выдзяленню, семантычнаму разгортванню ідэйна-тэматычнага зместу твора. Паўторы ў народна-паэтычных творах часта набліжаюцца да ўстойлівых моўных формул [3, с. 5]. Як адзначаюць даследчыкі фальклору, «паўтор — гэта адзін з найбольш шырока распаўсюджаных прыёмаў у фальклорнай традыцыі. Ён сустракаецца ў розных жанрах, разнастайных творах і самых розных тэкстах, выконваючы пры гэтым разнародныя функцыі» [4, с. 5]. У мовазнаўстве даволі грунтоўна распрацавана класіфікацыя тыпаў паўтораў моўных адзінак і іх функцый у паэтычным маўленні [5]-[8].

У каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны надзвычай актыўна выкарыстоўваюцца разнастайныя тыпы паўтораў, якія выконваюць выразную структурна-семантычную ролю і адрозніваюцца паводле характару паўтораных моўных адзінак (гукавыя, марфалагічныя, лексічныя, сінтаксічныя паўторы), якасці і ролі паўтору (поўныя і частковыя, тоесныя і замяшчальныя), узаемаразмяшчэння (кантактныя і дыстантныя), кампазіцыйнай ролі (лакалізаваныя і нелакалізаваныя), колькасці паўтораных элементаў (двух-, трох-, шматразовыя) і інш.

Даволі часта сустракаецца ў каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны лексічны, або тоесны, поўны паўтор — паўтор адной і той жа намінатыўнай адзінкі, які, акрамя звязнасці, садзейнічае лагічнаму выдзяленню асобных слоў, узмацненню іх сэнсавага напаўнення, падкрэсліванню значэння. Паводле лакалізацыя ён можа быць кантактным, што стварае фігуру падваення, вельмі распаўсюджаную ў народных песнях. Падваенне ў каляндарна-абрадавых песнях найчасцей выражаецца дзеясловамі, што абумоўлена яго функцыяй — накіраванасцю на пэўнае абрадавае дзеянне (сустрэча вясны, провады русалкі, пахаванне стралы, калядаванне і г. д.). Кантактны тоесны паўтор падкрэслівае пэўнае дзеянне, вызначае яго паўтаральнасць, працягласць, інтэнсіўнасць або напружанасць, а таксама рытуальную значнасць: Ай, выйду на вуліцу, Да й гляну, гляну ў чыста поле, А ў чыстым полі агонь гарыць [9, c. 138]; Шчадрую, шчадрую, У кадушцы сала чую [9, c. 55]; Прыйдзі-прыйдзі, мой міленькі, Ды на паследні вечарок [9, c. 101]; Вяду, вяду карагод, Усе дзевачкі за намі [9, c. 150]; Ты ж жанісь, жанісь, Да сынок Васячка [10, c. 66]. У некаторых выпадках ужываецца парнае падваенне, якое прыводзіць да сінтаксічнага паралелізму і ўзмацняе рытмізацыю паэтычнага маўлення: Ты кукай, кукай, зязюлечка, Нямножка табе кукаваць .. Ты гуляй, гуляй, дзяўчоначка, Нямножка табе пагуляці [10, c. 196]; Закацісь, закацісь, жарка сонейка, Да прыбудзь, да прыбудзь, міленькі дружок, Хоць на маленькі часок [10, c. 196].

Падваенне, выражанае назоўнікам. можа падкрэсліваць месца дзеяння: Там на рэчцы, рэчцы .. Там дзяўчына бела плацце мыла [9, c. 37]; Па двару, двару па шырокаму.. Пава лятала, пер ’е раняла [9, c. 51]; А ў полі, полі Хрыстос ходзя. Святы вечар. У полі, у полі вішанька стаіць, Святы вечар [9, c. 68]; або яго час: Ой, зіма, зіма марозная, Чаго рана становішся? [9, c. 38].

Дыстантны тоесны паўтор не толькі лагічна выдзяляе, падкрэслівае значэнне паўторанай лексемы, але і звязвае асобныя фрагменты тэксту: Правяду русалку, правяду Ды й асінкаю заламаю [9, c. 156]; Страла, страла, не ідзіўздоўж сяла, Не бі, страла, добрамолайца [9, c. 225].

Арыгінальным і цікавым, тыповым для вуснай народна-паэтычнай творчасці, з’яўляецца так званы частковы (дэрывацыйны) паўтор, звязаны з ужываннем аднакаранёвых слоў: Ой, шла Каляда, калядуючы, праз сяло. Зайшла ж яна да пана Сцяпана пад акно [9, c. 75]; Святое Васілле Нас падвесяліла [10, c. 96]. Гэты паўтор называюць таксама таўталогіяй.

Дэрывацыйны паўтор спрыяе ўзнаўленню ўнутранай формы аднакаранёвых слоў, актуалізацыі іх семантыкі і лагічнаму выдзяленню, што ў значнай ступені садзейнічае экспрэсівізацыі народна-паэтычнага маўлення. Часцей за ўсё паўтараюцца аднакараневыя словы, якія належаць да розных часцін мовы: Вясна, дзе бывала? — У лесе спала. — Што ты там рабілда? — Жэрдзі высякала, Гарод гарадзіла, Капусту садзіла [9, c. 114]; Начаваў я ночку, начаваўя другу, Начаваўяў таеўдавіцы, што сватаці буду [9, c. 177].

Павышэнню вобразнасці выказвання садзейнічае ўключэнне ў склад кампанентаў дэрывацыйнага паўтору аказіяналізмаў, якія ажыўляюць паэтычнае маўленне і павышаюць сэнсавую напоўненасць слова. У ліку аказіяналізмаў — прыметнікі: Дай, Божа, вясну красну, Да на цёплыя лета, Да на густыя жыта, На густыя, ядраністыя, Коласам каласістыя! [9, c. 114]; Зрадзі, Божа, жыта Ды на новае лета .. Коласам каласіста, На ядро ядраніста, .. На таку — умалотам, На млыне — прымолам [9, c. 130-131]; назоўнікі: Ты, цыганка-варожачка, Паваражы мне нямножачка [9, c. 217]: Драма дрэмле над кудзеляю, Драма дрэмле над шаўковаю. Устань, драма, свёкар ідзе, Свёкар ідзе, журбу вязе [9, c. 221]; дзеясловы: Ясная зорачка-зара зарыць, Люлі, люлі-палюлі [9, c. 68].

Кантактны дэрывацыйны паўтор, акрамя звязнасці, выконвае ролю ўзмацнення сэнсу і ідэйнай значнасці паўтораных слоў: Дзе ж ты, хмелю, зіму зімаваў, Да й не развіваўся? [9, c. 177]; Там дзяўчына гуляла,.. Яна каліну ламала,.. На дарожку брасала,.. А намасточкімасціла [10, c. 67].

Дыстантны дэрывацыйны паўтор выконвае ў першую чаргу функцыю звязнасці, ён аб’ядноўвае адасобленыя, размешчаныя на пэўнай адлегласці, адзінкі тэксту, спалучае іх паміж сабой, у выніку чаго ўзмацняецца іх значэнне і роля ў раскрыцці зместу маўлення: Стаў караблік падплываць, карабельшчык стаў пытаць [10, c. 192]; Непагадлівае жаркае сонейка Непагадае па мне. Не па-старому, не па-новаму [10, c. 212]; А ў нас сёння дажыначкі, Мы жыцечка дажалі [10, c. 212].

Паўтор аднакаранёвых слоў, як паказваюць прыклады, падкрэслівае семантыку каранёвай марфемы. Пры шматкампанентным дэрывацыйным паўторы ў тэксце могуць утварацца словаўтваральныя гнёзды, якія, канцэнтруючы ўвагу на паўтораных словах, узмацняюць галоўную думку твора: У чаўночку, ты, вясна, наша весяла-у, Вясёлая, звесялі нашу ўсю вулачку, Усю вулачку, шчэ зялёнаю дубраву-у [9, c. 116]; Вясна наша вясёлая, Взвесяліла всю уліцу, Всю зялёную дубровачку І молодую молодочку [10, c. 121].

Розная часцінамоўная прыналежнасць кампанентаў дэрывацыйнага паўтору ў каляндарна-абрадавым дыскурсе спрыяе стварэнню аб’ёмнай характарыстыкі апісваемых з’яў: падкрэслівае суб’ект і яго дзеянне: Шчадровачка шчадравала, Пад вакенцам начавала [9, c. 72]; асобу і яе ўласцівасць: Маладая маладзіца, маладзіца, Чаго на вулку не выходзіш, Не выходзіш, дзеўкам таночкі не заводзіш, Не заводзіш? [9, c. 101]; аб’ект і яго прыкмету: Медуніца, мелуніца, мядовая, мядовая, Чаго не расцеш? [10, c. 190]; прадмет і яго дзеянне: Самі звонікі Зазваніліся. Самі ладуны Закурыліся [9, c. 215]; адцягненную з’яву і яе адметнасць: Дзіва-дзіўнае, шчэ й дзіўнейшае, Святы вечар добрым людзям [10, c. 75]; дзеянне і яго аб’ект: Наша Валечка сады садзіла. Святы вечар.. Сады садзіла шчэ й палівала. Святы вечар. Паліваўшы, Бога прасіла. Святы вечар [10, c. 60].

З ліку лакалізаваных паўтораў у каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны найчасцей выкарыстоўвецца анафара — адзінапачатак — паўтор слоў або словазлучэнняў у пачатку сумежных сказаў, які з‘яўляецца важным сродкам актуалізацыі семантыкі паўтораных моўных адзінак і прыводзіць звычайна да сінтаксічнага паралелізму, рытмізуючы паэтычнае маўленне.

Граматычная акрэсленасць анафаруючай моўнай адзінкі надае гэтай фігуры маўлення дадатковае семантычнае адценне. Так, дзеяслоўная анафара паказвае высокую ступень значнасці дзеяння або працэсу, перадае інтэнсіўнасць яго праяўлення: Пойдзем, сястра, лугамі, Расцелімся цвятамі. А ты будзеш жоўты цвет, А я буду сіні цвет. Будуць людзі цвятырваць, Будуць насуспамінаць [10, c. 192-193];

  • субстантыўная анафара звяртае ўвагу на суб‘ект або аб‘ект дзеяння, які можа абазначацца як канкрэтным, так і адцягненым назоўнікам: Вясна з летам сустракалася, Вяснаў лета пыталася. Дабрыдзень табе, цёмная ночка [10, с. 112];
  • займеннікавая анафара ўказвае на суб‘ект дзеяння, яго асабістыя адносіны да падзей, можа выражаць абагуленае значэнне асобы: Ты пчолка ярая, Ты вылець з-за мора, Ты вынесі ключыкі, Ключыкі залатыя [9, c. 95]; А калі б жа мне, малодцы, К той зязюлькі на крылля, Я б жа тую староначку ўсю б аблятала, Я б жа тую староначку ўсю аблятала, Я б жа свайго міленькага па шляпцыўзнала [10, c. 156];
  • адвербіяльная анафара ўзмацняе акалічнасны дэтэрмінант пры дзеяслове: Дзе матка плача — там рэчка цячэ, Дзе сястра плача — там калодзеці, Дзе дзеткі плачуць — там ручайкі бягуць, Дзе жана плача — там расы няма [9, c. 221]; Дзе каза ходзя, Там жыта родзя. Дзе каза хвастом, Там жыта кустом. Дзе каза рогам — Там жыта стогам [10, с. 84] — перакрыжаваная анафара.

Даволі часта ў каляндарна-абрадавых песнях анафаруюцца лексічныя адзінкі, выражаныя службовымі часцінамі мовы:

  • злучнікам, утвараючы анафарычны полісіндэтон: Брала дзеўка лён драбненькі, Да не выбрала, Да зашло сонца, да ў аконца, Дасцямнела ж там, Да пабаялася яна да ісці дадому. Да іздзелалась яна да на том да на полі, Да высокаю таполяй [10, c. 203];
  • прыназоўнікам, ствараючы анафарычную шматпрыназоўнікавасць: Благаславі, Божа, вясну клікнуці, На лета новае, На жыта тоўстае, На лета цёплае, На поле ўродлае [9, с. 105];
  • выклічнікам: Ой, долам, долам, усё далінаю, Ой, хто там едзе вечарынаю, Ой, едзе, едзе Іванка п ’яны [10, с. 47];
  • безасабовым словам: Німа сена лашадзём, Німа сена, ні броўкі, Німа дзеўкі ля боку. Німа і не будзе [9, 76].

Нярэдка ў анафары спалучаюцца самастойныя і службовыя часціны мовы, што прыводзіць да поўнага структурнага паралелізму, які праяўляецца ў аднолькавай пабудове суседніх сказаў: Ой, вясна, ой, красна! Што ты нам прынясла? Ці, можа, сала, Ці, можа, яйка, Ці, можа, масла брусочак, Ці пірага кусок? [9, c. 106].

Строфная, сінтаксічная анафара, пры якой у пачатку строф паўтараюцца аднолькавыя або раўназначныя сінтаксічныя канструкцыі, таксама даволі часта сустракаецца ў каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны. Яна выконвае ў паэтычным кантэксце выразную структурна-семантычную і экспрэсіўную функцыі — садзейнічае ўпарадкаванню слоўнай пабудовы тэксту, лагічнаму, паслядоўнаму развіццю думкі і ўзмацненню яго эмацыянальнага гучання: А я ўдаўцу ўгаджу, Пасцельку белу пасцялю .. А упшынку пуд спінку, Каменьчыкаў у галоўку, А крапіўку пуд ножку. А каменьчык муліцца, А шупшынка колецца, А крапіўка жарыцца, А ўдавец дзеўцы жаліцца [9, c. 139]; Жавараначкі, прыляціця, Вясну красну прынясіця, Каб сонейка засвяціла, Каб снег белы растапіла, Каб садочкі расквяціла [9, c. 90].

Сустракаюцца ў каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны і такія фігуры маўлення, як шматзлучнікавасць і шматпрыназоўнікавасць. Шматзлучнікаваць, або полісіндэтон, — выкарыстанне аднаго і таго ж злучніка перад кожным аднародным членам сказа — дапамагае звязаць асобныя элементы ў сінтаксічнае адзінства і разам з тым выдзеліць кожны з іх, паказвае шматлікасць і разнастайнасць прадметаў і з‘яў: Гаспадар ідзе, каляду нясе, І калядніцу, і паляніцу, І кусок сала, , штоб наша Козанька патанцавала [9, c. 82]; Ты, дзядзечка, не ляжы, А да нас выхадзі. Так і шчодраў падары: І каўбасы кусочак, і яечак пяточак, І піражка скарынка, і цыбулі — пярынка [9, c. 62].

Выдзеліць асобныя словы, падкрэсліць іх значэнне дапамагае таксама шматпрыназоўнікавасць — паўтор аднолькавых прыназоўнікаў перад аднароднымі членамі сказа: Выганяю на чорную зямлю, На раннюю вясну. Травіцы наядайся, вадзіцы напівайся [9, c. 146]; Із-пад лесу, лесу цёмнага, Із-пад садзіку, з-пад зялёнага Туда ішлі-прайшлі два-тры малодцы [9, c. 162].

Шматзлучнікавасць і шматпрыназоўнікавасць садзейнічаюць, акрамя таго, рытмізацыі паэтычнага маўлення і яго сістэмна-структурнай арганізацыі. Паўтор прыназоўнікаў можа спалучацца з паўторам злучнікаў або часціц, утвараючы парны паўтор службовых слоў, які ўзмацняе выдзяляльнае значэнне:

  • па колькасці паўтораў, як паказвае аналіз прыкладаў, часцей сустракаюцца двухкампанентны і трохкампанентны паўторы;
  • па меры павелічэння колькасці ўзмацняецца сэнсавая напоўненасць паўтараемых лексем, павышаецца іх роля ў раскрыцці ідэйна-тэматычнага зместу верша.

Такім чынам, у каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны актыўна выкарыстоўваюцца розныя тыпы паўтораў — поўныя і частковыя, лакалізаваныя і нелакалізаваныя, кантактныя і дыстантныя. Яны выконваюць разнастайныя функцыі — садзейнічаюць звязнасці каляндарна-песеннага дыскурсу, выдзяляюць з кантэксту паўтораныя словы, актуалізуюць, узмацняюць або ўдакладняюць іх семантыку, з’яўляюцца сродкам стварэння рытмізацыі маўлення і дынамічнасці аповеду, павышаюць яго выяўленча-выразны патэнцыял.

Літаратура

  1. Ліс, А.С. Каляндарна-абрадавая паэзія / А.С. Ліс, А.І. Гурскі, В.М. Шарая, У.М. Сівіцкі ; Навук. рэд. А.С. Фядосік. — Мінск: Бел. навука, 2001. — 515 с.
  2. Гілевіч, Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі: Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс: Гукапіс і рыфма / Н.С. Гілевіч. — Мінск: Вышэйшая школа, 1975. — 288 с.
  3. Васильева, Ю.В. Повтор как принцип организации фольклорного текста: лексико­синтаксический повтор в произведениях русского и англошотландского фольклора: автореф. дис. … канд. филол. наук: 10.02.01 / Ю.В. Васильева. — Саратов, 2004. — 21 с.
  4. Амроян, И.Ф. Повтор в структуре фольклорного текста (на материале русских, болгарских и чешских сказочных и заговорных текстов) / И.Ф. Амроян. — М.: Государственный республиканский центр русского фольклора, 2005. — 296 с.
  5. Жирмунский В.М. Поэтика русской поэзии / В.М. Жирмунский. — СПб.: Азбука-классика, 2001. — 496 с.
  6. Гальперин, И.Р. Глубина поэтического текста / И.Р. Гальперин // Теория языка. Англистика. Культурология / И.Р. Гальперин. — М.: Наука, 1976.
  7. Ковтунова, И.И. Функции композиционных повторов в стихах А Блока / И.И. Ковтунова // Художественный текст как динамическая система. — М., 2006. — С. 348-355.
  8. Минакова, А. А. Типы повторов и их функции в поэтических текстах Евгения Евтушенко: Автореф. дис. … канд. филол. наук: 10.02.01 / А.А. Минакова. — Майкоп, 2012. — 21 с.
  9. Новак, В.С. Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны (да праблемы лакальнага, рэгіянальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры) / В.С. Новак. — Гомель: УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны», 2001. — 233 с.
  10. Вечнае: Фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / Аўт укл. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Гомель: УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2003. — 362 с.


Аўтар:
А.А. Станкевіч
Крыніца: Известия. № 1 (106). 2018. Ст. 100-104.

The syntactic coherence and the imagery in the calendar-ritual songs of the Gomel region are described. The syntax means of connectivity include various types of repetitions in the texts of calendar rituals — doubling, anaphora, polysyndeton, derivational replay etc. In addition to the coherence of the text, these repetition figures contribute to distinguishing duplicate lexical units from the context, updating, amplifying or refining their semantics, and they are a means of rhythmic and dynamic poetic speech, enhance its expressive potential.